- Гэта, таварышы, факт, - выпырскваў ён, - што сяньня вы павiнны будзеце й такi зьнiшчыце шмат звычайнага, так званага 'мiрнага' жыхарства. Цi можа тут мець месца якая-колечы 'жаласьць?' Бязумоўна, таварышы, не. Не забывайцеся, што гэта тое жыхарства, якое не захацела йсьцi з намi, г. зн. зраднiкi, прадаўцы, ворагi народу. Хто зь iх адумаўся й цяпер шчыра перакiнуўся на наш бок, той ужо ў партызанах, у лесе, i значыцца, яго вашыя бомбы не крануць. Апрача таго, памятайце, што гэтае жыхарства - рэзэрвуар працоўнае сiлы для нямецка-гiтлераўскага ворага i, зьнiшчаючы яго, вы гэтым самым падрываеце ворагаву моц...

- I вось тут, - урачыста ўзвышаючы голас i прыцiскаючы на асобных словах, прымусiў ужо ўсiх прыслухацца камiсар, - перад некаторымi з вас паўстане сяньня вялiкае выпрабаваньне, запраўдны экзамэн на баёвага лятуна-бальшавiка. Я маю на ўвеце нашых сакалятаў першага, я мушу сказаць, i лепшага зьвязу, пад камандай тав. Лабунiча. Яны лятуць сяньня ня толькi на сваю радзiму, але й на свой родны i, пэўна-ж, каханы горад, якi ўзгадаваў iх, таварышы, i даў нам. Факт, што ў iх там могуць i павiнны быць бацькi, i сваякi, i сябры, мо яшчэ хто-небудзь, i мiлыя ўспамiны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца з гэтым выпрабаваньнем.

Тут камiсар пачаў хвалiць свайго ўлюбёнца Лабунiча, праехаўся крыху, што ў некаторых iншых iзь зьвязу, - пэўна-ж, у Юркi, - 'бываюць недахопы й дахопы', як сказаў ён, зараз-жа, зрэшты, 'паправiўшыся': 'дасягненьнi й недасягненьнi'... Але ўжо нiводзiн бадай iз хваленых i ганеных ня слухаў больш яго, апанаваны навалай раптоўных успамiнаў i хваляваньня ад блiзкой - але якой? - сустрэчы зь любым, родным, так даўно ўжо, здаецца, пакiнутым горадам... Навет сам сталёва-вытрыманы камандзер Лабунiч схамянуўся ад гэтае навалы пачуцьцяў толькi тады, калi трэ было браць 'пуцёўку'.

- Ардэнок як прышпiлены, - шапянуў яму пры гэтым ягоны дабрадзей, i Вiктар адказаў на гэта сваёй заўсёднай, падхалiмска-халуйскай усьмешкай - тэй самай непаўторнай усьмешкай, якую ў цэлай Эўропе найлепш можна бачыць на вуснах цi малога лiку грамадзянаў ейнае шостае, усходняе часткi.

- Старт 20.30. Ёсьць час разабраць заданьне, адпачыць i падрыхтавацца, закончыў зборку камандзер эскадрыльлi.

II

- Папалiся, землячкi! - падыйшоў адразу да трох, абдараваных 'пачэсным заданьнем' бурыць радзiмае гняздо, камандзер трэйцяга зьвязу, здаравенна-медзьвядзяваты й таксама медзьвядзявата-настырлiвы тамбовец Жарабцоў.

Трох танкiстых, трох вясёлых сябраў,

Экiпаж машыны баявой,

загундосiў ён сваiм, як казаў Юрка, 'жараббасам', дый, наверх, страшэнна фальшывячы, - дадому, сяброчкi, усё-ткi дадому! - i, аблапiўшы трэйцяга пiлёта зьвязу, дзявоча- кволага Валiка Сьнягурскага, да якога пачуваў адмысловую сымпатыю й таму найбольш дакучаў, загуў яму на вуха, стараючыся ўдаць асаблiвую задушэўнасьць, але яшчэ немiласэрней дзяручы ўпоперак:

Каханы горад сябру усьмiхнецца,

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

- Адкасьнiся хоць сяньня, - з дакукаю адпiхаў, яго Валiк, якому ўвага й 'пяшчоты' Жарабцова заўсёды спраўлялi вялiкую прыкрасьць, ато й проста мучылi.

- А што - сяньня? - не ўтаймоўваўся Жарабцоў. - Падумаеш! Каб мне так зараз сказалi ляцець калупаць мой Тамбоў - я-б адразу, калi ласка, з усiм-усенькiм...

- Дык хто табе не дае? - абарваў яго ўжо Юрка. - Завярнiся кругом, ляж курсам назад i трамбуй свае тамбоўскiя самавары.

- Самавары - гэта ў Туле, а Тамбоў, браце, слаўны...

- Ведаю, цётка там павiнна быць нейкая, яшчэ ў Чэхава пiсана... Але цяпер, браце, кiлбасься хоць да тае цёткi, калi не да ўсiх мамак, - бачыш сам, не да цябе тут i не да Тамбова.

- Ну, ну няхай, - цiскануўшы яшчэ раз небараку Валiка, здаўся-ткi Жарабцоў, бо ў глыбi душы пабойваўся спрытнага i на язык i на так якi фокус Юрку. - Эх, Тамбоў, Тамбоў - каб адхапiць хоць зь дзянёк водпустку! - уздыхнуў толькi ён i адыйшоў зусiм, усё гундосячы:

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

- Жывёлiна! - папусьцiў шэптам яму наўздагон Валiк, папраўляючы парушаны жарабцоўскiмi пяшчотамi парадак у вопратцы.

- Дык вось, таварышы, - зьвярнуўся строга-афiцыйна да сваiх падначаленых, Юркi й Валiка, камандзер зьвязу. Дарма, што ўсе тры былi землякамi й навет школьнымi сябрамi ды зналiся добра ад сама адмалку, Вiктар, 'вылупiўшыся' ў камандзеры, заўсёды трымаўся падчыркненай афiцыйнасьцi пры службовых дачыненьнях. - Я ўжо разьмеркаваў, - i ён пачаў паказваць на пляне, далучаным да 'пуцёўкi': - Вы, таварыш Галушка, адразу-ж пакрыеце поўнач гораду, па гэтую вось прыблiзна лiнiю, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу так, а вам, тав. Сьнягурскi - паўдзённая частка...

- Гэта ты... знарок, Вiктар? - углядаючыся ў плян i адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валiк.

- Што - знарок? Што Вы хочаце сказаць? - як не разумеючы, але ўвесь напружыўшыся, перапытаў Вiктар.

- Ты-ж ведаеш, тут жыў я... i цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... - паказваў на пляне Валiк. - А вось-жа слабодка. Верын дом на рагу...

- Ага, вось яно што, - прыкра засьмяяўся сваiм сухiм, бразгатлiвым сьмехам Вiктар, - дык значыцца, нездарма пяяў тут Жарабцоў: 'Знаёмы дом, зялёны сад'... Знарок цi не знарок, таварыш Сьнягурскi, але, аказваецца, якраз добра выйшла. У нiкога бадай з цэлай эскадрыльлi не засталося яшчэ гэтулькi сантымэнтальшчыны й паненскасьцi, тэй жаласьлiвасьцi, як у вас. А чулi, што так добра казаў сяньня таварыш камiсар? Вось якраз вам найлепшая нагода давядзеце адно з двух: што вы - цi запраўды цьвёрда- мужны лятун-бальшавiк, цi, прынамся, - спрытны й асьцярожны пiлёт-баявiк. Я, ужо-ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькi год вучылiся й перажылi так багата прыгожага... Цяпер там - ворагаў штаб, i я мушу даконча зьнiшчыць яго, i здрузгачу нездрыгануўшыся. А тут-жа што? I я-ж пакiнуў тут сваю мацi, i цяпер павiнен таксама, дармо што чырвоны крыжык... Зразумела?

- Мяняймася, - запрапанаваў Валiку Юрка, - бо ў маiм-жа раёне з важных ваенных аб'ектаў - хiба што царква на могiлках...

- Нiякiх менак, - сурова абарваў камандзер, - застанецца, як вызначана.

- Так... Дык дзякую за асаблiвы давер... - выцадзiў Валiк, пераходзячы на тую-ж афiцыйнасьць. - Дазволiце йсьцi?

- Калi ласка. Старт 20.30, не забудзьцеся, таварыш Сьнягурскi!

Валiк пайшоў, крутка павярнуўшыся ды нат не адказыраўшы, толькi нэрвова-падчыркнена адбiваючы абцасамi.

- А праўда, дарма ты даў гэтай румзе такую частку - натаўчэць яшчэ кашы, празь нюнi не разгледзеўшыся, - зазначыў па ягоным адыходзе Юрка.

- Колькi разоў прасiў ня вучыць мяне - маю-ткi сваю галаву, - асадзiў яго начальнiк. - Што, i табе яшчэ Верачка балiць?

- А табе - дык хiба ўжо не?

- Так цi не, але якраз я пэўны, што ўжо куды-куды, а на ейны дом, 'знаёмы дом', сяньня й зерне макава не ўпадзе. I праўда, я-ткi падумаў, падбiраючы адпаведную кандыдатуру, i ягонае 'знарок' было не бяз рацыi.

- Маеш сваю галаву, - працягнуў у раздуме Юрка, але раптам якраз у ягонай галаве мiльганула шалёная, вар'яцкая, як здалося было яму адразу, думка. I ажыўлены зноў раптоўным хваляваньнем, ён пасьпешна кiнуў: - Дык цяпер адпачыць, падрыхтавацца...

I, адказыраўшы, адыйшоў, мала не бягучы.

Усе ўжо былi паразыходзiўшыся па сваiх палатках.

III

Гiсторыя трох сяброў, калi можна было цяпер запраўды назваць iх сябрамi ў поўным сэньсе, нагадвала крыху гiсторыю тых 'трох танкiстых, трох вясёлых сябраў' з моднае савецкае песьнi, якую таму й гундосiў iм бадай заўсёды Жарабцоў. Вiктар, Юрка й Валiк на самой рэчы ўтварылi свой зьвяз паводля моднага сваiм часам у савецкай армii прынцыпу 'экiпажаў братоў', 'сяброў', 'землякоў'. Але ўвесь iхны шлях да гэтага зьвязу быў даволi сваеасаблiвым i цiкавым.

Ад самае першае, у ваднэй клясе й аднае школы вучылiся Вiктар i Валiк. У пятай далучыўся да iх i тадышнi гадунец дзiцячага дому, кагадзешнi гэрой вулiцы - бяспрытульнiк Юрка Галушка. Усе тры ў вучэньнi аднолькава йшлi ў першым радзе. Кажны меў, кажучы тымi камiсаравымi словамi, свае 'недахопы й дахопы', але нек яны ўзаемна зраўнаважвалiся, i выходзiла так, што ўсе тры йшлi роўна, i ўсе тры - наперадзе.

Найменш здольным быў, бясспрэчна, Вiктар Лабунiч, але браў ён выседжваньнем, напорнасьцяй, а што

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату