- Дык... Дык трэба ж заявiць пра гэта оперу, - пачаў быў я, але апомнiўся: цяпер не дакажаш, што Шам - забойца Валi. Яго словы - яшчэ не доказы. А помста ад яго будзе страшная.

- Ты папрасiся, каб цябе перавялi ў iншую калону, - параiў я i спахапiўся, што глупства сказаў - тады ж я Таню не ўбачу.

- А ты думаеш, там не знойдзецца такi ж бандыт, як Шам? Божа мой, навошта ты мяне стварыў жанчынай? - Яна iзноў усхлiпнула.

- Не плач, - пачаў я супакойваць яе. - Ведаеш што, я заб'ю Шама, -зусiм нечакана i для сябе прапанаваў я. - Ты хочаш гэтага?

Таня паглядзела на мяне працягла, уважлiва, вiдаць, стараючыся зразумець, цi здольны я на гэта. Можа, i паверыла, умiхнулася, выцерла слёзы.

- Не трэба, заробiш новы тэрмiн, - пашкадавала яна мяне. А я сапраўды пачаў думаць, як вызвалiць Таню ад Шама. Лепш за ўсё было б яго, канечне, забiць, або загнаць у штрафны iзалятар, або ў якую дальнюю калону на агульныя работы. Толькi ж як зрабiць гэта? Хто яго i за што адсюль перавядзе? Да таго ж Шам падкупiў начальства i знаходзiцца з iм ў хаўрусе. Значыць, толькi адзiн спосаб пазбавiцца ад яго - забiць. Забiць так, каб забойцу не маглi потым знайсцi.

Я псiхалагiчна падрыхтаваў сябе да такога ўчынку, апраўдваў яго, бо забiць трэба забойцу, крымiнальнiка, на сумленнi якога жыццё жонкi, Валi i, можа, яшчэ каго. Шам заслугоўвае толькi смерцi, i я павiнен выканаць прыгавор, якi вынес бы яму суд, калi б ведаў усе яго злачынствы. Я захапiўся гэтай думкай так, што i ў сне мне снiлася, як я Шама забiваю. Жудасная карцiна снiлася: нiбы я калю яго вiламi, калю, а ён жывы i толькi ўхмыляецца, а крывi на вiлах няма...

У гэтыя днi, калi Шам мне снiўся, у калоне яго не было, ён бавiўся недзе ў рэйсе. I я чакаў яго з нецярпеннем, 'горя жаждой мести', як напiсаў адзiн паэт, i яшчэ не ведаў, як i пры якiх абставiнах я буду ажыццяўляць свой план. Адступаць, думаў я, мне няма куды, бо з Таняй мы сталi блiзкiя, Таня цяпер мая. Добра было б мець саўдзельнiка забойства, але ж двое - гэта ўжо не тайна.

Прыкладны план я ўсё ж намецiў. Забiць Шама лепш за ўсё на базе. Паклiкаць яго ў нейкае пустэльнае месца, быццам для паказу нечага, i там гахнуць па галаве схаваным тапаром цi ломам. Я ўжо i месца такое выбраў пад паветкай, дзе звалены пустыя скрынкi. Занёс туды i цяжкi малаток.

Чакаў вяртання Шама з рэйса ў нядзелю, а ён прыехаў позна ноччу ў суботу, калi я спаў. Прыехаў п'яны i адразу ж паслаў нейкага шчыпача па Таню. Таня не выйшла, захварэла... Пакрыўджаны Шам пайшоў сам у жаночы барак. I што там адбылося, я ўжо апiсваю з расказаў сведак.

Шам зайшоў у барак, груба сцягнуў Таню з нар i даў ёй па шчацэ за непаслухмянства дзве аплявухi. Таня дайшла да печкi i прысела. Яе калацiла так, што зуб на зуб не трапляў, - i ад гарачкi, i ад абразы Шама. Печка напалiлася да чырванi, а Таня мерзла i ледзь не лажылася на яе.

Шам таксама прысеў каля печкi. Каб прыкурыць, ён адчынiў дзверцы i пачаў даставаць жарынку. Святло ад печкi ўпала на блiскучае лязо тапара, якiм днявальная барака секла на распал смалякi. I хто можа ведаць, што раптам кiнула Таню на такi ўчынак? Яна схапiла тапор i вострым лязом ударыла Шама па шыi, калi той нiзка нагнуўся, прыкурваў ад жарынкi 'беламорыну'. Шам расцягнуўся на падлозе, падрыгаў i зацiх.

Таню ў тую ж ранiцу забралi ў следчы iзалятар, гаварылi, што яе судзiлi, а колькi далi, не ведаю.

Нарадчык Лёва, калi я аднойчы загаварыў з iм пра Таню, ляпнуў сябе па тоўстых ляжках, ускрыкнуў:

- Во малая! Такога бугая забiла. Во бабы!

Я спытаў, завошта Таня сядзела, бо яна мне так i не сказала.

- Ды яна ж чэсiрка. Ну, член сям'i iзменнiка радзiмы. Дачка гэтага... - Ён назваў прозвiшча даволi вядомага бальшавiка, якi займаў высокую дзяржаўную пасаду. - Бацьку расстралялi, а сям'ю - у лагеры.

Я быў у такiм стане, што больш нi распытваць, нi слухаць не мог. Я дайшоў да першай лавачкi, прысеў... Як горка было ў мяне на душы! Я не разумеў i здзiўляўся, чаму яна ўтойвала ад мяне праўду пра сябе. Цяжка ёй было гаварыць пра гэта цi ў блатным злачынным свеце не хацелася выглядаць белай варонай? Нагаворвала ж на сябе, быццам дамушнiца яна, па кватэрах лазiла.

Для мяне Таня знiкла назаўсёды. Але я помню яе, i мiжволi, як толькi ўзнiкае ў памяцi яе вобраз, гучаць у душы радкi гётэўскага верша:

Да, она была, была!

Да, была! Всё это было;

Мимоходом обняла

И всю жизнь переменила.

'ПАДСНЕЖНIК'

Што такое падснежнiк, ведаюць i дзецi - гэта першая вясенняя лясная кветка, якая зацвiтае на праталiне, калi яшчэ не сышоў увесь снег.

На лагерным жаргоне 'падснежнiкамi' называлiся зэкi, якiя спрабавалi ўцячы восенню або зiмой i замерзлi ў тайзе. Вясной, як толькi раставаў снег, тыя ўцекачы-зэкi i паказвалiся з-пад яго разам з кветкамi падснежнiкамi. Так i гаварылi: прывезлi з тайгi двух 'падснежнiкаў', каб iх заактаваць.

Я хачу расказаць пра гiсторыю аднаго такога 'падснежнiка'.

Калi савецкi ўрад прадаў Японii нашу чыгунку, што праходзiла па кiтайскай тэрыторыi, захопленай японцамi, то ўсе падданыя СССР, якiя абслугоўвалi тую чыгунку, вярнулiся на Радзiму. Разам з iмi прыехалi i многiя эмiгранты, што пакiнулi Расею яшчэ да рэвалюцыi. Амаль усе яны - i савецкiя грамадзяне, i эмiгранты - былi арыштаваны як 'японскiя шпiёны'. Многiх з iх расстралялi, а астатнi, уцалелых, загналi ў лагеры.

Iх называлi кавэдэдэўцамi, ад абрэвiятуры КВЖД, што азначае па-расейску Китайско-восточная железная дорога.

Трапiла адна кавэдэжэўка i ў нашу калону. Я помню яе iмя i цяпер Наталля, i, прызнаюся, быў у яе закаханы. Калона наша - мужчынская, але жылi ў ёй некалькi дзесяткаў жанчын, якiя працавалi на кухнi, у лазнi, пральнi, санчасцi, у канторы. Наталля была прачкай.

На яе, вядома ж, меў вока i надзею не толькi я. I не дзiва - мужчыны-зэкi гадамi жанчын не бачылi, i калi iх месяцы тры назад прыгналi ў нашу мужчынскую калону, гэта быў фурор, падарунак, можа, самы жаданы ў лагерным аднастайна шэрым жыццi.

Як сцвярджала начальства, нават норма выпрацоўкi ў зэкаў павысiлася - так станоўча-эмацыянальна ўздзейнiчала на мужчын iх з'яўленне.

А пра жанчын зэкi мараць, як бы iм нi было цяжка. Помню, як усхвалявала мяне сустрэча з жанчынай, старшым лейтэнантам-медыкам, якая прыехала з санупраўлення лагера правяраць санiтарны стан калоны. Я зайшоў тады ў санчасць па нейкую дробязь - цi не па соду - i твар у твар у калiдоры сутыкнуўся з ёю. Яна - пышнацелая, з дагледжаным тварам, яркiмi напамаджанымi губамi i нафарбаванымi пазногцямi, - паглядзела на мяне неяк працягла i, як мне здалося, з цiкаўнасцю. Я прапусцiў яе, прыцiснуўшыся да сцяны спiною, калiдор быў вузкi. Яна прайшла, цокаючы падкаванымi абцасамi ботаў, адчынiла дзверы пакоя i, ужо ступiўшы за парог, зноў паглядзела на мяне на гэты раз ужо са спачуваннем. Я засаромеўся свайго выгляду - нагала стрыжанай галавы, грубых ад пiлы i тапара рук, абцёртых ватных штаноў i бурак з мешкавiны. Яна зайшла ў пакой, пакiнуўшы ў калiдоры пах духмянаў, якiя я ўцягваў у сябе, удыхаў, а надыхаўшыся, панёс той пах з сабою ў барак. Доўга потым кружыла галаву мара пра тую пышнацелую жанчыну...

Прыгадваю на гэту тэму i яшчэ адну дэталь з нашага зэкаўскага жыцця. Адным ранкам брыгада iшла па дарозе на лесапавал, i нехта ў калоне крыкнуў:

- Браткi, баба!

Мы азiрнулiся ў бакi i нiдзе жанчыны не ўбачылi. Дарога, выбiтая тысячамi зэкаўскiх ног, была пустэльная.

А зэк той не сцiхаў, крычаў:

- Ды куды вы гледзiце? Вунь збоч дарогi ляжыць. На зямлi.

I мы ўбачылi акурак папяросы, гiльза якой была ў чырвонай памадзе. Значыць, курыла жанчына, i акурак яе. Пунсавела тая памадная папяроса, як жарынка, i адразу ж напомнiла кожнаму далёкi недасягальны свет i ў iм нешта патаемнае, можа, самае дарагое. Уявiлася i тая незнаёмка, што прайшла тут i кiнула недакураную папяросу ў снег. Хто яна, якая яна, чаму тут з'явiлася, можна было толькi фантазiраваць. У тых сваiх фантазiях кожнаму i бачылася такая жанчына, пра якую ён марыў.

Калi б той акурак ляжаў прама на дарозе, а не збоч, яго б, канечне, схапiлi. А так не сунешся туды, стралок палiчыць за спробу ўцёкаў i ўлупiць кулю ў спiну.

Днi тры ляжаў той акурак, пакуль яго не занесла снегам, i заўсёды, падыходзячы да таго месца, усе паварочвалi галовы на яго i прыцiхалi.

Наталлi было гадоў сорак, да арышту мела мужа i дзвюх дачушак. Муж, як i яна, сядзеў таксама недзе ў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату