невядома.
- Шкада, не распыталi ў лагеры, - уздыхнуў Эл. - Ну, як адчуваеш сябе, дзядзька Джон?
- Балiць, - адказаў Джон. - Кругом усё балiць, а будзе яшчэ горш. Трэба мне iсцi ад вас, а то толькi няшчасце вам, усёй сям'i, прыношу ў пакаранне за свае грахi.
Бацька паклаў руку яму на калена.
- Слухай, - сказаў ён, - не рабi глупстваў. У нас i так вялiкiя страты дзед з бабкай памерлi, Ной i Конi ўцяклi, а прапаведнiка засадзiлi ў турму.
- У мяне такое адчуванне, што прапаведнiка гэтага мы яшчэ ўбачым, - сказаў дзядзька Джон.
Эл пакратаў булавешку на рычагу пераключэння перадач.
- Табе нездаровiцца, вось ты i адчуваеш рознае такое, - сказаў ён. - Ну хопiць, к чорту! Паехалi назад, з людзьмi пагаворым, даведаемся, дзе, можа, праца ёсць. А то ўсё роўна, што баброў пад вадой лавiць. - Ён спынiў машыну, высунуўся з кабiны i крыкнуў, павярнуўшы галаву назад: - Гэй! Паслухай! Мы вяртаемся ў лагер, там спытаемся, дзе яны працуюць. А так толькi бензiн дарэмна палiм.
Пасажыр перагнуўся цераз борт.
- Гэта мне якраз, - сказаў ён. - Я свае капыты па самыя шчыкалаткi змуляў. I сёння нават макавай расiнкi ў роце не было.
Эл развярнуў машыну пасярод дарогi i паехаў назад.
Бацька сказаў:
- Мацi наша вельмi расстроiцца - вунь Том уладкаваўся ж адразу.
- Можа, ён нiдзе нiчога не знайшоў, - сказаў Эл. - Можа, таксама, як i мы, шукае. Мне каб куды-небудзь у гараж. Я хутка навучуся, такая работа па мне.
Бацька нешта прабурчаў, i да самага лагера нiхто больш нi слова не прамовiў.
Калi камiсiя пайшла, мацi села на скрыню каля палаткi i разгублена глянула на Ружу Сарона.
- Вось яно як... - прагаварыла яна. - Вось яно як... даўно ўжо я сябе так добра не адчувала. Бачыла, якiя яны далiкатныя ў абыходжаннi?
- Я буду працаваць у дзiцячым пакоi, - сказала Ружа Сарона. - Яны мне прапанавалi. Пагляджу, як даглядаць маленькiх, i сама буду.
Мацi здзiўлена паглядзела на яе i пакiвала галавой. Потым сказала:
- Вось было б добра, каб мужчыны нашы працу знайшлi, га? Працавалi б i хоць трохi грошай у дом прыносiлi... - Вочы яе ўставiлiся кудысьцi ўдалячынь. - Яны недзе працавалi б, а мы тут, i людзi кругом добрыя. А як крыху збяром грошай, куплю сабе плiту кухонную - невялiчкую, але добрую. Яны недарагiя. Потым купiм сабе палатку - вялiкую, ну такую, каб цесна не было, i, можа, ужываныя спружынныя матрацы. А пад гэтым брызентам будзем толькi есцi. Па суботах на танцы хадзiць будзем. Кажуць, i знаёмых можна ў госцi запрашаць. Шкада, у нас тут нiкога няма. У мужчын, магчыма, прыяцелi завядуцца.
Ружа Сарона акiнула позiркам дарогу мiж палатак.
- Гэта жанчына, якая сказала, што я не данашу дзiця... - пачала яна.
- Перастань, - перарвала яе мацi.
Ружа Сарона цiха сказала:
- Вунь яна iдзе. Сюды, здаецца. Ага! Ма, не дазваляй ёй...
Мацi абярнулася i ўбачыла жанчыну, якая падыходзiла да iх.
- Добрага вам, - павiталася жанчына. - Я - мiсiс Сандры. Лiзбет Сандры. Ранiцай з вашай дачкой я ўжо бачылася.
- Дзень добры, - павiталася i мацi.
- Цi шчаслiвыя вы ў бозе?
- Нiчога, шчаслiвыя, - адказала мацi.
- Цi сыходзiла на вас ласка боская?
- Сыходзiла. - Твар у мацi быў зацяты, насцярожаны.
- Вось i добра, - сказала Лiзбет. - Грэшнiкi ўвабралiся тут у вялiкую сiлу. Вы трапiлi ў жудаснае месца. Кругом тут адно паганства. Паганыя людзi, паганыя ўчынкi. Шчырым хрысцiянам няма ўжо як цярпець. Навокал адны грэшнiкi.
Мацi крыху пачырванела, сцяла вусны.
- А як я пагляджу, людзi тут прыстойныя, - суха прамовiла яна.
Мiсiс Сандры вылупiла на яе вочы.
- Прыстойныя? - закрычала яна. - Хiба ж прыстойныя людзi будуць танцаваць у абнiмку? Кажу вам: у гэтым лагеры душу не выратуеш. Учора я была на малiтоўным сходзе ва Ўiдпэтчы. Ведаеце, што прапаведнiк нам гаварыў? Ён сказаў: 'Лагер гэты - гнездзiшча бязбожнiкаў. Беднякi захацелi жыць, як багатыя! Iм, кажа, трэба лямантаваць i енчыць, замольваючы грахi, а яны танцуюць у абнiмку!' Вось што ён гаворыць. 'Хто цяпер не з намi тут, той закаранелы грэшнiк', кажа. Як прыемна было яго слухаць. Мы ведалi, што нам не пагражае кара, мы ж не танцуем.
Мацi была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрынi i стала тварам у твар з мiсiс Сандры.
- Iдзi! - загадала яна. - Iдзi прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Iдзi - лямантуй i енчы.
Мiсiс Сандры разявiла рот, потым падалася назад i раптам злосна прагаварыла:
- Я думала, вы добрыя хрысцiяне.
- А мы i ёсць такiя.
- Не, вы грэшнiкi, вам толькi ў пекле гарэць, усiм вам! Я ўсё раскажу на малiтоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымi. I нявiннае дзiця ў яе чэраве таксама гарыць.
З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Мацi нахiлiлася i падняла з зямлi палку.
- Iдзi прэч! - сурова сказала яна. - I каб духу твайго тут не было. Такiх, як ты, я ведаю. Вы ўсё стараецеся апошнюю радасць у чалавека забраць. - Яна iшла проста на мiсiс Сандры.
Тая адступала перад ёю i раптам закiнула галаву i завыла. Вочы ў яе закацiлiся, плечы ходырам захадзiлi, рукi заматлялiся па баках, з кутка рота выступiла густая, цягучая слiна. Яна абазвалася яшчэ i яшчэ раз дзiкiм, нечалавечым крыкам. З палатак выйшлi людзi, падышлi i абступiлi яе, перапалоханыя, прыцiхлыя. Жанчына паволi асела на каленi, i яе крыкi перайшлi ў перарывiстыя булькатлiвыя стогны. Яна павалiлася на бок, рукi i ногi ў яе сутаргава закалацiлiся. Мiж расплюшчаных павек вiднелiся бялкi вачэй.
Адзiн мужчына цiха сказаў:
- Святы дух. На яе сышоў святы дух.
Мацi стаяла, пазiраючы на цела, што бiлася на зямлi ў сутаргах.
Да палаткi няспешна падышоў маленькi адмiнiстратар.
- Што здарылася? - запытаўся ён. Натоўп расступiўся, прапускаючы яго наперад. - Вось бяда! - сказаў ён. - Хто-небудзь памажыце аднесцi яе ў палатку.
Людзi моўчкi пераступалi з нагi на нагу. Нарэшце двое мужчын паднялi жанчыну з зямлi - адзiн падхапiў яе пад пахi, другi ўзяў за ногi - i панеслi. Натоўп паволi пасунуўся за iмi. Ружа Сарона пайшла пад брызент, лягла на матрац i закрыла твар коўдрай.
Адмiнiстратар глянуў на мацi, убачыў палку, якую яна трымала ў руцэ, i слаба ўсмiхнуўся:
- Вы набiлi яе?
Мацi ўсё яшчэ пазiрала ўслед натоўпу. Яна паволi пакруцiла галавой:
- Не... толькi збiралася. Сёння яна ўжо другi раз дачку маю пужае.
Адмiнiстратар сказаў:
- Не трэба, не бiце яе. Яна хворая, - i цiха дадаў: - Хутчэй бы ўжо паехала адсюль, i ўся яе сям'я. Ад яе адной больш непрыемнасцей, чым ад усiх астатнiх разам.
Мацi ўжо авалодала сабой.
- Хай толькi зноў заявiцца сюды, я наб'ю яе. За сябе не ручаюся. Я не дам ёй страшыць дачку.
- Не хвалюйцеся, мiсiс Джоўд. Больш вы яе тут не ўбачыце. Яна толькi навiчкоў апрацоўвае. Да вас ужо больш не прыйдзе. Яна лiчыць вас грэшнiцай.
- Я i ёсць грэшнiца, - спакойна сказала мацi.
- Правiльна. Усе мы грэшнiкi, толькi не ў тым сэнсе, як яна думае. Яна хворая, мiсiс Джоўд.
Мацi з удзячнасцю глянула на адмiнiстратара i крыкнула дачцэ:
- Ты чуеш, Разашарна? Яна хворая. Вар'ятка. - Але Ружа Сарона не падняла галавы. Мацi сказала: - Я