за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..
- Мы з iм жывём добра.
Амiля плакала. Дрэннае пачуццё да Галены расло ў ёй.
- Дзякуй Богу, што яны не падобны адзiн на аднаго.
- Хто?
- Дзецi. Я свайго знявiдзела б тады.
- За што? Нашто вы гэта гаворыце? Вы i на мяне нядобра, як на ворага, глядзiце? А за што?.. Я ж бачу, што пра Бушмара вы i цяпер думаеце. Якi б ён нi быў, вы на яго не забылiся...
- Забылася... Не думаю...
- Мусiць, думаеце, калi гаворыце гэтак, калi адразу што ўцяклi былi тады ад яго, з першых дзён. Бо ён цяжкi чалавек, iнакшым ён нiколi не будзе.
- А вы ж жывяце з iм, не ўцяклi ад яго.
- Я жыву, але каб ён паздзекаваўся з мяне, я i дня нiколi з iм не была б. Бо нашто гэтак жыць...
- А калi лепш няма як?
- Як гэта няма? На свеце ўсякага жыцця даволi i чалавечае долi шмат...
Амiля панура слухала. Якраз так гаворыць часам брат, калi жонка пачне скардзiцца на долю.
- Чаму ж ты сам свае добрае долi не знайшоў, а каго дык вучыш? крыўдзiцца жонка на Андрэя тады.
Андрэй тады гаворыць колькi жорсткiх слоў пра дурную чалавечую нецярплiвасць i пра нуду з гэтакiмi людзьмi. I сыходзiць куды-небудзь з хаты.
'Пануры ён чалавек', - думае тады пра Андрэя Амiля, не ўмеючы iначай назваць братавай натуры.
IV
Неба было над лясамi сiняе i цiхае. I цiха было ў самых лясах. Восень зрабiла сваё i адпачывала на палянах - там яшчэ зелянiлася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лiсток трымаўся на дрэве, гатовы i зiмаваць там... Гэтай цiхасцi не парушалi i вятры. Яны густа iшлi ў сваю дарогу, дзiкаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамi выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананнем сваiм, любiла хмурнасць. Гэтак дажывала восень апошнiя днi. Туман з рэчкi цi лагчыны або дым з пастушковага вогнiшча калi ўзнiмецца, дык невысока стаiць над зямлёю. I гукi людскога голасу звiняць доўга ў гэтай прасторнай цiшынi.
Дарогi былi пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткi i рухавы выгляд яе рваў гармонiю цiхай восеннай ласкавасцi.
Чалавек спяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькi на ўзгорку прыпынiўся, адкуль больш вiдаць было зямлi навокал. I зноў заспяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылi. I ўсе гаварыць пачалi пра яго:
- Бушмар iшоў дадому з астрога.
- Спяшаў страшна.
- Не адбыў свайго часу, амунiсцiя, мусiць, нейкая!
Вечар увосень находзiць шпарка. Бушмара ён агарнуў ля хутарской брамы. Сiнь неба згусцiлася, лясы пачарнелi.
Дубняк падыходзiў да самых хат. Увечары ён зусiм злiваецца з мiзэрным драўляным чалавечым прытулкам. Як запальваюцца на небе зоры, неба ўздымаецца вышэй, зямля чула дрэмле пад iм. Тады, калi заплача ў хаце дзiцянё, дзiцячы голас далёка чуваць у лесе.
Я цябе люляла...
Спявае жанчына. На дварэ чуваць, як скрыпяць вяроўкi ад калыскi. У хаце гавораць. Жанчына ўсё спявае.
- Андрук, ты збiраешся куды? - чуваць другi жаночы голас.
- Я надвечар бачыў, як Бушмар дадому з допру iшоў, - адказвае мужчына.
- Гэтак хутка...
Жанчына яшчэ нешта гаворыць, але чалавек выходзiць з хаты. Другi чалавек шпарка адбягае ад акна. У змроку ён здаецца клышаногiм. Адбегшы крокаў дзесяць, ён спакойна варочаецца назад, нiбы iдзе сабе спакойна ў сваю дарогу.
- Добры вечар, Андрук, - гаворыць ён, стараючыся быць спакойным.
- Добры вечар, Вiнцэнты, - гэтаксама стрымлiваючыся, гаворыць Андрэй.
- Бушмар вярнуўся.
- Ну!
- Не бачыў?
I Вiнцэнты хiтра ўсмiхаецца, як следчы, якi злавiў на слове падсуднага. Пасля гаворыць:
- Лепш бы ён зусiм не вярнуўся.
- Чаму?
- Брыдкi чалавек. Воўк. Звер. Людзей ненавiдзiць. З яго карысцi людзям жаднае быць не можа.
- Дзiўлюся. Вы ж з iм павiнны добра ладзiць. Ён сабе дзедзiч, а ты далiкатны чалавек i хамаў не любiш, з гадамi знацца не хочаш... Хiба вы не падзялiлi чаго?
- А адкуль ты ведаеш, што я з iм вельмi вялiкi прыяцель павiнен быць?
- Па-мойму, няма вам за што сварыцца. Жылi б вы сабе як мае быць, далiкатна, па-Божаму; зналiся б, як добрыя людзi, як сваякi якiя...
Вiнцэнты недаслухаў. Ён пайшоў шпарка, з маўклiваю нянавiсцю.
- Бож-жа мой, Бож-жа мой, - шаптаў ён, прыцiскаючы на 'ж'. Ён здалёк чуў, як пайшоў у вулiцу Андрэй i як Амiля спявала ўсё свайму меншаму сыну.
V
Калi Бушмар выйшаў за страшную браму допра, яшчэ чуў на сабе цяжкасць прыгнечання, аж пакуль не мiнуў апошняга гарадскога завулка. Як бы хто магутны, непераможны трымаў яго за плечы i цiснуў у зямлю. Калi праходзiў местам, пазнаў блiзкiх, з свайго боку людзей каля вазоў, але яшчэ больш тады даў ходу, - каб хаця не заўважылi i не запрасiлi садзiцца на воз. Ён зусiм прыйшоў да спакою, калi пачуў, як палявы вецер свiшча ў вушы i б'е проста ў вочы. Тады адчуў ён струмень бурнай волi. Яна гнала яго па зямлi асеннiмi дарогамi, сцежыстымi пераходамi, лясамi. Больш нешта за сорак вёрст зрабiў ён за той дзень i яшчэ больш iшоў бы. Лёгка ўвайшоў ён у лес, як бура, мiнуў яго зараз жа. Галас iрвануўся да яго на поўны рух сваёй сабачай радасцi. У браме яны стаялi ўдвух, абняўшыся. Бушмар раздзьмутымi ноздрамi цягнуў у сябе восенны пах мокрага дрэва, саломы, зямлi, сабака захлынаўся вiскам, калацiўся з радасцi. Апамятаўшыся, Бушмар рушыў пад хату. Сабака павалокся на заднiх лапах следам, трымаючы ў абдымках гаспадараву спiну. Галена спаткала Бушмара на ганку. Яна абняла яго за шыю i павяла ў хату. I толькi тут, калi ўжо запахла знаёмым спрадвеку кутком, заварушылася дзесьцi ў нетрах сэрца трывога. Ён i сам не разумеў яшчэ, што гэта i з чаго, цi гэта пачатак чагосьцi вялiкага, цi драбяза якая? Галена падвяла яго да калыскi:
- Бачыш?
Ён чыркануў запалку, каб угледзецца ў твар невядомага яшчэ сына. Галена не зводзiла з яго вачэй.
Праз паўгадзiны ён ужо хадзiў па двары. Сабака гайсаў за iм, постацi iх шпарка варушылiся ў раннiм змроку, яны некалькi разоў абышлi двор. Нарэшце Бушмар рушыў за браму. Ён iшоў шырокаю сваёю мяжою i тут чуў, як тая трывога шпарка расла. I ён пачаў усвядомлiваць яе. Ён ужо трымаў у думках тое, што бачыў, як толькi падышоў быў сёння пад дом, але што ўцякло тады з галавы i сэрца. Каб бязлiтасна вярнуцца цяпер.
За дзiкаю, яшчэ бацькаўскаю палявою грушаю мяжа была развернена плугам. Нават спачатку, пакуль яшчэ не закiпела думка, ён з гаспадарскай прывычкi падумаў быў: 'Нейкi няўмека зворваў', - а пасля раптам усё патанула ў мiтусеннi навакольнага зямнога змроку i надлеснай ясноты. Усё скрозь пабiта было разорамi на дзялянкi - пачатак позняга зябу. Далёка чарнеў у змроку хутар. Разоры вялi Бушмара да самай агароджы. Дзiка кiнуўся ён у хату да Галены.
- Наша поле вунь там, - сказала яна, паказваючы яму ў акно за сад. - На тры душы пакiнена нам. От нядаўна ўсё зрабiлася. Я ж пiсала табе.
- Без мяне?!
- А што ты памог бы?
Яна глядзела яму ў вочы, прасiла позiркам не думаць пра гэта. Вочы ў яе былi гэтакiя, як тады, калi ён першы раз убачыў быў яе на судзе. Вочы гэтыя палiлi яго. I гэта яшчэ больш узняло ў iм навальнiцу