- Я? - Да мяне не даходзiла яго пытанне, я не разумеў, пра што ён пытае. Я паказаў на буханкi i сказаў: - Можна хлеба?

Стары i добры Парфёнаў - гэта быў ён - крануў мяне за плячо i падвёў да столiка, на якiм стаяў чайнiк, кубкi, а ў вялiкай мiсцы ляжаў нарэзаны тонкiмi скiбачкамi хлеб.

- Паеш, потым пагаворым. - Ён налiў мне ў кубак салодкага гарачага чаю.

Хлеб, што быў у мiсцы, я з'еў увесь, выпiў два кубкi чаю, i ўсё адно ўсярэдзiне мяне смактала, смактала.

Хлеба больш мне Парфёнаў не падлажыў. Я зразумеў, што стары пашкадаваў не хлеба, а мяне. Часта ж было ў лагеры - навалiцца нейкi галодны зэк на яду, якая яму нечакана прывалiла, а там - заварот кiшак.

- Ну а цяпер пагаворым, - прысеў каля мяне Парфёнаў. Ён паспеў мяне, канечне, добра разгледзець, худога тонкага 'фiцiля', з кашчавымi вузкiмi кiсцямi рук, i зразумеў, што нiякi я не пекар i замянiць яго не змагу. Таму ён i не наладзiў мне экзамену, як звычайна наладжвалi такiм самазванцам, як я. Загадвалi, напрыклад, узяць тапор i пасячы ў карыце муку, маўляў, зляжалася. Той браўся сячы, i яго адразу ж праганялi. А Парфёнаў распытаў, хто я, адкуль, за што судзiўся.

Я чэсна яму расказаў пра сябе, сказаў, што я зусiм дайшоў, i папрасiў яго пакiнуць мяне на пякарнi хоць на тыдзень.

Ён паварушыў губамi, вылаяўся - не ў мой адрас, а проста так, сказаў:

- Значыць, ты - контрык, агiтчык.

- Нiякi я не контрык.

- Не апраўдвайся, - сказаў ён неяк злосна, - яны ўмеюць рабiць гэта добра.

'Усё, - падцiснула сэрца чорная туга, - прагонiць. Ну буханку ж дасць з сабою?'

- Лады, распранайся i надзявай халат, - пачуў я голас пекара праз бразгат формаў, патрэскванне агню ў печы, стук лапаты. Пачуў i не паверыў.

I я застаўся працаваць на той пякарнi. Працаваў там усю зiму - самую страшную i цяжкую пару для зэкаў. Палiў у печы, насiў ваду, мыў дзежы, грузiў буханкi, цягаў мяхi з мукой. Я прагнаў голад, я быў сыты, акрэп, твар мой неяк адразу пакруглеў, плечы ўшыркi раздалiся.

У пачатку сакавiка Парфёнаў вызвалiўся. Галоўным пекарам стаў не я, а другi пекар, я застаўся ў таго пекара памочнiкам. Пекарскай прамудрасцi я ўжо навучыўся i сам мог выпякаць хлеб.

Развiтаўся я з Парфёнавым са слязьмi, не мог iх утрымаць. Я абняў яго, ён паляпаў мяне па плячы, сказаў:

- Трымайся, контрык. А цябе я ўзяў таму, што ты - не блатар, не шпанюк.

Ён выйшаў за вароты, а я стаяў каля вахты i махаў яму, махаў свайму ўратавальнiку. I тады, i цяпер я ўпэўнены, што калi б не трапiў у пякарню, то зiму тую не перажыў бы, загнуўся б.

Кажуць, што ў чалавека бывае ўсё, што яму трэба, толькi не ў патрэбны час. У мяне якраз у пару тады атрымалася з маiм уратаваннем. Вiдаць, усё ж ёсць Бог, i ён мне памог. Разам з Парфёнавым.

ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ

У лагеры, акрамя начальнiкаў, уладу маюць над зэкаўскай масай i блатары-рэцыдывiсты. Гэтая блатарская поскудзь i бярэ верх над 'фраерамi' палiтычнымi i бытавiкамi ўсюды: у лагпунктах, бараках, на этапах, перасыльных пунктах. Блатары спаяны, арганiзаваны, дзейнiчаюць дружна. У iх ёсць свая блатарская iерархiя. I яшчэ ў iх не iснуе чалавечых маральных межаў. Пры любым непаслухмянстве главар блатароў пахан можа забiць, пакалечыць таго, хто не паслухаўся, або загадаць гэта зрабiць сваiм памагатым. Гэтых нелюдзей у лагерах я пабачыў даволi. За iмi - забойствы, разбойныя нападзеннi, згвалтаваннi, крадзяжы, многiя з якiх засталiся следству невядомыя. За сваё жыццё яны нiдзе сур'ёзна не працавалi, не маюць працоўных прафесiй. У лагеры яны не ходзяць на агульныя работы, хоць фiзiчна здаровыя i iм прызначана ЦФП цяжкая фiзiчная праца. Яны або займаюць нейкiя пасады ў лагернай абслузе, або прымушаюць брыгадзiраў пад пагрозай смерцi запiсваць iм норму.

Людзi яны, як правiла, з жывёльна-прымiтыўнымi iнтарэсамi. Мары iх выбрацца на волю, каб зноў пагуляць, паразбойнiчаць, шыкануць, а там зноў не страшна вярнуцца ў турму i лагер. Судзiмыя яны неаднойчы, i калi б некаторым сплюсаваць вынесеныя iм прыгаворамi тэрмiны, то жыцця б не хапiла iх адбыць. У нашым бараку нейкi час жыў злодзей-рэцыдывiст, у якога было ажно дзесяць прозвiшчаў, - столькi разоў ён судзiўся пад такiмi прозвiшчамi. I калi часам на праверцы яго выклiкалi, ён ужо завучана адтарабаньваў усе свае прозвiшчы Яфiмаў, ён жа Салаўёў, ён жа Мiсюк, ён жа Барадулiн, i гэтак далей.

Любiмыя заняткi ў iх - гульня ў карты, пiць чыфiр, слухаць 'романы', якiя iм расказвае нехта з 'фраераў'.

I тады, у свае лагерныя гады, i цяпер я лiчыў i лiчу, што гэтыя блатары не маюць права жыць нават у лагеры. Iх трэба знiшчаць фiзiчна. Грамадства вельмi шмат цярпела i церпiць ад iх. Яны небяспечныя не толькi тым, што ўчыняюць цяжкiя злачынствы, забiваюць, калечаць, гвалтуюць, крадуць, але i тым, што перадаюць свой вопыт, лад жыцця, мараль iншым, у асноўным маладым, уцягваючы iх у сваю злачынную сферу.

Пiсьменнiк з вялiкiм лагерным стажам Варлам Шаламаў у сваiх 'Нарысах злачыннага свету' вельмi пераканаўча расказаў аб гэтай дрэнi. Сарваўшы маску рамантыкi з блатарскай поганi, ён прыйшоў да цвёрдага вываду: погань гэта не мае права на жыццё.

Сапраўды, ну як можна пакiнуць у жывых, скажам, бандыта, якi забiў некалькi чалавек на волi, а потым учыняе забойства i ў лагеры?

Я нiяк не разумею тых людзей, большасць з якiх належыць да творчай iнтэлiгенцыi, што нядаўна раптам паднялi ў друку, па тэлебачаннi i радыё кампанiю аб гуманiзацыi ўмоў для асуджаных за любое злачынства i аб тым, каб адмянiць смяротную кару нават за забойства. Што гэта - поза, рысоўка, спроба паказацца гэткiмi добранькiмi гуманiстамi, каб набыць аўтарытэт сярод пэўнай часткi грамадства? Думаю, што гэта - поза. Ну цi ж маральна пакiдаць у жывых забойцу трыццацi жанчын, якога нядаўна судзiлi ў Вiцебску? Зыходзячы з якiх маральных разлiкаў яго трэба пашкадаваць i не расстрэльваць? Больш таго, захаваўшы яму жыццё, перадаць потым на ўтрыманне дзяржавы, якая павiнна яго кармiць, паiць, адзяваць, лячыць. Наконт гуманiзму да злачынцаў добра напiсаў Дастаеўскi: 'Той, хто шкадуе забойцу, не шкадуе яго ахвяру'.

Як паказала жыццё, гэтыя 'сердабольцы' выступаюць за гуманiзм да злачынцаў, пакуль самi не трапiлi ў бяду. Адзiн вядомы культурны дзеяч, актыўны змагар за адмену смяротнай кары, калi яго любiмую ўнучку згвалцiлi i ледзь не прыдушылi, падняў такi шум, такую актыўнасць праявiў, патрабуючы пакараць смерцю тых гвалтаўнiкоў, што здзiвiў нават пракурораў.

З крымiнальнай брыдотай я добра пазнаёмiўся не толькi ў турмах i лагерах, але i ў час працы суддзёй. Таму рашуча не прымаю пазiцыю тых, якiя лiчаць, што няма злачынцаў, якiх нельга было б перавыхаваць. Блеф гэта, жаданне бачыць жаданае. Перавыхаваць можна несапсаванага непаўналетняга. Саракагадоваму вуркагану i бандыту новую душу не ўставiш. Смех i абурэнне выклiкае ў мяне, калi я чытаю, як нехта ажно захлiпаецца ад радасцi, што нейкi там рэцыдывiст, на сумленнi якога не адно цяжкае злачынства, стаў на шлях выпраўлення. Ён, маўляў, цяпер працуе добра, выконвае нормы. Ну а тую кроў, якая на яго руках, як адмыць, чым апраўдаць?

Ах колькi пiсалася i гаварылася, колькi ў свет выйшла раманаў, п'ес, апавяданняў, паэм, кiнафiльмаў, прысвечаных 'перакоўцы' злачынцаў. Галоўныя героi тых твораў - бандыты, забойцы, злодзеi. Помнiце хоць бы п'есу М.Пагодзiна 'Арыстакраты', апавяданне нашага М.Лынькова 'Баян'? Напомню i ганебную калектыўную кнiгу, напiсаную пiсьменнiкамi пра 'перакоўку' на Беламорканале i расхваленую М.Горкiм, дзе праслаўляецца рабская праца нявольнiкаў. Хоць слязу пускай над замiлаваннем i расчульваннем аўтараў ад 'перакаваных' забойцаў.

Блатары часта разбiваюцца на групы, i кожная iмкнецца стаць лiдэрам у лагпункце, калоне, падначалiць сабе iншыя групы. Тады барацьба даходзiць да крывi. У час службы ў Ваеннай калегii Вярхоўнага суда СССР мне трапiла на вочы справа на аднаго асуджанага, якi за вяршынства ў калонii ноччу перарэзаў горлы шаснаццацi сапернiкам з варожай групы.

Я пiшу пра ўсё гэта, успомнiўшы блатароў сваёй калоны.

Калону тую стварылi з зэкаў розных калон лiквiдаванага Бамлага. Асноўная маса бамлагаўцаў пайшла на Калыму, а нас прыгналi ў тайгу будаваць чыгунку ад Камсамольска-на-Амуры да Нiкалаеўска. Мы прабiвалi трасу, масцiлi ляжнёўку з бярвён, цягалi на сабе бярвёны для будаўнiцтва баракаў, сталовай.

Працавалi, як i ўсюды ў лагерах, не ўсе. У палатках заставалiся хворыя i адпетыя блатары. Месцаў у санчасцi, каб туды памясцiць хворых, не было, i яны ляжалi ў сваiх палатках-бараках. Да iх двойчы ў дзень

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату