асудзiлi. Ведаў, што тэрмiн у яе - дзесяць гадоў, чуў, што яна нiбыта - зладзейка-дамушнiца, залазiла з хаўруснiкамi ў кватэры. Але ж за крадзеж столькi не даюць, значыць, яе прапусцiлi праз 'тройку', далi замест пэўнага артыкула - СВЭ - социально-вредный элемент, - i адмералi такi тэрмiн. Сээвэшнiкаў тады ў лагеры было многа.

Выбраў яе для сябе экспедытар базы Шам, адчайны ва ўчынках, асуджаны за забойства жонкi на восем гадоў. Быў Шам расканваiраваны, жыў, вядома, багацей за нас, хадзiў у добрым адзеннi, не зэкаўскiм. Ён развозiў прадукты з базы ў калоны i лагпункты, вядома ж, махляваў, краў i меў добрыя грошы. Шам i быў лiдэрам у нашай калоне, i меў уладу над намi, зэкамi, не меншую, чым начальства. Ён мог i абаранiць каго ад начальства, мог i пакараць сваёй уладай, лёгка пераступiўшы мяжу чалавечай маралi.

Вось Таня i была яго палюбоўнiцай, i нiхто не адважваўся пасапернiчаць з iм, стаць трэцiм, пасягнуць на Таню.

Я жыў у адным бараку з Шамам. Кожны вечар, калi Шам не быў у рэйсе, ён прыводзiў Таню ў свой куток, якi быў адгароджаны ад чужых вачэй занавескай, i праводзiў назад перад адбоем i паверкай.

Як я ненавiдзеў у гэты час i Шама, i Таню, як жадаў iм усяго самага горшага. Я абураўся: Шам, не раз судзiмы, атрымаў за забойства чалавека толькi восем гадоў i ходзiць без канвою, мае прывiлеi i мае палюбоўнiцу. Ён жыве ў лагеры не горш, чым на волi, тады як мноства людзей маюць за нейкi анекдот па дзесяць, а то i больш гадоў i даходзяць ад цяжкай працы на лесапавалах i ў катлаванах.

У калоне часам наладжвалiся самадзейныя канцэрты. Зэкi паказвалi хто што мог - спявалi, танцавалi, выступалi з фокусамi. Больш чым за тры гады зняволення я нi разу i нiдзе не ўдзельнiчаў у самадзейнасцi. А тут вырашыў i я выступiць. А матыў быў адзiн - блiснуць перад Таняй. Я ўсё ж не пакiдаў надзеi выклiкаць да сябе яе сiмпатыю. Я прачытаў два вершы Блока, чытаў пафасна, узнёсла i асаблiва спадзяваўся прыцягнуць увагу да гэтых страсных радкоў:

Вползи ко мне змеей ползучей,

В глухую полночь оглуши,

Устами томными замучай,

Косою черной задуши.

Аднак жаданай рэакцыi ў Танi на гэта маё выступленне я не ўбачыў. Яна толькi разы са два пляснула, i ўсё. I я пакрыўдзiўся, дэманстратыўна сышоў са сцэны i выйшаў са сталовай, дзе праходзiў гэты самадзейны канцэрт.

'Шалашоўкi чортавы, сцервы, раскладушкi, - лаяў я iх, у тым лiку i Таню, iм блатары трэба i пасцель, а не Блок i паэзiя...' I сумна мне было, i крыўдна. Праўда, супакоiўся я хутка. Што на iх, непiсьменных крымiнальнiц, крыўдаваць, гэта ж не палiтычныя iнтэлiгенткi, а iх тут няма, яны ў тайзе на лесапавале. Вось каму Блок патрэбны i зразумелы...

I ўсё ж мне, дваццацiгадоваму хлопцу, хацелася кахання. Я разумеў, што спаборнiчаць з блатарамi не змагу. Хто я, стрыжаны, цыбаты, ва ўсiм лагерным? Хто з жанчын зверне на мяне такога ўвагу? Чым я магу пачаставаць тую ж Таню, як частуе яе экспедытар Шам? Ёй ён нават i духмяны дорыць, лак для пазногцяў, панчохi. А я?

Помню, як я ляжаў на штабелi мяхоў мукi пад навесам i шкадаваў сябе.

Была ранняя вясна, i сонца ласкава грэла. Унiзе на сонейку прыгрэлiся хлопцы-грузчыкi i жанчыны. Гамана, смех, анекдоты самыя што нi ёсць вострыя, з якiх нiводнага слова не выкiдвалася, не замянялася. I я падумаў: чорт пабяры, я згадзiўся б пажыць толькi дзесяць гадоў (тады здавалася гэта вельмi многа), але так, як я захачу, - багатым i ў славе.

Я ўявiў сябе ў шыкоўным каверкотавым касцюме, у бобрыкавым палiто, канечне, у капелюшы i пры гальштуку, з гадзiннiкам на руцэ - мой вышэйшы тагачасны iдэал, бо такога ў мяне яшчэ нiчога не было. I вось я такiм франтам з поўным кашальком грошай прыязджаю на легкавушцы 'эмка' на гэтую базу, вылажу з машыны, дастаю з кiшэнi пачак 'Казбека', закурваю. 'Ну што, шалавы, пазналi, хто я?' - кажу i кладу перад iмi каробку шакаладных цукерак. Яны б, канечне, заахалi, заохалi: 'Дурнiцы мы, курыцы мы, такога франта ўпусцiлi...' Вось i пакусалi б сабе тады локцi. А я б дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзiннiк i сказаў бы: 'Ну, дзеўкi, можа, хто хоча на 'эмцы' пракацiцца? У рэстарацыi са мной бутэлечку шампанскага выпiць? Запрашаю'. I ўсе б яны, гэтыя шалашоўкi, навыперадкi кiнулiся б да мяне. Усе, i першая - Таня.

Такiм багатым, раскошным жыццём я гатоў быў пажыць толькi дзесяць гадоў. Бясспрэчна, цяпер успамiнаць тое жаданне смешна, бо жыву намнога багацей, чым тады ў марах, i не дзесяць ужо гадоў, дзякуй Богу.

Ад Танi я ўсё ж не алхiляўся i па-ранейшаму стараўся з ёю пабыць, пагаварыць i ўвесь час чытаў ёй вершы. Як бы часам яна нi была мне знявiднай, мяне цягнула да яе. Я адчуў, што ёй усё ж было са мной прыемней, чым з тымi, хто там, на базе, да яе падлашчваўся. I вельмi ўзрадавала мяне, калi яна, паслухаўшы мае вершы, сказала:

- А ты - паэт. - Памаўчаўшы, дадала: - Будзеш iм.

- Буду, - упэўнена паверыў я сам сабе.

Бог мой, як я ёй хлусiў пра сваё мiнулае, пра сябе, бацькоў, i для адной i той жа мэты - спадабацца. Вось так, напрыклад, я хлусiў ёй:

- Дома ў нас аднойчы быў перапалох. На сцяне вiсела татава нямецкая стрэльба. Аднойчы, калi я iграў на пiянiна, стрэльба ўпала на яго, разбiла крыштальную вазу i цыферблат татавага залатога гадзiннiка...

Сорамна ўспамiнаць цяпер такую хлусню. Якое пiянiна, крыштальная ваза, залаты гадзiннiк у сямл жабрацкага прыгоннага мужыка-калгаснiка? А я не толькi не ўмеў iграць, а нi разу ў жыццi да пiянiна i пальцам не дакранаўся.

Яна паверыла гэтай маёй хлуснi i раптам спытала, цi люблю я iграць 'Баркаролу' Чайкоўскага. Што такое баркарола, я не ведаў, але нахабна сказаў, што люблю i граю яе.

Калi я спрабаваў распытаць у яе пра мiнулае, пра бацькоў, яна ўхiлялася i пра сябе нiчога не расказвала. Адно выпытаў, што яна скончыла дзесяць класаў.

Размова гэта была на базе днём. Тады ж я ўсё-такi выбраў момант i Таню пацалаваў, тайком ад людзей. Апынуўшыся памiж штабялямi мяхоў i скрынак, я абхапiў яе, прыцягнуў да сябе i пацалаваў. Яна адказала пацалункам, узаемным, доўгiм, упершыню мною пазнаным. Пацалавала, нагнуўшы маю галаву ўнiз, бо Таня ж была мне па плячо, i сказала:

- Ён жа, калi даведаецца, цябе i мяне зарэжа.

Хто ён, здагадаўся, - Шам.

Але мяне не страх апанаваў, а шчасце, радасць, i ўвесь той дзень i наступны я хадзiў пад уражаннем гэтых пацалункаў, i ў душы гучалi радкi гётэўскага верша:

Да, она была, была!

Да, была! Всё это было:

Мимоходом обняла

И всю жизнь переменила.

Я цяпер зноў чакаў такой жа патаемнай сустрэчы, а такога не надаралася некалькi дзён. Але бог закаханым памагае. Аднойчы загадчык склада, калi мы грузчыкi i жанчыны - разгружалi вагоны з бульбай, падышоў, паказаў на мяне i Таню i сказаў, каб памаглi яму разабрацца з накладнымi. Мы пайшлi ўслед за iм. На складзе загадчык даў нам цэлы стос папер, сказаў, што iх трэба раскласцi па днях i кожную запiсаць у журнал. Мы ўзялiся за працу, а ён пайшоў.

Застаўшыся ўдваiх, мы i цалавалiся, i абдымалiся, i ў любовi прызнавалiся. I проста маўчалi, i маўчанне наша было прыемнае, радаснае. Не спатрэбiлася нi чытаць ёй вершы, нi мая хлусня, як я iграў на пiянiна дома.

Я спытаў:

- Таня, вось вызвалiцеся ты i Шам i пажэнiцеся?

Яна рэзкiм рухам рукi адсунула ад сябе паперы, зiрнула на мяне злосна i нават варожа.

- Ды я яго тапаром засяку.

- А чаму ж ты з iм... гэта самае?

- Бо я хачу яшчэ жыць. Я баюся яго нажа.

Яна прыкрыла рукою твар i заплакала. Паплакала, выцерла вочы, спытала:

- Ты застаў тут Валю з Кастрамы?

- Гэта тую, якую нехта задушыў у лазнi?

- Задушыў яе Шам, бо яна з iм не хацела жыць.

- Шам?

- Ён мне сам i прызнаўся i сказаў, што зробiць гэтак жа i са мной.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату