- Значыць, каго? Старшыню?
- Ага.
- Самому трапiўшы ў суд?
- Няма iншага спосабу, Кiра.
- Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? I прысудзяць - адкупiць машыну!..
- Хто акажацца злачынцам - пабачым. А машыну, калi трэба будзе, а адкуплю.
- За сваё?
- За сваё, Кiра.
- Цi ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якiя ў цябе заробкi?
- Так, Кiра.
- Ты адкупiш - за iх?
- Калi трэба будзе...
Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.
- Ты ненармальны.
- Не разумееш мяне, Кiра.
- Не разумею? Як можна разумець...
Зьявiлася цешча.
- Крычы, не крычы - сталася, - загаварыла яна. - Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...
Сьцяпан зноў разгарнуў кнiжку.
- А балячку, хiба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га? - узлавалася Кiра.
- Ты гаворыш, як пра чужога, - не адступалася ад свайго цешча.
- А ён, калi вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?
- Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан - твой муж, дочка.
- Твой... Твой... Ах, мама, iдзеце вы разам са сваiмi павучэньнямi... Кiра вытузнула кнiжку са Сьцяпанавых рук. - Слухай ты, булава, калi да цябе гавораць! Не адзiн-жа жывеш тут!..
- А ну вас! - цешча, выцiраючы далонi аб хвартух, павярнула назад.
- Ну, - Сьцяпан трымаўся.
- Ведаеш, на каго ты падобны?
- Ведаю.
- Перастань ты дурня клеiць ды йдзi да старшынi, чуеш? Прасi яго - мо' прабачыць табе, адпусьцiцца...
- Прасiць гэтага лайдака - не ў маiм пляне.
- Тады - што?
- Я-ж табе, Кiра, казаў...
- Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!
- Кiра, калi-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьцiў-бы да суда. Ён павiнен дасканала прадчуваць тое, куды я хiлю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба... - Сьцяпан закурыў. - Але - дудкi, запозна: я быў у мiлiцыi!
- Што?!
- Зараз яму не выкруцiцца ад сьледзтва.
- Ты прызнаўся?..
- Гэта вельмi важнае, Кiра: стварыць падставу.
- На сваю галаву?
- Дакладней - на яго.
- Вар'ят ты! Палесьцiнец! - Кiра захадзiла па пакоi. - Ну, капцы ўсяму...
- Кiра! Як табе гэта вытлумачыць? - ён паклаў кнiжку на палiцу. - Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захулiганiў, але чаму? Якiя прычыны склалiся на тое? I я раскажу пра iх на судзе. Публiчна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробiцца вялiкае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьнiцай, што ён правалiцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кiра.
- Паважаны Сьцяпан Сумленевiч, - iранiчна скрывiла яна губкi. - Па-першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наiўнасьцi, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захiрэлую эпоху, i таму, адразу, падлягаеш квалiфiкацыi ў музэй. Па-другое, ты вiнаваты ў акце тэрору ў дачыненьнi да iншай асобы, што ня зможа апраўдаць нiякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсi, на пэрыяд аднаго пакаленьня кiраўнiкоў грамадзкага жыцьця, у якiх прозьвiшчу Сумленевiча будзе спадарожнiчаць даданы сказ: 'А, гэта той дурань, якi калiсьцi спалiў аўта, ну, таго...' Па-чацьвертае, ашчасьлiвiш ты наступнага праныру, якому, мабыць, i абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшынi. Па-пятае, у каапэратыве нiчога ня зьменiцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялi, а iмпэрыя нi трошкi не пахiснулася...
- Усё?
- У васноўным - усё.
- Калi-б паверыць табе, Кiра, дык дзеяньне чалавека павiнна быць накiраванае безумоўна на асабiстую карысьць. Не пратэстуй, бо iншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сiлаў дзеля агульнай...
- Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкi на алтар грамадзкасьцi, прыгожа кажучы.
- Не бачу я ў гэтым нiчога сьмешнага.
- I я. З другога боку.
- Свайго.
- Невядома, хто з нас абаiх чысьцейшы эгаiст, Сьцяпан...
- Што, Кiра, маеш на ўвазе?
- Тваё 'я'.
- Ах, во яно як!
- Прытым, куды гэта падзелася Сумленевiчава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робiш. Дзiця, выдатнiк па тэорыi й двоечнiк па практыцы, анархiст, вулiчны, камiчны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымiнальная служба падлiчыць твае векапомныя зьдзяйсьненьнi. Будзе рогату ў судзе, калi абвiнавачаны Сумленевiч пачне растлумачваць, што ён спалiў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публiка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнiшчаньня камбiнатараў: спальваньне iх маёмасьцi. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьцi людзей, у адрас якiх iснуюць маральныя закiды! Толькi справядлiвыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухнiся! Прачнiся!..
- Выйдзi, Кiра!
20
На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлiвасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрмiновае афармленьне iм разьлiкаў у расходваньнi каапэратыўнымi аддзеламi будаўнiчых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскiм квартале ды ў Бельску й Саколцы.
Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камiсii, чысьценька перапiсаную. 'Няўжо забыўся ён перахапiць крамолу?!' - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпiсаўся на ўсiх пяцi экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявiцца ў iх ён, каб парваць на дробненькiя кавалачкi гэты нязручны яму дакумант.
Сумленевiч пазванiў членам камiсii, каб i яны падпiсалi. На жаль, нiкога зь iх ён не застаў на месцы: двух знаходзiлася ў каманьдзiроўцы, а трэцi хварэў.
'Пачнем ад хворага, якi, ёсьць надзея, пра нiшто яшчэ ня ведае', - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.
Ля пераходу цераз вулiцу, побач рэстарану 'Гродна' мурашыўся людзкi натоўп. Прычэпа ад грузавiка, нахiленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялiзны сабака. Мiлiцыянты мералi. Бамбiза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад вiдавоку крывi ката зь вiхрастай поўсьцю; хтосьцi загiнуў ля газону. Грузавiк-жа з галавастаю шафёркаю вiнавата чакаў, загарадзiўшы замурзаным сваiм тулавам дарогу машынам, якiя, спадцiшка, сыгналiлi й аб'яжджалi завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалi шыi, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьцi да кагосьцi... Шайка вучняў з тлусьценькiмi мордачкамi, разявiўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзiн зь iх, непаваротлiва, фатаграфаваў.