неба.

У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.

— Дзень добры, Андрэй, — нечакана сказаў за спіной яе голас.

Яна стаяла і даволі суха глядзела на яго. А поруч усміхалася з-пад капюшона канадскай блакітнай куртачкі сумнае і вельмі прыгожае аблічча Ганны.

— Вось, — сказала яна, — угаварыла мяне Ірына. I чамусьці мне захацелася кінуць нават тэрміновую работу. Гары яна ясным гарам! Дзень які, Андруша!

Горава глядзела на яе пяшчотна і насцярожана. Злёгку насцярожана і вельмі пяшчотна.

— Я даволі лёгка ўгаварыла яе, — сказала яна.

— Ну і добра, — сказаў Андрэй. — Ах, дзень які!

— Давайце па машынах, — сказала Галіна Іванаўна. Андрэй прапусціў жанчын. Потым, разам з Вайвадсам, палез у аўтобус.

— Браты-разбойнічкі, - прабурчаў за іхняй спіной Стаўроў. — Ушкуйнічкі. 'Сарынь на кічку'…

Прабурчаў амаль тыя словы, што сказала Ганна, і гэта было непрыемна. Стаўроў наогул быў непрыемны Андрэю. Дабра складзены, трохі грузлаваты, з сівеючымі ўжо валасамі, з халоднымі вачыма за шклом акуляраў, з неяк непрыстойна, трохі па-бабску, прыгожым абліччам.

I горш за ўсё было тое, што завуч паслала Андрэя ў будынак з нейкімі паперкамі, а калі ён вярнуўся, Горава сядзела ўжо ў атачэнні другіх. Справа ад яе сядзеў Стаўроў, злева — Харунжы, данскі казак з вострымі вачыма і вострым тварам. У гэтага ўсё было вострым, нават характар, неўтаймаваны, шальны, рэзка-разумны. Ён мог цэлую гадзіну гаварыць лухту, а потым кінуць нешта такое, чаго і Саламон не сказаў бы.

Яшчэ ў дзевятым класе, — а было гэта ў канцы трыццатых гадоў, - ён трапіў некуды на Інту: хацеў 'адарваць Дон ад Расіі'. I вось выстаяў, і быў, нягледзячы на ўсе свае Адысеі, такі гарачы, што ў спрэчках яго з Андрэем ад абодвух ляцела пер'е.

Супраць яго Андрэй нічога не меў, а вось Стаўроў… Той і тут адразу пачаў з удаванай — а можа, і сапраўднай — тупасцю пытаць Ірыну 'како веруе', плявузгаў нешта пра хазараў і вялікае перасяленне народаў. Вельмі хацелася надаваць яму каленкай пад зад. Аўтобус бы вельмі здзівіўся. Але цывілізаванасць не дазволіла.

Расчараваны Андрэй сеў поруч з Ганнай, даволі далёка ад Горавай, і стаў глядзець у акно.

Дзень быў цудоўны, а дарога зусім хуткаплынная. Паабапал стаялі пустыя і прасторныя, як храмы, лясы, кранутыя лёгкай сівізной трывалага ранішніка (такога, што і за дзень можа не заплакаць). А пад дрэвамі была прыпудраная срэбрам, хрумсткая на выгляд трава. Усё было добра, нават лёгкі пах гною з раскрытага сілоснага капца ў вёсцы, дзе на хвіліну спыніліся.

Цякла нейкая няспешная, вельмі разумная і цёплая размова з Ганнай. Ён не запамятаў з яе амаль нічога.

Толькі аднойчы яны разам прыпалі да шкла, так блізка галовамі адзін да аднаго, што Андрэй адчуў бязважкі дотык пасмы яе валасоў да сваёй скроні.

— Глядзіце, — чамусьці шэптам сказала яна.

Па залітай халодным сонцам руні, быццам закутай у блакітнае срэбра, раскрыліўшы вушы, гнаў зайца палымяны ірландскі сетэр, палымяны, як стручок чырвонага перцу.

I быў у гэтым такі імпэт, такая першабытна-звярыная сіла і радасць, што аж перахапіла подых.

— Як думаеце, дагонiць? — спытала яна.

Ён ведаў, якога адказу чакае яна:

— Ну вядома, не. Куды там. Яму гэта што — размінка. А таму справа жыцця. Дый, не ягоная, не рыжага гэта справа — ганяць.

А Ірына ўвесь час была спакойнай і халоднай, ані разу не затрымала на ім вачэй. Так, суха прабягала позіркам. I ад срэбнага дня і ад яе халоднасці ў душы нараджаўся нейкі лікуючы адчай.

'Д'ябал з ім!'

Потым з ружовага марознага дыму ўзнік Загорск — барвяны, залаты, стракаты, юонаўскі, глазурны, як пернік. Увесь як цяжкаватая, трохі гнятучая казка.

Так, гэта не Нерль. Там усё было — вясна, біццё, тут — усё ўлада, багатая крывёй.

Ірына старалася трымацца далей ад яго. Увесь час далей і ўвесь час поруч са Стаўровым. I ўрэшце Андрэй нават неяк прымірыўся, што яна далёка, што яна не чуе яго пытанняў або адказвае на іх двума словамі, быццам шэлег старцу кідае. Прымірыўся і стаў хадзіць з Ганнай, перабольшана мяккім тонам размаўляць з ёю. А сам, увесь напружаны, адчуваў, што гэты дзень скончыцца грандыёзным скандалам.

Шкадаваў толькі Ганну. Добрая, ружовая, з марозу, яна ўвесь час казала нешта таксама добрае:

— Глядзіце, духаўская царква. Як дзяўчына ў сарафане! I гэты кафляны паясок каляровы… якраз пад грудзьмі. Дзіва!

А над ракай Сергія ў вечным жоўтым зарыве свечак, пад нямоўчны спеў галасоў, схіляла галаву зусім як тыя, тут жа, на рублёўскіх абразах.

— Чуеце? 'Нашэсце іншапляменных'… Словы якія!

І хаця рукою махаць хацелася Андрэю на тое, што вырасла гэтага 'Нашэсця іншапляменных', — ён маўчаў.

Проста быў уражаны тым, што адбывалася. Нядобра гэта было, гульня з людзьмі. Ён разумеў гэта і, аднак, заставаўся пры сваім.

У дзверы плыло марознае паветра. I яго водар, водар заінелых дрэў, мяшаўся з водарам яе цёплай скуры.

…Па дарозе ў рызніцу Андрэй аскандаліўся. Ірына пайшла дамаўляцца ў дырэкцыю. Усе стаялі і чакалі яе. I тут нейкая дзяўчына, вельмі вытанчаная з выгляду, праходзячы паўз яго, упусціла кніжку. Ён нахіліўся быў, але дзяўчына, яшчэ шпарчэй, выхапіла кніжку з-пад яго рукі, сказала скорагаворкай:

— Бач ты, які прэндкі на чужое дабро.

Вакол зарагаталі. Андрэй ледзь не праваліўся на месцы. Каб неяк выблытацца з няёмкага становішча, ён сеў на прыступкі і, калі Ірына выйшла, сказаў басам, але ў наўмысна дзіцячым, дурасліва-слёзным тоне:

— Iрына Сяргееўна, мяне крыўдзяць.

Толькі тут на імгненне сухасць знікла з яе вачэй, і яна спытала:

— Ну што, ну што з вамі? Што?

I нейкая такая пяшчота была ў яе голасе, што Андрэю быццам цёплым крылом правялі па сэрцы.

А потым зноў халодная складка вуснаў. I зноў поруч Стаўроў.

У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі — гэта мазурыкі і авантурысты. 'Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!'

А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.

I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.

Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч 'усё з дзяўчатамі'. I тады Стаўроў з непрыхаванай з'едлівасцю сказаў:

— Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.

Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.

Выпрастаўшыся, — за сталом запанавала раптоўная цішыня, — ён сказаў халодным голасам:

— Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.

Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.

Ён раззлаваўся. Пазбягаў яе вачэй, назнарок пайшоў ад усіх шукаць 'таварыша іераманаха' (цьфу!), каб той адчыніў ім трапезную. Ён усё жыццё не любіў 'хлебных ідэалаў' і таму — маючы на ўвазе хутчэй стаўровых, чым духам богу віннага іераманаха, — шэптам сказаў Ганне:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату