пяць. А калi атрымаеце працу, вернеце доўг у цэнтральную камiсiю. Вам гэта было вядома, - строга прамовiла яна. - Як жа вы давялi да таго, што дочкi вашы галадаюць?

- Дабрачыннасцю мы нiколi не карысталiся, - адказала мiсiс Джойс.

- Гэта не дабрачыннасць, вы добра ведаеце, - угневалася Джэсi. - Ужо не раз было гаворана. У нашым лагеры дабрачыннасцi няма. Мы яе не пацерпiм. Дык збегайце ў краму i вазьмiце сабе прадуктаў, а рахунак прынясiце мне.

Мiсiс Джойс нясмела запыталася:

- А калi так здарыцца, што мы не зможам выплацiць? У нас даўно няма працы.

- Як будзе магчымасць, выплацiце. А не будзе - гэта нi вас, нi нас не датычыцца. Адзiн чалавек паехаў з лагера, а праз два месяцы грошы прыслаў. Вы не маеце права дапускаць, каб вашы дзяўчаткi галадалi ў нас у лагеры.

Мiсiс Джойс спалохана пазiрала на Джэсi.

- Слухаю, мэм, - вымавiла яна.

- Абавязкова вазьмiце iм сыру ў краме, - загадала Джэсi. - Гэта добра ад паносу.

- Слухаю, мэм. - I мiсiс Джойс шмыгнула за дзверы.

Джэсi разгневана павярнулася да членаў камiсii:

- Яна не мае права так фанабэрыцца. I перад кiм? Перад сваiмi людзьмi.

Энi Лiтлфiлд сказала:

- Яна тут нядаўна. Можа, проста не ведала. Можа, раней ёй даводзiлася карыстацца дабрачыннасцю раз цi два. I не затыкайце мне, калi ласка, рот, Джэсi. Я маю права гаварыць. - Энi зрабiла паўпавароту да мацi. - Калi чалавек адчуў на сабе, што такое дабрачыннасць, гэта як кляймо застанецца на iм на ўсё жыццё. Наша дапамога не дабрачыннасць, а ўсё-такi яе нiколi не забудзеш. Ручаюся, Джэсi не паспытала гэтага на сабе.

- Не, - пацвердзiла Джэсi.

- А мне давялося, - гаварыла Энi. - Мiнулай зiмой. Мы пакутавалi ад голаду - я, муж мой i малыя. А тады заладзiлi дажджы. Нехта нам параiў звярнуцца да Армii выратавання. - Вочы ў Энi загарэлiся лютасцю. - Мы галадалi... а яны прымусiлi нас поўзаць перад iмi дзеля абеду. Яны прынiзiлi нас. Яны... Ненавiджу iх! Можа, i мiсiс Джойс карысталася дабрачыннасцю. Можа, яна не ведала, што ў нас тут зусiм не тое. У нашым лагеры, мiсiс Джоўд, мы нiкому не дазволiм займацца дабрачыннасцю. Не дазволiм, каб хто-небудзь дапамагаў другому. Можна аддаваць адмiнiстрацыi лагера, а яна ўжо раздасць каму трэба. А дабрачыннасцi мы не дапусцiм! - Голас у Энi зрываўся ад шаленства. - Ненавiджу iх! - паўтарыла яна. - Я нiколi не бачыла свайго мужа прыбiтым, а гэтыя... гэтыя з Армii выратавання дамаглiся свайго.

Джэсi кiўнула галавой.

- Я чула пра такое, - цiха прамовiла яна. - Людзi расказвалi... Ну, павядзём мiсiс Джоўд далей.

Мацi сказала:

- Як тут усё добра.

- Пойдзем у швейную, - прапанавала Энi. - У iх там дзве машыны. Яны i коўдры прашываюць, i сукенкi шыюць. Вам, напэўна, самой захочацца там папрацаваць.

Як толькi да мацi прыйшла камiсiя, Руцi i Ўiнфiлд непрыкметна рэцiравалiся далей ад вачэй дарослых.

- Можа, лепш пайсцi з iмi, паслухаць? - сказаў Уiнфiлд.

Руцi схапiла яго за локаць:

- Ну не! Нас праз гэтых сволачаў вымылi. З iмi я не пайду.

Уiнфiлд сказаў:

- Ты на мяне нагаварыла пра прыбiральню. А я нагавару, як ты абазвала гэтых цётак.

Па твары Руцi прабег цень страху:

- Не трэба. Я ведала, што ты не зламаў, таму i нагаварыла.

- Нiчога ты не ведала, - адрэзаў Уiнфiлд.

Руцi сказала:

- Давай паглядзiм усё, што ёсць тут. - Яны пайшлi ўздоўж палатак i, бянтэжлiва азiраючыся, заглядалi ў кожную. У канцы праходу на роўным месцы была расчышчана пляцоўка для кракета. З паўтузiна дзяцей былi сур'ёзна занятыя гульнёй. На ўслончыку каля крайняй палаткi сядзела пажылая жанчына i сачыла за iмi. Руцi з Уiнфiлдам прыпусцiлi трушком.

- Прымiце нас у гульню! - крыкнула Руцi. - Мы таксама будзем гуляць.

Дзецi ўзнялi на яе вочы. Дзяўчынка з коскамi, як парасячыя хвосцiкi, сказала:

- Калi новую пачнём.

Руцi пагрозлiва ступiла на пляцоўку.

- А я хачу цяпер. - Парасячыя хвосцiкi моцна ўчапiлiся за малаток. Руцi падскочыла да яе, ударыла далонню, штурхнула i вырвала малаток з рук дзяўчынкi. - Сказала, што буду гуляць, значыць, буду, - пераможна абвясцiла яна.

Пажылая жанчына паднялася з услончыка i падышла да пляцоўкi. Руцi люта насупiлася i мацней абхапiла рукамi малаток. Жанчына сказала:

- Няхай гуляе. Зрабiце, як на мiнулым тыднi з Ральфам.

Дзецi пакiдалi малаткi i моўчкi пайшлi з пляцоўкi. Непадалёку спынiлiся i сталi глядзець на Руцi абыякавымi вачамi. Правёўшы iх позiркам, Руцi ўдарыла малатком па шары i пабегла за iм.

- Уiнфiлд, давай сюды! Бяры малаток! - крыкнула яна i са здзiўленнем уставiлася на брата. Уiнфiлд стаяў разам з дзецьмi збоку ад пляцоўкi i глядзеў на яе такiмi ж, як у iх, абыякавымi вачамi.

З дзёрзкiм выклiкам Руцi зноў ударыла па шары. Над пляцоўкай узняўся пыл. Дзяўчынка прыкiнулася, што ёй вельмi весела. А дзецi ўсё стаялi i пазiралi на яе. Руцi паставiла побач два шары i ўдарыла адразу па абодвух, стала спiнай да гледачоў, потым зноў павярнулася тварам да iх. I раптам пайшла на дзяцей з малатком у руцэ.

- Iдзiце гуляць! - скамандавала яна.

Дзецi моўчкi адступiлi перад ёю. Яна крыху пастаяла, утаропiўшыся на iх, тады кiнула малаток i з плачам пабегла да сваёй палаткi. Дзецi вярнулiся на пляцоўку.

Парасячыя хвосцiкi крыкнулi Ўiнфiлду:

- Калi пачнём новую, можаш з намi гуляць.

Пажылая жанчына сказала:

- Калi яна вернецца i будзе добра сябе паводзiць, няхай i яна гуляе з вамi. Ты, Эла, сама была такая.

Гульня ўзнавiлася, а Руцi ляжала ў палатцы i горка плакала.

Грузавiк ехаў па прыгожых мясцiнах, мiма фруктовых садоў, дзе пачалi ўжо ружавець персiкi, мiма вiнаграднiкаў, дзе на лозах ледзь зазелянелiся гронкi, пад арэхавымi дрэвамi, што працягнулi сваё вецце да сярэдзiны дарогi. Каля кожных варот у сад цi вiнаграднiк Эл прытарможваў, i на кожных варотах вiсела аб'ява: 'Рабочыя не патрабуюцца. Уваход забаронены'.

Эл загаварыў:

- Калi фрукты паспеюць, та, праца тут будзе. Але як у iх дзiўна тут - ты i спытацца яшчэ не паспеў, а яны ўжо адказваюць, што працы няма. - Ён вёў грузавiк на малой скорасцi.

Бацька сказаў:

- Можа б, нам усё ж зайсцi спытацца? Можа, яны ведаюць, дзе праца ёсць? Давай паспрабуем.

Па краi дарогi iшоў чалавек у сiнiм камбiнезоне i сiняй кашулi. Эл параўняўся з iм i затармазiў.

- Гэй, мiстэр! Можа, ведаеце, дзе тут праца ёсць? - крыкнуў ён.

Чалавек спынiўся i шырока ўсмiхнуўся; у роце ў яго не было пярэднiх зубоў.

- Не, - адказаў ён. - Можа, вы ведаеце, дзе яна ёсць? Я цэлы ўжо тыдзень тут кружу i яшчэ нi на што не натрапiў.

- Вы з урадавага лагера? - запытаўся Эл.

- Ага, з яго.

- Дык залазьце ў кузаў. Пашукаем разам.

Чалавек пералез цераз борт i саскочыў на насцiл.

Бацька сказаў:

- Нешта мне падказвае, што нiчога мы не знойдзем. Але пашукаць усё ж трэба. Толькi вось дзе,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату