карабiн; Госпад кажа: 'Помста мая', а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?

Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна — адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу — як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: 'У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу'. Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.

— Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: «Гiндэнбург»; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова «Гiндэнбург»? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: '…Хай Госпад заўсёды будзе з табой'; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: '…Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць — датуль яго iменi ў сэрцах жыць'; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова «яго», амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае — i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне… Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: 'Гiндэнбург! Наперад! На бой!'; толькi той адзiн- адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: «Гiндэнбург».

Я павiнна адпомсцiць за спанатраныя вусны майго сямiгадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсцiць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гiндэнбургавага помнiка; за iмi нясуць гладкiя вянкi з залатымi, чорнымi i фiялетавымi стужкамi; я ўвесь час думаю: няўжо ён нiколi не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё iмя зрабiлася дэвiзам у сынавых вуснах? Цi ты цяпер дасi мне карабiн?

Я злаўлю цябе на слове: гэта неабавязкова павiнна адбыцца сёння цi заўтра, але гэта павiнна адбыцца неўзабаве; я назапашвала ў сабе цярплiвасць… Цi памятаеш ты свайго брата Генрыха? Табе было ўжо амаль два гады, калi ён памёр. У нас тады быў сабака з мянушкаю Бром; ты наўрад цi прыгадаеш яго; ён быў такi стары i мудры, што боль, якi вы абодва яму прычынялi, выклiкаў у яго не злосць, а толькi смутак; вы хапалiся за ягоны хвост, i ён цягаў вас па пакоi; цi памятаеш ты пра гэта? Кветкi, якiя ты павiнен быў пакласцi на Генрыхаву магiлу, ты выкiнуў у акно карэты; мы пакiнулi цябе каля ўвахода на могiлкi, дазволiлi табе залезцi на вазнiцава месца i патрымацца за лейцы: яны былi з чорнай патрэсканай скуры. Бачыш, Роберт, ты ўжо i прыгадваеш сабаку, лейцы, брата… i салдат, салдат, бясконцыя шыхты салдат — гэтага ты не памятаеш: яны iшлi ўверх па Модэстгасэ, перад гатэлем збочылi да вакзала, цягнулi за сабою гарматы; бацька трымаў цябе на руках i сказаў: 'Вайне канец'.

Трыльён за маленькую плiтку шакаладу, пасля два трыльёны за цукерку, гармата за паўбохана хлеба, конь за адзiн яблык; усё даражэй i даражэй; а потым у людзей не заставалася i пяцi пфенiгаў, каб купiць кавалачак самага таннага мыла; добра быць не магло, Роберт, яны i не хацелi, каб было добра; усё новыя i новыя людзi iшлi праз Мадэставу браму, стомлена паварочвалi да вакзала: усё як мае быць, як мае быць; яны неслi перад сабою iмя вялiкага буйвала — Гiндэнбурга; Гiндэнбург да апошняга ўздыху рупiўся пра парадак; цi ён сапраўды памёр, Роберт? Hе магу ў тое паверыць: 'У бронзе, у каменi вобраз твой; мы верым табе, наш нязломны герой — Гiндэнбург! Наперад! На бой!' На паштовых марках ён, са сваiмi буйвалавымi шчакамi, здаецца мне сiмвалам яднання; пабачыш, ён яшчэ прычынiць нам клопату, пакажа нам, куды вядзе палiтычная разумнасць i разумнасць грошай: конь за адзiн яблык, трыльён за цукерку, а пасля няма нават пяцi пфенiгаў на кавалак мыла; i заўсёды ўсё як мае быць; я гэта ўсё бачыла i чула, як яны неслi гэтае iмя перад сабою — ён быў дурны як бот, глухi як пень, але дбаў пра парадак; прыстойнасць, прыстойнасць; гонар i адданасць, жалеза i сталь, грошы i ўбогая сельская гаспадарка; асцярожна, хлопчык — там, дзе над раллёю падымаецца пара, дзе гамоняць лясы, будзь асцярожны: там прымаюць бычынае прычасце.

Hе думай, што я з'ехала з глузду; я дакладна ведаю, дзе мы цяпер — у Дэнклiнгене; вось тут дарога, што вядзе памiж дрэваў, пад блакiтным мурам i падымаецца да таго месца, дзе жоўтыя аўтобусы поўзаюць, нiбы хрушчы; мяне прывезлi сюды з тае прычыны, што я прымусiла галадаць тваiх дзяцей — пасля таго, як порсткiя птахi забiлi апошнюю авечку; вайна, час лiчылi паводле падвышэнняў у званнях; ты пайшоў лейтэнантам, а праз два гады быў ужо обер-лейтэнантам. Ты ўсё яшчэ не гаўптман? Гэтым разам цябе падвысяць не раней як праз чатыры гады, а можа, i праз шэсць; потым ты станеш маёрам; прабач, што я смяюся; не захапляйся занадта сваiмi формуламi ў мазгу, не рабiся нецярплiвы i не прымай нiякiх прывiлеяў; мы не ямо нiчога, апроч таго, што нам выдаюць па картках; Эдыт пагаджаецца з гэтым; еш тое, што ядуць iншыя; апранайся так, як усе астатнiя; чытай тое, што чытаюць iншыя; не прымай лiшняга грама масла, дадатковай вопраткi, дадатковых радкоў вершаў — нiчога, што табе паэлеганцку прапаноўвае буйвал. Правая рука iх поўная дарункаў, гэта хабар, выдадзены разнастайнымi манетамi. Я не хацела, каб твае дзецi карысталiся з якiх-небудзь прывiлеяў; яны павiнны былi адчуць смак праўды на сваiх губах; але мяне разлучылi з дзецьмi; гэта называецца санаторый: ты можаш тут быць вар'ятам, i цябе за гэта не наб'юць; тут цябе не абальюць халоднай вадою i без згоды сям'i на цябе не надзенуць кашулю з доўгiмi рукавамi; у мяне ёсць надзея, што вы не дасцё на гэта сваёй згоды; мне нават дазволена выходзiць, калi я захачу, бо ад мяне няма нiякай небяспекi, нiякай, мой хлопчык; ды я не хачу выходзiць, не хачу бачыць часу i не хачу пастаянна адчуваць, што таемны смех забiты, што паламалася схаваная ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружына; раптоўна бацька стаў успрымаць усё сур'ёзна; я сказала б, урачыста; бо замураваныя былi цэлыя горы цэглы, былi высечаныя цэлыя лясы будаўнiчай драўнiны, а бетонам… тым бетонам можна было б засыпаць Бодэнскае возера; такiя людзi, будуючы, прагнуць адно забыцца; гэта — нiбы опiум; ты не можаш сабе ўявiць, чаго можа набудаваць такi архiтэктар за сорак гадоў; я адчышчала яго нагавiцы ад бетоннага раствору, ягоны капялюш — ад гiпсавых плям; ён палiў цыгару, паклаўшы галаву мне на каленi, i мы бясконца паўтаралi, нiбы галашэнне: 'цi памятаеш…' — цi памятаеш 1907, 1914, 1921, 1928, 1935 год; а ў адказ заўсёды была якая-небудзь пабудова альбо чыя-небудзь смерць; цi памятаеш ты, як памерла мацi; цi памятаеш, як памёр бацька, памерлi Ёганна i Генрых? Цi памятаеш, як я будаваў абацтва Святога Антонiя, касцёлы Святога Сэрвацыя, Святога Банiфацыя, Святога Мадэста, дамбу памiж Хайлiгенфэльдам i Блесэнфэльдам; цi памятаеш, як я ставiў кляштары для белых i для карычневых братоў, дамы адпачынку для сёстраў мiласэрнасцi; кожны адказ гучаў у мяне ўвушшу, нiбы 'злiтуйся з нас, Госпадзе!'. Будова напластоўвалася на будову, смерць на смерць; ён пачаў хадзiць па слядах сваёй уласнай легенды, зрабiўся нявольнiкам прыдуманага iм самiм цырыманiялу: шторання сняданне ў кавярнi Кронэра, хоць куды ахвотней ён бы снедаў з намi; выпiць сваёй кавы з малаком, з'есцi свой хлеб; ён бы мог добра абысцiся без яйка ўсмятку, без гэтага паскуднага сыру з папрыкай, але ён пачаў ужо думаць, што без усяго гэтага яму нельга; я баялася: ён пачынаў злавацца, калi не атрымлiваў доўга сур'ёзных заказаў; а раней жа ён заўсёды быў рады атрымаць любы заказ, цi разумееш ты? Гэта складаная матэматыка, калi ты наблiжаешся да пяцiдзесяцi цi да шасцiдзесяцi i ў цябе ёсць выбар: альбо выпусцiць змесцiва свайго мачавога пухiра каля свайго помнiка, альбо, падняўшы вочы, пачцiва аглядаць яго; тут не трэба больш прымружваць вочы; табе тады было васемнаццаць год, Ота меў шаснаццаць — а мне было боязна; як чуйны птах з быстрымi вачыма, я стаяла там, у альтанцы наверсе; трымала вас, калi вы былi немаўлятамi, на руках; калi вы былi малымi, за рукi, стаяла побач з вамi — калi вы павырасталi вышэй за мяне; i я ўсё глядзела, як унiзе праходзiць час, якi вiраваў, браў удзел у бойках, плацiў трыльён за цукерку, а пасля не меў трох пфенiгаў на маленькую булачку; я не хацела чуць прозвiшча выратавальнiка, але яны вынеслi быка на сваiх плячах, наляплялi яго ў выглядзе маркi на свае лiсты i чыталi малiтву: прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць, пераможаны i ўсё ж непераможаны; парадак; ён быў дурны як бот, глухi як пень; унiзе, у бацькавай канторы, Ёзэфiна дакраналася iм да вiльготнай губкi i, у размаiтых колерах, наляпляла яго на лiсты; а ён, мой малы Давiд, спаў; ён абудзiўся толькi тады, калi ты знiк, калi ўбачыў, што можна заплацiць жыццём за тое, што перадасi з адных рук у другiя скрутачак з грашыма, сваiмi грашыма, загорнутымi ў газецiну; калi ад ягонага роднага

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату