веданне зноў вярнулася да яго — у яго рукi, рамёны, губы. Яна так i не навучылася запарваць гарбату нават пасля таго, як яны займелi сваю кватэру з мэбляю, нiбы лялечнай, калi ён вяртаўся дамоў з унiверсiтэта альбо ў водпуск як унтэр-афiцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыялiста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якiх было якраз тое, чаго хацеў — руiны i прах, помсту за Фэрдзi Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкiдаў яго цыдулкi ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкi, з кнiжачкай iльготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнiгу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, кармiла грудзьмi Рут; малады бацька, маладая мацi; яна прыходзiла з дзiцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульвалiся берагам ракi, iшлi праз футбольныя палi i палi для лапты; яны сядзелi каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабiць першыя крокi; два гады яны гулялi ў гэтую гульню, што называлася «шлюб»: ён нiколi не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калi не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднiм пакоi фуражку i шынель, знiмаў кiцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малiтву: 'Божа… Божа…'; толькi нiякiх прывiлеяў, нiякай звышарыгiнальнасцi; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымi матэматычнымi здольнасцямi; ён еў гарохавы суп, калi суседзi прымалi з радыёпрыёмнiка бычынае прычасце; яго водпуск з часцi доўжыўся да пабудкi; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй i дзiўнае адчуванне, нiбыта ён зноў яе зганьбаваў — гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; нiякай палiтычнай дзейнасцi — хiба ён калi-небудзь займаўся палiтычнай дзейнасцю? Амнiсцiравалi, даравалi яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афiцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах i разбурэнне, убiваў у галовы формулы выбухаў. 'Ад Альфрэда нiчога няма?' — Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвiшча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямi ў званнi: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афiцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусiм бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; нi кветак, нi смеху на ўзбочынах вулiц, нi кайзеравай усмешкi па-над iмi, нi пыхi пасля доўгага цiхамiрнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлiвая маса; ён пакiнуў свой лялечны пакой, дзе яны бавiлiся ў шлюб, i на вакзале зноў паўтарыў клятву нiколi не прымаць бычынага прычасця.
Ад чаго ён мерзнуў — ад вiльготнай пасцельнай бялiзны цi ад вiльгацi муроў? Цяпер ён ужо мог пакiнуць станцыю — пост, якi яму вызначыла мацi. Пароль — 'Эдыт, Ёзэф'. Ён прытаптаў на падлозе цыгарэту, зноў сышоў унiз па сходах; павагаўшыся хвiлю, нацiснуў на клямку, убачыў, як яго мацi гаварыла па тэлефоне; яна рукой паказала яму маўчаць, гаворачы адначасна ў тэлефонную трубку: 'Я вельмi цешуся, святы айцец, што вы можаце абвянчаць iх у нядзелю; мы сабралi ўсе паперы; цывiльная цырымонiя ўзяцця шлюбу адбудзецца заўтра'.
Цi ён сапраўды пачуў адказ пробашча, цi гэта ён прыснiў — 'шаноўная панi, я буду надзвычай рады, калi гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце лiквiдаваная'.
Эдыт не схацела ўбiрацца ў белыя строi i адмовiлася пакiнуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвiлю, калi святар запатрабаваў ад iх абаiх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнiтуры; няма чаго перапранацца — час iсцi; шампанскага не было: бацька не любiць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькi адзiн раз у жыццi, бясследна знiк, ад швагра ўсё яшчэ анiякiх вестак; яго шукалi за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку i хацеў не даць адбыцца замаху.
Яна павесiла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукi на плечы, спыталася:
— Якi цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павiнен усынавiць яго, а я ўжо адпiсала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпi яшчэ гарбаты; у Галандыi ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасi iспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсмiхацца, калi пойдзеш у войска; паводзь сябе цiха i памятай, што на свеце, дзе за адзiн толькi жэст рукi можна заплацiць жыццём, гэткiя пачуццi нiчога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва — быццам там можна неяк сябе суцешыць. 'Дрыжаць спарахнелыя косцi'; ах, мой хлопчык, яны забiлi таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына — яна не магла вытрываць гэткага цiску; i тут ужо не дапаможа ладнае слоўца «тыраны»; бацька не здолее больш вытрываць у сваiм кабiнеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павiнен замiрыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабiць гэта; ну, калi ласка, iдзi ўжо.
Спробы замiрыцца з Отам; ён шмат разоў рабiў iх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелi на яго як на чужака; за шырокiм бледным Отавым iлбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлiвымi школьнымi таварышамi, над прахожымi, што не вiталi iхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьцi ўзрушваць, калi б яна выяўлялася толькi ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вулiцы, калi б Ота хацеў атрымаць тры маркi за выйграны баксёрскi паядынак альбо — як пераможца — схадзiць у кiно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы i па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нiчога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць — таго, што ён часам знаходзiў у Нэтлiнгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскi бой i не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабiлася формулай, пазбаўленай карысцi, вызваленай ад iнстынктаў; у ёй амаль не было нянавiсцi, улада ажыццяўлялася механiчна: удар за ўдарам.
Брат; вялiкае слова, Гёльдэрлiнава слова — гэткае агромнiстае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўнiць яго, калi гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замiрэння: 'Загiнуў пад Кiевам!' — у гэтых словах маглi прагучаць трагiзм, велiч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэннi з Отавым узростам маглi б узрушваць, як словы надмагiльнага надпiсу: дваццаць пяць год, загiнуў пад Кiевам; але нiчога ў тых словах не прагучала для яго, i ён дарэмна спрабаваў памiрыцца з Отам пасля яго смерцi; 'вы ўсё-ткi браты…' — казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў «хлеб», гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова 'pain',[8] пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць — «хлеб»; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту «браткам», адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху — ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт 'пакаштаваць бычынага прычасця': Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.
А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: 'Ну што?' Ён меў тут рацыю — сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.
Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары — як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: 'Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?' Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: 'Што было, тое было'. Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. 'Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца…'
Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм — праклён, чары — калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны