дысцыплiну: 'Гаў-гаў-гаў!' - гэтак жа нязлосна, як i Алёша, папярэдзiў ён самавольнiцу: - 'Куды пайшла-а?!'

- Тата! Чуеш? - крыкнуў Алёша.

Хрысан Андрэевiч аглянуўся i крыкнуў з адабрэннем:

- Маладзец, Чарнавух!

На схiле яра ён падняў над галавою палку i яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:

- Распуска-ай! - А сам запаволiў крок, iшоў поперак ходу чарады.

Алёша пачаў рабiць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевiча. I тады чарада пакрысе разыходзiлася ўсё шырэй i шырэй, i нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраiлася ў шнурок, па тры-чатыры авечкi. Цяпер Хрысан Андрэевiч спынiўся, акiнуў позiркам строй, а побач з iм спынiўся i баран-важак. Пастух дастаў з сумкi буханку хлеба, адрэзаў акрайчык - чамусьцi аддаў яго барану. Бiм не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павiнен не толькi не баяцца пастуха, а нават любiць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата - добры чалавек, - i толькi. А Тата, калi начыстату, быў яшчэ чалавек i хiтры - баран хадзiў за iм, як сабака, i заўсёды адзываўся на клiч. Не, Бiму, вядома, нельга было спасцiгнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевiч ведаў, што дурны баран, якi адбiўся ад чарады, ды яшчэ калi няма сабакi, завядзе чараду чортведама куды - толькi прамаргай, заснi ад стомы i разморанасцi на сонечным прыгрэве. Не, тут баран- важак быў незвычайны, вучаны баран, таму i Бiма ён прыняў з адкрытаю душою.

Хрысан Андрэевiч закурыў люльку i сказаў Алёшу:

- Ты не табунуй, не табунуй - тут ёсць чым пажывiцца.

А што ты думаеш, дарагi мой чытач? Накармiць авечку позняй восенню работа не такая i простая: калi не ўмееш, то праз тыдзень палавiна чарады здохне, i там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, i ўся тут марока, а калi разумна будзеш пасвiць, то i на беднаватай пашы авечка будзе i сытая, i накормленая. Ухiтраецца Хрысан Андрэевiч накармiць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымi трактарамi, калi яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, i прызванне, i любоў да жывёлы. Вялiкая работа - пасвiць авечак, а наогул-то, i прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам i не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды i яе гаспадаром i дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Бiма i загаварыў пра чалавека на прыволлi позняй восенi.

Такiм чынам, авечкi з дружным патрэскваннем шчыпалi кароткую траву i хрумсталi так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзiн суцэльны гук, спакойны i роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата i Алёша былi блiзка адзiн ад аднаго i гаварылi ўжо цiха, не крычалi, як раней, здалёку.

Алёша запытаў:

- Тата, спусцiць Чарнавуха?

- Давай паспрабуем. Не павiнен ён уцячы зараз: ад волi на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з iм, пагуляй, не табунуй авечак.

Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку i весела крыкнуў:

- Чарнавух! Пабеглi! - Тут ён кiнуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамi траву i падскокваючы.

Бiм узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лiзнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок i стралою iмчаў назад у захапленнi ад поўнае волi; потым схапiў нейкую палку i памчаў да Алёшы, сеў перад iм. Алёша ўзяў тую палку, кiнуў i загадаў:

- Падай, Чарнавух!

Бiм прынёс яе i аддаў. Алёша яшчэ раз кiнуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Бiма, а пайшоў з яра да чарады i загадаў:

- Чарнавух, трымай! Нясi!

Бiм пайшоў за iм з ношкаю. Калi ўзышлi, Алёша замест палкi даў яму сваю шапку. Бiм з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы i паўтараў:

- Нясi, Чарнавух. Нясi, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! - Але да чарады яны падыходзiлi цiха ('не ганяй авечак'). Алёша загадаў:

- Аддай Тату.

Хрысан Андрэевiч выставiў руку. Бiм аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былi ў захапленнi.

А не болей чым праз тыдзень Бiм сваiм розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закiроўваць самавольных авечак да чарады, пiльнаваць iх, калi яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калi, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.

Бiм пазнаёмiўся з двума сабакамi, якiя пiльнавалi калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, i ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя i калгаснiкаў нiколi не падпускалiся блiзка адна да аднае i не мяшалiся, але ў час кароткiх асеннiх прыпынкаў на тырлiшчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бiм разам з iм да калгасных сабак. Добрыя сабакi, паджарыя, шарсцiстыя, вялiкiя, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялi з Бiмам спакойна i паблажлiва, а вакол чарады хадзiлi паволi, пяшком, а не так, як Бiм, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасцi сабакi. Падабалiся яны Бiму. I авечкi таксама харошыя.

Пачалося вольнае працоўнае жыццё i ў Бiма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталiся стомленыя i таму прыцiхлыя, але то была воля i давер адзiн да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.

Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруцiўся вецер, захадзiў, замяцелiў. Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм збiлi авечак у чараду, пастаялi крыху ды i павялi ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлi таксама снег. Усюды белы снег, толькi снег у полi - больш нiчога. Завiтала зiма, упала з неба.

Цi то Хрысан Андрэевiч вырашыў, што такому сабаку, як Бiм, нельга спаць з падсвiнкамi або сядзець на прывязi, цi з-за чаго iншага, але Бiм перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збiтую ў кутку ў тых самых сенцах i напханую мяккiм сенам.

А вечарам ён хадзiў у хату як раўнапраўны сем'янiн i быў там, пакуль не павячэраюць.

- Не можа таго быць, каб зiма. Рана, - сказаў неяк Хрысан Андрэевiч Пятроўне.

Слова 'зiма' паўтаралi яны пры размове часта, пра нешта турбавалiся; памiж iншым, Бiм ведаў: зiма - гэта белы халодны снег.

У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным i падпухлым тварам. Бiм бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамi i стагнала. Рукi яе былi ў чырванаватых трэшчынах i зямлiстых плямах, быццам бы з падушачкамi, такiмi, як на падэшвах у Бiма. Потым яна апускала рукi ў цёплую ваду, адмывала iх, доўга-доўга расцiрала маззю i вохкала. А Хрысан Андрэевiч глядзеў на Пятроўну i быццам гараваў (гэтага Бiм не мог не заўважыць па яго твары).

А наступным ранкам ён натачыў нажы i ўсе ўчатырох пайшлi з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм. Спачатку iшлi па роўным белым полi, накрытым неглыбокiм сняжком - на палавiну лапы, не глыбей, так што iсцi было лёгка. Вакол цiха, не холадна. Потым яны аказалiся на полi, дзе побач раскiданы кучы - копчыкi буракоў, складзеных лiстамi вонкi i прыкрытыя зверху нацiннем. Ля кожнае кучы сядзелi жанчыны, апранутыя гэтак жа, як i Пятроўна, i нешта рабiлi моўчкi i засяроджана.

Усе ўчатырох падышлi да аднае такое кучкi, селi вакол яе, i Бiм пачаў уважлiва глядзець, што ж тут робiцца. Пятроўна ўзялася за нацiнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруцiла яго коранем да сябе i - чык! - нажом: лiсты адпалi. Яшчэ чык-чык - па галоўцы бураку: галоўка чыстая. I адкiнула ўбок. Алёша - таксама, нават спрытней за Тату. I пайшло! Чык-чык! - i прэч нацiнне. Чык-чык! - чыстая галава. Трах! - бурак ляжыць збоку.

Непадалёку, ля такое ж самае кучкi сядзела жанчына, адна, i рабiла тое ж самае. Ля наступнае - таксама, але ўжо два-тры чалавекi разам. I так па ўсiм полi: буракi, як шалашыкi, захутаныя жанчыны з патрэсканымi далонямi i прыпухлымi ад холаду тварамi. Усе працавалi або ў рукавiцах або голымi рукамi. Чык-чык! - няма нацiння. Чык-чык! - няма нацiння. Чык-чык! - чалавек кiдае нож i хукае на рукi, трэ iх i зноў: чык-чык! - чыстая галоўка. Як часы!

I холадна. Сочачы за нажамi, Бiм пачаў мерзнуць, а таму страсянуўся i стаў даследаваць мясцовасць паблiзу, не адбiваючыся далёка.

Сагрэўся i вярнуўся назад да сваiх, хоць яго запрашалi i астатнiя жанчыны (усе на вёсцы ўжо ведалi, што такое Чарнавух!)

Потым да iх падышла тая жанчына, што сядзела i працавала адна-адзiнокая, маладая, але худая. Яна на

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату