брыдкiя фiялетавыя маланкi на скуры ног i шчок; яны гадзiнамi выстойвалi сярод халодных восеньскiх начэй, каб пастраляць па зайцах, якiя хавалiся за галоўкамi капусты, а ўрэшце на досвiтку выказвалi лiтасць да занямелых цяглiцаў, наважвалiся даць iм палёгку i беглi зiгзагамi сярод дробнага, як шрот, дажджу: 'навошта-навошта-навошта?' Дзе быў ён той, хто насiў у сабе таямнiчы смех, схаваную ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружыну, што памяншала невыносны ўцiск, знiмала напружанасць; ён, той адзiны, хто не пакаштаваў бычынага прычасця? Усмешка ў альтанцы, 'Падступнасць i каханне'; яна нахiлiлася над балюстрадаю, бачыла, як ён выходзiў з брамы друкарнi; ён лёгка пашыбаваў да Кронэравай кавярнi, маючы ў сабе таемны смех, нiбы спружыну; цi быў ён яе здабычай, цi яна была ягонай?

Памалу, памалу! Чаму заўсёды ты iдзеш гэтак выпрастаўшыся, не згiнаючыся? Адзiн неасцярожны крок — i ты звалiшся ў блакiтную прорву i разаб'ешся тут, унiзе, аб бетонныя сцены раўка з кампостам; звялае лiсце не паменшыць сiлы ўдару; гранiтны падмурак сходаў — не падушка; цi быў гэта ён? Хто? Наглядчык Гупэрц сцiшана стаяў у дзвярах: гарбату, каву, пiва, вiно альбо каньяк для госця? Хвiлiначку, калi ласка, Фрыдрых прыехаў бы сюды конна: ён нiколi не палез бы ў той жоўты аўтобус, што, нiбы жук, поўз там уверсе ўздоўж сцяны; а Бруна нiколi не хадзiў без кiйка: забiваў, рассякаў iм час; разбiваў яго на часткi кiйком альбо картамi, якiя ён начамi, днямi шпурляў, нiбы штылеты; Фрыдрых прыехаў бы сюды конна, а Бруна нiколi б не паявiўся без клiнка; не трэба нi каньяку для Фрыдрыха, нi вiна для Бруна; яны загiнулi; ашалелыя ўланы папёрлi пад Эрбi-ле-Юэт проста пад кулямёты; яны думалi, што бюргерскiя заганы вызваляць iх ад бюргерскiх цнотаў, непрыстойнымi показкамi яны хацелi вынiшчыць неабходнасць практыкавацца ў цiхманасцi, голыя балерынкi, што танцавалi на сталах у клубе, не зневажалi памяцi шаноўных продкаў, бо гэтыя продкi зусiм не былi гэткiя шаноўныя, як яны выглядаюць у партрэтнай галерэi; каньяк i вiно выкрэслены назаўжды з карты напояў, дарагi Гупэрц. Можа, пiва? Отава хада была не такая эластычная, гэта было падобна да маршыроўкi: яго боты выстуквалi варожасць на плiтках калiдора, на бруку, на ўсёй вулiцы Модэстгасэ; Ота рана пакаштаваў бычынага прычасця, а можа, гэта яго брат, памiраючы, пакiнуў яму ў спадчыну тое прозвiшча — Гiндэнбург? Праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi нарадзiўся Ота; ён загiнуў пад Кiевам; я не хачу больш нi ў чым сабе манiць, Гупэрц: Бруна i Фрыдрых, Ота i Эдыт, Ёганна i Генрых — усе яны больш не жывуць.

Кава таксама не будзе патрэбна; гэта не тая асоба, чыю прытоеную ўсмешку я чула ў кожным кроку: той старэйшы; а гэтаму прынясi гарбаты, Гупэрц, — свежай, моцнай, але без цукру; гарбаты майму сыну Роберту, непахiснаму, выпрастанаму, якi заўсёды жыў таямнiцамi, i цяпер у ягоных грудзях жыве таямнiца; яны бiлi яго, панявечылi яму ўсю спiну, але ён не паддаўся, не выдаў сваёй таямнiцы, не выдаў Георга, майго стрыечнага брата, якi прыгатаваў яму чорны порах у 'Аптэцы пад Гунамi'; павiснуўшы памiж дзвюма драбiнамi, ён спускаецца цяпер сюды, з перакладзiны на перакладзiну; лунае ў паветры, распасцёршы рукi, нiбы Iкар; спускаецца да ўвахода; ён не ўпадзе ў равок з кампостам, не разаб'ецца аб гранiт. Гарбаты, дарагi Гупэрц, — свежай i моцнай, з малаком, але без цукру; i цыгарэт, калi ласка, для майго архангела: ён прыносiць мне змрочныя весткi, якiя пахнуць крывёю, бунтам i помстаю: яны забiлi таго светлавалосага хлопца; ён бегаў сто метраў за 10,9; колькi разоў я яго бачыла, ён усё смяяўся; а бачыла я яго толькi тры разы; сваiмi зграбнымi рукамi ён направiў маленькi замочак у шкатулцы, у якой я захоўвала бiжутэрыю, чаго за сорак год не здолеў зрабiць нiводзiн майстар-слесар; ён адно дакрануўся да замочка — i ўсё было ў парадку; ён не быў архангел, а ўсяго толькi анёлак; хлопца звалi Фэрдзi, у яго былi светлыя валасы; неразумны, ён думаў, што можна, узброiўшыся адно хлопаўкаю, выходзiць на iх — тых, што пакаштавалi бычынага прычасця; ён не пiў нi гарбаты, нi вiна, нi пiва, нi кавы, каньяку, а проста падстаўляў рот пад струмень вады з крана i смяяўся; каб быў жывы, ён бы здабыў мне стрэльбу; альбо той, другi, цёмнавалосы анёлак, якому было забаронена смяяцца, брат Эдыт; яны звалi яго Шрэла, i ён быў з тых, каго нiколi не называюць па iмю, Фэрдзi б зрабiў гэта… ён бы заплацiў за мяне выкуп i выцягнуў бы мяне можа, з дапамогаю стрэльбы — з гэтага замка, у якiм я жыву нiбы заклятая; а так вось гэтае закляцце застаецца на мне; толькi па агромнiстых драбiнах можна выбрацца на свет Божы; вось мой сын спускаецца да мяне.

— Добры дзень, Роберт, ты ж вып'еш гарбаты? Hе сцiнайся, калi я цалую цябе ў шчаку; ты выглядаеш на саракагадовага мужчыну; сiвiзна на скронях, вузкiя нагавiцы i нябесна-блакiтная безрукаўка; цi не залiшне ўсё гэта кiдаецца ў вочы? Мажлiва, гэта i добра — хавацца пад маскаю пана сярэдняга веку; ты цяпер падобны да вялiкага начальнiка; усiм хацелася б пачуць, як ён кашляе, ды ён мае ў сабе занадта шмат вытанчанасцi, каб дазволiць сабе кашляць пры людзях; даруй мне за мой смех; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi; твая сiвiзна нiбы сапраўдная, а гэтыя сляды на падбародку — зусiм як у чалавека, якi павiнен быў бы галiцца два разы на дзень, але робiць гэта толькi адзiн раз; спрытна зроблена; толькi чырвоны шнар застаўся такi самы, як i быў; па iм яны цябе, вядома, пазнаюць; цi няма i тут якога-кольвечы сродка?

Hе, табе не трэба палохацца: яны да мяне не дакраналiся; бiзун застаўся вiсець на сцяне; яны толькi спыталiся:

— Калi Вы бачылi яго апошнi раз?

I я сказала iм праўду:

— Ураннi, калi ён пайшоў на трамвайны прыпынак, каб ехаць у школу.

— Але ж у школу ён так i не прыйшоў?

Я маўчала.

— Цi не спрабаваў ён наладзiць з Вамi сувязь?

I я зноў сказала праўду:

— Hе, не спрабаваў.

Ты пакiнуў зашмат слядоў, Роберт; нейкая жанчына з тых баракаў, што каля кар'ера, прынесла мне кнiжку, падпiсаную тваiм прозвiшчам, i з адрасам: то быў Авiдзiй у шэра-зялёнай кардоннай вокладцы, запэцканай курыным памётам; за пяць кiламетраў адтуль знайшлi тваю хрэстаматыю, у якой не было аднаго лiста; яе прынесла мне касiрка з кiнатэатра; яна прыйшла ў бюро, назвалася клiенткай, i Ёзэф прывёў яе да мяне наверх.

Праз тыдзень яны зноў пыталiся ў мяне: 'Цi быў у Вас з iм кантакт?', i я адказала: 'Hе было'. Пазней паявiўся яшчэ адзiн, Нэтлiнгер, якi шмат разоў карыстаўся маёй гасцiннасцю; ён сказаў: 'Дзеля Вашага ж iнтарэсу скажыце праўду'. Але ж я iм i казала праўду, ды цяпер ведала, што ты ўмыкнуў з iх рук.

Некалькi месяцаў нiчога новага, а потым прыйшла Эдыт i сказала:

— Я чакаю дзiця.

Я спужалася, калi яна прамовiла:

— Госпад блаславiў мяне.

Яе голас наганяў на мяне страх; даруй, але я нiколi не любiла сектантаў; дзяўчына была цяжарная i засталася зусiм адна: бацька арыштаваны, родны брат знiк, цябе не было — яны два тыднi пратрымалi яе ў вязнiцы i рабiлi допыты; яны не кранулi яе; як проста было паразганяць тых некалькiх авечак; толькi адна авечка засталася — Эдыт; я забрала яе да сябе. Дзецi, вашую неразумнасць, вядома, упадабаў пан бог, але, прынамсi, Вакеру вы павiнны былi забiць; баранi нас божа ад пакутнiкаў, якiя засталiся жыць; настаўнiк гiмнастыкi — палiцай-прэзiдэнт: гойсае на сваiм белым канi па горадзе i асабiста кiруе аблавамi на жабракоў; чаму хоць бы яго вы не забiлi, але чым — порахам у кардонным карабку? Хлопаўкамi нiкога не заб'еш, хлопча; вам трэба было спытацца пра гэта ў мяне: смерць зроблена з металу гiльза з медзi, свiнец, жалеза; смерць нясуць асколкi металу — яны свiшчуць i выюць, уначы спадаюць дажджом на дах, з грукатам б'юцца аб альтанку, лётаюць у паветры, нiбы дзiкiя птахi: 'Дзiкiя гусi шумяць уначы'; яны кiдаюцца на авечак; Эдыт памерла; я перад тым дамаглася, каб яе абвясцiлi вар'яткай: тры медыцынскiя аўтарытэты напiсалi заключэнне сваiмi па-арыстакрацку нечытэльнымi почыркамi на белых лiстах са штампамi, што выклiкаюць павагу — гэта ўратавала яе, Эдыт. Даруй, што я смяюся; гэткая во авечка: у семнаццаць год нарадзiла першае дзiця, у дзевятнаццаць — другое, прытым заўсёды ад яе можна было пачуць словы накшталт: 'Пан Бог зрабiў тое', 'Пан Бог даў', 'Пан Бог узяў', 'Пан Бог…', 'Пан Бог…' Яна не ведала, што пан Бог — наш брат: з братамi ты можаш смяяцца сабе колькi хочаш, з панамi не заўсёды; я не ведала, што дзiкiя гусi рвуць авечак, думаючы, што яны мiралюбныя траваежныя птушкi; Эдыт ляжала тут, i здавалася, што ажыў наш родавы герб — авечка, з грудзей у якой пырскае струмень крывi; але вакол яе не стаялi нi пакутнiкi, нi кардыналы, нi пустэльнiкi, нi рыцары, нi святыя, каб малiцца на яе; там стаяла я адна. Яна памерла; хлопча, паспрабуй усмiхнуцца; я спрабавала, ды ў мяне гэта не атрымлiвалася: асаблiва з Генрыхам; ён забаўляўся з табою, чапляў табе шаблю, насоўваў на галаву шалом, рабiў з цябе «француза», ды «руса», ды «iнглiшмэна»; гэты цiхманы хлопчык; i ён спяваў: 'Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн'; а калi ён памiраў, ён шапнуў мне той жахлiвы пароль, iмя свяшчэннага буйвала' Гiндэнбург'. Ён

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату