прадаўцы газет; уланы — цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамi гатэля; ротмiстр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукi арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.

Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 — памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса — паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна — з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб — перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; 'Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!' — i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.

Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, — святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.

Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах — а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.

Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек — можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здавалiся мне гэткiмi ж пратухлымi, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццацi трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, i яны мяне спакушалi; басанож я шмыгаў па калiдорах з застаялым пахам, каб прымаць i аддаваць пяшчоту — i тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадвалiся вада з лавандаю i распушчаныя валасы; а ў жахлiвых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць, гучалi суровыя словы: «нягоднiк», 'гонар', «цнатлiвасць», i там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлiвасцi дачок, а ў тварах матак, на якiх было напiсана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднiкам: шлюбу нiводнай не абяцаў i не хацеў правесцi сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць.

Па вяртаннi з вячэрнiх курсаў я працягваў рысаваць, лiчыць i рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў i дрэвы, аблогi хмар i цэрквы, каплiцы — у гатычным, раманскiм, барочным, бiдэрмаераўскiм стылi, у стылi ракако — i, калi ласка, у сучасным стылi таксама: доўгавалосыя жанкi, чые адухоўленыя твары луналi над дзвярамi дамоў, а распушчаныя валасы ападалi з абодвух бакоў увахода, нiбы заслоны; дакладна над сярэдзiнай дзвярэй быў строгi прабор; калi ласка: у тыя запоўненыя працай гадзiны гаспадарскiя дочкi, знуджаныя без кахання, прыносiлi мне слабую гарбату альбо слабы лiманад, правакавалi мяне да любошчаў, якiя iм здавалiся смелымi; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталi, бо ведаў, што яны — хто былi гэтыя 'яны'? — найлягчэй давалi сябе падкупiць дэталямi: клямкамi, дэкаратыўнымi кратамi, божымi авечкамi, пелiканамi, якарамi i крыжамi, па якiх з шыпеннем, звiваючыся, паўзлi ўгору — i не маглi ўзпаўзцi вышэй змеi.

Захавалася таксама ў маёй памяцi хiтрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошнi шэф Домгрэве: у найважнейшай хвiлi ён нiбы знарок выпускаў з рук ружанец; калi пад час агледзiн месца набожныя сяляне горда паказвалi ўчастак, што быў вызначаны iм пад будоўлю царквы, калi поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалi пра намер пабудаваць новую святыню — трэба было разам з дробнымi грашыма, гадзiннiкам альбо цыгарэтавымi абцужкамi выцягнуць з кiшэнi ружанец, даць яму ўпасцi, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлi; гэта нiколi не магло рассмяшыць мяне.

— Hе, Леанора. Вялiкае «А» на папках, скрутках з планамi i каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антонi»: абацтва Святога Антонiя.

Цiха ступаючы па падлозе, яна рабiла сваiмi далiкатнымi рукамi парадак, якi стары Фэмель заўсёды любiў, але нiколi не ўмеў падтрымлiваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.

Калi я вар'ят, дык я iм быў ужо тады, калi там, на вакзальнай плошчы, правяраў, цi ёсць у кiшэнях дробныя грошы, маленькi нататнiк, зялёны футаральчык з алоўкамi, цi добра завязаны мой аксамiтны гальштук; калi я абмацваў брылi свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно i другое крысо пiнжака ў маiм гарнiтуры — адзiнай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькi Марзiля, настаўнiка, якi памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагiльны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацiгадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбiваў у галовы сялянскiм дзецям патройнае правiла, дзе вечарамi ў сутоннi рабiў праходкi па сцежках уздоўж багнiстага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, вiно i пра славу, якую яму павiнны былi здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжылiся два гады, аж пакуль паток крывi не залiў iх i не панёс да цёмных берагоў; засталiся па iм вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнiтур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты i на зялёнай фiранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесцi жонка ягонага настаўнiка; песня, якую праспявалi дзiцячыя вусны над магiлаю галоднага настаўнiка: 'Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?'

Я зноў азiрнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вiсеў над бiлетнаю касай, каб яго маглi лепш разгледзець навабранцы: 'Тым, хто служыць у войску, раiм набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Густава Егера, бялiзну з натуральнай тканiны «Палас», запатэнтаваную ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, i арыгiнальную рэфармаваную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Лямана'. Надышоў час пачынаць свой танец.

Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкi, прамiнуў гатэль 'Прынц Генрых' i Модэстгасэ i на хвiлю завагаўся, перш чым пераступiць парог кавярнi Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалi мне маё аблiчча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе памiж равiнам i акторам-цыганам — чорнавалосы i апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасцi на твары; я зноў засмяяўся i адчынiў дзверы; афiцыянты якраз пачыналi расстаўляць на сталах вазоны з белымi гваздзiкамi; яны папраўлялi карткi з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату