да настаўнiцкiх ацэнаў - i падлiзьнiцтвам ды даношчыцтвам, сваiм яму ўжо змалку. I ў школе яго за гэта ня любiлi, дражнiлi 'сьмярдзюхом', бо ў Вiктара, апрача ўсяго, страшэнна i ўжо на вялiкай воддалi тхнула ад ног, якiя вечна ў яго немiласэрна прэлi. Таму на парце ён заўсёды сядзеў адзiн. Заўсёды потныя, няпрыемна-сьцюдзёныя й датаго-ж нек нязьгiнальныя ў даланёх, як дошчачкi, былi ў Вiктара й рукi, i пасьля Юрка бачыў ува ўсiм гэтым таямнiцу цеснага кантакту сябра з камiсарам 'Макрыцам': 'Бо таксама поўмакрыцы й цэлы сьмярдзюх', - казаў ён.

Самому Юрку, пры ягоных вялiкiх здольнасьцях, пракiдкосьцi й дасьцiпносьцi, не ставала якраз сталасьцi таго выседжаваньня, i таму ён часта, што называецца, 'пападаўся'. I ў школе гэта быў ужо рызыкант, як пасьля ў паветры, - рыса, зрэшты, узгадаваная яшчэ бяспрытульнiцкай мiнуўшчынай. I гэтае рызыканцтва давалася-ткi ў знакi некаторым настаўнiкам, уплываючы на Юркаву рэпутацыю ў iх i перашкаджаючы яму выбiцца на сама-першае месца. Зрэшты, да гэтага ён i ня iмкнуўся, як Вiктар.

Валiк Сьнягурскi меў i здольнасьцi ня менш, як у Юркi, i ўседлiвасьць, ды, наўсуперак яму, быў зусiм 'цiхiм цацам', як казаў той. Але якраз апошняе, даходзячы да скрайнае сарамяжнасьцi, нясьмеласьцi, не давала, як трэба, выявiцца Валiкавым ведам. Заўсёды-ж ведаў ён i паўней i глыбей за ўсiх, навет за тых двух напэўна, але пры адказах раптоўна чырванеў, бянтэжыўся, часам навет блытаўся, i гэта 'зьбiвала' й яму адзнакi. Наагул, усiм сваiм вонкавым i нутраным складам Валiк нагадваў баржджэй дзяўчыну, як хлапца. Ён i сябраваў найбольш iзь дзяўчатамi, i тыя проста мелi яго не за хлапца, а як-бы за сваю сястру, дзелячыся зь iм усiмi, заўсёды так багатымi ў дзяўчатаў, сакрэтамi. За гэта хлапцы дражнiлi яго 'наша Валя' й 'Сьнягурачка', а часам i 'авечка' агульнай мянушкай для ўсiх дзяўчатаў клясы, склад якiх, запраўды, падабраўся быў нек наўзьдзiў шэра, не адзначаючыся нiчым выдатным зь нiякага боку.

Але ў сёмай клясе прыйшла да iх новенькая, як неўзабаве выявiлася, зусiм не 'авечка'. Праўда, з выгляду й яна выдалася адразу вельмi сьцiплай, асаблiва сваймi даўгiмi косамi - гэтым 'паненскiм архаiзмам', як здавалася ўсiм - i хлапцом, i стрыжаным пад хлапцоў дзяўчатам. Ды ўжо першымi тыднямi выявiлася, што ў ейнай асобе прыйшоў моцны канкурэнт тром 'перадавiком'. Яна проста здзiўляла i настаўнiкаў i вучняў заўсёднай грунтоўнасьцяй i глыбiнёй сваiх ведаў, сталасьцяй i спакоем пры адказах, наагул вытрыманасьцяй i ўзгадаванасьцяй. Пры ўсёй сваёй сьцiпласьцi яна зусiм ня была 'цiхуткаю' умела ўзяць удзел i ў вагульных забавах i, навет, у хлапецкiх штуках, i пасьмяяцца, i пажартаваць. I пры ўсiм тым ад яе, асаблiва ад погляду ейных шэрых вачэй, як-бы бруiлася нейкая нябачная, незьясьнёная, але спакаральная сiла. Навет хлапцы толькi першы тыдзень спрабавалi торгаць яе за косы й борзда мусiлi адмовiцца ад хоць i вялiкай такой, спакусы. Нек само сабой злажылася, што ўсе пачалi заўсёды i ўва ўсiм слухацца Веры Рынейскае, i пад канец году яна ўжо была за старасту клясы, застаўшыся нязьменна на гэтай пачэснай пасадзе аж да канца школы. Гэтак заваяваўшы ўсiхныя сэрцы, яна сталася ўлюбёнкаю i хлапцоў i дзяўчатаў, а калi ў восьмай клясе пад вясну пачала бушаваць кроў у моладзi i таго i таго роду, у цэнтры гэтага бушаваньня стала зноў Вера.

Дзяўчаты першыя выявiлi, што ўсе хлапцы - але-ж усе бяз вынятку закахаўшыся ў гэтай Верачцы. Насьпявалi ўжо звадкi й 'канфлiкты' сярод хлапцоў, пачыналi крывiцца й дзяўчаты, бо нiводзiн з абраньнiкаў iхнага сэрца цi густу - анi вокам ня вёў на нiводную зь iх. Але Вера зноў умела паставiць сябе так, што ўсё гэта ня выбiлася наўзьверх i не прывяло да нiякiх 'грамадзкiх забурэньняў' у клясе. З усiмi роўная, яна нiкога не падпушчала блiжэй, але разам iз гэтым кажнаму ўпаасобку як-бы давала нейкую надзею й тым самым трымала каля сябе ўсiх чыста. Яна навет ахвяроўвалася часам пасядзець якую гадзiнку на 'пошаснай' парце iзь 'сьмярдзюхом' Вiктарам Лабунiчам, i той у глыбi свае самазакаханае й самапэўнае душы мо найбольш з усiх займеў надзею стацца адзiным Верыным абраньнiкам. Але такiя-ж надзеi пацiху таiлi i Юрка, i Валiк, зь якiм Вера, як i рэшта дзяўчатаў, добра тайкавала, а таксама ўсе iншыя хлапцы клясы.

Калi ўжо былi ў дзявятай клясе, нек на пачатку зiмы, Юрка аднойчы прыйшоў на заняткi, наўсуперак свайму звычаю, страшэнна панурым i маўклiвым. Адмаўчаўшыся гэтак 'ваўком' колькi гадзiнаў, пад канец дня ён усё-ж ня вытрываў i ў клясе адразу разьнеслася вестка, што Юрка бачыў учора ў кiно Веру зь нейкiм маладым прыгожым вайсковым у форме авiяшколы, i Вера была да яго дужа-дужа прыхiльнаю, куды больш, як да каго-небудзь iз 'сваiх' хлапцоў.

Пасьля заняткаў, як разыходзiлiся дадому, Веру 'выклiкалi на тлумачэньнi'. Яна спакойна, як i заўсёды, сказала, што гэта быў ейны зродны брат, якi прыяжджаў да iх на пару дзён у гасьцiну.

- Зродны браток цi родны сяброк? - ня вытрываў Юрка, каб ня ўставiць 'шпiлькi', хоць тут-жа, адчуўшы, што выйшла яна затупой i задурной, навет густа пачырванеў.

- Калi хочаш, дык толькi з такiм, як ён, i можна было-б сябраваць пазапраўднаму, - спакойна зноў адказала Вера, прыцiскаючы толькi на апошнiм слове.

- I выйсьцi замуж? - не ўтаймоўваўся Юрка, чуючы, што зусiм ужо 'ляпае дурнiну'.

- Але, i выйсьцi замуж. Калi апошняя 'падзея' здарыцца неяк у маiм жыцьцi, дык маiм абраньнiкам будзе напэўна толькi такi мужны, бясстрашны 'капiтан паветра' - даконча 'капiтан паветра', - закончыла Вера, неяк цi то лятуценна, цi то насьмешлiва, хоць нiхто з усхваляваных зайздроствам ейных рыцараў апошняга адценьня не зразумеў i навет не спасьцярог.

На гэтым усе гаворкi пра 'падзею' ў кiно спынiлiся й не аднаўлялiся, бо, зрэшты, больш 'нiчога такога' за Верай нiхто ня здолеў спасьцерагчы, як нi пiльна сачылi цяпер усе, асаблiва на першым часе. Але пакрысе сярод хлапцоў клясы пачала раптам выяўляцца надзвычайная цiкавасьць да лётнае справы. Ажывiлася праца школьнага авiягуртка, якi датуль iснаваў бадай толькi на паперы, а калi ўвесну быў абвешчаны авiянабор у школу - дзевятаклясьнiкi, усе як адзiн, пападавалi туды заявы.

Што Вiктар i Юрка пройдуць камiсiю - у гэтым для нiкога ня было найменшага дзiва, але што трэйцiм мiж iх будзе зноў-ткi Валiк - сталася для ўсiх поўнай неспадзеўкаю. Праўда, у навуцы ён заўсёды йшоў у ваднэй тройцы з тымi, але-ж тут не ў навуцы штука, а ў фiзычным стане i здароўя, i сiлы, i спрыту. Дзе гэта ўсё ў паненскае 'нашае Валi', кволае 'Сьнягурачкi'? У самым факце, што й Валiк падаў заяву, бачылi толькi меру ягонае закаханасьцi ў Веры, ня меншую, як у iншых. Хлапцы сьмяялiся й дражнiлiся, што лепш-бы падацца яму ў школу мэдычных сёстраў, бо тут для яго рэч безнадзейная ды зусiм неадпаведная. I дзяўчаты таксама шкадавалi беднага ды наперад рыхтавалiся спачуваць i суцяшаць яго пры забясьпечанай няўдачы. Але Валiк, хоць нязьменна чырванеў на ўсё гэта, ды станоўка, проста 'непасвойму', як казалi, дамагаўся свайго й дамогся, 'адшыўшы' цэлы рад прэтэндэнтаў, якiя фiзычна выглядалi куды мацнейшымi за яго й былi зусiм пэўныя, што ўжо хто-хто, а Валiк тут iм нiякi не канкурэнт.

Неўзабаве й наладзiлi праводзiны будучых 'капiтанаў паветра'. Адгулялi iх у Верынай гасподзе, на што ня толькi згадзiлася, але навет сама запрапанавала Верына мацi - вельмi сымпатычная жанчына, сама настаўнiца. Вера была, як заўсёды, роўна вытрыманай i спакойнай, але ўсё-ж крышку можна было спасьцерагчы, што ёй ня можа не iмпанаваць гэты вычын ейных 'рыцараў', бо дзяўчына напэўна добра разумела, што гэта тыя калiшнiя словы, сказаныя ёю зайдросьнiкам, так вызначальна ўплылi на выбар iмi свае жыцьцёвае кар'еры, гэтак прынадна-рамантычнай, але разам iз тым i такой цяжкой ды небясьпечнай.

Праводжаныя найлепшымi пажаданьнямi й патаёмнай зайздрасьцяй цi аднага зь незадачлiвых канкурэнтаў-аднаклясьнiкаў, адбылi трох у Маскву, дзе неўзабаве, у чырвенi таго самага году, засьпеў iх выбух вайны зь Немцамi. Курс авiяшколы быў прысьпешаны як мага i, добра папрацаваўшы ды, папраўдзе, адмучыўшыся, новасьпечаныя пiлёты апынiлiся ўжо ля самога фронту, у No-скай эскадрыльлi лёгкiх бамбавiкоў, дзе, змушаныя ня так школьным сяброўствам, як тым Верыным бласлаўленьнем i змаганьнем за яе, папрасiлiся ў васобны, свой 'зямляцкi' зьвяз, на чало якога выпрабаваныя падхалiмскiя здольнасьцi вынесьлi Вiктара Лабунiча.

IV

Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсiх палатку, як-бы старт меўся быць ужо, зараз во, i ён ня ўхопiць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выблiснула пад канец гаворкi зь Вiктарам.

- Але, дадому - хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец, - праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткi, i тут-жа палахлiва азiрнуўся, цi не пачуў хто. Блiзка ня вiдаць было нiкога...

Толькi як гэта зрабiць - трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна - бяз панiкi, спакойна. Каб i назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў - назад ужо дудкi... Дый навошта? Там-жа Вера, дык якраз будзе зь ей i адзiн... А гэтыя два тут застануцца - яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыйме? Не, хiба-ж не 'патрыятычна' - чаму-ж сама засталася пад акупацыяй, калi Вiктар прыйшоў сюды (ня хлусiць-жа хiба). I якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе-ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай iншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога - вiламi па вадзе, дзе... А так -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату