Маруся Вайтовiч асцярожна прачынiла дзверы i зайшла ў кабiнет iнспектара па кадрах.
— Вы таксама з вышэйшай? — адразу запыталася пажылая, у строгiм дзелавым касцюме жанчына. — На станок, вучанiцай токара пойдзеце?
— Не! — адмовiлася Маруся. — Там шумна, бруд…
— Даражэнькая, — засмяялася iнспектар, — столькi iнжынераў скарацiлi! З рукамi-нагамi адрываюць любую працу, а вы носам круцiце! Вучанiцай маляра пойдзеце?
— Мазаiчнiцай! — папрасiлася Маруся. — Там хоць творчая работа…
— Трэба скончыць курсы…
— Згодна! — узрадавана ўсмiхнулася Маруся i пачала запаўняць картку.
Па-сапраўднаму шчаслiвая выбегла з кабiнета i сутыкнулася ў калiдоры з Дуброўскiм.
— I куды ж гэта так? — засмяяўся ён, прывiтаўшыся.
Калi даведаўся пра Марусiны справы, засмуцiў яе тым, што сказаў: мазаiчнiцаю цяжка куды ўладкавацца. I прапанаваў тэлефон адной фiрмы.
— Вы скажыце, што ад Дуброўскага, — усмiхнуўся ён, — i вас адразу, пасля курсаў, возьмуць на працу!
— Дзякую! — шчыра мовiла Маруся, i ёй стала сумна, што вось так нечакана развалiўся iх праектны аддзел: Зоська i Надзя Шэбан цяпер сядзяць дома, хатнiя гаспадынi. А Дуброўскi? Яна чула, быццам ён атрымаў у спадчыну маёнтак ад свайго прадзеда, стаў мiльянерам i цяпер узначальвае нейкую фiрму…
— Я падвязу вас, — прапанаваў Дуброўскi.
Маруся згадзiлася. Усю дарогу ехалi моўчкi — слухалi музыку. На развiтанне Дуброўскi ўсмiхнуўся i пацалаваў ёй руку…
Дома чакала шмат спраў, таму Маруся першым чынам вырашыла ўзяцца за ўборку кватэры. Учора прыходзiлi Iрэна з Аленкаю — цыравалi заплечнiкi, палаткi. Малявалi замак, князя Вiтаўта, Дарыну… Размаўлялi пра каханне… Маруся радавалася, што паход павядзе не Анатоль i што наогул ён ужо даўно выкраслены з яе жыцця…
Толькi ўзялася за справу — званок у дзверы. Адчынiла i застыла на парозе ад здзiўлення: перад ёю стаяў Анатоль, а за ягонай спiною — сарамлiвая, тоненькая, вастраносая Галя…
— Вось гэта сюрпрыз! — усмiхнулася Маруся. — Праходзь, Галя! А чаму гэта Анатоль з табою, на хвост садзiцца, у паход захацеў?
Яна насмешлiва агледзела яго з ног да галавы, запрасiла ў кватэру. Той адразу, па-свойску, усеўся на канапу, закiнуў нага за нагу i выпалiў:
— Курыцу ў цесце, антрыкот, залiўное! Усё гэта павiнна навучыцца гатаваць Галя, бо мы з ёю памiрылiся, вяселле — адразу пасля паходу. Навучы яе, калi ласка, Маруся, быць гаспадыняй!
Тая, аслупянеўшы, пазiрала на Галю, потым пастукала кулаком па сваiм iлбе:
— Во, у цябе, Галачка, макацёр не варыць! Ты ж сама ўпэўнiлася, што ён дэспат, што яму патрэбна проста баба, каб варыла-мыла, а ён па паходах будзе хадзiць! А цябе нiкуды не пусцiць!
— Ай, Маруся, — засмяялася Галя. — Гэта ён спачатку, а потым i дзяцей захоча, i ў паходы мяне браць стане…
— Чаму ты такая наiўная? — раззлавалася Маруся. — Калi чалавек табе адкрыта гаворыць аб сваiх патрабаваннях, чаму ты не верыш яму, а спадзяешся на нейкiя цуды? Ён жа табе канкрэтна сказаў: жанчыне месца на кухнi! Так, Анатоль?
— Ну! А як жа, — згадзiўся ён, — я заўсёды гавару праўду, навошта мне перад вяселлем прыкiдвацца адным, а потым станавiцца другiм. Я чалавек адкрыты, не вiляю, каб спадабацца. Да мужчыны трэба альбо прыстасоўвацца, альбо кiдаць!
— Вы ж такiя розныя, Галя! — узяла яе за плечы, глянула ў вочы Маруся. Людзi альбо падыходзяць адно аднаму, альбо не — сярэдзiны не бывае, Галя, вы ж не падыходзiце адно аднаму: у вас розныя iнтарэсы, патрабаванннi, погляды на жыццё! Ты хочаш, каб была турысцкая сям'я, а Анатоль хоча толькi сам удасканальвацца, хадзiць у паходы, рабiць кар'еру. Ён жэнiцца толькi таму, што надакучыла самому ежу гатаваць!
— Ён мяне кахае, — настойвала Галя.
Маруся зiрнула на Анатоля, i той адмоўна закiваў галавою.
Галя ўбачыла гэта i засмяялася:
— Ён жа з сузор'я Панны! А ўсе Панны — сарамлiвыя i нiколi ў каханнi не прызнаюцца, хаваюць свае пачуццi. Маёй сяброўцы муж сказаў «кахаю» толькi на трэцiм годзе сямейнага жыцця!
— Не спадзявайся на гэта, — уздыхнула Маруся. — Калi чалавек маўчыць, значыць, яму ёсць чаго маўчаць. 'Не бойся крыклiвага, а бойся маўклiвага', недарэмна так кажуць у народзе.
Маруся падышла да акна, адхiлiла фiранкi. Вечар апускаўся на горад. Сонца садзiлася ў хмары, вялiкiя, чырвона-барвовыя. Мацнеў вецер, тужлiва хiсталiся верхавiны дрэў…
Галя прытулiлася да Анатоля, але той адхiлiўся ад яе, шыкнуў, маўляў, не час для абдымкаў. 'Калi ты хмуры мiзантроп альбо эгаiстычны бурчун, — падумала Маруся, — шлюб не выправiць цябе. Шлюб нiкога не зменьвае — ён толькi зрывае маскi…'
— Якi ў цябе сакрэт? — раззлавана глядзеў на Наташу Мiкола. — Навошта тэлефанавала? Прыпёрся, як дурань, у твой iнтэрнат, цяпер на мяне ўсе тут пяляцца!
— А ты не звяртай нi на каго ўвагi! — засмяялася Наташа i ўсунула яму ў рукi выварку з бялiзнай. — Нясi на кухню!
— Я табе не грузчык!
— Тады сакрэту не скажу! — загадкава ўсмiхнулася яна.
Мiкола паслухаўся. Калi вярнуўся з кухнi ў яе пакойчык, Наташа рыхтавала на стол. Побач, на ложку, сядзелi з цiкаўнымi тварамi яе сяброўкi.
— Агледзiны ўстроiла? — буркнуў Мiкола, але за стол сеў.
Сяброўкi прымасцiлiся ля яго. Ён падмiргнуў iм, калупнуў вiдэльцам сардэльку, адкусiў, пачаў умiнаць рыс з чырвонай падлiвай.
Наташа перамiгнулася з дзяўчатамi i пачала:
— Мiколачка, пайшлi з намi ў Дом мэблi! Трэба нешта купiць, а мы саромеемся. Мужчыне спрытней! На грошы i пайшлi!
— Вы што, прэзерватывы там купляць будзеце? — незадаволена падняўся з-за стала Мiкола. — Што там, у мэблевым, можа быць такое, чаго можна саромецца?
Дзяўчаты захiхiкалi i пацягнулi Мiколу на вулiцу.
…У салоне дзiцячай мэблi Наташа пашапталася з прадаўшчыцай, павiляла з таемнай усмешкай ля Мiколы i загадала яму iсцi ў касу выбiць чэк. Калi ён падышоў з чэкам да прадаўшчыцы, тая ветлiва падкацiла да яго дзiцячую каляску. Мiкола раздражнёна ўздыхнуў, моўчкi выкацiў каляску з салона i на вулiцы развiтаўся з дзяўчатамi, сказаўшы iм, што ў гэтым жарце няма нiчога смешнага.
Ля свайго iнтэрната сутыкнуўся з Аленкай.
— Заявiлася! — буркнуў сабе пад нос.
— Мiколачка, мне трэба табе сказаць нешта сур'ёзнае, — пачырванеўшы, мовiла Аленка.
— Што, табе таксама каляску купiць? — са злосцю кiнуў Мiкола.
— Мiколачка! — заззяла Аленка. — Як ты здагадаўся? Я такая шчаслiвая! Яна кiнулася яму на шыю. — Мне доктар сказаў, што нельга рабiць першы аборт, i вось ты не супраць нашага дзiцяцi… Дзякую! Я так кахаю цябе!
— Якiя кнiжныя словы! — узяўся за ручку дзвярэй Мiкола. — Яны не адгукаюцца ў маёй душы. Ну што мне рабiць, Аленка, каб пакахаць цябе, што?
— Давай пажэнiмся, а тады прывыкнеш, — папрасiла Аленка i дакранулася да ягонай рукi. — Можа, i каханне прыйдзе. Кажуць, калi ў сексе абаiм добра, то i ўсё будзе добра.
— А душа, Аленка? — узмалiўся Мiкола. — Зачараванне сексам пройдзе, а што рабiць душы потым, калi мы духоўна чужыя?..
— Навошта ж тады ты прыняў маё каханне?
— Я прыняў тваё цела, каб не загубiць адмовай у каханнi тваю душу.
— Ты ўжо яе загубiў! — заплакала Аленка.
— Мне трэба было цябе адхiлiць, так? — абняў ён дзяўчыну. — Каб адхiлiў, ты ўсё роўна пакутавала б.