нешта крыўдзiлася, смаркалася на зямлю, потым села побач з Пятроўнаю i паказала ёй рукi. Пятроўна таксама працягнула ёй свае далонi. Жанчына прыгнулася, закашлялася, прыцiскаючы брызентаваю рукавiцаю грудзi i змоўкла. А звалi яе Наталля.
Пятроўна - чык-чык! Хрысан Андрэевiч - чык-чык! Алёша - чык-чык! I хукаюць на рукi, труць шчокi. Пятроўна - чык-чык!.. I раптам - блюмк!.. У тае жанчыны-гаротнiцы ўпала на лiст кропля. Яна захiлiлася рукавом i пайшла назад, да сваiх буракоў.
- Упасi госпадзi, яшчэ i ты прастудзiшся, - сказала Пятроўна Алёшу, падышла, паправiла яму цёплую хустку пад шапкаю, зняла з сябе палатняны ручнiк i падперазала Алёшаў кажушок.
Бiм таксама тыкаўся носам у Алёшаў кажушок, дапамагаў Пятроўне. Але Алёша, як вызначыў Бiм, не зусiм i змёрз, як здавалася; наадварот, яму было намнога цяплей, чым Тату i Пятроўне (Бiм жа адчуваў гэта лепей за людзей).
- Чуеш, Алёша, - сказаў Хрысан Андрэевiч, увiхаючыся нажом за дваiх. (Бiм навастрыў вушы.) - Схадзi пабегай з Чарнавухам, пагрэйся крышку.
I Бiм пабег побач з хлопчыкам па бурачным полi, закамянелым ад марозу. Перасеклi яны поле ўпоперак, Алёшу стала горача, i ён зняў шапку, развязаў хустку, сунуў яе за пазуху, шапку надзеў, прыпадняўшы вушы. Побач з лясною паласою, у густой жоўтай траве Бiм прыпынiўся, нюхнуўшы паветра, заснаваў чаўнаком i нечакана для Алёшы стаў як статуя.
Алёша падбег да яго.
- Што тут, Чарнавух? - Бiм стаяў нерухома i чакаў загаду. Алёша здагадаўся, у чым справа: - Пужай! Пужай!
Бiм чакаў магiчнага слова 'Наперад!' Але Алёша крыкнуў яшчэ мацней:
- Пужай!
Бiм пайшоў паводкаю i падняў на крыло чародку курапатак.
Нядоўга думаючы, Алёша пабег назад разам з Бiмам. Бiм адчуў, што зноў яны не разумеюць адзiн аднаго (Алёша не ведае слоў Iвана Iванавiча), але ўсё ж бег побач з Алёшам. А той, засопшыся, зачырванелы, расказаў бацькам, як Чарнавух знайшоў курапатак i 'пужнуў' iх.
- Паляўнiцкi сабака Чарнавух, вучаны, - адобрыў Хрысан Андрэевiч. - Каб стрэльбу нам, Алёша! I на паляванне. Га?
Стрэльба? Паляванне? Якiя знаёмыя i дарагiя Бiму словы! Ён ведае, што гэта абазначае.
Бiм завiляў хвастом, залашчыўся да Алёшы, да Хрысана Андрэевiча, да Пятроўны, ён гаварыў на сваёй мове разборлiва i дакладна. Але тут яго нiхто не зразумеў, не пайшоў па стрэльбу, нiхто не пайшоў на паляванне i без стрэльбы. Бiм сеў за плячыма ў Алёшы, прытулiўся да кажуха i задумаўся, прынамсi, такi быў у яго выгляд.
Ужо прыцемкамi яны вярталiся дадому, стомленыя i схаладнелыя. А праз некалькi дзён i зусiм перасталi хадзiць на буракi - скончылi сваю норму.
Цяпер Пятроўна нiкуды не хадзiла i была рада гэтаму. Цэлыя днi яна што-небудзь гаспадарыла: чысцiла карову, мыла бялiзну, падлогу, шынкавала капусту, бiла масла, палiла ў печы, варыла, шыла на машыне, латала адзенне, выносiла карове цэбар - усяго i не пералiчыць. Бiм назiраў за яе работай.
Па Алёшу прыходзiла чыста адзетая жанчына з кнiжкамi, ушчувала Пятроўну (але не сярдзiта, як прыкмецiў Бiм), абедзве яны паўтаралi словы: 'Алёша', 'авечкi', 'буракi'. На наступны дзень Алёша пайшоў ранiцаю з кнiжкамi, так i знiкаў на кожны дзень. Хрысан Андрэевiч таксама хадзiў кудысьцi ў свой час з сахаром, а калi вяртаўся, то ад яго пахла гноем.
Аднаго звычайнага вечара, калi сабралiся ўсе i снедалi, увайшоў чалавек высокi, шырокi, касцiсты, велiкатвары, але з маленькiмi лiсiнымi вочкамi i ў лiсiнай шапцы. Бiм прыкмецiў, што Хрысан Андрэевiч зiрнуў на чалавека хмура i з-за стала не ўстаў, як звычайна, не падаў рукi.
- Здаровы былi, - абыякава сказаў госць i не зняў шапку.
- Добры вечар, Клiм. Сядай, - адказаў Хрысан Андрэевiч.
Той сеў на лаву, закруцiў вялiкую цыгарку, прыгледзеўся да Бiма i спытаў:
- Гэта i ёсць той самы Чарнавух? - (Бiм навастрыў вушы.) - Прападзе сабака без палявання. Або ўцячэ. Прадай: дам дваццацьпятку.
- Не прадаецца, - адказаў Хрысан Андрэевiч i цяпер устаў з-за стала скончыў вячэру.
Бiм нават i за тры крокi скора адчуў, што госць пахне зайцам. Ён падышоў, абнюхаў, вiльнуў хвастом i зiрнуў у твар лiсiнай шапцы, што абазначала на мове Бiма: 'Разумею - паляўнiчы'.
- Бачыш? - сказаў Клiм. - Чуе Чарнавух, хто прыйшоў. Прадай, кажу.
- Не прадам, Клiм, не прадам. Ужо збылося - нават Алёша не ведаў спачатку, - паслаў я тры рублi ў рэдакцыю рэспублiканскае газеты i аб'яву: 'Прыбiўся паляўнiчы сабака, белы, з чорным вухам'. Прыслалi ў адказ: 'Не аб'яўляйце, калi ласка. Хай пакуль што пажыве'. Што тут такое - не ведаю, але адчуваю сабака гэты важнецкi, трэба шанаваць.
- А ты i зглумiш. Прадай, - наставаў Клiм, пачынаючы злаваць.
- Торгу не будзе, - адрэзаў Хрысан Андрэевiч. - Так - на паляванне - бяры, а ў той жа дзень прыводзь назад. Хай Чарнавух пароду беражэ, так як i паложана.
- Таму што не прадаецца, - умяшаўся Алёшка.
- Ну, так дык так, - незадаволена скончыў Клiм, паляпаў Бiма па загрыўку i пайшоў.
Пасля вячэры, пры лiхтары, Хрысан Андрэевiч зарэзаў баранчыка i, падчапiўшы за заднiя ногi, зняў з яго футра, выпатрашыў, абмыў тушку i пакiнуў яе ў хляве да ранiцы.
Пятроўна ўвесь вечар то пакавала яйкi ў карзiну, то накладала ў слоiкi масла або перапушчанага сала. Потым яна акуратна састаўляла iх у базарныя, з белых дубцоў карзiны.
Цяпер-то Бiм адчуў, што ад усяго гэтага (баранчык без аўчынкi, яйкi, масла, карзiны) пахне горадам, гарадскiм базарам. Цi ж яму не ведаць! Увесь горад з канца ў канец ён вывучыў, шукаючы Iвана Iванавiча. I Бiм захваляваўся: базар, горад, карзiны, свая ўласная кватэра - усё сплялося ў адно: Iван Iванавiч там. За ноч ён не звёў вачэй.
Ранiцаю, раненька-раненька, Хрысан Андрэевiч завярнуў ужо цвёрдую тушку ў чыстую мешкавiну, звязаў шпагатам i ўскiнуў на плячо. Пятроўна пачапiла на каромысла дзве карзiны, падняла i паклала яго на абодва плечукi. Як Бiм прасiўся разам з iмi! Ён ясна гаварыў, уталкоўваў iм настойлiва: 'Мне трэба разам з вамi. Я - туды. Вазьмiце'.
Нiхто не здагадаўся пра яго хваляваннi. Нават больш таго, Хрысан Андрэевiч сказаў, папраўляючы, каб ямчэй ляжала тушка.
- Патрымай яго, Алёша, Чарнавуха, - каб хоць не пабег за намi.
Алёша ўзяў яго за аброжак i патрымаў на ганку. А Тата i Мама, абое з ношамi, паволi пайшлi да шашы, да аўтобуснага прыпынку. Бiм праводзiў iх вачыма i не звяртаў увагi на Алёшавы пачастункi i на ягоную ласку, праводзiў, пакуль яны не схавалiся з вачэй.
Скора прыйшоў Клiм з рукзаком i стрэльбаю. Паляўнiчае сумкi i патранташа на iм не было (тое, што не ўся экiпiроўка была, Бiм прыкмецiў адразу ж). Але ўсё-такi стрэльба! - вось дзе соль! Бiм даверлiва падаўся да паляўнiчага i адразу ж уведаў, што набоi пакладзены ў кiшэнi. Таксама вялiкi непарадак. Але ж галоўнае - стрэльба. За чалавекам са стрэльбаю ён пойдзе куды хочаш, хоць у свет. Надоўга цi ненадоўга, а пойдзе. Такая ўжо натура ў лягавага сабакi, i Бiм быў не выключэнне: у яго на нейкi час ацiхла нудота, якая ўзнiкла ў апошнi дзень, - нават так. Калi датычылася адносiн да стрэльбы, то Бiм быў як звычайны паляўнiчы сабака. Не скажаш, што няма ў яго логiкi, бо iсцiну ён спасцiгае практыкай, хоць i быў надзвычай разумны сабака. Яму яшчэ многа трэба будзе перажыць толькi таму, што ён сабака. Не будзем асуджаць.
- Пайшлi ж, Чарнавух, на паляванне, - сказаў Клiм.
Бiм заскакаў перад iм: 'На паляванне, на паляванне!'
Клiм узяў яго за скураны павадок. Алёша папярэдзiў:
- Дзядзька Клiм, калi Чарнавух спынiцца, выцягнецца, замрэ, то тут i курапаткi. Яму так трэба крыкнуць: 'Пужай!' Бо не рушыць з месца.
- Няўжо праўда?
- Ну дык! Ведаю ж, - спаважна адказаў Алёша. - Мне вось урокi вучыць, а то б сам паказаў.
- Мы таксама што-нiшто кемiм. Не першына, - запэўнiў Клiм.
Такiм чынам, пасля вялiкага перапынку i многiх хваляванняў Бiм пайшоў на паляванне. Спачатку iм нiчога не траплялася, акрамя смярдзючага тхара.