- Што? - запытаўся Ўiлi. - Што ты ўчынiш? Пойдзеш красцi? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбенiцу пойдзеш.
- Не ведаю, - сказаў Джул. - У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца.
- А мне запомняцца гэтыя танцы, - сказаў Том. - Нiдзе яшчэ я такiх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класцiся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся.
- Абавязкова, - сказаў Джул.
- Ну, усяго добрага. - Том пайшоў ад iх, i яго паглынула цемра.
У палатцы Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд ляжалi ў цемры на адным матрацы, побач з мацi. Руцi прашаптала:
- Ма!
- Што табе? Ты не спiш?
- Ма... а там... ну куды мы едзем, кракет будзе?
- Адкуль я ведаю. Спi. Заўтра рана ад'язджаем.
- Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?
- Ш-шш!..
- Ма, Уiнфiлд вечарам набiў аднаго хлопчыка.
- Дрэнна зрабiў.
- Ага, дрэнна. Я яму так i сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так i хлынула, а божа мой!
- Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.
Уiнфiлд павярнуўся тварам да iх.
- Ён абазваў нас Окi! - з абурэннем сказаў ён. - А пра сябе кажа: я не Окi, я з Арэгона, а вы паганыя Окi. Ну я яму i даў.
- Ш-шш... Дрэнна зрабiў. Ад яго мянушак табе шкоды нiякай.
- А я не хачу, каб ён абзываў нас, - са злосцю сказаў Уiнфiлд.
- Ш-ш... Спiце.
Руцi сказала:
- Ты бачыла б - кроў як хлыне, усю кашулю яму залiла.
Мацi высунула руку з-пад коўдры i лёгенька ўдарыла Руцi пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на мiг, потым зашмыгала носам i цiха заплакала.
У санiтарным блоку, у дзвюх суседнiх кабiнках, сядзелi бацька i дзядзька Джон.
- Хоць напаследак добра пасядзiм, - сказаў бацька. - Добрая прыбiральня. Памятаеш, як малыя напалохалiся, калi першы раз ваду спусцiлi?
- Я i сам адчуваў сябе нiякавата, - сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. - Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.
- Не саграшыш. Ты ж зусiм без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такiх грошай няма.
- Няма. Але ў мяне думкi грэшныя.
- Ну што ж. Думаць можна i бясплатна.
- Усё роўна грэх.
- Затое куды танней.
- Ты з грэхам не жартуй.
- Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носiшся са сваiмi грахамi, якраз калi чорт ведае што робiцца.
- Гэта праўда, - сказаў дзядзька Джон. - Са мной заўсёды так. Але вы i паловы маiх грахоў не ведаеце.
- Ну i трымай iх пры сабе.
- Вось i з гэтымi ўнiтазамi так - сяджу, а сам адчуваю - грэх.
- Тады iдзi ў кусты. Ну, падцягвай штаны, i пойдзем хоць трохi паспiм. Бацька надзеў на плечы шлейкi камбiнезона i зашпiлiў спражку. Потым спусцiў ваду i доўга стаяў, задуменна пазiраючы, як яна бурлiць у ракавiне.
Было яшчэ цёмна, калi мацi разбудзiла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санiтарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседнiх палатак даносiлiся разнастайныя гукi пахрапвання.
- Падымайцеся, вылазьце з палаткi, - сказала мацi. - Час ужо ехаць. Хутка развiднее. - Яна падняла скрыпучы шчыток лiхтара i запалiла кнот. - Уставайце ўсе, уставайце!
На зямлi пад брызентавым навесам лянiва заварушылiся, скiнулi з сябе байкавыя i ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурылiся на святло. Мацi нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.
- Кавы няма, - гаварыла яна. - Ёсць некалькi блiноў. Iх можна з'есцi ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузiцца на машыну. Давайце, давайце! Толькi цiшэй, а то суседзяў пабудзiм.
Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн, перш чым Джоўды канчаткова стрэслi з сябе сон.
- Нiкуды не бегаць! - папярэдзiла мацi Ўiнфiлда i Руцi. Усе апранулiся. Мужчыны знялi брызент з распоркi i пачалi грузiць рэчы на машыну. - Раўней кладзiце, каб было зручна, - сказала мацi. Яны паклалi зверху матрацы i перакiнулi брызент цераз папярочную жэрдку.
- Ну вось, ма, - сказаў Том. - Можна ехаць.
У мацi ў руцэ была талерка з халоднымi блiнамi.
- Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нiчога няма.
Руцi i Ўiнфiлд схапiлi па блiну i залезлi на паклажу. Там яны ўкрылiся коўдрай i заснулi, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых блiноў. Том сеў за руль, нацiснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў i праз момант сцiх.
- Каб цябе чорт, Эл! - вылаяўся Том. - У цябе ж акумулятар сеў.
Эл прыйшоў у лютасць:
- А як яго, халеру, перазарадзiш, калi бензiну ў абрэз?
Том крыва ўсмiхнуўся:
- Ну не ведаю, але гэта твая вiна. Цяпер давядзецца заводзiць уручную.
- Кажу ж табе, не мая.
Том вылез з кабiны i дастаў з-пад сядзення завадную ручку.
- Выходзiць, мая, - сказаў ён.
- Давай сюды. - Эл схапiў завадную ручку. - Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.
- Добра. Ну, задай жару.
Эл круцiў з усяе сiлы - адзiн абарот, другi, яшчэ i яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго - пераставiў запальванне на больш ранняе i паменшыў падачу газу.
Мацi села побач з iм.
- Гэтак увесь лагер перабудзiм, - сказала яна.
- Нiчога, зноў заснуць.
Эл улез у кабiну з другога боку.
- Тата з дзядзькам Джонам селi наверх, - сказаў ён. - Хочуць даспаць.
Грузавiк пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнiк выйшаў з канторы i правёў промнем лiхтара па машыне.
- Хвiлiнку пачакайце, - сказаў ён.
- А што такое?
- Вы зусiм адсюль едзеце?
- Зусiм.
- Тады трэба вас выкрэслiць.
- Выкрэслiвайце.
- Куды кiруеце?
- Хочам падацца крыху далей на поўнач.
- Ну, жадаю шчасця.
- I мы вам таксама. Бывайце.
Грузавiк асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалi ў лагер, - мiма гарадка Ўiдпэтч i далей на захад, да шашы No 99, а там - на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфiлда. Ужо развiднела, калi яны пад'ехалi да гарадской ускраiны.