- Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавiдзяць?
- Хто iх ведае, - адказаў чалавек, зачарпнуў далонямi ваду i пачаў мыць галаву i твар, крэхчучы i пырхаючы. З валасоў палiлася на шыю брудная вада.
- А ўсё ж цiкава было б паслухаць, - сказаў бацька.
- Нам таксама, - далучыўся Том. - Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавiсць адчуваюць да нас?
Мужчына пiльна паглядзеў на Тома.
- Вы на Захад едзеце?
- Туды.
- Нiколi яшчэ ў Калiфорнii не былi?
- Не, не даводзiлася.
- Дык што ж вам маё слова. Едзьце i самi ўбачыце.
- То так, - сказаў Том, - але ўсё ж такi хацелася б ведаць, на што едзем.
- Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу - я i сам распытваў людзей i нямала разважаў. Краiна цудоўная. Толькi яе даўно ўжо ўсю раскралi. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфiлд, i вакол яго такая мясцовасць прыгожая вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вiнаграднiкi. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей - мясцiны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў i ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты нi кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампанii. Не захочуць яе апрацоўваць, так i застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей якi ўчастачак кукурузай - у турму запратораць!
- Зямля добрая, кажаш? I нiчога на ёй не сеюць?
- Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаiць. Людзi глядзяць там такiмi вачамi - зiрнуць на цябе, а ў самiх на тварах нiбы напiсана: 'Бачыць цябе не магу, сукiн ты сын!' А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя - яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробiш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары вiдаць, як ён цябе ненавiдзiць. I вось што я вам скажу: нянавiсць у iх ад страху. Бо ведаюць: калi ў галоднага няма чаго есцi, ён i на зладзейства пайсцi можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой - каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас нiхто яшчэ не абзываў 'Окi'?
Том запытаўся:
- Окi? А што гэта значыць?
- Раней азначала аклахомца. А цяпер - проста 'сволач'. Окi - гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нiчога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хiба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такiх, як мы, туды трыста тысяч наехала... жывуць, як быдла, бо ў Калiфорнii ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. I нiчога не засталося. А людзi, якiя ўсiм гэтым валодаюць, так учапiлiся за сваё дабро, што забiць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх iх разбiрае, таму i кiпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самiм усё пачуць. Надзiва прыгожы край, а людзi нядобрыя, зласлiвыя. I так ужо iм страшна, што нават адзiн аднаго гатовыя з'есцi.
Том глядзеў у ваду i разграбаў пяткамi пясок.
- Ну, а калi знойдзеш працу i збярэш крыху грошай, можна ўсё-такi невялiкi ўчастак купiць?
Мужчына засмяяўся i глянуў на сына, i твар маўклiвага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:
- Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабiць сабе на абед. I працаваць будзеце з людзьмi, якiя на вас коса глядзяць. А бавоўну збiраць будзеце, вам здасца, што вагi няправiльныя. Вагi бываюць i правiльныя i няправiльныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскiя, а як праверыш? I нiчога з гэтым не зробiш.
Бацька нерашуча запытаўся:
- Там што... там зусiм нiчога добрага няма?
- Чаму ж, ёсць, паглядзiш - вочы разбягаюцца, толькi вам з таго нiчога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаiць апельсiнавых дрэў з жоўтымi пладамi, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, i, як толькi дакранешся да апельсiна, ён цябе прыстрэлiць - такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзiн гаспадар, газетчык нейкi, дык у яго зямлi гэтай мiльён акраў...
Кейсi стрэльнуў у яго вачамi:
- Цэлы мiльён? Што ж ён робiць з мiльёнам акраў?
- Хто яго ведае. Валодае iмi, i ўсё. Трымае трохi жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнiкi, нiкога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабiвальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такi, друзлы, вочкi маленькiя, злосныя, а рот, як паддувала. Баiцца, каб не забiлi. У самога мiльён акраў зямлi, а ён смерцi баiцца.
Кейсi зноў запытаўся:
- На чорта яму мiльён акраў? Што ён з iмi рабiць будзе?
Мужчына развёў рукамi з пабялелымi, зморшчанымi ад вады далонямi, прыкусiў нiжнюю губу i нахiлiў набок галаву.
- А я ведаю? - адказаў ён. - Вiдаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. I на партрэце такi. З выгляду вар'ят. Вар'ят i зласлiвец.
- Смерцi, кажаш, баiцца? - сказаў Кейсi.
- Так ад людзей чуў.
- Баiцца, што да яго бог дабярэцца?
- Хто ведае. Баiцца, i ўсё.
- Што ж ён сабе думае? - сказаў бацька. - Не можа ж ён усё жыццё так пражыць - без нiякiх радасцей.
- А вось дзед наш нiкога не баяўся, - сказаў Том. - Яму самая радасць была, калi яго вось-вось маглi ўкакошыць. Раз уначы ўдваiх з прыяцелем яны пайшлi на iндзейцаў навахаў. Цудам жывымi засталiся, затое пацешылiся ўволю.
Кейсi сказаў:
- Так, вiдаць, заўсёды бывае. Калi чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласлiўцы, адзiнокiя, старыя i расчараваныя баяцца смерцi.
Бацька запытаўся:
- Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калi зямлi ў яго мiльён акраў?
Прапаведнiк усмiхнуўся, але ў вачах у яго мiльганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.
- Калi чалавеку патрэбен мiльён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой нiякiя мiльёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён i расчараваўся - адчувае, што няма ў яго багацця... таго багацця, што было ў мiсiс Уiлсан, калi яна дала сваю палатку, як памiраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калi чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсiм расчаруецца. - Кейсi шырока ўсмiхнуўся: - Мiмаволi, здаецца, як пропаведзь атрымалася.
Сонца палiла ўжо немiласэрна.
Бацька сказаў:
- Лепей зусiм схавацца пад вадой. Так прыпякае - згарыш. - I ён адкiнуўся назад, i лёгкая плынь абняла яго шыю. - А калi цяжкай працы не баiшся, можна яе знайсцi? - запытаўся ён.
Чалавек прыўзняўся ў вадзе i павярнуўся да яго тварам:
- Бачыце, мiстэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды i адразу знойдзеце сталую работу, i тады я акажуся брахуном. А магчыма, нiякай не знойдзеце i скажаце: ён нас папярэдзiў. Адно толькi ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. - Ён зноў апусцiўся ў ваду. - А ўсяго ведаць нельга.
Бацька павярнуў галаву i глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:
- Ты ў нас гаваркi нiколi не быў, а як паехалi з дому, я ад цябе i двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?
Дзядзька Джон насупiўся:
- Анiчога не думаю. Мы едзем туды, так? I нiякiмi расказамi нас назад не павернеш. Прыедзем - пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падцiснем. Ад размоў гэтых толку мала.
Том адкiнуўся назад, набраў у рот вады, выпусцiў яе фантанам i засмяяўся:
- Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далiбог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?
- Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.