шашэйных дарог, каля арашальных канаў, пад яварамi, заўсёды знаходзiлiся апавядальнiкi, i людзi збiралiся вакол ужо прытухлых вогнiшчаў паслухаць самага таленавiтага. Яны слухалi, i iх маўклiвая прысутнасць надавала гэтым расказам урачыстасць.

Я рэкрутам ваяваў супраць правадыра апачаў Джэранiма...

I людзi слухалi, i ў iх спакойных вачах адбiвалася святло счахлага вогнiшча.

Iндзейцы - народ хiтры, яны юркiя, як змеi, падкрадлiвыя. Паўзуць па сухiм лiсцi - i шолаху не пачуеш. Паспрабуйце хто з вас - нiчога ў вас не выйдзе.

Людзi слухалi i прыгадвалi, як шамацiць пад нагамi сухое лiсце.

Лета змянiлася восенню, неба завалаклi хмары. Не самы лепшы час для вайны. Вы калi-небудзь чулi, каб армiя рабiла што-небудзь правiльна? Дайце ёй дзесяць шанцаў, яна ўсё роўна на нечым спатыкнецца. З якой-небудзь сотняй храбрацоў расправiцца - i то пашле тры палкi, i так заўсёды.

Людзi слухалi, i твары ў iх былi спакойныя, задумлiвыя. Апавядальнiкi прымушалi слухаць сябе - рытм iх мовы быў урачысты, словы ўрачыстыя, бо сам расказ быў урачысты, i слухачы прасякалiся гэтай урачыстасцю.

Адзiн смяльчак стаў ва ўвесь рост на скале, супраць сонца. Ведаў, што адусюль ён вiдаць. Раскiнуў рукi i стаiць сабе. Зусiм голы, як ранiчка, на самым сонцы. Можа, у галаве ў яго памутнела. Не ведаю. Стаiць так, рукi ў бакi раскiнуў, ну быццам распяцце. Ад нас ярдаў за чытырыста. А салдаты... што ж, накiравалi на яго ружжы, наслiняць палец - прабуюць, цi ёсць вецер, ляжаць, страляць не могуць. Iндзеец, пэўна, ведаў, што робiць. Ведаў, што мы страляць не будзем. Ляжым, куркi на ўзводзе, а прыкладаў да пляча не прыцiскаем. Пазiраем на яго. Галаўная павязка, пяро ў ёй тырчыць. Нам усё як на далонi. А сам голы, як сонейка. Доўга мы так ляжалi i на яго глядзелi, а ён не зварухнецца. Нарэшце капiтан асатанеў. 'Страляйце, нягоднiкi, страляйце!' крычыць. Ну што ж... мы не спяшаючыся паднялi вiнтоўкi - кожны чакае, што хто-небудзь iншы стрэлiць першы. Нiколi ў жыццi мне не было так горка. Я прыцэлiўся яму ў жывот - iндзейца толькi так улажыць можна... i... тады... Ён павалiўся, як сноп, i пакацiўся з гары. Мы падышлi. Бачым, не такi ён ужо i рослы... а здаваўся велiканам... там, на скале. Увесь пашкуматаны i такi маленькi. Калi-небудзь бачылi фазана? Горды, прыгожы, пёрка да пёрка, як размаляваныя, i нават вочы быццам намаляваныя. I бац! Падымаеш яго... увесь у крывi, скурчаны... I адчуваеш, ты загубiў нешта лепшае за сябе; ясi яго, а радасцi мала, бо ты загубiў нешта ў сабе, i ўжо нiчым гэта не выправiш.

Людзi згодна кiвалi галовамi, а калi ў вогнiшчы ўспалыхваў язычок полымя, яго святло азарала вочы, задумлiвыя, засяроджаныя.

Проста супраць сонца з раскiнутымi рукамi. I здаваўся такi вялiкi, высокi... як бог.

А бывала i так, што хто-небудзь урываў ад яды дваццаць цэнтаў i iшоў у кiно ў Мэрысвiлi цi ў Туларэ, у Сiрызы цi ў Маўнтын-В'ю. I вяртаўся ў лагер пры дарожным насыпе, поўны яркiх уражанняў. I расказваў, што бачыў.

Адзiн малойчык быў багаты, а прыкiнуўся, што бедны, i дзяўчына адна таксама багатая, а выдавала сябе за бедную, i стрэлiся яны ў закусачнай.

Чаму?

Адкуль я ведаю? Стрэлiся, i ўсё тут.

Не, чаму яны прыкiнулiся, што бедныя?

Ну, надакучыла iм багацце.

Лухта!

Ты хочаш паслухаць цi не?

Ну, добра, гавары. Канешне, хачу паслухаць, але каб я быў багацеем, каб меў такiя грошы, я б столькi свiных адбiўных накупляў... Штабелямi навалiў бы вакол сябе, як дровы, а потым праеў бы праход. Ну, давай расказвай, што далей было.

Дык вось, кожны з iх думае, што другi бедны. А потым iх арыштавалi i ў турму пасадзiлi, а на волю выходзiць яны не хочуць, бо тады другi даведаецца, што ён багацей. А турэмшчык iх за бедных лiчыць i здзекуецца з iх. Ты паглядзеў бы на яго фiзiяномiю, калi праўда выходзiць наверх! Ледзь не абамлеў, во як.

А пасадзiлi iх за што?

Ну, схапiлi iх на нейкiм палiтычным сходзе, але нiякiя яны не радыкалы выпадкова там апынулiся. А толькi дзеля грошай каб з табой жанiлiся цi за цябе замуж выходзiлi, нiхто з iх не хацеў.

Во сукiны дзецi, з самага пачатку адно аднаму мазгi круцiлi.

Не, у карцiне было так, быццам яны з самых добрых намераў усё рабiлi. I з людзьмi, разумееш, абыходзiлiся добра.

А я вось раз бачыў карцiну - ну быццам проста пра мяне, i не толькi пра мяне, а i пра жыццё маё, i не толькi пра маё - там неяк усё было паўней i шырэй.

Мне i майго гора хопiць. Хочацца хоць крышачку забыцца.

I забываешся... калi паверыш таму, што паказваюць у кiно.

I вось яны пажанiлiся, i тады ўсё выйшла наверх, i тыя, хто з iх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведалiся. Адзiн пыхлiвы малойчык раней i слова да iх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цылiндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кiнахронiку паказвалi, як нямецкiя салдаты ногi на маршы высока задзiраюць смехата адна.

А калi ў каго было хоць трохi грошай, заўсёды можна было выпiць. Раздражненне мiнала, па целе цяпло разлiвалася. Знiкала пачуццё адзiноты, бо цяпер было лёгка засялiць сваё ўяўленне сябрамi, лёгка ворагаў адшукаць i расправiцца з iмi. Сядзiць каля канавы, i яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, i будучыня не навiсае так грозна над iм. I голад не падкрадаецца да яго, i ўвесь свет мяккi i ласкавы, i чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркi надзiва блiзкiя, неба пяшчотнае. Смерць - прыяцелька, а сон родны брат смерцi. Вяртаецца мiнулае - дзяўчына са стройнымi нагамi, яна некалi танцавала там, дома... Конь... даўным-даўно... Конь i сядло. Скура на сядле цiснёная. Калi гэта было! Вось пашукаць бы якую- небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават i ноч разам правесцi. А як цёпла тут... I зоркi зусiм блiзка, i смутак i радасць таксама блiзка адно ад аднаго, зусiм злiлiся разам. Вось каб так i застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнiкi?.. Дык у iх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль iм, няшчасным, ведаць. Староннiкi рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё i нiчога пра яго не ведаюць. Не... зоркi цяпер такiя блiзкiя, слаўныя, я параднiўся з усiм светам. I ўсё на свеце святое - усё, нават я.

Губны гармонiк заўсёды можна насiць з сабой. Выняў з задняй кiшэнi штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасцi смецце, кiшэнную труху, тытунёвую пацяруху, вось i гатова. На гармонiку ўсё можна - i тоненькi, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымi пальцамi мяняеш гучанне, i гукi то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкi, то робяцца густымi, глыбокiмi, як у аргана, цi пранiзлiвымi i журботнымi, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў i зноў схаваў гармонiк у кiшэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кiшэнi. А калi iграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямi, сцiскаеш яго губамi - i нiхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, - часам дзе-небудзь на адзiноце з сабою ў цянi гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткi пасля вячэры, калi жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбiвае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўнiз у лад рытму. А калi i згубiш свой гармонiк цi паламаеш яго - бяда невялiкая. За чвэрць даляра купiш сабе новы.

Гiтара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукi павiнны быць мазольныя наросты. На вялiкiм пальцы правай - арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукi, расцягвай iх, як павук ногi, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.

Скрыня гэтая ў мяне ад бацькi. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне 'до'. А калi я навучыўся i зайграў на гiтары не горш за яго, ён ужо амаль нiколi за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае i такт нагамi адбiвае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкiнецца на вушак i галавой кiвае. 'Iграй, кажа, старайся'. Добрая гiтара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькi на ёй было сыграна песень - мiльён, вось i выдзеўблася ўся. Калi-небудзь трэсне i ўвалiцца, як яечная шкарлупiна. А паправiць яе, нават крануць нельга - тон страцiць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонiк. Разам добра выходзiць.

Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Нi ладоў на ёй, нi павучыць няма каму.

Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбiраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×