хацеў вывучыць верш на памяць, быў такi ветлiвы i паслухмяны, а я парвала цыдулку з вершам на дробныя шматкi, выкiнула iх, i яны пасыпалiся, нiбы камякi снегу, на Модэстгасэ.
Пi, Роберт, гарбата стыне; вось цыгарэты; падыдзi сюды блiжэй: я мушу гаварыць зусiм цiха; нiхто не павiнен нас чуць, а перадусiм не павiнен нас чуць твой бацька; ён — дзiця, не ведае, колькi лiха ў гэтым свеце, як мала ў iм ёсць чыстых сэрцаў; а ён мае такое; цiха, нельга заплямiць гэткае чыстае сэрца; паслухай, ты можаш мяне вызвалiць: 'мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн', i ты павiнен здабыць яго мне; з тэрасы, што на даху, я б магла яго ладна падстрэлiць; у нашай альтанцы трыста пяцьдзесят дзiрак; калi ён будзе наблiжацца на сваiм белым канi, заверне за рог вулiцы каля гатэля 'Прынц Генрых', у мяне будзе досыць часу, каб добра пацэлiць; трэба глыбока ўдыхнуць паветра — я чытала пра гэта, — нацэлiцца i нацiснуць у патрэбны момант на курок; я выпрабавала гэта з Брунавым кiйком: калi ён заверне за рог, у мяне будзе дзве з паловай хвiлiны часу, але цi ўдасца мне таксама падстрэлiць i таго другога — я не ведаю; будзе сумятня, калi ён звалiцца з каня, i я не здолею другi раз спакойна ўдыхнуць паветра, навесцi i нацiснуць своечасова на курок; мне трэба толькi вырашыць, па кiм страляць: па настаўнiку гiмнастыкi цi па тым Нэтлiнгеры; ён еў мой хлеб, пiў маю гарбату, i бацька заўсёды называў яго 'жвавым хлопцам'. Паглядзi, якi жвавы гэты хлопец: iрваў авечак, лупцаваў цябе i Шрэлу бiзуном з калючага дроту; Фэрдзi заплацiў занадта дорага за гэты сцiплы вынiк — апёкi на назе настаўнiка гiмнастыкi, разбiтае люстэрка ў пярэднiм пакоi; не порах з кардонным карабком патрэбны, а порах з металам…
Выпi нарэшце сваю гарбату, хлопча; цi яна табе не смачная? Што, тытунь у цыгарэтах перасох? Выбачай, але я нiколi не разбiралася ў гэтых рэчах; ты добра выглядаеш, табе да твару знешнасць саракагадовага мужчыны з сiвымi скронямi, можна падумаць, што ты нарадзiўся натарыусам; мяне разбiрае смех, калi я сабе ўяўляю, што ты напраўду калi-небудзь будзеш гэтак выглядаць; якiя ўсё ж спрытныя цяпер цырульнiкi!
Hе будзь такi сур'ёзны: усё мiнецца, мы зноў пачнем ездзiць за горад, у Кiслiнген: бабуля i дзед, дзецi, унукi, увесь наш род; твой сын будзе спрабаваць лавiць рукамi стронгу; мы будзем есцi цудоўны манаскi хлеб, пiць iхняе вiно, слухаць вячэрняе набажэнства: 'Rorate coeli decuper et nubes plurant justum';[6] урачыстую перадкалядную службу; у гарах выпадзе снег, замерзнуць ручаi — выберы сабе пару года, хлопча, — каляды будуць найбольш даспадобы Эдыт; яна пахне калядамi: дзяўчына яшчэ не зразумела, што Госпад прыйшоў да нас як брат; манаскi спеў узрадуе яе адвентысцкае сэрца; i таксама ўзрадуе яе цёмны касцёл, пабудаваны калiсьцi тваiм бацькам; абацтва Святога Антонiя ў далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i ГёрлiнгерШтуль.
Мне не было яшчэ i дваццацi двух гадоў, калi асвячалi абацтва; я яшчэ зусiм нядаўна прачытала 'Падступнасць i каханне'; у мяне ў горле ўсё яшчэ сядзеў i лёгка вырываўся з яго падлеткаў смех; у зялёнай аксамiтавай сукенцы, купленай у краме Гэрмiны Горушкi, я выглядала так, быццам бы толькi што вярнулася з танцаў; ужо не дзяўчына, але яшчэ i не жанчына — не замужняя жанчына, а дзяўчына, якую спакусiлi; белы каўнерык, чорны капялюш; я была ўжо цяжарная i кожную хвiлю гатовая заплакаць; кардынал шапнуў мне: 'Вам трэба было застацца дома; спадзяюся, што Вы вытрымаеце ўсё гэта'. Я вытрымала, я хацела быць пры ўсiм; калi адчынiлi касцёл i пачалася цырымонiя асвячэння, мне зрабiлася непамысна; ён зусiм спалатнеў, мой малы Давiд, а я падумала сабе: цяпер яго смех прапаў; яны заб'юць яго сваiмi ўрачыстасцямi; ён на тое занадта малы i занадта малады; у яго замала мужчынскай паважнасцi ў мускулах; я ведала, што маю пекны выгляд — у зялёнай сукнi, чарнавокая, з белым, нiбы снег, каўняром; я вырашыла нiколi не забывацца, што ўсё гэта толькi гульня. Я смяялася яшчэ, калi згадвала, як настаўнiк нямецкай мовы казаў мне: 'Буду пытаць Вас на пяцёрку', але я не здолела адказаць на пяцёрку; я думала ўвесь час толькi пра яго, называла яго Давiдам, малым з прашчаю, журботнымi вачыма i глыбока схаваным смехам; я кахала яго i штодня чакала хвiлiны, калi ён з'явiцца ў вялiкiм акне кабiнета; я глядзела яму ўслед, калi ён выходзiў з брамы друкарнi, употайкi прыходзiла на спеўкi iхняга хору, уважлiва ўглядалася, цi ягоныя грудзi таксама ўздымаюцца i апускаюцца ў гэтым сур'ёзным мужчынскiм спорце, ды пазнавала па яго твары, што ён не належаў да iх; я прасiла Бруну непрыкметна для iншых прыводзiць мяне ў клуб афiцэраў-рэзервiстаў, што збiраўся ў гатэлi 'Прынц Генрых', каб згуляць у бiльярд; я прыглядалася да таго, як ён згiнаў i разгiнаў рукi, як белыя шары кацiлiся па зялёным i чырвоныя кацiлiся на зялёным, i там я адчула яго смех, схаваны глыбока ў iм унутры; не, ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, але было боязна, цi вытрымае ён апошняе, самае апошняе i самае цяжкое выпрабаванне — выпрабаванне вайсковай формай, у дзень нараджэння таго прыдурка, у студзенi: маршыроўка перад помнiкам каля моста, удзел ва ўрачыстым парадзе перад гатэлем, на балконе якога стаяў генерал; я пыталася ў сябе, як гэта будзе выглядаць, калi ён будзе шыбаваць там, унiзе, напампаваны гiсторыяй i балбатнёй пра 'цяжар лёсу', у такт грукату барабанаў i лiтаўраў, пад гукi баявых ражкоў. Мне было боязна, вусцiшна, што ён будзе выглядаць смешна; я не хацела, каб ён быў смешны; я не хацела, каб яны калi-небудзь смяялiся з яго, хацела, каб ён смяяўся з iх; i я ўбачыла, як ён маршыраваў; мой Божухна, каб ты бачыў яго тады! Ён, здавалася, кожным сваiм крокам пераступаў праз кайзераву галаву.
Пасля мне часцяком даводзiлася бачыць яго ў форме; гады лiчылiся цяпер павышэннямi ў званнi: праз два гады — обер-лейтэнант, яшчэ праз два гаўптман; я брала ў рукi яго шаблю i ўсяляк iмкнулася яе зганьбiць, апаганiць, саскрабала ёю бруд з жалезных завiткоў на парэнчах сходаў, iржу з жалезных лавак у садзе, капала ёю ямкi пад флянсы; толькi чысцiць бульбу ёй было занадта нязручна.
Шаблi трэба кiдаць на зямлю i таптаць нагамi, як i ўсе прывiлеi; толькi дзеля таго яны iснуюць — гэта хабарнiцтва: Правая рука iх поўная дарункаў. Еш тое, што ядуць iншыя; чытай тое, што чытаюць усе, насi вопратку, якую носяць усе; тады ты найшчыльней наблiзiшся да праўды; шляхоцкасць абавязвае, яна абавязвае цябе есцi мякiну, калi яе ядуць астатнiя, чытаць ура-патрыятычны памёт на старонках мясцовых газет, а не выданнi для адукаваных людзей — Дэмеля[7] i iншых; не, Роберт, не прымай нiчога ад iх — нi паштэтаў ад Грэца, нi масла ад абата, нi мёду, нi залатых манет, нi рагу з заечага мяса: навошта-навошта-навошта, калi ў iншых таго няма; простыя людзi могуць спакойна есцi мёд i масла, ён не сапсуе iм нi страўнiка, нi мазгоў, але ты, Роберт, гэтага рабiць не можаш — ты павiнен есцi гэты брыдкi хлеб: вочы твае напоўняцца ад праўды слязьмi, i ты павiнен насiць вопратку з убогай тканiны — тады будзеш свабодны.
Я толькi адзiн раз пакарысталася сваёй прывiлеяй, адзiнадзiны раз — ты павiнен дараваць мне гэта; я не магла больш вытрываць i пайшла да Дрэшэра, каб дамагчыся табе амнiстыi; мы не маглi болей трываць: бацька, я i Эдыт; у цябе ўжо тады нарадзiўся сын; мы знаходзiлi ў паштовай скрынi вестачкi ад цябе, зусiм маленькiя, як паперкi ад парашкоў супраць кашлю; першы раз мы атрымалi вестачку ад цябе праз чатыры месяцы пасля таго, як ты знiк: 'Hе турбуйцеся наконт мяне, я старанна вучуся ў Амстэрдаме. Цалую маму. Роберт'. Праз тыдзень мы прачыталi другую цыдулку: 'Мне патрэбны грошы, загарнiце ў газету i перадайце чалавеку, прозвiшча якога Гроль — кельнеру ў «Якары», Верхнi Порт. Цалую маму. Роберт'.
Мы аднеслi грошы туды: кельнер Гроль моўчкi паставiў нам пiва i лiманад, моўчкi ўзяў скрутак, моўчкi адмовiўся ад грошай 'на чай'; здавалася, ён нас зусiм не бачыць i не чуе нашых пытанняў.
Мы паўклейвалi твае маленькiя вестачкi ў нататнiк; новых доўга не было, потым яны пачалi надыходзiць часцей. 'Грошы атрымаў усе: 2-га, 4-га i 6-га. Цалую маму. Роберт'. А Ота раптам стаў зусiм не Ота, а нехта iншы; ён прывёў у дом Нэтлiнгера i настаўнiка гiмнастыкi; Ота… я зразумела, што гэта значыць, калi кажуць, што ад чалавека засталася адна абалонка; Ота быў цяпер толькi Отавай абалонкаю, якая хутка напоўнiлася iншым змесцiвам: ён не проста пакаштаваў бычынага прычасця, яно было яму прышчэплена; з яго выссалi былую кроў i ўлiлi яму новую: Отаў пагляд зрабiўся паглядам забойцы, i я са страхам хавала ад яго твае цыдулкi.
Колькi месяцаў вестак ад цябе не было; я поўзала на каленях у сенцах, па падлозе, выкладзенай плiткамi, аглядала кожную шчылiну, кожную цалю халоднай падлогi, зняла завiткi з парэнчаў, пасаскрабала з iх увесь бруд, баючыся, што папяровыя скрутачкi могуць куды-небудзь завалiцца, што iх можа здзьмухнуць скразняком; па начах я адкручвала паштовую скрыню i разбiрала яе, а Ота вяртаўся, прыцiскаў мяне дзвярыма да сцяны, наступаў мне на пальцы, смяяўся: доўгiя месяцы я не магла нiчога знайсцi, прастойвала ночы за фiранкаю ў спальнi, чакала свiтання, пiльнавала за вулiцай i за дзвярыма ў дом, злятала ўнiз па сходах, калi паяўляўся паштар з газетамi; нiчога не было; я абшуквала папяровыя торбачкi з булачкамi, асцярожна пералiвала малако ў рондаль, адляпляла этыкетку ад бутэлькi; нiчога не было. Ад вечара мы хадзiлi ў «Якар», працiскалiся памiж мундзiраў у самы далёкi куток, за столiк, якi абслугоўваўся Гролем, але Гроль маўчаў, рабiў выгляд, нiбыта нас не ведае; толькi праз некалькi тыдняў, калi мы чарговы раз, чакаючы, сядзелi там, ён напiсаў на беражку кардоннай падстаўкi пад пiва: 'Будзьце асцярожныя! Я