поўным парадку. Як мне адступiцца назад?'
- Паеду, сам пабачу я тую клуню, - лагодна сказаў ён iм. - Далёка будзе ў Вольку?
- У Вольку?
- Але.
- Якую Вольку?
- Ну, адкуль той гаспадар, - дадаў Сьцяпан, укладваючы паперы. Аўтобусам, рэйсавым, даеду я туды?
- Ня ведаю, - заiкнуўся гэты цыбаты памочнiк дырэктара. - Хто яго ведае...
- Скажэце мне: самi вы бачылi клуню таго гаспадара ў Вольцы? - цьвёрда запытаў ён iх: 'Сьцяпан, ня падай духам!' - Ну, як?
- Ну, - Сьцяпана раптам падтрымаў дырэктар i непрыхiльна заплюскаў вочкамi на свайго супрацоўнiка, быццам карцёжнiк, якому не падыйшла карта.
Адказны за разьвiццё паслугаў аддзелу ў Бельску апусьцiў галаву.
- Гэта ваш подпiс пад пратаколам? - не адступаўся ад яго Сьцяпан.
- Ага.
- I што вы падпiсалi?
- Ну, што ты падпiсаў? - падступiўся да яго й дырэктар.
Сьцяпана браў сьмех; ён сьцiскаў скiвiцы, бы праглынуўшы лiмон або кавалец квашанага агурка пасьля выпiтай чаркi.
'Начальнiка даволi вывесьцi з уласнага габiнэту i ён пачынае паводзiць сябе бяспрыкладна жаласьлiва'.
Якi нiзкi ўзровень канфлiктаў у каапэратыве! Усё зводзiцца ў iх да грошай, як у прасьцяцкiм тлумачэньнi гiсторыi цывiлiзацыi.
Прыпазьнiлiся разам на гульлiвую нараду. Сьцяпана клiкалi да сябе падхмеленыя прыяцелi, ажно аглядвалiся на iх адусюль...
- Дарагiя сябры й прыяцелi! - устаў з прамовай дырэктар аднаго з аддзелаў, невядомы Сьцяпану. - Дазвольце мне выказаць сваю пераконанасьць у тым, што ня будзь нашага каханага старшынi на пасадзе старшынi, дык каапэратыўная праца ў нашым рэгiёне зусiм заняпала-б. I, вобразна кажучы, усе мы тут, як ёсьць, пайшлi-б у сьвет з жэбрамi! Правiльна гавару?
- Правiльна! - крыкнулi яму хорам прысутныя ды запляскалi ў далонi. Давай, рэж праўдай!
- Старшыня - няхай ён жыве нам сто гадоў i не памiрае! - так пакiраваў каапэратывам, што сёньня кожны з нас зможа пабудаваць сабе вiлу ды, упрыдатак, купiць аўта замежнай маркi, напрыклад, 'Утурмусеў'. У гэтым месцы дарэчы будзе прыгадаць нам i банальнае: умовай багацьця працаўнiкоў зьяўляецца багацьце iх кiраўнiкоў. Рыба гнiе ад галавы, кажуць. Я прапаную паправiць прымаўку: рыба расьце ад галавы!
- Слушна! - узьнялася авацыя навокал. - Прэч зь перажыткамi ў прымаўках! крычалi ўсе. - Далоў крытыкаваньне! Вiтаем сiлу!
- Стар-шы-ня! Стар-шы-ня! - узмацняўся энтузыязм на нарадзе. Ура-а-ааа!!!..
- Няхай жыве курэўства! - рагатлiва крычалi Сьцяпану ў вуха п'яныя яго прыяцелi. - Ка-юк нам! Ка-юк усiм! Ха-ха-ха...
- Цiха! - маргнуў iм Сьцяпан. Але яны, бы апантаныя, раўлi! Ён, доўга не чакаючы, перасеўся ад iх у канец залi, дзе пад сьцяною стаяла незанятае крэсельца. Аказалася яно без адной нагi; неяк прымасьцiўся на iм.
- Цiха, сябры! - падняўся ў прэзыдыюме нарады старшыня. - Дайце сказаць, э, чалавеку.
I публiка мёртва зацiхла.
- Дасягненьнi каапэратыву, дарагiя прыяцелi, цяжка перабольшыць, нягледзячы на намаганьнi яго ворагаў, - працягваў сваё прамоўца. - Куды нi кiнь вокам, бачны адны рэзультаты. Возьмем, прыкладна, паказьнiкi пакражаў. У нашым аддзеле паменшалi яны ў трынаццаць разоў у параўнаньнi зь першымi гадамi. Ва ўсiм каапэратыве, несумненна, яшчэ больш... - далiкатнюсенька папiў ён вады з па-сучаснаму высокай шклянкi. - Або, хаця-б, пакрываньне клуняў гаспадаром. У гэтай дзялянцы паслугаў мы дабiлiся, проста, дасканалых вынiкаў, якiх нiдзе не пачуеш, i, адначасова, рэдкай каштоўнасьцi наватарскага падыходу да справы. Прысутныя добра ведаюць, пра што я гавару. Удалося нам, здавалася-б, немагчымае! Гаспадары, менавiта, самi крыюць свае клунi, каб толькi бляха была iм!..
- Брава! Брава каапэратыўнаму вынаходнiцтву! Малайчына, дырэктар! - чулiся воклiчы.
- Ня мне дзякуйце, дарагiя, але каханаму старшынi нашаму! Ён - наша галава й сярэдзiна. Тое, што я дасягнуў, адбылося з дабратворнага натхненьня ўсiмi шанаванага Шэфа. Такая, вось, шчырая праўда, - ён элегантным жэстам выцер хустачкай лоб. - Я буду блiзкi пачуцьцяў у нас усiх, калi скажу, што зьяўляюся, звычайна, сьмяцiнкай на сьвятой паперы зь iнструкцыямi, якiя атрымоўваем ад нашага мудрага кiраўнiцтва, узначаленага старшынёй!
- Ура-а-ааа!!!
Выступленьне зацягнулася.
Шматлiкiя асобы пратэстацыйна зашумелi.
Старшыня прыемна пачырванеўся.
- Нiчога, э, ня зробiш, - азваўся ён у раптоўнай цiшынi.
- Прашу й мне даць голас, - дамагаўся таксама бельскi дырэктар. - Я не дазволю на тое, каб iншыя ўсё выгаварылi й нiчога мне не засталося!
- Калi ласка, э, - старшыня цёпла папрасiў яго выступiць.
- Сёньня пачуў я тут важкiя словы, - набiраўся гэты разгону. - Здаўна я сумаваў па iх. Пэрыяд крывадушша ды махлярства ў каапэратыве, на шчасьце, беспаваротна мiнуў. Гэта быў няважны эпiзод у яго гiсторыi й, не павагаюся тут дадаць, у гiсторыi масаў, якiя вакол яго круцяцца, - бяльчанiн парабiў занатоўкi й зараз ён пасабляўся iмi. - Аднак-жа, каварныя недабойкi мiнулага добраахвотна не зыходзяць са сцэны нашых падзеяў. Не называючы прозьвiшчаў, ёсьць яны i ў васяродзьдзi каапэратыву. Скажу я больш: у яго кiраўнiцкiм апараце! - ён зьедлiва паглядзеў у бок Сумленевiча, наводзячы туды зацiкаўленыя позiркi iншых. - Каб не паўтарацца, скажу я вам коратка: ёсьць сiлы, якiя спрабоўваюць пярэчыць нашым дасягненьням. На жаль, я тут не махлюю. А калi я пацяшаюся, дык тым, што здаровая большасьць сваiм справядлiвым ботам растопча, бы жабу, кожнага таго, хто асьмелiцца процiдзейнiчаць натуральным законам грамадзкага руху наперад! Во, - ён усё-ж крышаньку боязна зiрнуў на Сьцяпана й, хуценька, на старшыню. - Мой папярэднiк упамiнаў тут прыклад з клунямi. Нам гэта, ня хвалячыся, ужо былое. Мы ў Бельску пайшлi далей! Будуем-жа асабнякi рукамi iх-жа будучых уласьнiкаў, дабiваючыся мiльённых прыбыткаў, звычайна, за нiшто, во! Распусьцiлi мы будаўнiча-рамонтныя брыгады зь iнжынерамi, якiх, дзякаваць Богу, чорт на хвасьце панёс... Прызнаем лёзунг: 'Будуйцеся, людцы, самi!' Канец жартам. Даволi цярпелi мы ад розных патрабаваньняў...
- Ах, як там бойка мазгуюць! - завiсьлiва ўздыхнуў лысы сусед Сьцяпана, працёршы акуляры, каб лепш бачыць захапiўшае яго. - Нам такога-б дырэктара, ах!..
- I я прашу голасу! - вывiснуў нехта ў тлуме.
- Па чарзе, э, сябры, па чарзе, - старшыня пастукаў алоўкам па шыйцы графiну з вадою. Нарада паслухала яго пазвоньваньня ў пачцiвым маўчаньнi. Ну, калi ласка, э, ты, - указаў ён на ахвотнага.
- Дзякую, дарагi старшыня! - выскачыў указаны, бы прымаразак у ранiцу. Факт, што дазволена мне сёньня выказаць сваё слова, як-жа бяззначнае, як-жа нягоднае нават адной хвiлiны ўвагi каханага старшынi, факт гэты, так сказаць, векапомны мне, застанецца ў маёй памяцi назаўсёды, як вышэйшая праява агульначалавечай ласкi. Факт, безь якога немагчыма ўявiць маё далейшае разьвiцьцё, залатымi лiтарамi будзе запiсаны ў... у... гм, у...
- У мазгох, - падказалi яму з залi.
- У мазгох! Мала сказаць - у мазгох, у сэрцы запiшу я яго, i дзецi мае ды ўнукi! Бо, самi падумайце, што... чаго былi-б мы вартыя без бацькоўскага клопату старшынi, якi жыве ў кожным з нас. Старшыня й каапэратыў - гэта сынонiмы аднаго й таго-ж...
- Гэта - што? - перапытаў у яго старшыня.
- Сынонiмы, - аратар пабялеў.
- Э-э... Люблю я, э, крытычнае слоўца ў мой адрас, - ураўнаважана сказаў ён. - Э-э... Ну, што далей? Гаварыце, э...