У адзiн з выхадных дзён я там i круцiўся з падвешаным да пояса кацялком, скляпаным з кансервавых бляшанак. Трэба сказаць, што з мiскай i лыжкай зэк нiколi не расставаўся. Гэты посуд зэкам не выдаваўся, i кожны даставаў яго хто як мог. Не маеш посуду, хоць шапку падстаўляй пры раздачы баланды. Так i рабiлi беспасудныя - падстаўлялi шапкi.
Абед тады скончыўся, i павары гатавалi вячэру - ячневую кашу з рыбай. Мая дапамога на кухнi не спатрэбiлася, i я сабраўся пайсцi ўжо ў палатку. Але рабочы па кухнi, мардасты здаравiла, здаецца, з Растова спынiў мяне.
- Пайшлi, - сказаў ён, - паможаш дроў прынесцi.
Я з радасцю згадзiўся i пайшоў з iм у тайгу. Метраў пяцьдзесят ад пакуль што ўмоўнай мяжы калоны ляжала распiлаваная на калоды сасна-сушняк. Верхавiны сасны не было, яе, лягчэйшую, вiдаць, ужо занеслi на кухню. Заставалiся калоды ад камля, тоўстыя i, вядома ж, цяжкiя.
- Вось гэту i бяры, - паказаў мардасты на самую тоўстую.
Я думаў, што мы панясём яе ўдвух, паставiў калоду стырчком, паглядзеў на мардастага.
- Бяры на плячо, я памагу, - сказаў ён.
З яго дапамогай я ўзвалiў калоду на плячо, i яна мяне прыгнула ледзь не да зямлi.
- Пайшлi, - скiраваў наперад мардасты.
Я ступiў некалькi крокаў i адчуў, што дрыжаць ад натугi ногi i спiна гнецца ўсё нiжэй. Я забаяўся, што зламаю хрыбет, падарвуся, i хацеў ужо скiнуць калоду з пляча, але прынесены ветрам з кухнi пах нечага смажанага павёў мяне ўперад. Мiска кашы, якую я атрымаю, клiкала, надавала мне сiлы.
I я iшоў, нёс калоду, якая была, можа, удвая цяжэй за мяне самога. Нёс з вытарашчанымi ад напружання вачамi, з кружэннем галавы.
А мардасты iшоў уперадзе з засунутымi ў кiшэнi штаноў рукамi, азiраўся раз-пораз назад i паказваў, дзе лепш iсцi. I правiльна рабiў, бо я не бачыў дарогi, вочы ад натугi затуманiлiся.
Калоду я ўсё ж данёс, скiнуў каля дрывотнi i адчуў сябе такiм слабым, спустошаным, нiбы з мяне выцекла ўсё жывое. Я сеў на нейкi пацурбалак i доўга аддыхваўся.
Мардасты ўзяў маю мiску i нашкроб у яе з катла прыгарэлай кашы, якая засталася з абеду, даў мне.
- Вазьмi парубай, - сказаў ён.
Аднак есцi мне ўжо не хацелася. Забалела ў жываце, я забаяўся, цi не адарваў кiшкi. Пасядзеў яшчэ i паплёўся ў палатку.
Толькi праз гадзiну змог з'есцi заробленае. Скажу праўду, тыя ашкрэбкi кашы былi ўсё ж смачныя.
КАЖУШОК
Калi я вучыўся ў Менску на рабфаку, бацькi справiлi мне кажушок. Шукалi, дзе б купiць якi-небудзь палiтончык, нешта гарадское, але ж у тыя гады гэта было зрабiць цяжка. Ды i грошы на яго куплю не знайшлiся б - падаткi былi вялiкiя, а працаднi ў калгасе - пустыя.
Вясковы кравец з нашых дублёных i пафарбаваных у чорнае аўчын мне i пашыў кажушок для вучобы ў горадзе. Кравец пастараўся, кажушок выйшаў прыгожы i цёплы, з хлясцiкам на спiне, аблямаваны па нiзе i бартах аўчыннай бiчайкай поўсцю наверх. Вядома ж, i дзве кiшэнi ўшыў.
Радавацца б такой абнове, але ж у горадзе кажухi тады былi не ў модзе, не тое што цяпер. Тады на хлопца ў кажушку глядзелi як на 'дзеравенскага'. Не раз я чуў пра сябе ад гарадской шпаны: 'Эй, жлоб у кажусе!' Адзiн шпанюк, увесь квартал iдучы за мной, дражнiўся: 'Жлоб, жлоб, як жывеш? Ж... чэшаш, вошы б'еш...' I раз-пораз пытаўся: 'Пачым вошы ў тваiм кажусе?'
Таму, хоць мне было ў маiм кажушку i цёпла, i ўтульна, я з радасцю абмяняў бы яго на якую-небудзь 'гарадскую' апратку. Аднаму студэнту, якому мой кажушок спадабаўся, я прапанаваў мяняцца на яго патрапанае бобрыкавае палiто. 'Жлобам будуць зваць', - адмовiўся ён.
I добра, што не абмяняўся. Кажушок мой потым выручаў мяне ад сiбiрскага холаду, а можа, i ўратаваў ад самага страшнага - лагернай смерцi.
Арыштавалi мяне ў пачатку красавiка трыццаць сёмага года i прывялi ў турму ў тым кажушку. Вясну, лета кажушок мой ляжаў на нарах замест падушкi, а ўвосень у iм жа i паехаў у лагер на Далёкi Ўсход. Нi ў час этапу, нi на перасыльных пунктах кажушок, на маё здзiўленне, у мяне не ўкралi i не адабралi. Вiдаць, я трапляў у партыi, дзе не было жорсткiх блацюкоў.
Прыехаў у Бамлаг на станцыю Ўсуры. Асноўныя работы лагер ужо скончыў, i многiх зэкаў адправiлi ў iншыя лагеры. Наша калона таксама была напалову расфармiравана, заставалiся толькi два баракi. На работу нас, канечне, выганялi штодня. Мы грузiлi пясок, гравiй на чыгуначныя платформы. Норма была цяжкая: на трох зэкаў пагрузiць дзве платформы. Вось i паспрабуй накiдаць столькi кубiкаў. За змену намахаешся шуфляй так, што потым рук не падняць. I песенька тады была ў хаду: 'Вось вам, братцы, мая норма - на тры рылы дзве платформы пагрузiце...'
Вядома, што праца паднявольнага самая непрадукцыйная. У групе падняволеных на агульных работах нiхто не высiльваецца. Там кожны працуе з паказной пакорлiвасцю, але стараецца рабiць як меней, на ўзроўнi дахадзягi. Мера працы ў гэтых умовах вызначаецца зэкаўскай маральнай нормай па вынiках самага слабага. Вышэйшы тэмп, якасць i ўзровень працы дасягаюцца прымусам.
На пагрузцы, хоць i па трое працавалi, усё адно гэты прынцып - рабi як менш - дзейнiчаў. Платформы не дагружвалiся, i дзесятнiкi з гэтым змiрылiся. Апрача таго, прыдумвалiся ўсялякiя хiтрасцi, каб падмануць тых жа дзесятнiкаў. Некалькi дзён мы, напрыклад, хiтравалi так. На станцыi каля пагрузачных пляцовак валялiся нейкiя скрынкi, доўгiя, як труны. Мы клалi некалькi такiх скрынак на платформу дном уверх i сыпалi на iх гравiй. Такiм чынам кубаметр гравiю, а то i больш недагружалi. Так рабiлi, пакуль скрынкi не скончылiся.
Убiралася ў сiлу зiма. Цёплае адзенне не паспелi ўсiм выдаць, i многiя ээкi-навiчкi мерзлi ў сваiх палiтончыках i куртках, а я не мог нарадавацца свайму кажушку i колькi разоў дзякаваў бацьку за яго.
Але кажушок мой падабаўся не толькi мне, на яго кiнулi вока i некаторыя зэкi. Адны прапаноўвалi абмяняцца на бушлат, канечне, з даплатай, iншыя хацелi купiць за грошы. Я, бясспрэчна, адмаўляўся.
Адным вечарам двое зэкаў-старажылаў выклiкалi мяне з барака на двор. Аднаго зэка я ведаў, ён быў памочнiкам нарадчыка, прыдуркам, як называлi тых, хто змог уладкавацца на 'цёплым' месцы. Я выйшаў услед за iмi. На двары спынiлiся, i другi незнаёмы зэк моўчкi пачаў расшпiльваць гузiкi на маiм кажушку. Я стаў не даваць, але атрымаў добрую аплявуху ад памочнiка нарадчыка. Кажушок з мяне знялi i панеслi ў свой барак.
Я iшоў за iмi i прасiў-малiў аддаць кажушок, гаварыў, што ў мяне няма нiчога больш надзець. У барак яны мяне не пусцiлi, зачынiлi за сабой дзверы на кручок. Я вярнуўся на свае нары, лёг i заплакаў, горка i няўцешна. Мне вельмi шкада было кажушка i горка ад крыўды за такi нахабны грабеж.
У той жа вечар, калi я ўжо заснуў, зайшоў памочнiк нарадчыка i ўскiнуў на мяне бушлат, хоць i не новы, але спраўны i якраз па мне. Што ж, змiрыўся я, i за гэта дзякуй.
Праз два днi на ранiшняй праверцы пачалi выклiкаць зэкаў i ставiць iх у асобны строй. Я чакаў, што i мяне назавуць, але спiс скончыўся, не назвалi. Выклiкалi чалавек сто, самых здаровых i маладых, у тым лiку i двух маiх напарнiкаў па пагрузцы, загадалi iм узяць рэчы i праз паўгадзiны павялi з зоны.
На разводзе на працу нарадчык аб'явiў, што партыю адправiлi на Калыму, туды, куды нiхто не хацеў трапiць. Пра калымскiя лагеры i пра тамашнiя ўмовы мы наслухалiся даволi. Туды адпраўлялi маладых i здаровых, i я здзiвiўся, чаму мяне пакiнулi, бо якраз я i падыходзiў да Калымы: у маiм фармуляры запiсана, што мне прызначана ЦФП - цяжкая фiзiчная праца.
Даведаўся на другi дзень на ранiшнiм разводзе. Праводзiў яго нарадчык. Ён быў у маiм кажушку - вунь, значыць, каму мая апратка прызначалася! Кажушок сядзеў на iм, як i на мне раней, ладна, прыгожа. Калi брыгада пайшла з зоны на працу, я па загаду нарадчыка застаўся.
- Ну радуйся, -сказаў нарадчык, паляпваючы мяне на плячы. - Гэта я цябе ўратаваў ад Калымы. I ад агульных работ. Будзеш цяпер тэлефанiстам на селектары. Згодзен?
Канечне, я згадзiўся, i хто б ад такой лафы адмовiўся - сядзець у цяпле i атрымоўваць поўную пайку.
- Так што за твой кажух я расквiтаўся. Мы, значыць, квiты. А кажушок твой мне спатрэбiўся, ведаеш, яшчэ чаму? Я ж на днях вызваляюся. Не ў зэкаўскiм жа мне бушлаце дамоў з'явiцца.
Ён пайшоў у кантору, а я паўздыхаў, з зайздрасцю гледзячы яму ўслед, i змiрыўся. Я зразумеў, што плату за кажушок атрымаў вельмi вялiкую. Дзякуй табе, кажушок мой любiмы, пашыты вясковым краўцом. Ты, можа, i ёсць мой уратаванец?
...А той мой чорны кажушок мне нядаўна прыснiўся. Нiбыта я ў iм iду па вулiцы Менска, радуюся, што