замілаванне прыводзіла вытанчаная інтэлігентнасць яго аблічча, аксамітна-цёмныя, жывыя вочы, рукі артыста. Ды ён і сапраўды быў падобны на нейкага вядомага артыста… Аксёнаў, ці што? Або, можа, нехта з амерыканцаў. Закінуў нагу на нагу, пагойдвае ступою ў люстэркавым туфлі і стракатай шкарпэтцы. Хоць глядзіся ў туфель, быццам і няма на вуліцы слаты.

А ў куточку, у крэсле, прымасціўся гнуткі і ўвесь нейкі моцны, як стылет, дацэнт Бічыкашвілі. Гэты глядзіць таксама даволі непрыхільна. I чырвоныя вусны жорстка складзены пад вусамі.

— Ну, — парушыў цішыню дырэктар, — раскажы ты нам, Андрэй, як гэта ты дайшоў да жыцця такога?

— Да якога жыцця? — спакойна сказаў Андрэй. — Нічога, здаецца, не адбылося, Сказаў тое, што думаў.

— I не сорамна? — з дакорам спытаў Копцеў.

— Які ў іх у халеры сорам! — пачырванеў Пружынін. — Святога ў іх нічога за душою няма. Лічаць, што мы ўсе дурні.

— Не ўсе, — сказаў Андрэй.

— Вы чулі? — здзіўлена абвёў усіх позіркам Пружынін. — Вось яно. Нігілісты нейкія.

— А я не ведаю, чаго слова 'нігіліст' павінна быць лаянкай. Мне здаецца, Тургенеў укладваў у яго другі сэнс. Базараў, між іншым, таксама быў 'нігілістам'. Ну, скажам, Тургеневу ён быў несімпатычны. Мне, калі шчыра казаць, таксама. Але яго зрабіў час. I аб'ектыўнаму гэтаму часу ў вышэйшай ступені напляваць на вашы і мае сімпатыі і антыпатыі. Гэтым словам можна пахваліць, а можна і аблаяць, гледзячы на тое, хто і супраць каго яго ўжыў. А прафесар Пружынін робіць з яго нейкае пудзіла.

Маркаў скрушліва пахітаў галавою.

— Але мы нігілісты не ў тым сэнсе, — пасля паўзы прадоўжыў Грынкевіч. — Мы верым у свой край, і ў нашу працу, і ў патрэбнасць яе для радзімы. Мы толькі не верым вам, прафесар. Магчыма, вы і добры чалавек, але слухаць такія вашы выказванні нам неяк сорамна. Прабачце на гэтым ужо.

— Вы думаеце, што вы гаворыце? — ціха спытаў дырэктар. — Ёсць людзі разумнейшыя за вас, і яны лічаць, што гэты чалавек меў заслугі. А паэт Грынкевіч дазваляе сабе не быць адной думкі з гэтымі людзьмі.

Андрэй глянуў у яго ненатуральна вялікія вочы:

— Ды i вы ж не адной думкi з iмi.

Дырэктар апусціў вочы.

— Якой я думкі наконт гэтай асобы — гэта мая справа, — буркнуў ён.

— Не, вы глядзіце, — сказаў Пружынін, — глядзіце, якія яны! Раней вы, пэўна, іначай думалі, дыфірамбаў не спявалі толькі таму, што не паспелі, а зараз…

— Я ў тыя часы думаў тое самае. Гэтаму ёсць мноства сведкаў, - спакойна сказаў Андрэй. — Я толькі не ведаў усяго. Але я адчуваў, што нешта няладна.

— Бачыце вы… Касандра-прарочыца, — сказаў Пружынін.

Маркава перасмыкнула ад голасу Пружыніна.

— Паспакайней бы вы, прафесар, — сказаў ён.

— Вы таксама… шаноўны… маглі б сесці поруч з ім.

— Я сядзеў, - сказаў Маркаў, - але, на шчасце, не поруч з гэтым хлопцам. Я сядзеў за тое, што быў супраць Іванова, а потым даведаўся, што Іваноў, здаецца, сядзеў за тры камеры ад мяне.

Копцеў засмяяўся.

Дырэктар закрыў вусны рукою, але вочы яго смяяліся таксама.

— Андрэй, — сказаў Копцеў сваім мяккім, вельмі ласкавым тонам, — вы павінны папрасіць прабачэння ў прафесара, і тады справа не выйдзе з гэтага кабінета.

— Я гатовы, — сказаў Андрэй, — я дапускаю, што мог па-чалавечы пакрыўдзіць прафесара Пружыніна, і гатовы ў гэтым прынесці свае прабачэнні. Але толькі ў тым выпадку, калі прафесар прынясе прабачэнні аўдыторыі.

— Гэтага ніхто не будзе рабіць, — сказаў дырэктар.

— А шкада, — сказаў Маркаў. — Гэта было б па-джэнтльменску. Узаемна. I ні стуку, і ні груку.

— Не, — сказаў дырэктар.

— Тады i я — не, — скалануў галавою Андрэй.

Запанавала маўчанне. Яніс, гаворачы такое ў Горавай, меў рацыю. Ні яны ўсе, ні вучоны савет не ведалі той вясною, а што ім далей рабіць.

— Вы вельмі здольны чалавек, — сказаў Копцеў. — Не псуйце сваіх адносін…

— Я гатовы на горшае. Я помню, і я разумею: самым страшным была не жорсткасць і падазронасць аднаго, а душы, знявечаныя падазронасцю і нявер'ем у свайго суседа. I вось гэтага дараваць нельга.

Бічыкашвілі, які да гэтага сядзеў моўчкі, раптам сказаў з ненатуральным спакоем:

— Гэта нават абразліва. Вы падумалі, як мне, грузіну, слухаць такое?

Андрэй, гледзячы яму ў вочы, сказаў спакойна:

— Вы не маеце рацыі, Георгій Луарсабавіч. Не палічыце за падхалімаж — мне няма ў ім патрэбы, — але я велымі люблю гэтую зямлю і яе людзей. Я ведаю, патрэбна была нечалавечая мужнасць, каб зберагчы мову, і звычаі, і старыя камяні Свеціцхавелі, Сіёні і Джвары. Гэта вялікі народ, і яму ёсць кім ганарыцца і без гэтага чалавека. Славы яго гэта не паменшыць.

Ён нервова закурыў:

— Добра, адзiн з арлоў, як выявiлася, зусiм не арол, але ж нiхто не змяншае гэтым спалучэння 'Грузiя i рэвалюцыя'…I вы ўспомнiце яшчэ Паола Яшвiлi, Тыцыяна Табiдзе, Гапрындашвiлi? Тры паэты з залатымi галасамi. Iх мог слухаць свет, а зараз слухае толькi зямля ды нашы сэрцы, якiя ўсё помняць…

Бачыкашвілі не глядзеў у яго бок.

— Прабачце, — глуха сказаў ён. — Я пагарачыўся.

— Калі патрабуюцца яшчэ тлумачэнні, я магу даць іх, — сказаў Андрэй. — Я выхаваны на веры ў тое, што чалавечае жыццё ёсць самае каштоўнае на свеце. I хай прафесар Пружынін ведае: у гэтым мы ворагі. Да канца. I мы паклапоцімся ўжо, каб нават цень гэтай з'явы знік з зямлі, каб яна не паўтаралася нават у фарсе, нават у адзіным слове знявагі аднаго чалавека да другога.

Цяпер на Андрэя не глядзеў ніхто. Панавала ціша.

— Выйдзіце, Андрэй, — сказаў дырэктар.

Андрэй выйшаў. Яму было душна ў будынку, і таму ён вырашыў чакаць у скверы.

Даволі доўгі час ён хадзіў па алеі. Дрэвы ранялі на яго знобкія кроплі. Пад снегам, калі капнуць яго нагою, была ўжо свежая і празрыстая вада. Андрэй ні аб чым не шкадаваў. Ён проста назіраў, як ветрык моршчыць ясныя лужыны, як ён пругка і вільготна шуміць у верхавінах дрэў.

Пачыналася вясна вады.

…Першым выйшаў з будынка Копцеў.

— Нічога не вырашылі, - сказаў ён, гледзячы на Андрэя добрымі жывымі вачыма. — Будзем рабіць выгляд, быццам нічога не адбылося.

I пайшоў да машыны. Андрэй накіраваўся быў да брамы, але яго аклікнулі зноў. Гэта быў Маркаў. Ідучы поруч з Андрэем, ён маўчаў. I толькі ля самых варот, працягнуўшы руку для развітання, сказаў з нязвыклай для яго пяшчотай:

— Эх, Андрэйка, Андрэйка, усё-та вы разумееце. А паэт павінен быць трошкі дурнаватым.

Так, быць дурнаватым было ў тую вясну — і не толькі — сапраўды лепей, але якраз гэтай раскошы Андрэй і не мог дазволіць сабе.

'Хопіць, пабыў ужо, — думаў ён. — I з жанчынамі і з мужыкамі. Трэба, урэшце, зразумець, што адзінае, дзеля чаго пушчаны чалавек на свет, гэта — кеміць'.

…Пераходзячы ўжо вуліцу, Андрэй раптоўна ўбачыў Гораву, якая прамавала ў інстытут і чагосьці вельмі спяшалася. Яна прайшла каля яго ў дзесяці кроках і не заўважыла, а ён не пазваў. З гэтым усё было скончана.

Ён ішоў бульварам і думаў, куды яму падзецца зараз. Горад быў мокры, няўтульны, першыя агні глядзелі ў туман аранжавымі вачыма. Вялікі горад, а месца ў ім для яго няма.

З адчаю ён хацеў быў пайсці ў рэстаран, але тут неяк трапіўся на вочы пад'езд Ганнінага дома. I Андрэй махнуў на ўсё рукою і вырашыў закаціцца туды.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату