нiчога не ведаю!', а пасля перакулiў кухаль з пiвам, размазаў разлiтае пiва так, што на месцы надпiсу засталася вялiкая чарнiльная пляма, прынёс нам новы кухаль, за якi не хацеў браць грошай, — Гроль, кельнер з «Якара», малады чалавек з вузкiм тварам.

Мы ж, натуральна, не ведалi, што хлопец, якi кiдаў нам у паштовую скрыню вестачкi ад цябе, даўно быў арыштаваны, што за намi сачылi, а Гроль заставаўся на волi толькi з аднае прычыны — яны спадзявалiся, што ён загаворыць з намi; хто можа разабрацца ў гэтай вышэйшай матэматыцы забойцаў? I Гроль, i хлопец з вестачкамi ад цябе — абодва знiклi, Роберт; а ты ж не даеш мне карабiна, не вызваляеш мяне з гэтага заклятага замка.

Мы перасталi хадзiць у «Якар», пяць месяцаў нiчога не чулi пра цябе; я першы раз скарысталася з прывiлеi: пайшла к доктару Эмiлю Дрэшэру, старшынi зямельнага ўрада; колiсь я разам з яго сястрою хадзiла ў школу, а з iм — на ўрокi танцаў; мы рабiлi разам паездкi за горад, ставiлi ў каламажкi бочачкi з пiвам, на лясным ускрайку выцягвалi бутэрброды з вяндлiнаю; таньчылi «лендлера» на свежапакошаных палянках; мой бацька дапамог Дрэшэраваму бацьку ўступiць у Навуковае згуртаванне, хоць у таго не было вышэйшай адукацыi але ўсё гэта лухта, Роберт: не вер у гэткiя рэчы, калi справа датычыць чагосьцi сур'ёзнага; я называла колiсь Дрэшэра «Эм» — гэта было скарачэнне ад «Эмiль», скарачэнне, якое ў тыя часы лiчылася асаблiва шыкоўным; а во цяпер, праз трыццаць год, я папрасiла далажыць яму пра мяне; я надзела шэры касцюм з фiялетавым вэлюмам, чорныя, са шнуркамi, чаравiкi; Дрэшэр сам сустрэў мяне ў пярэднiм пакоi, пацалаваў мне руку i сказаў:

— Ах, Ёганна, называй мяне, як i раней, «Эм»!

I я сказала яму:

— Эм, мне трэба ведаць, дзе мой хлопец. Вам жа вядома, дзе ён!

У гэтую хвiлю, Роберт, мне здалося, што пачаўся ледавiковы перыяд. Я адразу пазнала па iм, што ён ведаў усё, i адчула, як ён пасуровеў, зрабiўся афiцыяльны, яго тоўстыя губы заўзятага аматара чырвонага вiна ад перапуду сталi падобныя да танюсенькай нiтачкi; ён азiрнуўся, патрос галавою i шапнуў мне:

— Учынак твайго сына быў не толькi заганны, але i надзвычай неразважлiвы з палiтычнага боку.

А я адказала яму:

— Куды вядзе палiтычная разважлiвасць — вiдаць па табе.

Я хацела пайсцi, але ён затрымаў мяне i сказаў:

— Божа мой, цi ж нам трэба ўсiм павесiцца?

Ha што я адказала:

— Вам — трэба.

— Будзь усё ж разумнаю, — сказаў ён, — гэткiмi справамi займаецца палiцай-прэзiдэнт, а ты ж ведаеш, што твой сын прычынiў яму.

— Ведаю, — адказала я. — Нiчога. На жаль, нiчога. Калi не лiчыць, што ён пяць гадоў запар выйграваў у яго ў лапту.

Тут гэты баязлiвец прыкусiў губу i сказаў:

— Спорт… спорт заўсёды да нечага прыводзiць.

Тады, Роберт, мы не ўяўлялi сабе, што за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём: Вакера аддаў пад расстрэл польскага ваеннапалоннага, бо той падняў на яго руку; толькi падняў руку — нават не ўдарыў Вакеру.

Пасля аднаго ранку я знайшла пад час снядання ў сябе на талерцы цыдулку, напiсаную Отам: 'Мне таксама патрэбны грошы — 12. Можаце аддаць мне iх проста ў рукi'. I я пайшла ў бацькаў кабiнет, узяла з сейфа дванаццаць тысяч марак — яны ляжалi там на той выпадак, калi ад цябе зноў пачнуць прыходзiць цыдулкi — i кiнула ўвесь пачак на стол перад Отам; я хацела ўжо ехаць у Амстэрдам i сказаць табе, каб ты не дасылаў нам болей нiякiх цыдулак: яны каму-небудзь ды каштуюць жыцця. Але ты ўжо тут; я звар'яцела б, калi б яны не далi табе амнiстыi; заставайся тут, хiба не ўсё адно, дзе жыць у гэтым свеце, у якiм за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём? Ты ведаеш варункi, якiя табе вытаргаваў Дрэшэр: нiякай палiтычнай дзейнасцi, а пасля заканчэння вучобы — адразу ў войска; я загадзя падрыхтавала ўсё, каб ты змог здаць экстэрнам iспыты на атэстат сталасцi, а пасля Клэм, прафесар статыкi, праверыць твае веды i залiчыць табе ва ўнiверсiтэце столькi семестраў, колькi ў яго атрымаецца; цi ты абавязкова хочаш вучыцца ва ўнiверсiтэце? Добра, як сабе хочаш; Эдыт вельмi радая. Падымiся да яе! Ну, iдзi! Хутчэй: хiба ты не хочаш убачыць свайго сына? Я аддала ёй твой пакой; яна чакае цябе наверсе; то iдзi ўжо.

Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi…

Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф — гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой — Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны калi-небудзь казалi адно аднаму «ты»?

Калi яны прыйшлi пасля той гульнi ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставiла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падлiўкаю i зялёную салату; пасля яна налiла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт вiдавочна таго не ўмела, i ўсё ж, калi яна ставiла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскiм парку, калi яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярнi; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткi; у яе вачах, позiрк якiх цяпер адразу ж спынiўся на iм, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовiла малiтву, што чытаюць перад ежай: 'Божа… Божа…', i ён падумаў: трэба есцi пальцамi; вiдэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка — чужою, i ён упершыню ў жыццi ўсвядомiў, што такое ежа — блаславенне заспакаення голаду — i нiчога больш; толькi цары i беднякi ядуць пальцамi. Яны нiбыта не казалi адно аднаму, калi iшлi Блесэнфэльдскiм паркам да Цонавай кавярнi, i ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву нiколi не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфiрмацыi ў касцёле; калi ж яны вярталiся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысцiся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знiкае на фоне вечаровага неба, i пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранiлася i не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабiць, ажыло ў яго вуснах, яго руках i рамёнах; у яго памяцi захавалiся толькi яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах — нiбы шкiлет нейкай мiнiяцюрнай марской жывёлiны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяцi захавалiся абрысы яе вуснаў, што памнажалiся ў незлiчоныя хмаркi аднолькавай велiчынi, калi яна, прытулiўшыся да яго грудзей, прашаптала: 'Яны цябе заб'юць!' Значыць, яны з Эдыт усё-ткi былi на «ты» там, у кустах, у парку, i назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: iшоў па горадзе, нiбы сляпы, нiбы яго вяла чароўная палачка; iнстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзi, з якiм яны павiнны былi спаткацца ўвечары. Тады ён зрабiў адкрыццё: яна ўмее ўсмiхацца; яна ўсмiхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка — самае таннае, якое здолела купiць у краме са стандартнымi цэнамi гаспадыня дома; Эдыт усмiхнулася, адкрыўшы i ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, якi ляжаў на падаконнi, — дурасць, якую трэба было зрабiць; розум не быў прыдатны нi да чога ў гэтым свеце, у якiм за жэст рукi можна было заплацiць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калi яны потым сышлi ў пакой гаспадынi, Роберт здзiвiўся, як танна iм абышоўся пакой: ён заплацiў за ўсё марку i пяцьдзесят пфенiгаў, а гаспадыня адмовiлася ўзяць пяцьдзесят пфенiгаў, якiя ён хацеў пакласцi ёй 'на чай':

— Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу нi ад кога залежаць.

Значыць, ён усё ж быў на «ты» з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзiця — Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвiлiну, паклаў дзiця на ложак, i спрадвечнае

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату