- Што тут за вэрхал? - спытаў Хрысан Андрэевiч, выходзячы з сянец на двор. I на курэй: - Кыш, вы! Сабакi напужалiся, дурныя. - Узяў Бiма за аброжак i падвёў да курэй, пастаяў так з iм i адпусцiў.

Бiм адышоў i адвярнуўся: ну iх! З тае пары певень i куры не падыходзiлi да сабакi, але не надта i баялiся, а так - пасакоча каторая - i з дарогi. А яму што? Ходзяць куры- не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, нiхто ў iх не страляе значыцца, не птушка, а так сабе - самаходная iстота. Певень, гэты, вядома, не тое: i на страху ўзляцiць, i папярэдзiць пра чужога не пазней, чым Бiм, ды i кiруе салiдна - сам чарвяка не есць, а падначаленых клiча i, здараецца нават падзелiць. Так што певень заслугоўвае павагi.

З-за таго, што Бiма пакуль што не выпускалi з двара на вулiцу яшчэ з тыдзень, ён неяк сам па сабе стаў тут галоўны: ляжаў пасярод двара i сачыў. Курэй ён ужо на чацвёрты дзень ведаў усiх у твар, а калi залятала цераз тын чужая, то ён яе так наганяў, так наганяў, што яна яшчэ доўга тараторыла, то некуды ўцякаючы, то вяртаючыся назад i топчучыся на адным месцы. Смех, дый годзе!

Парася, тое, напрыклад, само прапанавала пазнаёмiцца блiжэй: падышло да Бiма, хрукнула, чуць-чуць штурханула яго вiльготным пятачком у шыю i глядзела дурненькiмi бялявымi вачанятамi. Бiм лiзнуў яго ў пятак. Таму бог як спадабалася: яно аж падскочыла ад задавальнення - i пачало рыцца каля Бiма. Бiм паблажлiва перайшоў на другое месца, а парася зноў да яго: пабурчала нешта на сваёй незразумелай мове (свiннi i сабакi не разумеюць адзiн аднаго гэтаксама, як i людзi з розных краiн) ды i ўклалася побач з Бiмам, прытулiўшыся да цёплае Бiмавай спiны. Таму калi аднаго халоднага асенняга дня Бiму зрабiлася не па сабе (дзверы ў сенцы зачынены на ўвесь дзень), то нiхто на двары не дзiвiўся з таго, што Бiм спаў на мяккай падсцiлцы, сагрэты парасятамi з двух бакоў. Супроць гэтага сяброўства i парасяткава мацi нiчога не мела супраць, нават наадварот, кожны раз, як Бiм заходзiў да iх у жыллё, яна энергiчна стагнала ад наплыву прыязнасцi, а зусiм не ад болю. Мiж iншым, гэту адметнасць свiное гаворкi Бiм заўважыў адразу, хоць болей у гэтым мовазнаўстве нiчога не зразумеў. Мабыць, гэта не так i важна - ведаць мову. Сабака i свiння - розныя ва ўсiм, але гэта не перашкаджае iм жыць мiрна i згодна.

Кармiлi Бiма вельмi добра, а акрамя таго, i парасяты - ужо рослыя, Бiму напаўросту - не пярэчылi, калi ён здымаў пробу ў iхнiм карыце. Кожнай ранiцай ён меў амаль лiтр малака, якое тут не лiчылi дарагiм. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор - клетка, лагер, адгароджаны тынам i заўсёды зачыненымi варотамi i веснiчкамi. Не паляўнiчага гэта сабакi занятак - ляжаць, пiльнаваць курэй, гадаваць парасят, - не i не, ды яшчэ з такiм выдатным нюхам, якi - мы ўжо ведаем - меў наш Бiм.

Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзiвiўся сытаму жыццю. Але калi з лугу цягнула вецярком, Бiм неспакойна хадзiў ад плота да плота цi станавiўся на заднiя лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку блiжэй быць да вышынi, i глядзеў угару, у неба, дзе ляталi галубы - лёгкiя, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзiне, i ён невыразна адчуваў, што i пры такiм сытым жыццi i добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.

...Ах, галубы вы, галубы, нiчога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволi!

Бiм адчуў яшчэ i тое, што не цалкам яму давяраюць, калi не выпускаюць. Кожнай ранiцай Хрысан Андрэевiч i Алёшка выганялi сваiх авечак з двара i iшлi за iмi на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамi. А Бiма, як ён нi прасiўся, пакiдалi на двары.

I вось аднойчы Бiм ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносiў весткi: луг ёсць, дзесьцi непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчылiну - прабег сабака. Тады яму i стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другi, грабянуў яшчэ раз i давай працаваць на ўсю сiлу: пярэднiмi гроб зямлю пад сябе, а заднiмi адпiхаў далей; нават i разлапiстаю можна працаваць, хоць i не на ўсю сiлу.

Невядома, што было б пасля таго, але калi Бiм ужо канчаў падкоп, увайшлi на двор авечкi. Яны ўбачылi, як ляцiць зямля з-пад тыну, i шарахнулiся назад у веснiчкi, дзе стаяў Алёшка. Авечкi павалiлi Алёшу i шуганулi па вулiцы, як дурныя. Алёша пабег за iмi, а Бiм не звяртаў увагi нi на каго: гроб i гроб!

Але падышоў Хрысан Андрэевiч, узяў яго за хвост. Бiм затаiўся ў сваёй нары, быццам нежывы.

- Занудзiўся, Чарнавух? - спытаў Хрысан Андрэевiч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Бiма назад.

Бiм вылез. Што зробiш, калi цябе цягнуць за хвост!

- Што з табою, Чарнавух?! - здзiвiўся Хрысан Андрэевiч i адступiўся, утрапёны: - Ты хоць не ўскруцiўся?

Вочы ў Бiма набеглi крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзiў носам у бакi, часта-часта дыхаў, быццам толькi што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары i нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азiраючыся на Хрысана Андрэевiча.

Той стаяў пасярод двара i моцна задумаўся. Бiм падышоў да яго, сеў i гаварыў позiркам зусiм зразумела: 'Мне трэба туды, на прыволле. Пусцi мяне, пусцi!' Ён, просячы, выпрастаўся на жываце i заскуголiў так цiха i жаласна, што Хрысан Андрэевiч нагнуўся i пачаў яго лашчыць.

- Эх, Чарнавух, Чарнавух... I сабаку хочацца волi. Ку-ды-ы там! - Затым паклiкаў Бiма ў сенцы, паклаў на сена, прывязаў за вяроўку i прынёс мiску з мясам.

Вось i ўсё. Сумна. Сытае жыццё без волi апрацiвела Бiму.

Мяса ён не зачапiў.

Раздзел 12

НА ПАЛЯВЫМ ПРЫВОЛЛI. НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПАЛЯВАННЕ. УЦЁКI

Ранiцою, як i кожнага дня, у доме Хрысана Андрэевiча ўсё паўтаралася па заведзенаму парадку: спружына працоўнага дня пачала раскручвацца пасля апошнiх, трэцiх пеўняў, потым абазвалася карова, Пятроўна падаiла яе i запалiла ў печы; Алёша выйшаў палашчыць свайго, цяпер ужо любiмага, Чарнавуха, Тата пакармiў карову i свiней, пасыпаў курам, потым усе селi да стала снедаць. Бiм тае ранiцы не ўзяў нават пахучага малака, хоць Алёша прасiў i ўгаворваў. Потым, пакуль бацькi ўходжвалiся на двары, Алёша схадзiў па ваду, i вычысцiў каровiн катух, i яшчэ раз прасiў Бiма, каб пад'еў, соваў нос у мiску, але, маеш, Чарнавух нечакана амаль счужэў. Пад канец збораў на работу Хрысан Андрэевiч натачыў вялiкi нож i запхнуў яго ў шчылiну над дзвярыма.

Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне i хусткi, узяла сумку i той вялiкi нож, што тачыў Тата, i пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлi на двор Алёша з бацькам i, чуваць, выпусцiлi авечак на вулiцу.

Няўжо пакiнулi Бiма аднаго, ды яшчэ на прывязi ў цёмных сенцах? Бiм не вытрымаў - завыў горка i безнадзейна.

I тут адчынiлiся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевiч, адвязаў Бiма i вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакiраваў да чародкi авечак, ля якiх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукi Бiма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам i крыкнуў:

- Пайшлi, пайшлi-i!

Авечкi рушылi за iм па вулiцы. З кожнага двара да iх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскi сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа iшоў Хрысан Андрэевiч, ззаду Алёша з сабакам.

Дзень выпаў марозны, сухi, зямля пад нагамi цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькi не такая роўная; нават заляталi густа сняжынкi, закрыўшы на некаторы час i без таго халоднае сонца, але зараз жа i скончылiся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ i не зiма, а проста-напраста пазначассе, нi то нi сё, калi вось-вось акажацца зiма, жаданая, але заўсёды нечаканая.

Авечкi бадзёра пастуквалi капыцiкамi i бляялi, перагаворвалiся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма нiякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бiм заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевiчам, iшоў баран з закручанымi рагамi, а ззаду за ўсiмi, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпiхаў яе кручком палкi, каб не адставала, i тады крычаў:

- Тата, цiшэй крыху! Кульгавенькая не можа!

Той iшоў цiшэй, не аглядваўся, а разам з iм цiшэй iшла i ўся чарада.

Бiм iшоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамi, як яны падпарадкавалiся кожнаму яго руху, як Алёша дзелавiта, засяроджана пiльнаваў авечак ззаду i з бакоў. Вось адна з iх адбiлася i, пашчыпваючы жаўтаватыя травiнкi, пакiравала ў бок ад чарады. Алёша пабег з Бiмам i крыкнуў:

- Куды пайшла-а?! - i кiнуў паперад яе сваю палку.

Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелi адасобiцца i пасунулiся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег i гэтаксама паказаў iм сваё месца. Бiм скора скемiў, што нi адна авечка не мае права адбiвацца ад чарады, а калi зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату