чорных жылетах, белых кашулях з белымi гальштукамi; дзве маладыя дзяўчыны, адна бландзiнка з ружовым тварам, другая — цёмнавалосая i бледная, раскладалi ў буфеце печыва, бiсквiты, падпраўлялi крэмавыя фiгуркi, адчышчалi да бляску срэбраныя лапаткi для пiрожных. Гасцей не было, а чысцiня панавала, як у лякарнi перад вiзiтам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкiмi крокамi, нiбы салiст; статысты i дэкарацыi чакалi мяне; гэта была дрэсiроўка, прытым дасканалая, i мне падабалася тое, як тры кельнеры iшлi да столiка, робячы строга акрэсленыя рухi: сальнiчка, вазон, лёгкiм жэстам папраўленая картка, якая вiдавочна павiнна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальнiцы; папяльнiчка, снежна- белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, нi ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзiлася тырчаць, нiчога такога не было.

Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм — нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў — якi ўжо раз? — газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: 'Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня'.

Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклiнген», 'Додрынген', «Кольбiнген», 'Шаклiнген'; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома — у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару — шэсцьдзесят пфенiгаў штука — i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору — гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку — так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. 'Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм — i дзiвосы робяцца'.

— Дзень добры пану. Вам снеданне?

— Калi ласка, — адказаў я i адмоўна затрос галавой, калi кельнер падсунуў мне блiжэй картку з меню; я падняў угору аловак i гучна вымавiў усе па чарзе пункты майго заказу — так, нiбы я ўсё сваё жыццё нiяк iначай не снедаў: — Кубак кавы, але, калi ласка, не менш як тры фiлiжанкi, падсмажаны хлеб, два кавалкi жытняга, масла, апельсiнавы мармелад, варанае яйка i сыр з папрыкаю.

— Сыр з папрыкаю?

— Але. Смятанкавы сыр, прыпраўлены папрыкаю.

— Вельмi добра.

Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы — i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.

— Сыр з папрыкаю? — спытаў кухар з-за акенца.

— Менавiта, — адказаў кельнер, — смятанкавы сыр.

— Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?

Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.

— Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?

— Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi — добра перамяшаць… i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады — вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.

— Слухаю пана.

Гэта было тое, чаго я дамагаўся, — i спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйснялiся гэтак дакладна i нiколi не адбывалася нiчога непрадбачанага; праз два днi я ўжо быў 'пан, якi есць сыр з папрыкаю', праз тыдзень — 'той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзiць снедаць', а праз тры тыднi — 'пан Фэмель, малады архiтэктар, якi працуе над вялiкiм праектам'.

— Так, так, дзiцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонiя; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, — дзесяцiгоддзi, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонiя адно зойме цэлую палiцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзiў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.

У рамах з пераменнымi малюнкамi вiдаць блакiтнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профiль лiнii дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялiкiя кубкi з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнулiся на сонцы; вакзал, што вiруе адпачынкоўцамi — можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажлiва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок 'Падступнасць i каханне'? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, нiколi яго надта не дапякалi нi спёка, нi сцюжа; паблiзу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ iмчалi на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў — i той, найвышэйшы ваявода, таксама; i нахiл ягонай галавы па- ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры столiку кавярнi Кронэра, калi кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усмiхаючыся, рысаваў цокаль, на якiм яшчэ не было помнiка; я заўсёды быў такi ўпэўнены ў будучынi, што сучаснасць здавалася мне закончанай мiнуўшчынай — было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярнi цi ўжо трохтысячнае? Дзень пры днi ў кавярнi Кронэра а дзевятай пры снеданнi; толькi адно магло перашкодзiць у гэтым — вышэйшая ўлада: калi мой найвышэйшы ваявода паклiкаў мяне пад свае баявыя харугвы — гэты прыдурак, што ўсё яшчэ iмчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Цi еў я гэтую своеасаблiвую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыццi, бо прыдумаў яе толькi за гадзiну перад тым, у хуткiм цягнiку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, — каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; цi я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калi кельнер забiраў са стала кiлiшак для яйка i адсоўваў сподачак з мармеладам?

Увага! Я выцягнуў з кiшэнi пiнжака адзiны надзейны прыбор, якi дазваляў мне беспамылкова разбiрацца ў гэткiх нечаканых i дакладных мроях: кiшэнны каляндарык, абавязкам якога было ў iлжэкраiне фантазii нагадваць мне пра месца, дзёнь i час; а тады была пятнiца, 6 верасня 1907 года, i тое снеданне было маiм першым тут; да таго дня я нiколi не снедаў з сапраўднай каваю пiў толькi каву са збожжа; нiколi не еў яйка — а толькi аўсяную кашу, просты хлеб з маслам i кавалачак свежага гурка; але мiф, якi я хацеў стварыць, нарадзiўся ўжо ў хвiлi, калi кельнер перапытаў: 'Сыр з папрыкаю?'; гэты мiф быў адразу зразуметы i пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публiкi. Мне ўжо больш нiчога не трэба было рабiць, толькi чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзiнаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмi; выпiць бутэльку мiнеральнай вады, да яе — кiлiшак каньяку; сядзець з нататнiкам на

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату