сонцам паветра.

Эл засяроджана сядзеў за рулём i ўсёй сваёй iстотай прыслухоўваўся да машыны, раз-пораз пераводзячы позiрк з палатна дарогi на прыборны шчыток. Ён нiбы злiўся з машынай, кожным сваiм нервам ловячы яе хiбы, глухiя стукi цi вiск, хмыканне i шчоўканне - любыя перамены ў яе ходзе пагражалi паломкай. Эл стаў душой машыны.

Бабка, якая сядзела побач з iм, жаласна хныкала ў паўсне, раптам расплюшчвала вочы, утароплiвалася на дарогу i зноў упадала ў забыццё. А каля бабкi сядзела мацi, высунуўшы ў акенца кабiны сагнутую ў локцi руку, на якой пад гарачым сонцам пачырванела скура. Мацi таксама ўставiла вочы наперад, але яны былi цьмяныя i не бачылi нi дарогi, нi палёў, нi заправачных станцый, нi павiльёнчыкаў закусачных. Яна не глядзела на тое, мiма чаго праязджаў iхнi 'гудзон'.

Эл пакруцiўся на праседжаным сядзеннi i перамясцiў рукi на абаранку руля. Уздыхнуў:

- Здорава тарахцiць, але, думаю, нiчога страшнага. А вось калi прыйдзецца браць пад'ёмы з такiм грузам, адзiн бог ведае, што яна выкiне. Ма, а на дарозе да Калiфорнii ёсць узгоркi?

Мацi паволi павярнула да яго галаву, i вочы яе ажывiлiся.

- Думаю, павiнны быць, - адказала яна. - Напэўна не ведаю. Але помнiцца, людзi казалi, узгоркi ёсць i нават горы. Высокiя горы.

Бабка працяжна застагнала ў сне.

Эл сказаў:

- На першым пад'ёме расплавiм падшыпнiкi. Добра было б сёе-тое скiнуць. Можа, не варта было браць гэтага прапаведнiка.

- Ты яшчэ не раз парадуешся, што мы яго ўзялi, - сказала мацi. - Гэты прапаведнiк паможа нам. - Яна зноў перавяла вочы на блiскоткую стужку дарогi.

Эл кiраваў адной рукой, другая ляжала на дрыгатлiвым рычагу пераключэння скорасцей. Ён усё хацеў нешта сказаць, але не рашаўся. Нарэшце, спачатку бязгучна паварушыўшы губамi, вымавiў:

- Ма... - Мацi паволi скiравала на яго позiрк, галава яе ледзь пагойдвалася ў такт пагойдванню машыны. - Ма, а табе не страшна? Не страшна ехаць на новае месца?

Вочы ў яе зрабiлiся задуменныя, мяккiя.

- Не, - рашуча адказала яна. - Пра гэта не думала. Так немагчыма. Мне нельга так думаць. Гэта вышэй чалавечых сiл - для гэтага трэба пражыць некалькi жыццяў, а жыццё толькi адно. А думаць наперад на некалькi жыццяў мне не пад сiлу. Ты малады, ты глядзi наперад, а я... у мяне цяпер толькi дарога перад вачамi. I думаю я толькi пра тое, цi хутка ўсе прагаладаюцца i папросяць свiных костак. - Твар у яе звяў. - Гэта ўсё, пра што я магу думаць. Больш нi пра што. А забяруся ў думках далёка, вас устрывожу. Вы ўсе тым i трымаецеся, што я думаю толькi пра вас.

Бабка вiсклiва пазяхнула i расплюшчыла вочы. Здзiўлена азiрнулася па баках.

- Мне злезцi трэба, хвала богу, - сказала яна.

- Зараз да кустоў пад'едзем, - адказаў Эл. - Вунь наперадзе зараснiк.

- Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезцi трэба, кажу, - заенчыла бабка. - Злезцi мне трэба, злезцi.

Эл газануў i каля нiзкага кустоўя рэзка затармазiў. Мацi шырока расчынiла дзверцы, выцягнула мiтуслiвую старую з кабiны i павяла ў зараснiк.

На версе грузавiка таксама заварушылiся. Твары ва ўсiх iльснiлiся i пачырванелi ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсi, Ной i дзядзька Джон стомлена саскочылi на зямлю. Руцi i Ўiнфiлд пералезлi цераз барты i гайсанулi ў кусты. Конi асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былi п'яныя, слязлiвыя i няўцямныя. Ён утаропiў iх на людзей, ды наўрад цi пазнаў каго.

Том крыкнуў яму:

- Хочаш, дзед, злезцi?

Старэчыя вочы безуважна павярнулiся да Тома.

- Не, - адказаў дзед. На мiг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. - Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлi. - I ён зноў страцiў усякую цiкавасць да навакольнага.

Мацi памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.

- Том, - сказала яна, - вазьмi там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамi. Трэба падсiлкавацца.

Том дастаў патэльню i абнёс усiх па чарзе. I сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свiных костак хрумсткае мяса.

- Шчасце, што хоць гэта з сабой узялi, - сказаў бацька. - У мяне ногi як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

- Хiба не ў вас там? - устрывожылася мацi. - Я цэлы галонавы збан налiла.

Бацька палез на борт грузавiка i зазiрнуў пад брызент.

- Тут няма. Мусiць, забылiся.

Усiх iмгненна апанавала прага. Уiнфiлд захныкаў:

- Пiць хачу. Хачу пiць.

Мужчыны аблiзнулi губы - iм раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая панiка.

- Вады на першай заправачнай дастанем, - заспакойлiва сказаў Эл. - Нам i гаручае трэба.

Тыя, што ехалi наверсе, зноў палезлi на свае месцы; мацi пасадзiла бабку ў кабiну i сама села побач. Эл запусцiў матор, i ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна - дваццаць пяць мiль, а сонца толькi-толькi прайшло зенiт i пачало хiлiцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбiвалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спынiлiся каля заправачнай станцыi; перад хацiнай дзве бензiнавыя калонкi, ля агароджы - водаправодны кран з доўгiм шлангам. Эл падвёў носам да яго свой 'гудзон'. З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырванi тварам i такiмi ж рукамi i пайшоў насустрач. На iм былi карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках i спартовая кашуля з кароткiмi рукавамi, на галаве - серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамi выступiў у яго на носе i пад вачамi i струменьчыкамi сцякаў па складках шыi. Ён перавальваючыся падышоў да грузавiка з непрыязным, суровым выразам на твары.

- Што-небудзь купляць будзеце? - запытаўся ён. - Бензiн цi дэталi?

Эл ужо вылез на падножку i кончыкамi пальцаў пачаў адвiнчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхоплiваючы руку, каб не апячыся.

- Нам патрэбен бензiн, мiстэр.

- Грошы ёсць?

- А то ж. Вы што думалi, мы пабiраемся?

Твар таўстуна адразу палагаднеў.

- Ну, тады парадак, хлопцы. Налiвайце вады. - I таўстун паспяшаўся растлумачыць: - А то цяпер столькi рознага народу тут праязджае - нальюць вады, набрудзяць у прыбiральнi, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купiць нiчога не купляюць. Клянчаць, дай iм хоць галон бензiну, каб з месца зрушыць.

Том гнеўна саскочыў з машыны i падышоў да таўстуна.

- Мы на свае грошы едзем, - са злосцю сказаў ён. - Ты што гэта нас з галавы да ног азiраеш? Мы задарма ў цябе нiчога не просiм.

- Я ж нiчога такога, - паспешлiва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступiў пот. - Налiвайце вады, а прыбiральня - вунь яна, каму трэба.

Уiнфiлд схапiў шланг, напiўся, потым падставiў пад струмень галаву i твар i адскочыў убок увесь мокры.

- Зусiм не халодная, - сказаў ён.

- Што ў нас у краiне робiцца, проста розуму не дабяру, - загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў iншую тэму для скаргаў i пакiнуў Джоўдаў у спакоi. Кожны дзень па пяцьдзесят - шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымi, з усiм сваiм скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабiць?

- Туды ж, куды i мы, - адказаў Том. - Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькi i ўсяго.

- Ну, не ведаю, што ў нас у краiне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось i я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялiкiя машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны iдуць далей, у горад, да жоўценькiх заправачных станцый, што належаць кампанii. Шыкоўныя машыны праязджаюць мiма такiх халуп, як мая.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату