падкрэсьлiць тут дасягненьнi... Скажам, прыкладна, э, так: 'Нягледзячы на бясспрэчна вялiкiя дасягаеньнi каапэратыву, наглядаюцца ў яго дзейнасьцi, праўда, i некаторыя недахопы...' Га?
- Калi ласка, - згадзiўся зь iм Сьцяпан i ўласнаручна ўвёў у чарнавiк папраўку. - Яшчэ дзе?
- Бачыце, э, у сьвятле вышэй папраўленага ня надта апраўдана гучаць дзе-якiя высновы... Вось: 'Неабходна правесьцi кадравую вэрыфiкацыю кiраўнiцкага пэрсаналу ў ваддзелах, кiруючыся перш за ўсё спэцыялiстычнай кампэтэнтнасьцю ягонага асабовага складу', - старшыня падняў галаву й зноўку яе апусьцiў, паглыбiўся ў чытаньне. - Гучыць фальшыва, не? Прапаную: 'Правесьцi больш строгую кадравую вэрыфiкацыю...' й гэтак далей. Э, га?
- Нашто вам, пане старшыня, такiя фармулёўкi? Яны якраз i фальшывыя, будуць гаварыць няпраўду. Тое, менавiта, што, маўляў, ёсьць вельмi добра ў нас i можа быць цудоўна, гэ-гэ-гэ... Выбачайце, мо я не зразумеў вас? Але калi мы ўзялiся дапамагчы вам, пане старшыня...
- Дапамагчы мне? Жартуеце, пане Сумленевiч!
- Як гэта?
- А так! - засоп старшыня. - Вы ўявiце сябе самога, э, на маiм месцы. I вам прыносяць такую, во, справаздачу. Вы чытаеце яе. I што, э, робiце самi?
- Калi ласка, пане старшыня, - суха загаварыў Сьцяпан. - Я аналiзую яе. Склiкаю ўправу каапэратыву. Я ўжо ведаю, што трэба зрабiць. Праводжу, мэтанакiравана, дыскусiю ва ўправе, арганiзоўваю чыстку...
- Не, э, вы не ўяўляеце сябе на маiм месцы, шаноўны пане. Вас яшчэ не ўкусiла свая вош. Вы не перастаеце гаварыць зьнiзу ўгору, вось, э, зьнiзу, усё зьнiзу, э, задраўшы галаву... Не дапамагаеце вы, а - вымагаеце... Вымагаеце ды ўсё вымагаеце... - старшыня працягнуў руку ў барык. - Зробiм, э, па чарцы?
- Не пачнем-жа мы, цэлай камiсiяй, утойваць тое, што дрэннае ва ўстанове, - Сьцяпан машынальна надпiў з падстаўленай яму чаркi з каньяком, пераўтварацца ў банду ашуканцаў! Прабачце за вострае слова.
- Чаму, Сьцяпане, ты трапна здагадваешся ды, э, памылкова разважаеш, га? запытаў ён голасам iмгненна закаханага. - Ты патрэбны мне! Разумееш? Я абяцаю табе, што на працягу двух гадоў ты зможаш купiць сабе аўтамашыну, э, а ў пэрспэктыве - збудаваць асабняк i жыць, э, не аглядаючыся на ласку цесьця. Ну, э, як табе гэта падабаецца?
- Мне, калi ўжо пытаецеся, гэта не падабаецца.
- Чаму?
- Вы прапануеце мне быць злодзеем.
- Ты гэта так зразумеў?
- Менавiта, так.
- Не гарачыцеся, пане Сумленевiч. Прадумайце ўсё. Пагаварэце з жонкай, зь цесьцем...
- Дзякую вам за параду.
- Я - усур'ёз!
- Я - не сумняваюся ў тым.
- Ну, э, так, - старшыня дапiў сваю чарку. - Ну, а над справаздачай камiсii, я так лiчу, э, вы яшчэ папрацуйце зь вечарок... Э, няшмат тут трэба ў ёй дарабiць. Галоўнае, гладзей пачаткi новарадкоўяў...
- Ня будзе, пане старшыня, нiякiх вечаркоў, нi даробак, пераробак, крываробак i ўсялякiх недаробак. Будзе так, як напiсана! - ён выхапiў з рук старшынi паперы й зьнерухомеў, ад абурэньня ня могучы ўжо гаварыць.
- Смаркач ты! Думаеш - хто-небудзь гэтае, э, падпiша табе?
- Я сам падпiшу! - сарвалася ў Сьцяпана. - Вы кожнага запалохаеце, але не мяне! Падпiшу, разашлю, куды трэба, даволi ўжо... - ён зацяўся ў сабе.
- Гэта, э, будзе твой апошнi подпiс у каапэратыве. Абяцаю табе!..
- Пажывем - пабачым...
- Бывай здароў i, э, наракай на самога сябе.
- Не... Я не дарую таго!
- Халера цябе ведае, э, чаго ты, э, хочаш.
- Да пабачэньня вам, - Сьцяпан кiнуўся ў дзьверы.
- Iдзi з Богам...
Старшыня гаварыў далей, але Сьцяпан ужо ня чуў яго. Ён выбег на вулiцу, забыўшыся пра летнi плашч, якi пакiнуў у сакратарыяце. (Парт'е даў у сьледзтве паказаньнi, што Сьцяпан, бы ненармальны, зьбягаў з усходаў першага паверху, мармычучы пад носам: 'Я табе пакажу!.. Я табе пакажу!..')
Знайшлiся й такiя, што бачылi, як Сумленевiч падпальваў машыну. Ён, сьведчылi яны, выпусьцiў з бака бэнзiн, каб не дайшло да выбуху, што дадаткова даказвала сьвядома злачыннае дзеяньне Сьцяпана на шкоду пацярпелага старшынi. Бак усё роўна ўзарваўся-б, аднак-жа так ня сталася; нехта казаў, што Сьцяпан налiў у яго поўна вады... Агонь ахапiў нават калодзежык каналiзацыi, куды нацякаў успалыхнулы бэнзiн i адкуль - таксама й гэта бачылi - выскоквалi пацукi (аднаго, спаленага, усе хадзiлi глядзець, але, аказалася, гэта быў жмут клочча цi пакульля). Гаварылася - калi Сумленевiча выпусьцiлi з камiсарыяту што ў той машыне старшынi сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка, i ён з францускiм ключом у руцэ пагнаўся за ёю, а яна, скiнуўшы з ног пантофлi на высокiх абцасах, паiмчала церазь нiзкiя платы агародаў у кiрунку стражнiцкай вежы пажарнiкаў, каб, падняўшы там трывогу, выратаваць рэшткi дабра ягонага шэфа...
Нiкому й не падумалася, што Сьцяпан Сумленевiч сам заявiўся ў мiлiцыю. (Калi адчуў, што можа забаяцца сваёй задумы.)
Сяржант прабурчэў да Сьцяпана:
- Iдзеце вы дахаты, бо iначай пасадзiм вас у выцьвярэзьнiк.
- Я ня п'яны, - цiха запярэчыў яму Сьцяпан. - Я прыходжу да вас са справай, i вы абавязаны выслухаць мяне.
- Чуў я тое, хопiць! Трэба будзе - паклiчам.
- Што я павiнен зрабiць, каб вы мне паверылi?
- Перастаць дурыць нам галаву.
- Мо' пабiць шыбу ў вакне камiсарыяту?..
- Я табе паб'ю! Я, ведаеш, што табе паб'ю за гэта? - злосна прабубнiў мiлiцыянт. - Ну, ваш адрас я запiсаў. Да пабачэньня вам.
- Вы мяне абражаеце!
- Чым?
- Даючы мне зразумець, што я - ненармальны.
- Вы, кажаце, спалiлi машыну й яшчэ хочаце запэўнiць нас, што зрабiлi гэта напэўна вы, каб, крый Божа, мы часамi не памылiлiся. Цi вы, скажэце мне, лiчыце нас дурнямi?
- Я прашу вас: складзеце пратакол допыту мяне.
- Мы - не бюро бытавых паслугаў насельнiцтву. Ясна?
- Калi так, дык, калi ласка, зьвяжэце мяне з капiтанам.
- Якi вы чалавек! - зьнецярплiвiўся сяржант. - Ну, iдзеце вы адгэтуль. Па-добраму вас прашу: iдзеце сабе дахаты.
- Я нiкуды адсюль не пайду!
- Званiць мне па карэтку хуткай дапамогi? - сяржант паклаў руку на тэлефон, якi, як на тое, якраз зазванiў; ён уздрыгануў. - Сяржант Дуля, слухаю, - сказаў у трубку. - Выканана, - далажыў ён камусьцi. - Ага. Так. Што? Не, - ён павярнуўся бокам да Сьцяпана. - Разумею. Не. Не. Не. Раблю, што магу... Так. Так. Ясна! - сяржант паклаў тэлефонную трубку й даўгапiсам натхнёна пачухаўся за вухам. - Гм, - уважлiва прыгледзеўся ён да Сьцяпана, можна сказаць, з сардэчнасьцю. - Дык, значыць, вы жадаеце даць паказаньнi?
- Вас аблаялi? - Сьцяпан: 'Што я найлепшае раблю, iдыёт?! Хачу-ж дабiцца ўмоваў дзеля зьнiшчэньня кагосьцi, хто...'
- Дайце мне, калi ласка, ваш пашпарт, - папрасiў ён у Сьцяпана, выклаўшы з шуфлядкi колькi пратакольных блянкаў.
У Сумленевiча пашпарту не аказалася.
- Хвароба, я, мусiць, пакiнуў дома... - Сьцяпан абшукваў кiшэнi, але ўжо ведаў, што надарма. - Нашто сумленнаму чалавеку пашпарт патрэбны? - гаварыў ён, бы той, хто нарэшце дачакаўся пачастунку й, пакуль,