Роберту яшчэ не споўнiлася двух гадоў, а Оты яшчэ не было на свеце; я меў якраз адпачынак, i мне даўно ўжо зрабiлася вiдавочным тое, што я раней няясна прадчуваў: адной iронii замала, i яе заўсёды будзе замала; яна ўсяго толькi наркотык для тых, хто мае прывiлеi; i мне трэба было зрабiць, што зрабiла за мяне Ёганна: я павiнен быў у мундзiры гаўптмана пагаварыць з сынам; але толькi прыслухоўваўся да Робертавай далейшай дэкламацыi:
Ёганна выхапiла з хлопчыкавых рук паперку, парвала яе, а шматкi выкiнула на вулiцу: нiбы сняжынкi, падалi яны каля дзвярэй Грэцавай крамы, дзе ў той час не вывешвалi дзiкоў, бо панавала найвышэйшая сiла.
— Смеху будзе замала, Леанора, калi яны будуць адкрываць мой помнiк; наплюй на яго, маё дзiця — ад iмя майго сына Генрыха, ад iмя Оты, якi быў такi добры хлопец i ўдалы, а праз тое, што ён быў такi добры i ўдалы, такi паслухмяны — ён стаў мне чужы, як нiхто больш на свеце; i ад iмя Эдыт, адзiнае авечкi, якую я сустрэў у жыццi; я любiў яе, мацi маiх унукаў, i не мог ёй дапамагчы, як не мог памагчы нi вучню сталяра, якога я бачыў усяго два разы, нi таму хлопцу, якога я нiколi не бачыў; хлопцу, якi ўкiдаў у нашую паштовую скрынку весткi ад Роберта, велiчынёю з цукерачныя абгорткi, i за гэтае злачынства загiнуў у лагеры. Роберт быў заўсёды разумны, халодны, i нiколi ў iм не было нiзвання iронii; Ота быў iншы, меў адкрытае сэрца, але раптам пакаштаваў бычынага прычасця i зрабiўся нам чужы; абплюй мой помнiк, Леанора, скажы iм, што гэта я прасiў цябе так зрабiць; я магу засведчыць табе пiсьмова i заверыць мой подпiс у натарыуса; шкада, што ты не бачыла таго хлопца, дзякуючы якому я зразумеў сказ: 'Анёлы спусцiлiся з неба i служылi яму'; ён быў вучнем сталяра; яны адсеклi яму галаву; шкада, што ты не бачыла Эдыт i яе брата, якога я змог убачыць адзiн-адзiны раз — калi ён iшоў праз наш двор, а потым падымаўся да Роберта; я стаяў каля акна ў спальню, бачыў яго адно паўхвiлiны i спужаўся; гэты хлопец нёс на сваiх плячах i шчасце, i лiха; Шрэла — яго iмя я так i не ўведаў — быў нiбы судовым выканаўцам Бога, за нясплочаныя рахункi ставiў на дамах невiдочныя пячаткi; я ведаў, што ён выклiча майго сына, i дазволiў яму, гэтаму хлопцу з вузкiмi плячыма, iсцi праз мой двор; на старэйшым маiм сыне, што застаўся жыць, здольным хлопцы, брат Эдыт паставiў таўро; Эдыт была не такая: яе бiблейная сур'ёзнасць была гэткая вялiкая, што яна магла дазволiць сабе таксама бiблiйны гумар; яна смяялася са сваiмi дзецьмi ў часе бамбардзiровак; яна дала iм бiблiйныя iмёны: Ёсiф i Руф — Ёзэф i Рут, у смерцi яна не бачыла нiчога страшнага; Эдыт нiколi не магла зразумець, чаму я так моцна аплакваў сваiх дзяцей, Ёганну i Генрыха, — ёй ужо не выпала даведацца, што памёр таксама Ота, той чужы чалавек, якi быў мне блiжэйшы за iншых; ён любiў мой працоўны кабiнет, мае эскiзы, ездзiў разам са мною на будоўлi, пiў пiва пад час iнаўгурацыйных святаў, быў улюбёнцам будаўнiкоў; сёння яго не будзе на маёй урачыстай вячэры: колькi гасцей я запрасiў? На пальцах аднае рукi можна пералiчыць усiх з роду, што я заснаваў: Роберт, Ёзэф, Рут, Ёганна i я; на месцы Ёганны будзе сядзець Леанора, а што я скажу Ёзэфу, калi ён з маладым запалам будзе апавядаць мне пра ход работ на будаўнiцтве абацтва Святога Антонiя; iнаўгурацыя адбудзецца ў канцы кастрычнiка; манахi хацелi б адпраўляць набажэнствы да перадкаляднага паста ўжо ў новым касцёле. 'Дрыжаць спарахнелыя косцi',[1] Леанора; яны не выпасвiлi маiх авечак.
Я павiнен быў вярнуць распiску, паламаць i знiшчыць чырвоную пячатку, тады б я не мусiў стаяць тут i чакаць сваю ўнучку — прыгожую, цёмнавалосую, дзевятнаццацiгадовую дзяўчыну, якой цяпер якраз столькi, колькi было Ёганне, калi я пяцьдзесят адзiн год таму стаяў тут, наверсе, i глядзеў, як яна сядзiць там, на тэрасе; я мог адсюль нават прачытаць назву кнiжкi 'Падступнасць i каханне' — цi, можа, гэта Ёганна чытае там цяпер 'Падступнасць i каханне'? Цi гэта ў сапраўднасцi не яна ўсё яшчэ палуднуе ў кавярнi 'Пад iльвом'? Цi гэта я не паклаў каля прыдзвернiка абавязковай ранiшняй цыгарэты, не ўхiлiўся ад абавязковай размовы памiж-намi-мужчынамi-пане-лейтэнант, каб сядзець тут, уверсе, ад паловы на адзiнаццатую да пятай — папросту быць тут? Цi я не прамiну тых стосаў толькi што выдрукаваных епархiяльных брашурак? Што будуць яшчэ ў той суботнi надвячорак друкаваць на белай паперы: будаўнiчыя дакументы цi выбарчыя плакаты для тых, што пакаштавалi бычынага прычасця? Калоцяцца сцены, дрыжаць прыступкi, работнiцы выносяць усё новыя стосы, укладваюць iх перад дзвярыма кабiнетаў. Я ляжаў тут наверсе, практыкаваўся ва ўмельстве iснавання, я адчуваў сябе так, нiбы мяне ўсмоктвала сiла цёмнага аэрадынамiчнага тунэлю, каб праз хвiлю выкiнуць мяне — куды? Мяне нёс вiр старажытнае горычы, мяне перанасычала старажытная дарэмнасць; я бачыў дзяцей, што народзяцца ад мяне, вiны, якiя я буду пiць, лякарнi i касцёлы, якiя я буду ставiць — i ўвесь час я чуў, як грудкi зямлi падаюць на маю труну, мяне пераследавалi iх глухiя барабанныя гукi; я чуў спеў накладчыц, фальцоўшчыц i ўпакоўшчыц — нiзкiя i высокiя, салодкiя i грубыя; яны апявалi простыя ўцехi суботняга вечара; спеў гэты даходзiў да мяне, як жалобныя песнi над маёй магiлаю; каханне ў танцавальнай зале, балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у асеннiм водары травы — слёзы старых мацярок, звястункi радасцей маладых мацi, меланхолiя сiрочага прытулку, дзе самавiтая маладая дзяўчына вырашыла захаваць цнатлiвасць; але яе таксама спаткала гэтае, спаткала пад час танцаў; балеснае шчасце над могiлкавым мурам, у траве з асеннiм водарам — галасы работнiц, нiбы водачарпальныя каўшы, без супыну апускалiся ў заўсёды тую самую ваду, яны спявалi мне надмагiльны спеў, а грудкi зямлi грукаталi аб маю труну. З-пад прыплюшчаных павекаў я глядзеў на сцены майго кабiнета, паклееныя маiмi эскiзамi: усярэдзiне — велiчны чырванаваты адбiтак плана абацтва Святога Антонiя ў маштабе 1:200; на пярэднiм плане — вёска Штэлiнгер-Гротэ, пасвяцца каровы, бульбянiшча, над якiм узносiцца дым ад вогнiшча; далей абацтва, агромнiстае, у стылi базылiкi; без усяго-ўсякага я скапiраваў раманскiя кафедральныя саборы, строгiя, нiзкiя i цёмныя галерэi-скляпеннi, клаўзура, рэфекторый, бiблiятэка; у сярэдзiне галерэi фiгура святога Антонiя, вялiкi чатырохкутнiк з сельскагаспадарчымi будынкамi; стадолы, хлявы, вазоўнi, уласны млын з пякарняю, ладны дамок для аканома, якi павiнен быў таксама апеквацца пiлiгрымамi; над высокiмi дрэвамi стаялi простыя сталы i крэслы — там можна было з'есцi ўзяты з сабою на дарогу харч, запiваючы маладым вiном альбо пiвам; на даляглядзе — абрысы другога паселiшча, пад назваю Гёрлiнгерс-Штуль; каплiца, могiлкi, чатыры сялянскiя двары, каровы на пашы; з правага боку ланцуг таполяў аддзяляў вытраляваныя кавалкi зямлi, на якiх манахi вырошчвалi вiнаград, дзе раслi капуста i бульба, гароднiна i збожжа; на пасеках збiраўся цудоўны мёд.
Аддадзены дваццаць хвiлiн таму, узамен за распiску, праект з эскiзамi дэталяў i калькуляцыяй; тонкiм пяром я паўпiсваў усе лiчбы i пазiцыi; вачыма, поўнымi бляску, як быццам перада мною стаялi ўжо гатовыя будынкi, я глядзеў на праект — нiбы заглядаў у акно: там стаялi, сагнуўшыся, манахi; пiлiгрымы пiлi маладое