самотнасць ахiнала мяне, як вялiкi ратавальны круг: я ўсё яшчэ плыў па часе, апускаючыся ў далiны хваляў, перасякаючы акiяны мiнуўшчыны i цяпершчыны, i, ратаваны самотнасцю, я не патанаў, а глыбока ўцiнаўся ў ледзяны холад будучынi; пры мне была жалезная порцыя майго смеху, якую я скарыстоўваў вельмi ашчадна — я працiраў вочы, вынырнуўшы на паверхню, выпiваў шклянку вады, з'ядаў кавалак хлеба i з цыгараю ў зубах падыходзiў да акна: там, на другiм баку вулiцы, яна шпацыравала па тэрасе, з'яўлялася раз-пораз у адкрытым месцы альтанкi; схiлiўшыся над бар'ерам, выглядвала на вулiцу, дзе яна бачыла тое ж самае, што бачыў я — практыкантаў, грузавыя вазы, манашак, вулiчны рух; яна мела дзевятнаццаць год, звалася Ёганна, чытала 'Падступнасць i каханне'; я ведаў яе бацьку — у гурце спеваў то быў магутны бас, якi, на маю думку, не надта падыходзiў да бездакорнага выгляду ягонай канторы: у iм не было нiзвання таемнасцi, духу, у якiм выхоўвалi практыкантаў; гэты голас быў створаны дзеля таго, каб наводзiць на каго-небудзь жах, меў у сваiм гучаннi таямнiчы грэх. Цi ён ужо ведаў, што яго адзiная дачка стане маёй жонкай? Што мы цiхiмi надвячоркамi раз-пораз дорым адно аднаму ўсмешкi? Што я ўжо думаю пра яе з палкасцю законнага жанiха? Яна была цёмнавалосая, бледнатварая, i я не дазволiў бы ёй насiць сукенак колеру рэзеды; ёй будзе пасавац усё зялёнае; выходзячы каля пятай на свой штодзённы шпацыр, я падбiраў ужо ёй сукенкi, капелюшы ў вiтрынах крамы Гэрмiны Горушкi, каля якой я праходзiў штодня a шаснаццатай сорак — i ў дождж, i ў ветраныя, i ў сонечныя днi; я вызвалю Ёганну з тае прастадушнасцi, што нiяк не дапасоўвалася да голасу бацькi, i буду купляць ёй цудоўныя капелюшы — велiчынёю з кола павозкi, сплеценае з грубай зялёнай саломкi; я не хацеў быць яе ўладаром, я прагнуў яе кахаць i не хацеў чакаць болей. Ранiцай у нядзелю, узброены кветкамi, я пад'еду ў дылiжансе — прыкладна гэтак каля паловы на дванаццатую, калi яны скончаць снедаць па вяртаннi ад ютранi, i мужчыны пяройдуць у кабiнет, каб выпiць кiлiшак гарэлкi… — 'Прашу рукi Вашае дачкi'. Штодня па абедзе, калi я вынырваў са сваiх акiянаў, я паказваўся тут, у акне майго кабiнета, рабiў ёй паклон; мы слалi адно аднаму ўсмешкi, i я зноў адступаў у паўзмрок; я паказваўся ў акне таксама, каб пазбавiць Ёганну ўпэўненасцi, што за ёю нiхто не сочыць; я не дазваляў сабе хавацца, нiбы павук у сетцы; не мог трываць, каб глядзець на яе i каб яна мяне не бачыла: ёсць рэчы, якiх не робяць.
Назаўтра я даведаюся, хто я такi. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысцiць мае нагавiцы, запэцканыя вапнаю; i яна будзе рабiць тое самае, калi мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.
— Заплацiце, Леанора, заплацiце; вазьмiце грошы з маёй шкатулкi, там вунь, i дайце дзяўчынцы дзве маркi на чай, так, дзве маркi; свiтэр i спаднiца ад Гэрмiны Горушкi для маёй унучкi Рут, якая сёння павiнна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любiў купляць капелюшы. Таксi ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Цi не досыць працы на сёння? Як самi захочаце; вядома, тут ёсць крыху цiкаўнасцi, праўда? Ну, чырванець зусiм не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павiнен быў даведацца, калi канчаюцца вакацыi; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нiчога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзiўся, каб прыдзвернiк унiзе прымаў кветкi i тэлеграмы, падарункi i вiзiтоўкi, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркi на чай, i каб ён казаў усiм, што я з'ехаў; калi маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты i ўзяць iх сабе дамоў; а калi гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесцi тут рэшту часу да вечара.
Фiлiжанка, толькi што зноў напоўненая каваю, болей не дрыжала; вiдавочна было спынена друкаванне будаўнiчых дакументаў альбо выбарчых плакатаў на белай паперы; у раме малюнак не змянiўся: насупраць — пустая тэраса Кiльбавага дома; каля альтанкi — стомленая квецень настурцый; профiль лiнii дахаў, на даляглядзе — горы пад прамянiстым небам: у гэтай раме са зменнымi малюнкамi мне даводзiлася бачыць сваю жонку, пазней — сваiх дзяцей; даводзiлася бачыць цесця i цешчу, калi я часам падымаўся ў рабочы кабiнет, каб калi-небудзь зазiрнуць цераз плячо руплiвым маладым архiтэктарам, што дапамагалi мне, i спраўдзiць iх калькуляцыi, вызначыць тэрмiны; праца закранала мяне гэтаксама мала, як i слова «мастацтва»; iншыя маглi выконваць яе так, як i я; я добра iм плацiў ды нiколi не разумеў фанатыкаў, што ахвяравалi сябе слову «мастацтва»; я дапамагаў iм, пасмейваўся з iх, даваў iм працу, але зразумець iх? Hе, я не мог гэтага: я разумеў толькi, што ёсць рамяство, хоць лiчыўся мастаком, i мяне шанавалi як мастака; хiба вiла, якую я пабудаваў для Гральдуке, не была сапраўды арыгiнальнаю, сучаснаю? Была, вядома: i нават мае па-мастацку здольныя калегi захаплялiся ёю i хвалiлi; я ж падрыхтаваў праект, пабудаваў вiлу, не ведаючы нават увогуле, што такое мастацтва; яны ўспрымалi гэта занадта сур'ёзна — мажлiва, таму, што яны добра разбiралiся ў гэтым, аднак будавалi брыдкiя скрынi, якiя — я ведаў гэта добра ўжо тады — праз дзесяць год будуць выклiкаць ва ўсiх толькi пачуццё агiды; а я ўмеў часам закасаць рукавы, стаць пры гэтым рысавальным стале i спраектаваць, напрыклад, адмiнiстрацыйны будынак для фiрмы 'Сас'етас' — 'самай карыснай з усiх карысных грамадству'; тады гэтыя прыдуркi, што лiчылi мяне за прагнага да багацця i славы вясковага лапця, разяўлялi раты ад здзiўлення, i мне да сённяшняга дня не сорамна за гэтую скрыню, збудаваную мною сорак шэсць год таму; цi гэта мастацтва? Няхай сабе гэта будзе мастацтва, але я нiколi таго не ведаў, хоць, магчыма, несвядома i ствараў яго; але гэтага слова я нiколi сур'ёзна не ўспрымаў — гэтаксама як не мог зразумець шалёнай злосцi, якую мелi на мяне тыя тры карыфеi архiтэктуры; Божа мой, цi можна было не дазволiць гэткай маленькай гульнi, цi Галiяфы былi цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару? Яны верылi ў мастацтва, а я — не; iх пачуццё гонару было абражанае якiмсьцi прыблудам. Але ж кожны павiнен быў аднекуль прыблудзiцца! Я адкрыта смяяўся, бо ўцягнуў iх у сiтуацыю, дзе нават маё паражэнне магло зрабiцца перамогаю, а перамога трыумфам.
Я амаль спачуваў iм, калi мы падымалiся па сходах у музеi; мне было цяжка надаць маiм крокам гэты паважна-ўрачысты рытм, да якога тыя, пакрыўджаныя, былi прызвычаены; гэты рытм крокаў, якiя ўжываюць, iдучы па сходах кафедральных сабораў услед за каралямi i бiскупамi; рытм крокаў пры ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця помнiка, рытм крокаў, напоўнены ўмеркаваным хваляваннем, не занадта хуткi i не занадта павольны; я гэтага не ведаў i куды б ахвотней узбег па сходах, нiбы шчанюк — па тых каменных прыступках, каля стодаў рымскiх легiянераў, чые паламаныя мячы, дзiды або жмуты розаг можна было ўважаць за паходнi; каля бюстаў кесараў, злепкаў дзiцячых магiл на другi паверх, дзе памiж нiдэрландцамi i назарэцянамi[3] мясцiлася канферэнц-зала; грамадзянская сур'ёзнасць; недзе ў глыбi памяшкання павiнны былi зараз загрукатаць барабаны — менавiта гэтак узыходзяць па прыступках алтара i па прыступках эшафота, гэтак узыходзяць на трыбуну, каб прыняць ордэн альбо выслухаць смяротны прысуд; гэтак ставяцца ўрачыстасцi ў аматарскiх спектаклях, але тыя, што крочылi побач са мною, не былi аматарамi, то былi Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн.
Музейныя служкi ў гала-лiўрэях стаялi збянтэжана перад творамi Рэмбранта, Ван Дэйка i Овэрбека; у паўзмроку перад канферэнц-залай стаяў Мэйзер, трымаючы срэбраны спод з кiлiшкамi, каб перад абвяшчэннем прысуду падаць нам каньяк; Мэйзер усмiхнуўся мне, ашчэрыўшы зубы; у нас не было нiякай папярэдняй дамовы, але хiба ён не мог тым не менш падаць мне якога-небудзь знака? Кiўнуць альбо патрэсцi галавою — перамога цi не? Нiчога не было. Брэмокель шаптаў нешта Волерзайну, Грумпэтэр загаварыў з Мэйзерам, упiхнуў срэбраную манету ў Мэйзераву абыякавую далонь, якую я ненавiдзеў яшчэ дзiцём; цэлы год мы разам з iм слугавалi пры ютранi; старыя сялянкi мармыталi недзе каля сцен, упарта малiлiся на свой ружанец, парушаючы прадпiсаны парадак лiтургii. Да нас даносiўся пах сена, пах малака, цяпло хлява, калi мы з Мэйзерам нахiлялiся ўперад, каб, мармычучы: 'mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa',[4] бiць сябе ў грудзi за вiну нявыказаных грахоў; а калi пробашч узыходзiў прыступкамi да алтара, Мэйзеравы рукi, што цяпер моцна абхапiлi Волерзайнаў срэбранiк, рабiлi непрыстойныя рухi — то былi рукi, якiм сёння давяралiся ключы ад гарадскога музея, ключы ад Гольбайна i Гальса, Лохнера i Лайбля.
Са мною нiхто не размаўляў; мне засталася адна халодная мармуровая балюстрада, на якую я абапiраўся; я глядзеў долу, на ўнутраны двор, дзе бронзавы бургамiстр з няўмольнай паважнасцю выстаўляў сваё пуза насустрач стагоддзям, а мармуровы мецэнат мастацтва апусцiў павекi на свае, падобныя да жабiных, вочы, дарэмна спрабуючы выклiкаць гэткiм чынам уражанне глыбокай задуменнасцi; вочы помнiка былi пустыя — нiбы вочы рымскiх мармуровых матронаў, што сведчаць пра пакуты, якiя нясуць з сабой больш познiя культуры. Мэйзер пачыкiльгiкаў да сваiх калегаў; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн стаялi шчыльна адзiн каля аднаго; снежаньскае неба над унутраным дваром было яснае i халоднае; з вулiцы чулiся галасы першых у гэты вечар п'яных мужчынаў; дылiжансы кацiлiся ў бок тэатра; пяшчотныя жаночыя твары пад вэлюмамi рэзедовага колеру былi асветлены радасцю чакання «Травiяты»; я стаяў памiж Мэйзерам i