справа? Вось i ты сабе такога шукай хахаля, усякла?
— Вярнi мне тыя падарункi, што я купляла, быццам для тваiх родзiчаў! выкрыкнула Iрэна.
— Ай, цiшэй! — прамямлiў, пацiраючы за вухам, Янка. — Я i раней лiчыў, што ты крыху iстэрычная… Пардон, мадам! Падарункаў няма — падарыў жончынай мацi. А што мне рабiць было, калi не працую?
Iрэна залямантавала ад злосцi i крыўды, наляцела на Янку з кулакамi, пачала рваць ягоныя валасы, упiлася зубамi ў шчаку, з асалодай адчуваючы на сваiх вуснах ягоную кроў… Нiхто не мог спынiць яе — яна бiлася з iм не на жыццё — насмерць, ратуючы свой гонар, помсцячы за ўсё i за ўсiх. Павыскоквалi на пляцоўку суседзi. Нечакана прыехалi мiлiцыя i людзi ў белых халатах. Вырываючыся з нечых учэпiстых рук, Iрэна рагатала, гледзячы на акрываўленага Янку з пакусанай шчакою, разадраным пазногцямi тварам i апухлым вокам. Ён, згорбiўшыся, тулiўся ў кутку ля дзвярэй…
— Кладзiся спаць! — загадаў Антось i схаваў у тумбачку пустую бутэльку.
— Не! — хiстаючыся, плюхнуўся на стул Мiкола. — Я буду пiць, пакуль не звалюся!.. Схадзi яшчэ ў краму!
— Якая табе крама — апоўначы ўжо! — настойлiва ўкладваў сябра ў ложак Антось. — Спi лепш, набраўся як свiння гразi! Аленка прыходзiла, стукала ў дзверы, але я ёй не адчынiў… Вы ж у тэатр збiралiся!
— Якi тэатр? — узняўся з ложка Мiкола. — Яна мне надакучыла сваiмi прапановамi!
Ён павярнуўся тварам да сцяны, але раптам ускочыў.
— Антось! Прачытай мне лiст ад Таццянкi, — папрасiў сябра.
— 'Дачушка такая моднiца, — пачаў Антось, — у садок збiраецца i кажа, каб сёння не апранала тую сукенку, у якой была ўчора… Нам ад цябе нiчога не трэба. Проста ведай, што калi ты адслужыў у войску i паехаў дадому…'
— Хопiць! — Мiкола злез з ложка i пачаў апранацца. — Гадаўка яна, Таццянка! Увесь настрой мне сапсавала, у душу залезла! Але ўсё роўна не паеду да яе!
Ён павярнуў ключ у замку, адчынiў дзверы.
— Ты куды? — занепакоiўся Антось.
— Да трамвайшчыцы! Яна налье…
— Дык я не зразумела, да каго вы? — смяялася маладая вахцёрка.
— Я ж кажу: Наташа, трамвайшчыца… — паўтарыў Мiкола.
— У нас усе трамвайшчыцы! — зайшлася зычным смехам жанчына. — А прозвiшча як тваёй Наташы?
— Ай, бялявая такая! Баявая дужа… I смачна гатуе!
— Мiхалёва, можа? Ну прайдзi ў дзвесце другi пакой, — буркнула вахцёрка.
Ён падняўся на другi паверх, пастукаў у дзверы.
— Ах ты, мой сiнявокi донжуан! — абняла яго Наташа ў празрыстым блакiтным пеньюары. — Я ведала, што ты прыйдзеш… Ой, дарагi, ды ты ж ледзь на нагах трымаешся! Хуценька ў ложак, хуценька… Вось… Зараз я цябе разую, дам сто грамаў i сама прылягу побач…
Аленка выйшла на невялiчкай станцыi «Жыткавiчы». Гаманлiвая жанчына, што гандлявала пончыкамi з павiдлам, растлумачыла ёй, як прайсцi на вулiцу Вясновую. Яна пакрочыла, асцярожна трымаючы ў руках вялiкiя гладыёлусы, якiя везла Вользе з самага Менска. Патрэбны дом знайшла хутка. Гэта была невялiчкая хатка на вулiцы ў прыватным сектары. Аленка зайшла ў двор i пастукала ў дзверы. Ёй адчынiла дзяўчына гадоў дваццацi пяцi, сур'ёзная, строгая, у льняной сукенцы з вышытымi ля каўнерыка кветкамi.
— Прабачце, можна Вольгу? — прамовiла Аленка.
— Гэта я, — адказала тая. — Заходзьце, калi ласка!
Аленка нязграбна ўсунула ёй кветкi, прашаптала: 'Ад Мiколы!' — i прайшла ў пакой.
Здзiўленымi вачыма паглядзела Вольга на нечаканую госцю, паставiла кветкi ў вазу, прапанавала Аленцы садзiцца за стол, а сама пайшла па каву. Прынесла. Адгарнула рукою валасы — штучна завiтыя, яны даставалi да плячэй i мякка клалiся на каўнерык, — усмiхнулася:
— Пазнаёмiмся?
— Ага! — усхапiлася з месца Аленка i назвала сваё iмя.
— Частуйцеся кавай, — прапанавала Вольга. — I давайце пагаворым пра Мiколу, дарэчы, ад якога гэта Мiколы кветкi?
— Як 'ад якога'? — здзiвiлася Аленка. — Вы й не здагадалiся? Вось ад гэтага Мiколы! — працягнула ёй сшытак з вершамi. — Ён так кахае вас! Часта чытае нам вершы свае, вы — яго муза, яго натхненне…
Заiнтрыгаваная Вольга ўважлiва чытала кожны лiст, а калi скончыла, падняла на Аленку вялiкiя шэрыя вочы:
— Вы — яго сястра?
— Не, мы разам вучымся…
— З якога ты класа, Аленка? З нашай школы? — пацiкавiлася Вольга. Ведаеш, я нядаўна працую ў Жыткавiчах… Да гэтага ў вёсцы выкладала…
— Я з Менска, — удакладнiла тая. — Мы з Мiколам разам вучымся ў iнстытуце культуры. Мне проста яго шкада стала — ён пакутуе, кахае вас!.. А вы нават не здагадваецеся пра яго iснаванне!..
— Iнстытут культуры… — правяла пальцам па бровах Вольга. — Аленачка, калi ласка, растлумач! Як яго прозвiшча?
— Мiкола Гайда! — амаль раззлавалася Аленка.
— Гайда? — мовiла Вольга. — Так, так, я ведаю яго… Мы жылi ў адной вёсцы, у Вiшаньцы… Там яшчэ такi стары маёнтак ёсць i дзiўнае паданне пра Чорную здань… I пра князя Вiтаўта i Дарыну.
Вольга змоўкла i засяроджана круцiла ў руцэ кубак з кавай.
— Я ў гэтай вёсцы жыла з бабуляй, — з сумам прадоўжыла яна. — Бабуля не ўжылася з нявесткай, гэта значыць, з маёй мацi, i бацька купiў бабулi хату ў вёсцы Вiшанька. Ёй было сумна адной, i яна ўзяла мяне да сябе… Якiя шчаслiвыя гэта былi гады! — усмiхнулася яна, адкiнулася на спiнку крэсла. — Мы хадзiлi з бабуляй у царкву, што ля маёнтка, тады яна яшчэ працавала, я слухала, як на хорах спяваюць пеўчыя, i мне здавалася, што ўсё гэта мне толькi снiцца, бо нiдзе так добра мне не было, як там… Бабуля мая памерла, калi я скончыла школу. Хату нехта купiў. А я цяпер езджу ў вёску да мацi з бацькам, тая вёска мне не даспадобы… А вось Вiшанька!..
Вольга пазiрала некуды ўдалячынь задумлiвым позiркам.
— А пра Мiколу раскажыце! — папрасiла Аленка.
— Пра Мiколу? — узняла бровы Вольга. — Гэта быў маленькi свавольны хлопчык, неслух i ганарлiвец. Ён жыў са мною па суседству, вучыўся ў паралельным класе, але ён нiколi мне не падабаўся, дый сам нiколi не заляцаўся да мяне… Я раскажу табе пра другога хлопца, — таемным голасам мовiла Вольга. — Калi мне было чатырнаццаць гадоў i я вучылася ў восьмым класе, у мяне закахаўся вельмi «стары», як мне тады здавалася, хлопец. Ён ужо скончыў iнстытут i працаваў iнжынерам. Яму было дваццаць чатыры гады, i мне здавалася, гэта вельмi многа: аж на дзесяць гадоў старэйшы! I я адмовiла яму. — Вольга ўздыхнула, паправiла пояс на сукенцы. — Аленачка, якая я была дурная! Цяпер ён — паважаны чалавек у раёне, усяго трыццаць пяць гадоў яму, а ўжо вялiкi начальнiк, усё мае: i сям'ю, i дзяцей, i з жонкаю добра жыве. А чаго дабiлася я? Жыву на кватэры, атрымлiваю мiзэр, каханага няма… А iсцi за абы-каго не хачу!
Яна крыху памаўчала, а потым дадала:
— Не верце вы Мiколу наконт кахання да мяне. У яго ўжо такое аднойчы было. Ён — фантазёр! Неяк у школе таксама пiсаў палымяныя пакутныя вершы, а мы ўсе так зайздросцiлi той, каму ён пiша!.. Аказалася — ён стварыў сабе вобраз дзяўчыны, якую хацеў сустрэць, а iмя i твар 'узяў напракат' у нашай прадаўшчыцы, што нейкi час працавала ў краме на практыцы! Рэальнага чалавека так кахаць немагчыма!..
Аленка расчаравана ўздыхнула.
— Кветкi я купiла сама, — усмiхнуўшыся, прашаптала яна. — Хацела пабачыць вас…
Вольга абняла яе i з тужлiваю ўсмешкаю прытулiла да сябе.
VI