што падаюцца спакойным голасам, нiбы вечнасцi; каб толькi не трэба было зараз бегчы зноў па каньяк, не сустракацца з календаром, з гадзiннiкам, з авечай прапаведнiцай, з Гэткiм-што-не-павiнна-было-нарадзiцца; каб толькi яшчэ раз пачуць наказ: 'Пасвi авечак маiх', пачуць пра жанчыну, што ляжала ў траве пад летнiм дажджом; баркасы на якарах, жанчыны, што iшлi па кладках, i мячык, якi ўдарыў Роберт — Роберт, якi нiколi не каштаваў бычынага прычасця, якi моўчкi гуляў далей, выбiваючы сваiм кiем на тых двух квадратных метрах усё новыя i новыя фiгуры.

— А ты, Гуга, — спытаў ён прыцiшана, — цi ты не хочаш мне сёння нiчога расказаць?

— Hе ведаю, колькi часу гэта доўжылася, але мне здаецца, што цэлую вечнасць: пасля ўрокаў у школе мяне заўсёды бiлi. Часам я заставаўся чакаць, пакуль не ўпэўнiваўся, што ўсе яны пайшлi палуднаваць, а жанчына, што прыходзiць прыбiраць у школе, сустракала мяне ўнiзе ў калiдоры i пыталася: 'Што ты тут яшчэ робiш, хлопчык? Мацi дома, напэўна, чакае цябе'.

Але мне было боязна, i я чакаў, пакуль гэтая жанчына пойдзе i зачынiць мяне на замок у школе; гэта мне ўдавалася не заўсёды, бо часцей за ўсё яна выганяла мяне, перш чым зачынiць школу, але, калi ў мяне атрымлiвалася застацца сядзець зачыненым, я быў рады: ежу я знаходзiў у партах i ў выварках для адкiдаў, якiя прыбiральшчыца выстаўляла ўнiзе ў вестыбюлi для машын, што вывозяць смецце: удосталь бутэрбродаў, яблыкаў, рэшткi бiсквiтаў. Вось так я заставаўся ў школе адзiн, i нiхто мне нiчога не мог зрабiць. Сагнуўшыся, я сядзеў у настаўнiцкiм гардэробе, за дзвярыма, што вялi ў падвал, бо баяўся, што яны могуць зазiрнуць у акно i ўбачыць мяне; але прайшло нямала часу, пакуль яны дапетрылi, што я хаваюся ў школе. Нярэдка я сядзеў там гадзiнамi, да самага вечара, калi я мог спакойна адчынiць акно i вылезцi на вулiцу. Я глядзеў доўга на апусцелы школьны двор: цi можна знайсцi што-небудзь больш бязлюднае, чым гэткi школьны двор надвячоркам? Гэта была цудоўная часiна, пакуль яны скемiлi, што я застаюся сядзець зачынены ў школе. Я сядзеў, сагнуўшыся, у настаўнiцкiм гардэробе альбо пад самым акном i чакаў чагосьцi, што мне было вядома толькi як слова: нянавiсцi. Я так хацеў бы ненавiдзець iх, але я не ўмеў гэтага, пане доктар. Я адчуваў толькi страх. Былi днi, калi я чакаў толькi да трэцяй альбо чацвёртай гадзiны, думаў, што яны ўжо ўсе пайшлi i я здолею хутка перабегчы цераз вулiцу, каля Майдавай стайнi, i паўз могiлкi даляцець да свайго дома, каб замкнуцца ў iм. Але яны падмянялi адзiн аднаго, хадзiлi палуднаваць па чарзе — бо адмовiцца ад ежы, гэтага яны не маглi, — i калi яны беглi да мяне, я ўжо здалёк унюхваў, што яны елi на абед: бульбу з падлiўкай, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi; i калi яны мяне лупцавалi, я ўсё думаў: у iмя чаго сканаў Хрыстос, якая мне карысць ад яго смерцi, якая мне карысць ад таго, што яны кожнае ранiцы чытаюць малiтву, штонядзелi прымаюць прычасце, i ад таго, што ў iх на кухнях вiсяць распяццi — над тымi сталамi, за якiмi яны ядуць сваю бульбу з падлiўкаю, смажанае мяса альбо зелянiну са скваркамi? Нiякай карысцi. Што мне з усяго гэтага, калi яны кожны дзень падпiльноўваюць мяне i збiваюць на горкi яблык? Пяцьсот цi шэсцьсот год ужо — яны нават ганарылiся, што ў iх такi старажытны сабор, — можа, нават тысячу год яны хавалi сваiх продкаў на могiлках, тысячу год малiлiся i елi пад распяццем бульбу з падлiўкай i скваркi з зелянiнай. Дзеля чаго? I цi ведаеце, што яны выкрыквалi, калi лупцавалi мяне? — 'Авечка божая'. Гэта была мая мянушка.

Чырвоныя на зялёным, белыя на зялёным — новыя фiгуры паўставалi, нiбы знакi, i хутка знiкалi: нiчога ад iх не заставалася; музыка без мелодыi, жывапiс без вобразу, шары звiнелi, адскокваючы ад чорнага борцiка.

— Пазней я паспрабаваў iншы спосаб: зачынiў на ключ дзверы ў доме, заставiў iх мэбляю, усiм, што папалася пад руку: скрынямi, розным хломаздам, матрацамi; тады яны выклiкалi палiцыю, i палiцыянты прыйшлi, каб вывесцi вучня-гультая; яны атачылi дом, крычалi: 'Гэй ты, вiсус! Выходзь!'; але я не выйшаў; тады яны ўзламалi дзверы, адсунулi мэблю i выцягнулi мяне, завялi ў школу — я зноў быў адлупцаваны, кiнуты ў прыдарожную канаву, абазваны 'авечкай божай'. Ён сказаў: 'Пасвi авечак маiх'; але яны не пасвiлi яго авечак, калi гэта ўвогуле былi яго авечкi. Усё марна, пане доктар: марна дзьме вецер, марна падае снег, марна квiтнеюць дрэвы i ападае лiсце — яны ядуць сваю бульбу з падлiўкай альбо свае скваркi з зелянiнай.

Часам нават мая мацi была дома, п'яная i брудная, пахнучы смерцю, трупнымi выпарэннямi; яна крычала: 'навошта-навошта-навошта-навошта'; выкрыквала гэта часцей, чым усялякiя 'злiтуйся з нас' ва ўсiх магчымых модлах; я трацiў розум, калi яна гэтак цэлымi гадзiнамi крычала: навошта-навошта-навошта- навошта; i я ўцякаў з дому, бег па дажджы, галодны, да ботаў, да ўсяго цела прыляплялася глiна; я ўвесь быў аблеплены мокраю глiнаю; я хаваўся на бурачных градках, але ахвотней ляжаў у суглiнкавых барознах: хай лепш на мяне лiецца дождж — адно каб не чуць таго жахлiвага «навошта-навошта»; i здаралася, што часам хтосьцi меў лiтасць да мяне, адводзiў мяне дахаты, у школу, у тую багадзельню, што называлася Дэнклiнген; i яны зноў лупцавалi мяне, абзывалi 'авечкай божай', а мацi зноў мармытала сваю бясконцую жахлiвую малiтву: 'навошта-навошта-навошта-навошта'; i я зноў уцякаў, i зноў да мяне мелi лiтасць, але гэтым разам мяне завялi ў прытулак. Там мяне нiхто не ведаў — нiхто з дзяцей i нiхто з дарослых, — ды не прайшло i двух дзён, там, у прытулку, як яны таксама пачалi называць мяне авечкай божай — i я спужаўся, хоць яны мяне не бiлi: яны толькi смяялiся з мяне, бо я не ведаў гэтулькi слоў; я не ведаў слова «снедаць», я ведаў толькi «есцi» — у любы час дня, калi толькi было што есцi альбо я што-небудзь знаходзiў; але калi я прачытаў на дошцы: 'Снеданне: 30 г масла, 200 г хлеба, 50 г мармеладу, кава з малаком', — я спытаўся ў аднаго хлопца: 'Што гэта значыць, 'снеданне'?' I ўсе яны абступiлi мяне, дарослыя прыйшлi таксама; яны смяялiся i пыталi: 'Снеданне, хiба ты не ведаеш, што гэта такое, хiба ты нi разу не снедаў?' 'Hе', — адказаў я. Тады нехта з дарослых спытаўся: 'А ў Бiблii хiба ты нiколi не сустракаў слова 'снеданне'?' А яшчэ адзiн дарослы спытаў у таго першага: 'А Вы ўпэўненыя, што ў Бiблii можна сустрэць слова 'снеданне'?' 'Hе, — адказаў першы, — але дзесьцi, у нейкай чытанцы цi дома, павiнен жа ён быў пачуць слова «снеданне», яму ж хутка будзе трынаццаць; гэта ж горш, як у дзiкуноў; можна цяпер уявiць сабе ступень заняпаду яго мовы'. Я не ведаў таксама пра тое, што нядаўна была вайна, i яны пыталiся ў мяне, цi я таксама нiколi не бываў на могiлках, дзе на надмагiльных камянях было напiсана 'Паў смерцю…', i я адказаў iм, што, вядома, бачыў гэткiя надпiсы; а калi яны спыталiся, як я гэта разумею, я сказаў, што я ўяўляю гэта так: тыя, што там пахаваныя, упалi, бо былi мёртвыя; тады яны пачалi смяяцца яшчэ больш, чым тады, калi пыталiся ў мяне пра слова «снеданне», а потым вучылi нас гiсторыi ад найстаражытнейшага часу; але хутка мне споўнiлася чатырнаццаць, пане доктар, i ў наш прытулак прыйшоў дырэктар гатэля; мы, чатырнаццацiгадовыя хлопчыкi, мусiлi выстраiцца ў шарэнгу перад кабiнетам кiраўнiка нашага прытулку; ён выйшаў адтуль разам з дырэктарам гатэля. Яны абодва прайшлiся перад намi, заглядваючы кожнаму ў вочы i кажучы адно i тое ж: 'Да службы; мы падбiраем хлапцоў, прыдатных да службы'; але выбралi яны аднаго мяне. Я мусiў зараз жа ўпакаваць у кардонную каробку свае рэчы i адправiцца разам з дырэктарам сюды; у машыне ён сказаў мне: 'Спадзяюся, што ты нiколi не даведаешся, чаго сапраўды варты твой твар. Ты ж сапраўдная 'авечка божая', a я пачаў баяцца, пане доктар, i дагэтуль усё яшчэ баюся, чакаючы ўвесь час, што яны будуць мяне лупцаваць'.

— Цябе б'юць?

— Hе, нi разу не бiлi. Я толькi вось вельмi хацеў бы даведацца, што такое — вайна, бо школу ж я мусiў пакiнуць, перш чым мне тое растлумачылi. А Вы ведаеце, што такое вайна?

— Ведаю.

— Вы былi на вайне?

— Быў.

— А што Вы там рабiлi?

— Мая спецыяльнасць была — выбухi, Гуга. Цi гэта табе што-небудзь гаворыць?

— Ну, бачыў, як падрывалi каменяломнi за Дэнклiнгенам.

— Якраз тое самае, Гуга, рабiў i я; адно што я падрываў не скалы, а дамы i цэрквы. Пра гэта я нiкому не расказваў, апроч маёй жонкi, але яна ўжо даўно памерла; таму цяпер нiхто пра гэта не ведае — нi мае бацькi, нi мае дзецi. Табе вядома, што я архiтэктар i, уласна, я быў бы павiнен будаваць дамы, але нiколi iх не будаваў, а толькi падрываў, i таксама цэрквы, якiя я яшчэ ў дзяцiнстве рысаваў на добрай рысавальнай паперы, бо я марыў будаваць iх, ды нiколi не будаваў. Калi мяне забралi ў войска, у маiх дакументах яны знайшлi звесткi, што я пiсаў сваю дыпломную працу па адной з праблем статыкi. Статыка, Гуга, — гэта навука, якая даследуе раўнавагу сiл, навука аб стане напружанняў i перамяшчэннi элементаў-носьбiтаў пад уздзеяннем пэўных сiл; не ведаючы статыкi, не пабудуеш нават негрыцянскай хацiны; а супрацьлегласць статыкi ёсць дынамiка, гэта назва нагадвае дынамiт, якi выкарыстоўваецца для падрываў i мае сёе-тое агульнае з iм. Усю вайну я меў дачыненне толькi з дынамiтам. Я трохi разбiраўся ў статыцы, Гуга, меў пэўнае

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату