моцным, i хто ўспамiнаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:

- От як вырастае чалавек.

Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат - арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос. Цяпер гэта рабiлася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:

- Увесь век гараваў, гараваў, збiраў па саломiне, i нават котла роднага адцурацца трэба.

Аднак iшлi, бо, шкадуючы чагосьцi невыразнага ў старым, пачыналi ўжо баяцца яго.

Гэтак вось i Амiля спахмурнела была, калi чарга прыйшла i да Андрэевай старой хаты:

- Мне не шкода гэтых катухоў i пакут ранейшых, але так нешта, я i сама не ведаю, што гэта.

Андрэй, можа, i зразумеў яе, але нiчога сказаць не мог iншага, як толькi:

- Гэта так з чалавекам бывае.

Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Амiляю:

- Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калi хочаш, дык рэшткi бушмараўшчыны, якiя спрадвеку ўкаранiлiся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...

- Тут я ўспамiнаю пра ўсё, што было, тут паўмiралi бацькi, тут...

- Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкiнем.

Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзiлася яму i далёка выязджаць адсюль, ён меў цiкавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую iмклiвасць, часта задумваўся i навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Амiляю:

- ...Нам от, можа, i думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, i мы чагосьцi шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калi вось усюды будзе поле вырабленае, калi згладзiм мы з зямлi ўсе дзiкiя зараснiкi, выкарчуем дзiкiя ўзлескi - i жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе iм дзе тады вясцiся, i не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады i чуць гэтага iх лёту ўвосень цi ўвясну. Нам часам i шкада цi то якраз гэтага iхняга лёту, цi то чаго iншага разам з гэтым...

- Бо мы прывыклi да гэтага, - здагадалася ўсмешкай Амiля.

- Прывыклi, з гэтым мы жылi, вырасталi. Гэта было разам у нас з уцехамi i з слязьмi. Амiля думала i маўчала.

- ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьцi новае, што будзе дзецям нашым ды i нам яшчэ такiм, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе i ўсё новае. Толькi што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкiм, як было ўсё дагэтуль.

Ён гаварыў доўга i цешыў Амiлю гэтым сваiм новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапiлася гэтым, пачула ў сябе прылiвы непераможнай радаснай сiлы.

- Нашы дзецi ўжо не будуць гэтакiмi, - зноў здагадалася яна. - Толькi нам трэба, можа, нават дзе i з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. I дзеля сябе i дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабiлi. Я от табе скажу гэта адным словам - забiць i вытруцiць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...

Ён гаварыў як бы не адной толькi Амiлi, пасля змоўк i пра штосьцi думаў. Доўга гэтак стаялi ў старой хаце, што дажывала апошнiя днi свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амiлю. У яе ружавеў ад узбуджанасцi твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвiтаннi Ўладзя моцна сцiснуў яе руку. I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.

III

Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:

- Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.

Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.

Тады, адразу пасля таго, як уцякла Галена, ён быў дадумаўся засцiгнуць дзе ды прыбiць яе. Пасля думка гэтая перайшла на Андрэя i на гэтым закаранела. Ён пачаў цяпер варушыцца гэтак, як калiсьцi варушыўся Вiнцэнты. Толькi той лiслiвенька да кожнага падыходзiў, а гэты сваёй воўчай панурасцi не трацiў. Нават раз Бушмар як мае быць падумаў: 'Дарэмна я тады чуць не абязвечыў Вiнцэнтага i адагнаў яго ад сябе. Не паслухаў яго тады. Добрым хаўруснiкам мог бы быць, каб паслухаў тады яго'. Ён усё раздумваў пра гэта, чмыхаў, аж стукаў неяк носам, корпаючыся ў сваёй мярлозе. Часамi нават перасiльваць пачаў сваю ваўкаватасць i даходжваць да тых хутароў, што засталiся яшчэ наводдалек. Але ўсё ж там людзi не мелi з iм адных iнтарэсаў - там яны з калектывам змагалiся, але са 'сваiм', iншым. Тады абмацаў Бушмар сяброўства паблiзу, - меншы Вiнцэнтага сын, той самы, што мерыўся ўзяць Галену i асесцi на яго хутары, не адапхнуў яго ад сябе. Ранейшае было забыта. Там яшчэ хат чатыры было гэтакiх, што не пайшлi разам з усiмi, а ахоўвалi ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой 'сам сабе панам'. Гэта - з таго краю вёскi, некаторыя нават перанеслi на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты i аселi дробнымi асэсарамi. Чакалi ўсё 'змены ўлады', а найбольш, 'што палякi прыйдуць'. Там Бушмар i бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вiнцэнтавым сынам зрабiлi былi выгляд, што нiчога прыкрага мiж iмi не было, а пасля гэта, вельмi хутка, стала абыкласцю, i ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё ж часамi ўзбягала на думку тое, як Вiнцэнты ляжаў прыбiты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры снег. Раз нават ён, як бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вiнцэнтага. Ён пазаiкаўся крыху, выразна не могучы выказаць тое, што хацеў, а гаварыць трэба было асцярожна. Вiнцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, i сам штосьцi заблытаў словамi. Так яны абодва змоўклi i па той раз маўчалi пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, нi то што гэта вельмi хацеў бачыць гэтых людзей цi гаварыць з iмi, але ён чуў, як у iм рабiлася нейкая работа i пасля як мае быць (чаго раней з iм нiколi не было!) меў у галаве сваёй нават план нейкi сваёй дзейнасцi. Нейкая рыса з'явiлася ў iм новая, як бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вiнцэнтага. Гэта было штосьцi падобнае да хiтрасцi, хоць i не хiтрасць. Ён усё блiжэй трымацца пачаў Вiнцэнтавага сына, а той таксама штосьцi трымаў у галаве сваёй, часамi даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелi новыя калгасаўскiя будынкi. Там, у старэйшага свайго брата, цяперашняга калгасаўца, ён гаварыў i пра нейкае парабкоўства ў кагосьцi калгасаўцаў, i пра нейкую паншчыну, якая нейкiм робiцца. Старэйшы брат усмiхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё:

- Хто дужшы, той прутшы.

- Вось гэта i я кажу. Бацька тады разумна стараўся выдзелiцца невялiкiм гуртам...

Яны ўспамiналi бацьку, гаварылi пра Бушмара (хоць хутара яго больш не ўспамiналi).

Пасля адзiн раз Бушмар нешта доўга не пайшоў да Вiнцэнтавага сына i яго суседзяў, а праз тыдзень якi ён з'явiўся да першага ад лесу калгасаўскага дома i пастукаў у акно. Выйшаў з дому другi Вiнцэнтага сын. Вечар быў, цёмна. Дарога праз лес была аж чорнаю. Два мужчыны падалiся скрозь паўз лес i поле, iшлi паволi i гаварылi пошапкам.

Зайшлi аж на Бушмараў хутар, а пасля назад. З таго часу калi-нiкалi яшчэ заходзiў гэты калгасавец да Бушмара, прыходзiў ужо смела i другi Вiнцанцюк, а часамi i яшчэ хто-небудзь з тых падлесных новых хутаранцаў ацiраўся тут.

Раз Бушмар i з Галенаю быў спаткаўся. Было папаўднi, свяцiла сонца. Галена iшла з дзецьмi (сваiм i двума Амiлiнымi) па новай грэблi за тым месцам, дзе калiсьцi была вёска.

Бушмар джгаў аднекуль дарогаю. Перад Галенаю ён прыпынiўся, аж падаўся ад раптоўнасцi крыху назад. Галена яму нiчога не сказала, хацела моўчкi прайсцi ў сваю дарогу, але ён стаяў i глядзеў на яе. Тады яна, здэтэнаваўшыся, сказала:

- Дзяньдобры.

Ён адказаў. I як яна пайшла далей, ён затрымаў яе:

- Пачакай.

- Чаго?

- Пачакай. Стой... Да мяне не вернешся?

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату