папярэджваю вас, мiстэр: калi яна яшчэ раз прыйдзе, мне давяраць нельга. Я наб'ю яе.

Адмiнiстратар крыва ўсмiхнуўся:

- Я разумею вас. I ўсё ж пастарайцеся стрымаць сябе. Большага ад вас я нiчога не прашу - толькi пастарайцеся стрымацца. - Ён няспешна пайшоў да палаткi, у якую занеслi мiсiс Сандры.

Мацi зайшла пад навес i села каля Ружы Сарона.

- Ну, глянь на мацi, - сказала яна, але Ружа Сарона не варухнулася. Мацi асцярожна адкiнула коўдру з галавы дачкi. - Жанчына гэтая амаль вар'ятка. Ты ёй не вер.

Ружа Сарона прашаптала ў жаху:

- Яна як сказала пра пекла... я адчула, быццам у мяне ўсярэдзiне ўсё гарыць.

- Гэтага быць не можа, - сказала мацi.

- У мяне зусiм сiлы няма, - прашаптала Ружа Сарона. - Колькi ўжо ўсяго здарылася, я так стамiлася... Спаць хачу. Хачу спаць.

- Ну дык спi. Месца тут добрае. Можаш паспаць.

- А раптам яна зноў прыйдзе?

- Не прыйдзе. Я сяду каля палаткi i блiзка яе не падпушчу, калi яна сюды паткнецца. Ты паспi, табе трэба адпачыць, бо неўзабаве пойдзеш працаваць у дзiцячы пакой.

Мацi цяжка паднялася на ногi, выйшла з-пад брызенту, села на скрыню, абаперлася локцямi аб каленi i паклала падбародак на далонi. Яна бачыла людзей, што хадзiлi па лагеры, чула галасы дзяцей, стук малатка па жалезным вобадзе, але вочы яе глядзелi кудысьцi далёка.

Падышоўшы да палаткi, бацька так i застаў яе ў гэтай позе. Ён апусцiўся каля яе на кукiшкi. Мацi паволi перавяла на яго позiрк.

- Ну, знайшлi што? - запыталася яна.

- Не, - збянтэжана адказаў бацька. - Дзе мы толькi не шукалi.

- А Эл дзе i Джон? Дзе грузавiк?

- Эл нешта рамантуе ў машыне. Давялося ў людзей папрасiць iнструменту. Сказалi, каб Эл рабiў усё там, на месцы.

Мацi сумна сказала:

- Добра тут. Можна было б тут пажыць хоць крыху.

- Калi знойдзем працу.

- Ага. Калi знойдзем працу.

Бацька адчуў яе смутак i пiльна паглядзеў на яе твар.

- Чаго ты так засмуцiлася? Сама ж кажаш, добра тут. Чаго ж засмучацца.

Мацi глянула на яго i паволi заплюшчыла вочы.

- Дзiўна ўсё неяк, праўда? Колькi ўжо дзён мы ў дарозе, перабiраемся з месца на месца, i нi разу я не задумвалася. Людзi тут добра мяне прынялi, проста вельмi добра. А я што раблю? Прыгадваю ўсё самае сумнае: тую ноч, калi памёр дзед i мы яго пахавалi. У мяне тады адна толькi дарога была ў галаве цэлымi днямi трэслiся ў машыне, усё едзеш i едзеш, i я нiчога ўжо такога дрэннага не адчувала. А цяпер, калi сюды прыехалi, цяпер у мяне горш на душы стала. Бабка... i яшчэ Ной пайшоў ад нас. Узяў i пайшоў унiз па рацэ. Усё было неяк паасобку, а цяпер разам на мяне навалiлася. Бабка памерла, як жабрачка, i яе, як жабрачку, пахавалi. Цяпер ад гэтага балюча мне. Ной пайшоў унiз па рацэ. Не ведаў, што яго там можа чакаць. Адкуль яму ведаць? I мы таксама не ведаем. I так i не будзем ведаць, цi жывы ён, цi мёртвы. I нiколi не даведаемся. А тут яшчэ Конi ўпотайкi пакiнуў нас. Раней не было ў мяне часу пра ўсё гэта думаць, а цяпер думкi роем налятаюць на мяне. А мне ж бы толькi радавацца, што мы трапiлi ў такое добрае месца. - Бацька глядзеў, як варушацца яе губы. Яна гаварыла, заплюшчыўшы вочы. - Я памятаю, якiя былi горы каля той рэчкi, дзе Ной нас пакiнуў, - вышчарбленыя, вострыя, як зубы старога. Памятаю, якая калючая была трава там, дзе пахавалi дзеда. I калоду на ферме - пяро да яе прыстала, уся пасечаная, чорная ад курынай крывi.

Бацька падхапiў ёй у тон:

- А я сёння бачыў дзiкiх гусей. На поўдзень цягнулiся... высока ў небе. Так прыгожа было глядзець. I чорных драздоў бачыў - сядзяць сабе на дроце. I галубы на агароджах. - Мацi расплюшчыла вочы i глянула на яго. А ён гаварыў: Яшчэ вiхор бачыў - усё роўна як чалавек, круцiцца, носiцца па полi. А гусi ляцелi клiнам, спяшалiся на поўдзень.

Мацi ўсмiхнулася:

- А ты памятаеш, як мы дома гаварылi: 'Гусi ляцяць, значыць, зiма будзе ранняя'. Заўсёды так гаварылi, а зiма надыходзiла, калi ёй была пара. А мы ўсё: 'Зiма будзе ранняя'. Сама не ведаю, чаму мы так гаварылi.

- Я бачыў чорных драздоў на дроце, - гаварыў бацька. - Сядзяць сабе адзiн каля аднаго. I галубоў. Так спакойна, як голуб, не сядзiць нiводная птушка... на драцяной агароджы... Сядзяць па двое, зусiм блiзка. А вiхор - у рост чалавека, скача, круцiцца па полi. Як дзiця, толькi ростам з дарослага мужчыну.

- Лепш не ўспамiнаць пра дом, - сказала мацi. - Цяпер у нас свайго дома няма. Лепш зусiм забыцца пра яго. I пра Ноя забыцца.

- Ён няправiльна зрабiў... ну, а я хачу сказаць... гэта мая вiна.

- Колькi разоў я ўжо казала табе - кiнь пра гэта. Можа, ён i не выжыў бы.

- Але павiнен быў прадугледзець.

- Кiнь зараз жа. Ной быў не такi, як усе. Магчыма, так яму лепш будзе. Нам нельга бясконца гараваць. Месца тут добрае, i праца, можа, знойдзецца.

Бацька паказаў на неба:

- Глянь... зноў гусi. Вялiкi клiн. Вось, ма: 'Зiма будзе ранняя'.

Мацi цiха засмяялася:

- Бывае, зробiш што-небудзь, скажаш, а чаму, не ведаеш.

- Вось i Джон iдзе, - сказаў бацька. - Хадзi сюды, Джон, пасядзi з намi.

Дзядзька Джон падышоў да iх i прысеў на кукiшкi перад мацi.

- Нiдзе нiчога не знайшлi, - сказаў ён. - Нi з чым назад прыехалi. А цябе Эл клiча. Сказаў, пакрышку трэба мяняць. На старой усяго адзiн слой застаўся, кажа.

Бацька ўстаў.

- Хоць бы ўдалося яму купiць як дзешавей. Грошы ўжо амаль зусiм выйшлi. А дзе ён, Эл?

- Вунь там, за вуглом направа. Кажа, пакрышку трэба памяняць, а то камера пратрэцца i лопне.

Бацька iшоў мiж палатак, а вочы яго сачылi за вялiкiм клiнам гусей, якiя, аддаляючыся, усё нiжэй апускалiся па небасхiле.

Дзядзька Джон падабраў з зямлi каменьчык, скацiў яго з далонi i зноў падняў. На мацi ён не глядзеў.

- Працы няма, - сказаў ён.

- Вы не ўсё яшчэ аб'ездзiлi.

- Не аб'ездзiлi, але аб'явы ўсюды аднолькавыя.

- А Том, пэўна, дагэтуль працуе. Яшчэ не вярнуўся.

Дзядзька Джон выказаў здагадку:

- Можа, ён таксама пайшоў ад нас... як Конi з Ноем.

Мацi строга паглядзела яму ў твар, потым позiрк яе памякчэў.

- Ёсць такое, у чым ты цвёрда ўпэўнены, - сказала яна. - Ёсць такiя рэчы, у якiх ты нiколi не сумняваешся. Том атрымаў працу. I гэта чыстая праўда. Яна ўсмiхнулася шчаслiвай усмешкай: - У мяне цудоўны сын. А што, хiба не так?

У лагер пачыналi з'язджацца легкавыя машыны i грузавiкi, i мужчыны павалiлi ў санiтарны блок. I кожны нёс у руках чысты камбiнезон i свежую кашулю.

Мацi раптам схамянулася:

- Iдзi, Джон, знайдзi бацьку. Схадзiце з iм у краму, купiце бабоў i цукру... мяса на смажанку i морквы. I скажы яму, няхай возьме там што-небудзь такое... ну што-небудзь смачнае... усё роўна што... абы на смак прыемнае... на вячэру. Сёння... у нас будзе слаўная вячэра.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦI

Вандроўны люд, якi гойсаў па краiне, iмкнучыся знайсцi працу, iмкнучыся выжыць, не забываў i пра ўцехi, упарта здабываў iх сам, прагна цягнуўся да забаў i хоць якiх радасцей. Iншы раз пазабаўляцца ўдавалася i ў гутарцы, а жарт палягчаў жыццё. I ўжо так павялося, што ў прыдарожных лагерах, уздоўж

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату