Рукi мацi ўсё яшчэ плюхалiся ў вадзе, але позiрк яе скiраваўся ў спiны мужчын, i яна з гордасцю сказала Тому:

- Ён малайчына. Трымаецца яшчэ. У яго рукi свярбяць даць мне лупцоўкi.

Том засмяяўся:

- Ты што ж гэта - наўмысна яго раз'ятрываеш?

- А што ж ты думаў? Мужчына iншы раз мучыцца, мучыцца, усе пячонкi сабе выгрызае, потым кладзецца i памiрае з тугi. А калi яго як след раззлаваць, тады ўсё добра. Бацька слова грубага не вымавiў, але аж ашалеў ад злосцi. Цяпер ён мне пакажа.

Эл падняўся са скрынi:

- Пайду крыху прайдуся па лагеры.

- Лепш машыну праверыў бы перад дарогай, - напомнiў яму Том.

- Ужо ўсё праверана.

- Калi не так, маму на цябе напушчу.

- Ну праверыў я яе. - Эл пакрочыў мiж палатак.

Том уздыхнуў:

- А я нешта стамiўся, ма. Можа, i мяне ты раззлуеш?

- Ты разумнейшы, Том. Злаваць цябе без толку. Ты мая апора. Астатнiя... што тыя госцi... усе, акрамя цябе. А ты не здасi, Том.

Увесь цяжар клаўся на яго плечы.

- Не па нутры мне гэта, - сказаў ён. - Я пагуляць хачу, як Эл. I ўзлавацца хачу, як тата, альбо напiцца, як дзядзька Джон.

Мацi пакруцiла галавой:

- Нiчога ў цябе не выйдзе, Том. Я ведаю. З тае пары ведаю, як ты яшчэ маленькi быў. У цябе не атрымаецца. Ёсць людзi, якiя заўсёды застаюцца самi сабой, больш нiчым. Вось Эл - малец, на ўме ў яго адны дзяўчаты. Ты нiколi такiм не быў, Том.

- Быў, быў. I цяпер такi.

- Не. Што б нi рабiў, ты застаешся самiм сабой. Я гэта заўсёды ведала. Ты толькi языком iншы раз любiш памалоць.

- Не, ма, ты гэта кiнь. Усё не так. Табе толькi здаецца.

Мацi паклала нажы i вiдэльцы на груду талерак.

- Магчыма. Можа, i здаецца. Разашарна, вытры посуд i прымi яго.

Ружа Сарона цяжка паднялася з месца, выпнуўшы свой вялiкi жывот. Яна лянiва падышла да скрынi i ўзяла ў рукi памытую талерку.

Том сказаў:

- Так разадзьмулася, што нават вочы ў бакi палезлi.

- Не трэба пакеплiваць з яе, - сказала мацi. - Яна ў нас малайчына. А ты пайшоў бы развiтаўся з кiм трэба.

- Ага. I пайду даведаюся, цi далёка туды ехаць.

Мацi сказала Ружы Сарона:

- Ён усё гэта кажа не з жадання пакрыўдзiць цябе. А дзе Руцi з Уiнфiлдам?

- Я бачыла, яны пабеглi за татам.

- Ну i няхай.

Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Мацi непрыкметна прыгледзелася да яе.

- Як ты сябе адчуваеш? Шчокi ў цябе нешта запалi.

- Мне сказалi, малако трэба пiць, а я не п'ю.

- Ведаю, што трэба. Ды яго няма.

Ружа Сарона паныла сказала:

- Каб Конi не пайшоў ад нас, мы б цяпер з iм жылi ў сваiм домiку, ён вучыўся б i ўсё такое. I малако б мы куплялi. I дзiця здаровым нарадзiлася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне пiць трэба. - Яна засунула руку ў кiшэню фартуха i нешта паклала ў рот.

- Што ты там грызеш? Пакажы, - сказала мацi.

- Нiчога.

- Але ж ты нешта грызеш, паказвай.

- Проста драбочак вапны. Я знайшла вялiкi кавалак.

- Гэта ж усё роўна, што зямлю есцi!

- Мяне цягне на яе.

Мацi доўга маўчала. Яна напяла каленямi спаднiцу. Нарэшце сказала:

- Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калi хадзiла цяжарная. Вялiкi кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабiць. А пра дзiця сваё ты такiх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш.

- Нi мужа. Нi малака.

- Калi б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпiла б. - Мацi паднялася i пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкi i працягнула руку. - Глянь! - У руцэ ў яе былi маленькiя зялёныя завушнiцы. Гэта табе.

Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелi, але яна адразу адвяла iх убок.

- У мяне вушы не праколатыя.

- А мы iх зараз праколем. - Мацi зноў паспешлiва пайшла ў палатку i вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нiтку ў iголку, здвоiла яе i завязала на ёй некалькi вузельчыкаў. Пасля прасунула нiтку ў другую iголку, таксама завязала на ёй вузельчыкi i выняла са скрыначкi кавалак корка.

- Ой, забалiць, забалiць! - спужалася Ружа Сарона.

Мацi падышла да дачкi, паклала корак ёй пад мочку вуха i пракалола яе, канец iголкi ўпёрся ў корак.

Ружа Сарона скурчылася:

- Ой, коле! Мне будзе балець.

- Мацней балець не будзе.

- Будзе, будзе!

- Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. - Мацi падклала корак пад другое вуха i пракалола iголкай мочку.

- Балець будзе!

- Цiха! - сказала мацi. - Гэта ўсё.

Ружа Сарона здзiўлена паглядзела на яе. Мацi перарэзала нiткi, зняла iголкi i ўцягнула ў абедзве мочкi па вузельчыку.

- Ну вось, - сказала яна. - Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыднi загаiцца, i ты зможаш надзець завушнiцы. Вазьмi, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.

Ружа Сарона асцярожна памацала вушы i паглядзела на кропелькi крывi, што засталiся на пальцах.

- Зусiм не балiць. Толькi крышачку ўкалола.

- Даўно трэба было гэта зрабiць. - Мацi глянула дачцэ ў твар i пераможна ўсмiхнулася. - Ну канчай з талеркамi. Дзiця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.

- А хiба гэта мае якое-небудзь значэнне?

- А як жа. Вядома, мае значэнне.

Эл шпацырнай хадою iшоў мiж палатак у бок танцавальнай пляцоўкi. Каля адной палаткi ён цiхенька свiснуў i пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.

Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабралiся на захадзе, цяпер ужо пагасла, i асяродак у iх пачарнеў. Эл пачухваў ногi i пазiраў у вячэрняе неба.

Праз некалькi хвiлiн да яго падышла бялявая дзяўчына, мiлавiдная, з выразнымi рысамi твару. Яна моўчкi апусцiлася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талiю, i пальцы яго пачалi забiрацца крыху вышэй.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату