- Тады я пайду ў кусты i трохi пасплю. - Том падняўся i пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накiнуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнiя пабрылi за iм.
Бацька i сын, застаўшыся ў вадзе, пазiралi ўслед Джоўдам, пакуль усе яны i прапаведнiк не знiклi ў вербалоззi. Хлопчык сказаў:
- Хацеў бы я паглядзець на iх праз якiя шэсць месяцаў. Ох, госпадзi!
Яго бацька працёр куткi вачэй указальным пальцам.
- Дарэмна я iм усё гэта нагаварыў, - сказаў ён. - Вось жа хочацца чалавеку паказаць, якi ён разумны, другiх вучыць.
- Ну што ты, та! Яны ж самi прасiлi.
- Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маiх слоў нiчога не перамянiлася, а iм ад iх толькi лiшняе засмучэнне паперад часу.
Том увайшоў у зараснiк вербалозу i лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за iм.
- Тут i пасплю, - сказаў Том.
- Том!
- Што табе?
- Я далей, Том, не паеду.
Том прыўзняўся i сеў.
- Што ты надумаў?
- Я каля гэтай рэчкi застануся, Том. Пайду па беразе ўнiз па цячэннi.
- Ты звар'яцеў!
- Завяду сабе вуду. Лавiць буду рыбу. Каля такой рэчкi з голаду не памрэш.
Том сказаў:
- А сям'я? А мама?
- Што зробiш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой. - Шырока расстаўленыя вочы Ноя былi прыплюшчаныя. - Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але iм усё роўна, што я ёсць, што мяне няма.
- Ты звар'яцеў.
- Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што iм будзе шкада мяне. Але... Не, не паеду з вамi. Ты маме скажы, Том.
- Ной, ну паслухай ты... - пачаў Том.
- Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ i цяпер ужо яе не пакiну. Пайду берагам унiз па ёй, Том. Рыбай буду кармiцца цi яшчэ чым, а раку гэту не пакiну. Не магу. - Ной паўзком выбраўся з-пад цянiстых кустоў. - Ты маме скажы, Том. - Ён пакрочыў да рэчкi.
Том правёў яго да берага.
- Слухай, пудзiла ты гарохавае...
- Дарэмна ўсё, - сказаў Ной. - Мне самому горка, але нiчога з сабой зрабiць не магу. Я мушу iсцi.
Ной крута павярнуўся i пайшоў уздоўж берага ўнiз па рацэ. Том пайшоў за iм, але раптам спынiўся. Ён бачыў, як Ной знiк у кустоўi, потым зноў паказаўся, iдучы краем ракi. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабiўся ўсё меншы i меншы i нарэшце зусiм знiк з вачэй за вербалозамi. Том зняў з галавы кепку i пачухаў патылiцу. Тады вярнуўся ў сваё сховiшча ў кустах i лёг спаць.
На матрацы пад перакiнутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела мацi. Там было душна, горача, назойлiва гулi мухi, хаваючыся ў цянi навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзiла галавой, нешта мармытала i цяжка дыхала. Мацi сядзела проста на зямлi, адганяючы ад бабкi мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчынiсты твар. Ружа Сарона сядзела насупраць i пазiрала на мацi.
Раптам бабка ўладна закрычала:
- Уiл! Уiл! Хадзi сюды, Уiл. - Вочы яе расплюшчылiся i злосна зiрнулi па баках. - Скажыце, хай сюды iдзе, - гаварыла яна. - Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзiраю. - Яна заплюшчыла вочы i, кiваючы галавой, хрыпла замармытала. Мацi абмахвала яе кардонам.
Ружа Сарона разгублена глянула на старую i цiха сказала:
- Зусiм расхварэлася.
Мацi ўзняла на дачку вочы. Позiрк у яе быў спакойны, але лоб збаразнiлi маршчыны стомы. Яна махала i махала кардонам, змагаючыся з мухамi.
- У маладосцi, Разашарна, усё, што з табой нi здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаiць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю. - Губы яе любоўна вымаўлялi даччыно iмя. - Прыйдзе час табе радзiць, Разашарна, i здасца табе, што ты зусiм адна, далёка ад дому, ад усяго свету. I ты адчуеш боль, i боль твой будзе толькi тваiм, ты адчуеш сябе адзiнокай, як вось гэтая палатка, што стаiць асобна ад усяго свету. - Мацi энергiчна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, i вялiкая блiскучая сiняя муха двойчы пакружыла пад брызентам i вылецела на сляпучае сонечнае святло. Мацi зноў загаварыла: - Але з часам усё мяняецца, i тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязi з усiмi iншымi смерцямi i нараджэнне дзiцяцi - з нараджэннем усiх iншых дзяцей. А нараджэнне i смерць гэта як паловы адной рэчы. I тады табе ўжо не здаецца, што беды твае i радасцi стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо i цяжка трываць боль, бо балiць не толькi табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею. - Апошнiя словы прагучалi так мякка, i было ў яе голасе столькi любовi, што да вачэй Ружы Сарона падкралiся слёзы, залiлi iх i асляпiлi яе. - Вазьмi памахай над бабкаю, - сказала мацi i падала дачцэ кардон. - Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць.
Бабка ссунула бровы над заплюшчанымi вачамi i завiшчала:
- Уiл! Зноў увесь выпацкаўся! Нiколi чысты не ходзiш. - Яе маленькая, скурчаная, маршчынiстая рука паднялася i пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескi на азызлую шыю, папаўзла па згiбах скуры. Мацi зрэагавала iмгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамi i выцерла iх аб сукенку.
Ружа Сарона замахала кардонiнай. Падняла вочы на мацi:
- Яна?.. - Астатнiя словы нiбы спяклiся ў горле.
- Ногi вытры, Уiлi... брудная свiння! - закрычала бабка.
Мацi сказала:
- Не ведаю. Можа, калi б давезлi яе туды, дзе не так горача... хто ведае. Ты не хвалюйся, Разашарна. Дыхай свабодна - удых, выдых, не стойвай дыхання.
Да iх пад брызентавы навес зазiрнула мажная жанчына ў чорнай парванай сукенцы. Позiрк у яе быў мутны, туманны, друзлыя шчокi абвiслi складкамi абапал падбародка. Губы былi рыхлыя, нястуленыя: верхняя, як занавескай, закрывала зубы, а з-пад адвiслай нiжняй вiднелiся дзясны.
- Добрай вам ранiцы, мэм, - сказала яна. - Добрай ранiцы i хвала госпаду богу.
Мацi азiрнулася.
- Добрай ранiцы, - адказала яна.
Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент i нахiлiла галаву над бабкай.
- Мы чулi, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесцiся да госпада. Хай славiцца iмя яго!
Твар у мацi стаў жорсткi, вочы - калючыя.
- Яна стамiлася, толькi i ўсяго, - сказала яна. - Ад дарогi i спёкi. Яна проста змучылася. Крыху адпачне i ачуняе.
Жанчына нахiлiлася да самага твару бабкi - здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да мацi i хутка пакруцiла галавой, шчокi яе затрэслiся i захiсталiся губы.
- Добрая душа iмкнецца да госпада, - сказала яна.
Мацi закрычала:
- Няпраўда!
Жанчына зноў пакруцiла галавой, цяпер ужо не так хутка, i паклала азызлую руку на лоб бабцы.
- Гэта праўда, сястра, - сказала яна. - У нас у палатцы шасцёра вернiкаў. Зараз я iх паклiчу сюды, i мы наладзiм малiтоўны сход - памолiмся i звернемся да мiласцi боскай. Усе iегавiсты. Са мной шэсць. Пайду прывяду iх.
Мацi ўся напялася.
- Не, не! - сказала яна. - Не трэба. Бабка змучылася, малiтвы не вытрывае.