правiла - не зацiскаць перадачу, ёю трэба дзялiцца. Хлопец, вiдаць, i думаў, як падзялiць усё на столькi людзей. Ён даў спачатку мне кавалачак сыру i хлеба, сам пачаў есцi, даў i суседу-шапачнiку за перашытую яму шапку. I тут адзiн блацюк са спрытам малпы падпоўз па ложках да хлопца, моўчкi згроб усю перадачу i панёс на свой ложак.

- Эй, - крыкнуў хлопец, - чаму ўсё забраў? Аддай.

Блацюк усеўся i стаў есцi.

Усе паглядзелi чамусьцi на Лёву, якi стаяў каля акна i моўчкi сачыў за гэтым канфлiктам.

- Дзядзька Лёва, ён у мяне ўсё забраў, - паскардзiўся яму хлопец.

Лёва падышоў да блацюка, падняў таго з ложка пад пахi, пасадзiў на падлогу, паднёс свой здаравенны кулак да твару:

- Каб больш такога не рабiў. Нельга чалавека крыўдзiць.

Блацюк пачаў лаяць, але не Лёву, а хлопца, якi нiбыта збiраўся зацiснуць сваю перадачу. З Лёвам лаяцца пабаяўся.

Ужо некалькi разоў выклiкалi на допыт бабруйчан, шапачнiка i бухгалтара, а Лёву ўсё не чапалi, нiбы забылiся на яго, а можа, дзе згубiлi ягоную справу. I ён стаў яшчэ больш марнець, нервавацца, па некалькi разоў на дзень выклiкаў дзяжурных i пытаўся ў iх, каб сказалi, завошта яго пасадзiлi i чаму нiкуды не выклiкаюць.

Яго супакойвалi.

- Сядзi, усё роўна гэтыя днi залiчаць у твой тэрмiн.

- Якi тэрмiн? За што мне тэрмiн? Я нiчога не зрабiў кепскага.

- Калi нiчога не зрабiў, то i дадуць менш.

- Чаму менш? Як гэта за нiшто дадуць? - абураўся ён.

З дня арышту Лёва сядзеў без допыту ўжо каля трох месяцаў. Не выклiкалi на допыт, бо, вiдаць, яшчэ не прыдумалi, што паставiць яму ў вiну.

Неяк ён сказаў наглядчыку:

- Скажы начальству, што калi мяне сёння цi заўтра не выклiчуць, то я паламаю гэтыя дзверы.

Наглядчык, агледзеўшы ягоную магутную постаць, крутнуў галавой:

- Такi, як ты, i сцяну можа развалiць. - I спагадлiва дадаў: - Куды ты спяшаешся? Усе следчыя занятыя буйнымi ворагамi народа. А ты, значыць, для iх дробны.

- Я на волю хачу, разумееш? - ускрыкнуў Лёва. - Якi я вораг народа?

Ад гэтых наiўных слоў у камеры зарагаталi - на волю ён хоча, а ўсе быццам не хочуць. Пра волю тую думаюць, а не гавораць. Да таго ж усе i даведваюцца, што яны ўчынiлi 'варожага', толькi ад следчых. Так, у нашай камеры сядзеў чалавек, якi толькi праз чатыры месяцы арышту даведаўся, што ён быццам бы шпiён, бо выдаў дзяржаўную тайну: паведамiў невядомым людзям пра шашу Менск-Масква, пра яе шырыню i пакрыццё, хоць тайну той шашы ўсе ведалi нават за мяжой - па ёй ездзяць чужаземцы на сваiх аўтамабiлях.

Лёва, як нiхто ў камеры, быў упэўнены, што яго адразу ж, як толькi выклiчуць на допыт, вызваляць з турмы, бо нiякiх кепскiх спраў за сабою не знаходзiў: не краў, не хулiганiў, супраць начальства не iшоў, падаткi за дом, плату за электрычнасць акуратна ўносiў. Наiўна, канечне, думаў Лёва. Гэта ад слабасцi характару. I чым больш праходзiла часу, тым больш упэўнена ён гаварыў пра волю, чакаў яе, расказваў пра дзяцей, жонку, з якiмi хутка ўбачыцца. У дзяцей цяпер канiкулы, i яны працуюць на агародзе, памагаюць мацi. Дакараў жонку, што не шле яму пасылкi i не прывозiць перадачы.

- Я яе раменьчыкам, раменьчыкам за гэта, - абяцаў ён пасцябаць жонку. Яна што, буханку хлеба не можа прывезцi?

- Лёва, не кацi бочку на яе, - супакойваў яго шапачнiк. - Табе, як падследнаму, перадачы i пасылкi забаронены.

Ад акна Лёва стаў амаль не адыходзiць. У 'наморднiку' зрабiлi ладныя шчылiны, i праз iх можна было нешта ўбачыць. Былi вiдаць дамы за турмой, дрэвы. Была вiдаць воля, якая i прыцягвала да сябе Лёву неадольна. На турэмным двары ляталi ластаўкi - птушкi вольныя, яны маглi ляцець, куды захочуць, для iх нi сцены турэмных двароў, нi вышкi з вартавымi, замкi нiчога не значылi. Захочуць i ў той жа Бабруйск, дзе Лёваў дом, жонка, дзецi, даляцяць. Ухапiўшыся рукамi за краты, ён падоўгу сачыў за ластаўкамi, якiя то падляталi сюды, вышэй акна, то адляталi. Вiдаць, пад акном у iх было злеплена гняздо.

Прыроджанае iмкненне чалавека да волi незнiшчальнае, яго можна заглушыць, але нельга зусiм знiшчыць. Лёва жыў толькi гэтай прагай волi, i яна, прага, абрынулася на яго тым валам нецярпення, калi чалавек ужо не можа нiчога iншага нi ўлiчваць, нi бачыць, а iмкнецца толькi дабiцца свайго.

Лёва прагнуў волi адчайна, бурна, нястрымана. Я назiраў за iм у той момант i адчуваў, што ён зараз нешта зробiць такое выбуховае. Спачатку ён стаяў каля акна маўклiвы, але ўвесь напружаны, з тварам, налiтым крывёю. Потым ухапiўся за краты i колькi было сiлы пачаў iрваць iх. Краты былi моцныя, не сарваць i не сагнуць. Яны i дашчаны 'наморднiк' закрывалi волю, свет, яны сляпiлi. Вочы ў Лёвы, калi ён азiрнуўся назад на камеру, як бы просячы дапамогi, блiшчалi гарачкавай хваравiтасцю i адчаем. Нейкiя секунды роздуму, i Лёва крутнуўся ад акна да блiжэйшага ложка, схапiў з яго дошку. Тырчком той дошкi ён i пачаў бiць па 'наморднiку'. Шчыт затрашчаў, паляцелi ўнiз дошкi, i ў камеры пасвятлела i павесялела, у акне адкрыўся двор, дрэвы i дамы за турэмным дваром.

Нiхто з насельнiкаў камеры Лёву не спынiў, нiхто нiчога яму не сказаў, усе маўчалi i чакалi, што ж зараз будзе. А ён так i стаяў з дошкай у руках, ужо нейкi расслаблены i спустошаны. Твар памякчэў, чырвань сплыла, на губах з'явiлася нешта накшталт усмешкi.

Доўга чакаць расплаты Лёву не прыйшлося. Неўзабаве дзверы камеры адчынiлiся i зайшлi чалавек пяць з турэмнай абслугi.

- Выходзь! - скамандаваў старшы, але падыходзiць да Лёвы нiхто з iх не адважваўся.

- Лёва, - сказаў шапачнiк, - не рабi глупства, не зарабляй сабе новы артыкул. Iдзi.

I Лёва акуратна паклаў дошку на месца i выйшаў з камеры.

У камеру вярнуўся праз дзесяць сутак з карцэра, з упалымi шчокамi, праваленымi вачамi, нейкi ўвесь абмяклы, яшчэ больш марудлiвы. За дзесяць галодных карцэрных сутак ён аслаб i целам, i душой. Зайшоў, лёг на свой ранейшы ложак i ляжаў так да вячэрняй баланды.

На допыт Лёву выклiкалi ў тую ж ноч. Ранiцай вярнуўся, сеў на ложак, абхапiў галаву рукамi i захiстаўся, прыгаворваючы:

- Мама мая родная, ой, ой. Я - шкоднiк. Сказалi, што я шкодзiў на бойнi. Забiваў худых быкоў. Цi ж я iх гадаваў, прывозiў такiх на бойню? Мама мая родная...

Асудзiлi Лёву дзён праз дзесяць. Спецкалегiя Вярхоўнага суда дала Лёву ўсяго восем гадоў. Не дзесяць i не пятнаццаць. Добра, што не ваенны трыбунал судзiў, а то б i 'шлёпку' мог Лёва атрымаць. I за што? За тое, што забiваў худых быкоў, а не адкормленых.

ХЛЕБАПЁК

Калi эшалон зэкаў прыбыў на тэрыторыю Бамлага, у вагон зайшоў нейкi пiсар i пачаў запiсваць, якую хто мае прафесiю. Дайшла чарга i да мяне, i я назваўся хлебапёкам. Iменна так i назваўся, бо не ведаў, як гэтыя хлебапёкi правiльна называюцца. Пiсар ухмыльнуўся i запiсаў мяне пекарам. Каб больш мне было веры, я дадаў, што скончыў два курсы хiмiка-тэхналагiчнага тэхнiкума прамысловага хлебапячэння. Пiсар таксама гэта запiсаў.

- Усё, - сказаў мой сусед па нарах, - цяпер ты з голаду не прападзеш. На хлебе будзеш сядзець, хлебапёк.

На гэта спадзяваўся i я, палiчыўшы, што калi той запiс унясуць у мой фармуляр, то на пякарню абавязкова траплю.

Нiякiм пекарам я нiколi не працаваў, нават не бачыў, як той хлеб пякуць у пякарнях. А ў тэхнiкуме я сапраўды вучыўся два гады. Паступаць у яго не хацеў, але настояў бацька i ўгаварыла стрыечная сястра Варка, якая там вучылася. Трыццаць трэцi год быў галодны, а Варка, прыехаўшы ў вёску на канiкулы, хвалiлася:

- На хлебазаводзе кожны дзень на практыцы бываем. Белы хлеб там ад пуза ядзiм. Буханку разламаеш i еш колькi ўлезе. Гарачанькi, пахучы.

Бацька, наслухаўшыся яе пахвалёнкi, i настояў, каб я паехаў вучыцца ў той тэхнiкум.

- З голаду нiколi не памрэш на такой рабоце. Едзь.

Я паехаў i паступiў. На практыку студэнты хадзiлi толькi з трэцяга курса, i мне так нi разу i не ўдалося трапiць на хлебазавод i паесцi таго белага хлеба ад пуза.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату