ўяўленне пра дынамiку i добра разбiраўся ў дынамiце: 'праглынуў' усе кнiгi, што закраналi гэтую тэму. Калi нешта хочаце падарваць, трэба толькi ведаць, куды памясцiць ладунак i якая павiнна быць сiла выбуху. Я ўсё гэта ведаў, Гуга, i гэтак вось падрываў: падрываў масты i шматпавярховыя гмахi, цэрквы i чыгуначныя вiядукi, раскошныя вiлы i скрыжаваннi шасэйных дарог; за гэта мяне ўзнагароджвалi ордэнамi i падвышалi ў званнi: з лейтэнанта на обер-лейтэнанта, з обер-лейтэнанта на гаўптмана; мне давалi таксама дадатковыя адпачынкi i выносiлi падзякi — бо я так добра ведаў, як трэба падрываць. А напрыканцы вайны я быў падначалены ў пэўнага генерала, у якога ў галаве сядзелi толькi два словы: сектар абстрэлу. Цi ведаеш ты, што такое — сектар абстрэлу? Hе?
Фэмель падняў бiльярдны кiй вышэй ад пляча i пачаў цэлiць iм, нiбы карабiнам, у напрамку вежы сабора Святога Севярына.
— Бачыш, — сказаў ён, — калi б я зараз захацеў абстраляць мост там, за Святым Севярынам, дык сабор знаходзiўся б у сектары абстрэлу i яго трэба было б падарваць — хутка, як найхутчэй, каб я мог пацэлiць у мост; i я скажу табе, Гуга, я падарваў бы гэты сабор, хоць i ведаў добра, што мой генерал вар'ят i што сектар абстрэлу — гэта таксама вар'яцтва; бо, разумееш, зверху не трэба мець нiякага сектара абстрэлу; зрэшты, кожны самы нават тупагаловы генерал павiнен быў ведаць, што пэўны час таму былi вынайдзеныя самалёты; ды мой генерал быў вар'ят i ўмеў толькi таўчы адно: 'сектар абстрэлу' — i я забяспечваў яму гэты сектар абстрэлу; у мяне была добрая каманда: фiзiкi i архiтэктары, i мы падрывалi ўсё, што паўставала на нашым шляху; апошнi аб'ект быў асаблiва вялiкi; нешта такое агромнiстае i магутнае, цэлы комплекс вялiзных i вельмi салiдных будынкаў: царква, стайнi, манаскiя цэлi, адмiнiстрацыйны будынак, фальварак — цэлае абацтва, Гуга; яно апынулася якраз памiж дзвюма армiямi, нямецкай i амерыканскай, i я забяспечваў нямецкай армii сектар абстрэлу, якi ёй, уласна, не быў патрэбны; муры ўкленчвалi перада мною, у хвалях i кароўнiках раўло быдла, мнiхi праклiналi мяне, але нiшто не магло мяне стрымаць; я пусцiў у паветра цэлае абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, падарваў яго за тры днi перад канцом вайны. Узорна, заўсёды як трэба — ты ж ведаеш мяне, хлопча.
Ён апусцiў кiй, якiм дагэтуль усё яшчэ цэлiў ва ўяўную мiшэнь, паклаў яго зноў на сагнуты палец i ўдарыў па бiльярдным шары; белае пакацiлася па зялёным, вострым зiгзагам адбiлася раз i другi ад чорных борцiкаў.
Званы сабора Святога Севярына глуха выцiскалi з сябе час, але калi, калi прабiла адзiнаццатую?
— Зiрнi, хлопча, што гэта за шум там, за дзвярыма?
Ён яшчэ раз ударыў па шары: чырвонае пакацiлася па зялёным; вычакаўшы, пакуль шары спыняцца, адклаў кiй.
— Гэр дырэктар просiць Вас прыняць нейкага гэра Нэтлiнгера.
— Цi прыняў бы ты кагосьцi, хто носiць прозвiшча Нэтлiнгер?
— Hе.
— Пакажы мне, як выйсцi адсюль не праз тыя дзверы.
— Вы можаце прайсцi цераз рэстаранную залу, пане доктар, i адтуль — на Модэстгасэ.
— Да пабачэння, Гуга, да заўтра.
— Да пабачэння, пане доктар.
Балет кельнераў, балет гатэльных служак: яны збiралi на сталы да абеду, перасоўвалi, у дакладна вызначаным парадку, чайны столiк ад стала да другога, раскладвалi срэбранае начынне, мянялi вазончыкi з кветкамi, замест белых гваздзiкоў у высокiх вузкiх вазах — сцiплыя фiялкi ў круглых вазонах; забiралi са стала мармеладавыя сподачкi, ставiлi кiлiшкi пад вiно: нiзкiя пад чырвонае, высокiя — пад белае; з адным- адзiным выключэннем: малако для авечай пастыркi; у крышталёвым графiнчыку малако мела шараватае адценне.
Фэмель лёгкай хадою прайшоў памiж радамi столiкаў, рассунуў фiялетавыя фiранкi i — апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.
4
Крокi Леаноры супакойвалi яго; яна асцярожна хадзiла па кабiнеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкi скрыняў, развязваючы шнуркi на пасылках, разгортваючы эскiзы; яна толькi зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна — толькi калi на якiм-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскiз не быў падпiсаны. Стары Фэмель любiў парадак i нiколi не падтрымлiваў яго. Леанора зробiць гэта за яго; на падлозе вялiкага кабiнета яна раскладвала ў стосы дакументы i эскiзы, лiсты i рахункi, упарадкаваныя па гадах; i сёння, як i пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскiх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты — па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было вiдаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасцi.
— Слухаю? — сказаў ён. — Вы можаце перашкаджаць мне, калi захочаце, маё дзiцятка. Гэта? Гэта — лякарня ў Вайдэнхамеры; я пабудаваў яе ў 1924 годзе: у вераснi яе адчынiлi.
Леанора напiсала сваiм добра чытэльным почыркам на палях эскiза: '1924.09'.
Зусiм тонкiя стосiкi ўтварылi ваенныя гады, з чатырнаццатага па васемнаццаты: тры, чатыры эскiзы: лецiшча для генерала, паляўнiчая хатка для бургамiстра, каплiца пад апекаю Святога Себасцьяна — для брацтва стралкоў; адпускныя паперы, ганарары, выплачаныя такiмi каштоўнымi адпускнымi днямi; каб магчы пабыць з сваiмi дзецьмi, ён бы задарма будаваў генералам замкi.
— Hе, Леанора. Гэта было ў трыццаць пятым годзе. Кляштар францысканак. Сучасны стыль? Вядома, сучасныя гмахi я таксама будаваў.
Фрамуга вялiкага акна ў кабiнеце заўсёды здавалася яму рамаю, якую запаўнялi кожны раз iншыя вобразы; мянялiся колеры неба, дрэвы на падворках шарэлi, чарнелi, зелянелi; цвiлi, адцвiталi кветкi на тэрасах, што на дахах дамоў. На гэтых бляшаных дахах дзецi бавiлiся, рабiлiся дарослымi, станавiлiся бацькамi, а iх бацькi — дзядулямi i бабулямi; толькi профiль лiнiй дахаў заставаўся нязменны, заставаўся мост, заставалiся горы, што ў ясныя днi вiднелiся на даляглядзе — аж пакуль другая сусветная вайна не змянiла профiль лiнiй дахаў, не зрабiла ў ёй пярэрваў, у якiх вiдзён быў серабрысты ў пагодныя днi i шэры — у пахмурныя Рэйн, а таксама перасоўны мост у Старым Порце; пярэрвы былi даўно ўжо зноў запоўненыя, дзецi бавiлiся на бляшаных дахах, на процiлеглым баку вулiцы на Кiльбавай тэрасе з падручнiкамi ў руцэ хадзiла туды i сюды яго ўнучка — гэтаксама як пяцьдзесят год назад там хадзiла туды i сюды ягоная жонка… цi гэта, можа, не Ёганна чытала там у сонечныя днi, па абедзе, 'Падступнасць i каханне'?
Зазванiў тэлефон; як гэта прыемна, што Леанора падняла слухаўку, што яе голас адказаў незнаёмаму чалавеку на другiм канцы дроту:
— Гэта з кавярнi Кронэра? Я спытаюся ў пана радцы.
— Колькi асоб я чакаю ўвечары? На вечары ў гонар дня нараджэння? Мусiць, досыць будзе пальцаў аднае рукi, каб палiчыць усiх?.. Два ўнукi, сын, я i — Вы. Леанора, Вы зробiце мне такую ласку? Значыць, пяць асоб. Хапiла пальцаў аднае рукi.
— Hе, шампанскага не трэба. Усё, як дамаўлялiся. Дзякуй, Леанора.
Пэўна, яна ўважае мяне за вар'ята; але калi я вар'ят, значыць, я быў iм заўсёды; я ўсё мог прадбачыць, ведаў дакладна, чаго я хачу, — i ведаў, што я дасягну таго; толькi аднаго я нiколi не ведаў, не ведаю дагэтуль: дзеля чаго я гэта рабiў? Дзеля грошай, дзеля славы альбо толькi дзеля прыемнасцi самому сабе? Да чаго я iмкнуўся, калi тады, ранкам у пятнiцу 6 верасня 1907 года, пяцьдзесят год таму, выходзiў вунь там, з будынка вакзала? Я перадвызначыў свае ўчынкi, рухi, дакладны распарадак дня, ад той самай хвiлi, калi зрабiў першы крок у гэтым горадзе; я стварыў складаную харэаграфiчную кампазiцыю, у якой збiраўся быць i салiстам, i балетмайстрам у адной асобе; статыстаў i дэкарацыi я меў задарма.
У мяне было толькi дзесяць хвiлiн, перад тым як зрабiць першае па: усяго толькi каб прайсцi цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль 'Прынц Генрых', перайсцi Модэстгасэ i пераступiць парог у кавярнi Кронэра. Я паявiўся ў гэтым горадзе ў дзень, калi мне споўнiлася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая ранiца. Рамiзнiцкiя клячы пiльнавалi сваiх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях гатэля 'Прынц Генрых' валачылi валiзы ўслед за гасцямi на вакзал; падымалiся салiдныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы,