правамоцнасцю галасавання, вёў пратакол. Гральдуке сам ледзьве не стаў манахам: два гады запар спяваў у грэгарыянскiм хоры, якi i цяпер любiў; потым ён вярнуўся ў свецкае жыццё, каб ажанiцца з вельмi пекнай дзяўчынаю, з якою ён даў жыццё пяцi вельмi пекным дочкам; цяпер ён, будучы обер-прэзiдэнтам, кiраваў зямлёю; дзякуючы яму, зямельныя надзелы аддавалiся фундацыям, пасля напружанай працы ад заблытаных кадастраў вызвалялiся палеткi, лугi i лясы; ён апрацоўваў упартых старастаў i бургамiстраў, скасаваў правы на рыбалоўства ў кволых сажалках, установы, дзе закладалася нерухомасць, выкупляў за срэбра, супакойваў банкi i страхавыя кампанii.
Усе паволi вярталiся ў канферэнц-залу; абат махнуў вузкай даланёю Мэйзеру, якi тут жа знiк на паўхвiлiны, потым паявiўся зноў i гучна абвясцiў на ўсю галерэю: 'Мне даручана паведамiць членам журы, што перапынак скончаны'. Першы вярнуўся з кута назарэцянаў Кроль, на яго твары можна было прачытаць «за»; Швэбрынгер выйшаў, адзiн, з кута нiдэрландцаў i хутка прайшоў у залу; Губрых, апошнi, са спалатнелым тварам, смяртэльна абражаны, прайшоў паўз трох пакрыўджаных, трасучы галавою; Мэйзер зачынiў за iм дзверы, зiрнуў на свой спод, на дзевяць парожнiх кiлiшкаў, пагардлiва пазвякаў нешматлiкiмi манетамi 'на чай'; я падышоў да яго i кiнуў на спод талер: ён упаў звонка i цвёрда; тры пакрыўджаныя спуджана паднялi галовы; Мэйзер скрывiў вусны ва ўсмешцы, на знак удзячнасцi падняў руку да шапачкi i шапнуў: 'Гэта ж трэба, ты — усяго толькi сын крыху глузданутага рэгента!'
Даўно ўжо з вулiцы не было чуваць бразгатання каламажак: «Травiята» пачалася; нерухома ў дзвюх шарэнгах стаялi служкi, памiж рымскiх легiянераў i матронаў, памiж рэшткаў калон былых святыняў; гоман, нiбы гарачая хваля, уварваўся ў халодны вечар; людзi з прэсы пераадолелi супрацiўленне першага служкi, вось ужо i другi бязрадна падняў рукi, а трэцi пазiраў на Мэйзера, якi, сыкаючы, усталёўваў цiшу; маладзенькi журналiст, працiснуўшыся паўз Мэйзера, падбег да мяне, выцер нос рукавом i цiха сказаў мне: 'Упэўненая перамога — за Вамi'. Крыху ў глыбi памяшкання ўжо чакалi два шаноўныя рэдактары-нарысiсты, у чорных капелюшах, з бародамi, выпетраныя пафасам натхнёных радкоў; яны трымалi на патрэбнай адлегласцi менш шаноўную публiку — дзяўчыну ў акулярах, хударлявага сацыялiста; да тае хвiлi, пакуль адчынiлiся дзверы i абат, задыхаўшыся, шпарка, нiбы маленькi хлапчук, падбег да мяне, абняў, i я пачуў голас, якi крычаў: 'Фэмель! Фэмель!'
Гоман быў ужо чуцён аж наверсе; праз дзесяць хвiлiн пасля таго, як перастала дрыжаць падаконне, работнiцы з усмешкамi выходзiлi з брамы, несучы сваю годную пачуццёвасць у вольны ад працы вечар; то быў адзiн з тых восеньскiх вечароў, калi трава пад мурам асаблiва пахкая; Грэцу не ўдалося сёння прадаць свайго дзiка, на рыле якога застыгла пацямнелая кроў; у зменнай раме была вiдна тэраса на процiлеглым даху: белы стол, зялёная драўляная лаўка, альтанка са стомленай квеценню настурцый; цi Ёзэфавы дзецi i дзецi Рут калi-небудзь будуць прагульвацца там, па тэрасе, чытаць 'Падступнасць i каханне'; цi бачыў ён там калi Роберта? Hе, нiколi: Роберт сядзеў у сваiм пакоi, трэнiраваўся ў садзе; тэрасы былi занадта малыя, каб магчы там займацца яго вiдамi спорту: лаптою i бегам на сто метраў.
Я заўсёды трохi яго баяўся, чакаў ад яго чагосьцi нязвыклага, не здзiвiўся нават, калi той хлопец з апушчанымi плячыма наклаў на яго секвестр; каб я толькi ведаў, як звалi таго, другога, якi кiдаў у нашую паштовую скрынку маленькiя цыдулкi з весткамi ад Роберта; я так i не даведаўся пра гэта; i Ёганна нiчога не здолела выцягнуць з Фрэшэра; гэтаму хлопцу належыць помнiк, якi вы захочаце паставiць мне; я не наважыўся тады паказаць на дзверы Нэтлiнгеру i забаранiць гэтаму Вакеры заходзiць у Отаў пакой; гэта яны прынеслi бычынае прычасце ў мой дом, ператварылi хлопца, якога я так любiў, у нейкага чужанiцу… майго маленькага хлопчыка, якога я браў з сабою на будоўлю, на рыштаваннi. Таксi? Таксi? Цi гэта было таксi з 1936 года, на якiм мы з Ёганнай ехалi ў «Якар», у Верхнi Порт? Цi, можа, таксi з 1942 года, на якiм я вёз яе ў Дэнклiнген, у псiхiятрычную лякарню? Альбо таксi з 1956 года, на якiм мы з Ёзэфам паехалi ў Кiслiнген; я хацеў паказаць яму будоўлю, дзе ён, мой унук, сын Роберта i Эдыт, павiнен быў заняць маё месца; абацтва разбуранае, груда камення, пылу i друзу; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн, напэўна б, трыумфавалi, убачыўшы гэта; а я не трыумфаваў, убачыўшы ў 1945 годзе ўпершыню гэтыя груды руiнаў; у задуменнi я абышоў iх, пэўна, спакайнейшы, чым яны маглi ад мяне чакаць; цi яны чакалi ад мяне слёз, абурэння?
— Мы знойдзем вiнаватага.
— Навошта? — спытаўся я. — Пакiньце яго ў спакоi.
Я аддаў бы дзвесце абацтваў, калi б за iх мне вярнулi Эдыт, Оту цi таго чужога хлопца, што кiдаў цыдулкi ў нашу паштовую скрыню i мусiў так дорага заплацiць за гэта; i хоць гэты абмен не адбыўся, не быў прыняты, мяне цешыла, што я заплацiў хоць бы гэтым — грудаю камення, маiм 'учынкам маладосцi'. Я ахвяраваў гэта Оце i Эдыт, таму хлопцу i сталяроваму вучню, хоць ведаў, што iм гэта будзе нi да чога: яны загiнулi; цi, можа, гэтая груда руiнаў належала да таго непрадбачанага, якога я гэтак моцна прагнуў? Манахаў здзiўляла мая ўсмешка, а мяне здзiўляла iхняе абурэнне.
— Таксi? Я ўжо iду, Леанора. Hе забудзьцеся, што я запрасiў Вас: а дзевятай, у кавярнi Кронэра — вячэра з нагоды дня нараджэння. Шампанскага не будзе. Ненавiджу шампанскае. Забярыце там унiзе ў прыдзвернiка кветкi, цыгары, вiншавальныя тэлеграмы i, калi ласка, маё дзiця, не забудзьце апляваць мой помнiк.
To былi выбарчыя плакаты — тое, што друкавалася цяпер, у звышурочныя гадзiны, на белай паперы; iх стосы завальвалi калiдоры, лесвiчныя каморы аж пад самы яго кабiнет; на кожнай пачцы быў наклеены плакат-узор: усе гэтыя добра апранутыя ўзоры ўсмiхалiся яму, нават на плакатах можна было разгледзець гарусныя нiткi ў iх гарнiтурах; грамадзянская паважнасць i грамадзянская ўсмешлiвасць патрабавалi даверу i аптымiзму; там былi маладыя i пажылыя, але маладыя рабiлi на яго яшчэ страшнейшае ўражанне, чым пажылыя; ён знакам, зробленым рукою, паслаў прыдзвернiка, якi хацеў запрасiць яго ў свой пакойчык — паглядзець раскошу кветак, разгарнуць тэлеграмы, ацанiць падарункi; ён сеў у таксi; дзверы машыны перад iм адчынiў шафёр.
— Калi ласка, у Дэнклiнген, у псiхiятрычную лякарню, — цiха сказаў стары Фэмель.
5
Блакiтнае неба, пафарбаваная сцяна, уздоўж якой таполi, нiбы перакладзiны драбiнаў, вялi ўгору i ўнiз на дзядзiнец, дзе прыдзвернiк змятаў лiсце ў равок з кампостам; сцяна была занадта высокая, прамежкi памiж перакладзiнамi — занадта вялiкiя; тры, чатыры крокi трэба было яму зрабiць, каб з адной трапiць на другую. Памалу! Чаму жоўты аўтобус павiнен ехаць гэтак высока ўздоўж сцяны, паўзцi каля яе, не раўнуючы як жук? Ён прывёз сёння толькi аднаго чалавека — яго. Цi гэта быў ён? Хто? Каб гэта ён караскаўся сюды, ледзьве дацягваючыся да чарговае прыступкi! Ды не: ён заўсёды хадзiў выпрастаўшыся, не згiнаючыся, не прынiжаючы сябе — адно што ўкленчваючы ў касцёле цi на стартавай дарожцы ён мяняў сваю паставу. Цi гэта быў ён? Хто?
На дрэвах у садзе, у Блесэнфэльдскiм парку — старанна намаляваныя шыльдачкi: 25, 50, 75, 100; ён укленчыў пры стартавых ямках, прамармытаў сам сабе: 'На старт… увага… марш!' — i пабег; часам ён запавольваў свой бег, вяртаўся, глядзеў час на секундамеры, запiсваў яго ў сшытак мармуровага колеру, што ляжаў на каменным столiку ў садзе — i зноў укленчваў пры стартавых ямках, мармытаў сабе каманду, бег, адно зусiм крыху павялiчваючы тэмп на выпрабаванай дыстанцыi; часцяком праходзiла нямала часу, пакуль ён пачынаў выбягаць за 25 метраў i яшчэ больш — пакуль ён прабягаў пяцьдзесят; на заканчэнне ён бег усю дыстанцыю, 100 метраў, i запiсваў дасягнуты час у сшытак — 11,2. Гэта нагадвала фугу — дакладна, хвалююча: а ўсё ж мела ў сабе адцiнкi вялiкай нуды, падобную да прорвы вечнасць у летнiя адвячоркi, у садзе альбо ў Блесэнфэльдскiм парку; старт — вяртанне; старт — малое паскарэнне — вяртанне; таксама яго тлумачэннi, калi ён сядаў каля яе, аналiзаваў i вытлумачваў запiсаныя ў сшытку лiчбы, хвалiў перавагi сваёй сiстэмы — усё гэта было адначасна хвалюючае i нуднае; яго трэнiроўкi папахвалi фанатызмам; гэтае дужае i зграбнае юначае цела пахла потам сур'ёзных высiлкаў маладых людзей, што яшчэ не зведалi кахання; гэтаксама пахлi яе браты, Бруна i Фрыдрых, калi злазiлi са сваiх спартыўных ровараў, з галовамi, поўнымi лiчбамi кiламетраў, хвiлiн i секундаў, а пасля ў садзе давалi паслабу сваiм фанатычным цяглiцам ног з дапамогаю фанатычных выраўнальных практыкаванняў; гэткi пах iшоў ад бацькi, калi ён пад час рэпетыцый хору паважна напiнаў грудзi, калi дыханне рабiлася спортам, спеў не быў прыемнай забаваю, а складнiкам грамадзянскай павагi, аблямаванай салiднымi вусамi; яны сур'ёзна спявалi, сур'ёзна ездзiлi на роварах, мелi вартыя сур'ёзнай увагi цяглiцы на нагах, на грудной клетцы, каля губ; сутаргi прарысоўвалi