тымi трыма пакрыўджанымi, як карослiвы хворы на праказу, дотык якога нясе смерць; я нудзiўся па строгай лiтургii майго дзённага распарадку, калi я адзiн яшчэ трымаў у сваiх руках нiткi гульнi, калi я мог яшчэ рэгуляваць iснаванне i не-iснаванне, дазiраваць свой мiф; я перастаў быць гаспадаром гэтае гульнi; скандал; пагалоскi; абатавы крокi ў маiм кабiнеце; падрадчыкi-будаўнiчыя дасылалi мне ў працоўны кабiнет кашы з харчамi, залатыя гадзiннiкi ў чырвоных аксамiтных карабочках; адзiн напiсаў мне: '…i, вядома ж, я не адмовiў бы Вам, калi б Вы прасiлi рукi маёй дачкi…' 'Правая рука iх поўная дарункаў'.

Я б не ўзяў ад iх нiчога — нават цаглiны; я палюбiў абата. Цi з'яўлялася ў мяне хоць на кароткае iмгненне думка паспрабаваць ужыць прыём Домгрэве ў дачыненнi да яго? Я чырванеў ад сораму, калi ў мяне ўзнiкала думка, што я мог якую кароткую хвiлю мець такi намер; непрадбачанае адбылося: я пакахаў Ёганну, Кiльбаву дачку, i палюбiў абата; я ўжо мог а палове дванаццатай пад'ехаць да Кiльбавага дома, уручыць букет i сказаць: 'Прашу рукi Вашае дачкi', а Ёганна падышла б пазней i не шапнула б, падмiргнуўшы мне, цiхутка: 'Я згодная', а вымавiла б гэта голасна i выразна. Я па-ранейшаму памiж пятай i шостай выходзiў на шпацыр, па-ранейшаму гуляў у бiльярд у клубе афiцэраў-рэзервiстаў, а мой смех, якiм я цяпер карыстаўся больш шчодра, набыў моцы, дзякуючы падмiргванню Ёганны; я па-ранейшаму спяваў па пятнiцах у сваiм хоры: 'Том-вершавальнiк…'

Уздоўж халоднай мармуровай балюстрады я павольна падсунуўся блiжэй да траiх пакрыўджаных, паставiў парожнi кiлiшак на спод: цi адхiнуцца яны ад карослiвага? Яны не адхiнулiся; можа, чакалi ад мяне пакорлiвасцi? 'Дазвольце прадставiцца — Фэмель'. Божа мой, хiба кожны з iх аднекуль не прыблудзiў, хiба Грумпэтэр, швейцарац, у маладосцi не даiў кароў у графа фон Тэльма, не раскiдаў каровiнага гною на пахучай зямлi, перш чым ён адкрыў у сабе цягу да архiтэктуры? Праказа вылечваецца, вылечваецца на берагах Лага-Маджорэ, у садах Мiнузiа; цi вылечная праказа поўных цноты падрадчыкаў-будаўнiчых, што куплялi на злом раманскiя касцёлы, разам з iх вартым павагi рыштункам, са старымi мадоннамi i касцельнымi лавамi, i аздаблялi гэтым вартым павагi рыштункам салоны Новага i Старога свету? Тыя, што прадавалi салонам какотак спавядальнi, у якiх пакорлiвыя сяляне трыста год запар шэптам замольвалi свае грахi? Праказу можна вылечыць у паляўнiчых хатках i ў Бад-Эмзе.

Да смерцi сур'ёзныя твары пакрыўджаных застылi, калi адчынiлiся дзверы ў канферэнц-залу; паявiлася цёмная постаць, набыла абрысы, колеры; першы член журы зайшоў у галерэю — Губрых, прафесар гiсторыi мастацтва тэалагiчнага факультэта; 'толькi цераз мой труп'; яго чорны сурдут выглядаў пры гэтым асвятленнi нiбы мантыя рэмбрантаўскага члена Рады; Губрых падышоў да спода, узяў кiлiшак з каньяком, i я пачуў глыбокi ўздых, што вырваўся з ягоных грудзей; паўз траiх пакрыўджаных, якiя памкнулiся былi да яго, ён адышоў у самы далёкi кут галерэi; строгасць яго святаровага строю злагоджвалася белым шалiкам, а светлыя завiткi валос, якiя па-дзiцячаму спадалi на каўнер, узмацнялi ўражанне, якое Губрых хацеў рабiць на прысутных; ён выглядаў падобным да мастака. Можна было сабе ўявiць, як ён з разьбярскiм долатам над кавалкам дрэва, з танюткiм, у вадкiм золаце пэндзлiкам працуе: малюе валасы мадонны, бароды прарокаў альбо гарэзлiвы завiток Табiяшаваму сабаку на канцы хваста. Цiха ступаў Губрых па лiнолеуме, стомленым кiўком адказаў на паклоны пакрыўджаных i скiраваўся ў паўзмрок галерэi да Рэмбранта i Ван Дэйка: на гэтых вузкiх плячах ляжала адказнасць за цэрквы, лякарнi, прытулкi, у якiх яшчэ праз сто гадоў манашкi i ўдовы, сiроты i пацыенты бальнiчных прыёмных пакояў, цяжкiя падлеткi i распусныя дзявоткi будуць павiнны цярпець кухонныя пахi адмерлых пакаленняў; цёмныя калiдоры, бязрадасныя тыльныя фасады, што дзякуючы мёртвым мазаiкам былi яшчэ больш бязрадасныя, чым гэта прадугледжвалася архiтэктаравымi планамi; i вось крочыў ён, praeceptor et arbiter architecturae ecclesiasticae,[5] якi ўжо сорак год з патэтычным запалам i сляпой экзальтаванасцю перакананага ўсяляк прапагандаваў неаготыку; несумненна, яшчэ хлопчыкам, топчучы сцежкi пустэльных прадмесцяў, несучы з трыумфам дадому атрыманыя пяцёркi, ён перад аблiччам курадымных комiнаў i цёмных фасадаў дамоў вырашыў ашчаслiвiць чалавецтва i пакiнуць след на гэтай зямлi — i ён пакiнуў яго: чырванаватыя, а з кожным годам усё шарэйшыя i змрачнейшыя цагляныя фасады, з нiшаў якiх глядзелi ў будучыню поўныя невынiшчальнай меланхолii панурыя святыя.

Мэйзер паслужлiва падсунуў спод другому члену журы — каньяк для Кроля, жыццярадаснага, з тварам колеру чырвонага вiна курца цыгараў, мясажэра; нягледзячы на ўзрост, ён быў хударлявы — гэты нязменны рэстаўратар сабора Святога Севярына: галубiны памёт, пара ад лакаматываў, атручаныя хiмiкатамi хмары з боку ўсходнiх i рэдкiя вiльготныя вятры з боку заходнiх прадмесцяў; паўднёвае сонца, паўночныя халады, усе iндустрыяльныя i ўсе натуральныя ўплывы на клiмат гарантавалi яму i яго наступнiкам працу з пасадаю да канца жыцця; яму было сорак пяць, i, гэткiм чынам, у яго заставалася яшчэ дваццаць год на забавы, якiя ён па-сапраўднаму любiў, - на выпiўкi, цыгары, на коней i дзяўчат таго асаблiвага гатунку, якiя сустракаюцца паблiзу стайняў, пад час паляванняў на лiсаў — амазонкi з развiтымi цяглiцамi i мужчынскiм пахам. Я добра вывучаў сваiх працiўнiкаў; Кроль хаваў сваю абсалютную абыякавасць да праблем архiтэктуры за вытанчанай, амаль усходняй ветлiвасцю, якую ён падгледзеў у бiскупаў i пераняў ад iх; рухi Кроля iдэальна адпавядалi ўрачыстасцям адкрыцця помнiкаў; ён ведаў таксама некалькi вельмi добрых показак, якiя ўвесь час расказваў у пэўнай паслядоўнасцi; маючы дваццаць два гады, Кроль вывучыў на памяць 'Падручнiк архiтэктуры' Хандке i ўжо тады вырашыў да канца жыцця выцягваць карысць з гэтага высiлку: заўсёды, калi наспявала пiльная патрэба ўжыць архiтэктурныя тэрмiны, ён цытаваў 'неўмiручага Хандке'; на пасяджэннях журы Кроль бессаромна агiтаваў за праект, аўтар якога абяцаў яму найбольшы хабар, а калi бачыў, што ў праекта няма нiякiх шанцаў на перамогу, iмгненна мяняў сваю пазiцыю на карысць фаварыта з тае прычыны, што любiў казаць «падтрымлiваю» i не любiў — 'не падтрымлiваю', бо казаць «падтрымлiваю» карацей, а, па-за тым, для вымаўлення часцiцы «не» выплывае самая галоўная загана — яго не вымавiш толькi адным языком ды зубамi, а трэба падключыць яшчэ i нос; да таго ж тут патрэбны яшчэ i рашучы выраз твару, мiж тым як, даючы станоўчы адказ, яго мець зусiм не трэба. Кроль таксама ўздыхнуў, страсянуў галавою i, абмiнаючы траiх пакрыўджаных, паклыпаў у iншы кут галерэi, да назарэцянаў.

Нейкую хвiлю ў светлым чатырохкутнiку дзвярэй быў вiдзён толькi стол, накрыты зялёным сукном, графiн з вадою, папяльнiчка, клубы блакiтнага дыму ад Кролевай цыгары; а ўнутры — цiша, не чуваць нават шэпту; у паветры вiселi выракi смерцi; нараджалася вечная варожасць; для Губрыха гэтая гульня магла мець сваiм вынiкам пашану альбо ганьбу; нiбы зацяты пяцiкласнiк, ён пакляўся сабе не дапусцiць, каб калi- небудзь яго напаткала ганьба, гэтая гульня магла мець вынiкам тую страшэнную прынiжанасць, якая б вынiкала з прызнання свайго пройгрышу перад архiбiскупам. 'Ну, дык дзе Ваш труп, Губрых?' — спытаецца схiльная да гумару Яго прывялебнасць; для Кроля iшла гульня за вiлу на возеры Кома, якую яму абяцаў Брэмокель.

Сярод служак пачулiся шэпты: Мэйзер, сыкнуўшы, супакоiў iх. У дзвярах залы з'явiўся Швэбрынгер; ён быў малога росту, дробны; ён не проста лiчыўся непадкупным, але i сапраўды быў такi; насiў патрапаныя брыджы, зацыраваныя панчохi; галава ў яго была абстрыжаная дагала i мела чарнаватае адценне; у вачах- разынках таiлася ўсмешка; Швэбрынгер прадстаўляў грошы, кiраваў фундацыяй, створанай нацыяй; ён быў прадстаўнiком прамыслоўцаў i караля, але таксама i малодшага экспедыента, якi ўнёс дзесяць марак, i старую бабульку, што ахвяравала трыццаць пфенiгаў; Швэбрынгер меў адкрываць банкаўскiя рахункi, выпiсваць чэкi, кантраляваць рахункi, з кiславатай мiнаю прымаць задаткi; ён быў выхрыстам, яго патаемнай архiтэктурнай прыхiльнасцю было барока; даспадобы яму былi анёлы, што ляцяць у паветры, залачоныя крэслы ў ганаровых касцельных ложах, велiчныя амбоны, белыя лакiраваныя казальнiцы; ён любiў пах кадзiла, харавыя спевы хлопчыкаў. Швэбрынгер быў моцай: банкаўскiя кансорцыумы падпарадкоўвалiся яму, нiбы шлагбаўмы машынiсту; ён уплываў на курсы грашовых адзiнак, даваў загады сталёвым гутам; са сваiмi цвёрдымi цёмнымi вачамi-разынкамi ён выглядаў так, нiбыта iм ужо былi без усякага вынiку выпрабаваныя ўсе даступныя яму аблягчальныя сродкi, i ён чакаў, калi будзе вынайдзены напраўду эфектыўны сродак: Швэбрынгер узяў кiлiшак, не паклаўшы на спод грошай 'на чай'; усяго за два крокi ад мяне стаяў ён, у сваiх брыджах i зацыраваных панчохах, падобны да прафесiйнага велагоншчыка, што выбыў з гонкi; раптам ён паглядзеў на мяне, усмiхнуўся, адставiў парожнi кiлiшак i адышоў у кут нiдэрландцаў, дзе яшчэ раней знiк Губрых; i Швэбрынгер не абдарыў пакрыўджаных нiводным словам.

З канферэнц-залы быў чуцён шэпт: вiдавочна, гэта абат размаўляў з Гральдуке; вiдны былi толькi зялёны стол, папяльнiчка, графiн з вадою; пакаранне смерцю было адкладзена; у паветры луналi спрэчкi: здавалася, што ў судзейскай калегii ўсё яшчэ не было поўнай згоды.

Вось паявiўся Гральдуке, узяў два кiлiшкi з Мэйзеравага спода, нейкую хвiлю стаяў, вагаючыся, i паглядаў у бок Кроля; ён быў высокi, меў салiдныя памеры i больш прыстойнасцi, чым пра гэта можна было меркаваць па яго падпухлых вачах; Гральдуке быў прадстаўнiком закона, назiраў за юрыдычнай

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату