гатэлi 'Прынц Генрых' кухар ужо ўзважваў прыправы, а ягоныя памочнiкi вастрылi нажы; маладыя кельнеры ўсхвалявана папраўлялi перад люстэркамi вузлы на гальштуках, завязаныя дзеля практыкi, i пыталiся ў жонак, якiя стаялi, схiлiўшыся над прасавальнай дошкай — пара, што ўздымалася над перанiцаванымi штанамi, запаўняла кухню: 'Цi павiнен я цалаваць бiскупаў пярсцёнак, калi надарыцца няшчасце яго абслугоўваць?' Хлопец-вучань па-ранейшаму ўзмахваў ножыкам для паперы.

Гадзiна адзiнаццатая i пятнаццаць хвiлiн: я вычысцiў свой чорны гарнiтур, праверыў вузел аксамiтнага шыявяза, насунуў на галаву капялюш, выцягнуў кiшэнны каляндарык, якi быў велiчынёю не больш за плоскi запалкавы карабок, адгарнуў яго i прачытаў: '30 верасня 1907 г. у 11.30 уручыць Кiльбу праект. Запатрабаваць распiску'.

Увага! Занадта часта я, складаючы планы на будучыню, выконваў у сваiм уяўленнi гэту працэдуру: спускаюся долу, пераходжу цераз вулiцу, траляю ў пярэднi пакой канторы:

— Я хацеў асабiста сустрэцца з панам натарыусам.

— У якой справе?

— Я б хацеў перадаць пану натарыусу праект: Конкурс 'Абацтва Святога Антонiя'.

Толькi хлопец-вучань выкажа здзiўленне, перастане вымахваць ножыкам для паперы; пасля, аднак, засаромеўшыся, павернецца зноў тварам да акна, да сваiх фармуляраў, памятаючы наказ: 'Сакрэтнасць, найперш сакрэтнасць!' У гэтым доме, дзе ўбоства лiчылася за добры густ, дзе на сценах вiселi партрэты продкаў, рупных у правасуддзi, дзе чарнiлiцам было па восемдзесят, а ножыкам для паперы — па сто пяцьдзесят год, — тут пры поўным маўчаннi ажыццяўлялiся велiчэзныя па маштабах гешэфты, тут цэлыя гарадскiя кварталы мянялi сваiх уладальнiкаў, тут заключалiся шлюбныя кантракты, у якiх прадугледжвалiся штогадовыя сумы на дробныя выдаткi, якiя перавышалi пяцiгадовы заробак канторскага чыноўнiка; але таксама тут натарыяльна пацвярджаўся закладны акт сумленнага шаўца на дзве тысячы марак; захоўваўся тастамент нямоглага пенсiянера, згодна з якiм яго ўлюбёны ўнук павiнен атрымаць у спадчыну начны столiк; тут пад пячаткай таемнасцi вялiся справы ўдоў i сiротаў, рабочых i мiльянераў — у аблiччы лозунга, што вiсеў на сцяне: 'Правая рука iх поўная дарункаў'. Hе было прычыны зважаць, калi малады мастак у атрыманым ад дзядзькi ў спадчыну перанiцаваным чорным гарнiтуры прынёс абгорнуты канцылярскай папераю скрутак з эскiзамi, мяркуючы, што праз гэта ён можа патурбаваць асабiста пана натарыуса. Кiраўнiк канцылярыi запячатаў скрутак з планамi, выцiснуў на сургучы герб Кiльбаў — авечку, у якой з грудзей пырскае струмень крывi; тым часам светлавалосая зграбная з выгляду дзяўчына пiсала распiску: 'У панядзелак, 30 верасня 1907 г., у 11.30 ранiцы архiтэктар пан Генрых Фэмель перадаў…' Цi ў тую хвiлю, калi яна ўручала мне распiску, яе бледны твар не быў азораны бляскам спазнання? Я быў шчаслiвы, што адбылося тое, чаго я не прадбачыў, бо яно даводзiла мне, што час — гэта нешта рэальнае, iснае; напраўду ж iснаваў гэты дзень, гэтая хвiля; тое было даведзена не мною: я i сапраўды спусцiўся ўнiз па сходах, пасля перайшоў на другi бок вулiцы, зайшоў у пярэднi пакой канторы; тое было даведзена не хлопцам-вучнем, якi падняў галаву, а пасля, засаромеўшыся, адвярнуўся, памятаючы пра захаванне сакрэтнасцi, тое даведзена было не крывава-чырвонымi ранамi пячатак — тое было даведзена нечаканай мiлай усмешкаю дзяўчыны з канцылярыi, якая выпрабавальна агледзела мой перанiцаваны гарнiтур, а потым, калi я браў з яе рук распiску, шапнула: 'Зычу вам шчасця, пане Фэмель'. За апошнiя чатыры з паловаю тыднi то былi першыя словы, якiя нанеслi рану часу, нагадалi мне, што ў гульнi, якая iшла пад маёй рэжысурай, былi сляды рэчаiснасцi; а значыць, час рэгуляваўся не толькi ў кабiнетах сонных летуценняў, дзе будучыня здавалася мне цяперашнiм часам, а сённяшнi дзень — старадаўняй мiнуўшчынай, мiнулае рабiлася будучыняй, як дзяцiнства, да якога я кiнуўся бегчы, нiбы колiсь, яшчэ дзiцём, я кiдаўся бегчы да свайго бацькi. Ён быў цiхманы чалавек, гады вырасталi вакол яго, нiбы алавянныя шыхты цiшынi: ён выцягваў арганныя рэгiстры, спяваў на лiтургiях, шмат — на пахаваннях першага рангу, мала — на пахаваннях другога рангу, на пахаваннях трэцяга рангу не спяваў зусiм; быў такi цiхi, што цяпер, калi я думаю пра гэта, сэрца сцiскаецца ў мяне; ён даiў кароў, касiў траву, малацiў збожжа, пакуль яго потны твар не пакрываўся мякiнай, нiбы жамярою; ён узмахваў дырыжорскай палачкай перад Гуртом Моладзi, перад Гуртом Стралкоў, перад Гуртом Падмайстраў, перад хорам пад эгiдаю святой Цэцылii; нiколi не гаварыў, нiколi не лаяўся, а толькi спяваў, рэзаў буракi, варыў бульбу свiнням, граў на аргане, насiў рэгенцкую вопратку, на ёй зверху — белы сцiхар; нiкога ў вёсцы не здзiўляла тое, што ён нiколi не гаварыў, бо ўсе бачылi яго толькi за працаю; з чацвярых яго дзяцей двое памерла ад сухотаў, мы засталiся толькi ўдваiх: Шарлота ды я. Мацi мая была далiкатная жанчына, адна з тых, што любяць кветкi, прыгожыя фiранкi, спяваюць песнi, прасуючы бялiзну, i ўвечары пры агменi расказваюць аповеды; бацька ўпiраўся ў працы, строiў ложкi, напiхваў саломаю сеннiкi, рэзаў курэй — пакуль не памерла Шарлота: анёльская iмша па дзiцячай душы, касцёл, аздоблены белым; пробашч спяваў, а рэгент яму не падпяваў, не выцягваў арганных рэгiстраў; не чуваць было хору: спяваў толькi пробашч. Панавала маўчанне, калi збiралася жалобная працэсiя, каб рушыць да могiлак; збянтэжаны пробашч спытаў: 'Але ж, даражэнькi, мiлы мой Фэмель, чаму ж гэта Вы не спявалi?' I тады я першы раз пачуў голас свайго бацькi, i я быў здзiўлены тым, як хрыпла гучаў голас таго, хто так мякка i прыгожа спяваў з хораў у касцёле; ён цiха прамармытаў: 'Пахаваннi трэцяга рангу адбываюцца без спеву'. З-над Рэйну ўздымалася iмгла, клубы туману вытанцоўвалi над палямi буракоў, вароны на вербах крумкалi, як запусныя бразготкi, калi збянтэжаны пробашч вычытваў лiтургiю; бацька перастаў вымахваць дырыжорскаю палачкай у Гурце Моладзi, Гурце Падмайстраў, Гурце Стралкоў i ў хоры пад эгiдай святой Цэцылii; i мне здавалася, што дзякуючы тым першым словам, якiя я пачуў ад бацькi — мне было шаснаццаць, калi памерла дванаццацiгадовая Шарлота, — дзякуючы тым першым словам, ён адкрыў свой голас; ён стаў гаварыць больш: гаварыў пра коней ды афiцэраў, якiх ён ненавiдзеў; ён казаў з пагрозай у голасе: 'Бяда будзе вам, калi зробiце мне пахаванне першага рангу!'

— Праўда, — паўтарыла светлавалосая дзяўчына, — я зычу вам шчасця, як найбольш.

Мажлiва, мне трэба было вярнуць ёй распiску, забраць назад запячатаны скрутак з эскiзамi, вярнуцца дамоў; потым ажанiцца з дачкою бургамiстра альбо ўладальнiка будаўнiчага прадпрыемства, ставiць пажарныя вежы, школы, цэрквы, каплiцы; на святах па сканчэннi будаўнiцтва таньчыць з гаспадыняй дома, а тым часам мая жонка б таньчыла з гаспадаром новага дома; навошта гэта мне трэба было рабiць выклiк Брэмокелю, Грумпэтэру i Волерзайну, прызнаным фахоўцам царкоўнага будаўнiцтва, навошта? У мяне не было вялiкiх амбiцый, грошы мяне не вабiлi; мне нiколi не пагражала галоднае жыццё; я б гуляў сабе ў скат з пробашчам, аптэкарам, карчмаром ды бургамiстрам, ездзiў бы на ловы, будаваў бы разбагацелым сялянам 'што-небудзь сучаснае' — але ўжо хлопец-вучань, што сядзеў каля акна, кiнуўся да дзвярэй, адчынiў iх мне i прытрымаў; я сказаў «дзякуй», выйшаў з канторы праз пярэднi пакой, перайшоў вулiцу, падняўся па сходах у свой кабiнет, абапёрся локцямi аб падаконне, што дрыжала ад грукату друкарскiх машын; гэта было 30 верасня 1907 года каля 11 гадзiн 45 хвiлiн.

— Ага, Леанора. Гэтыя друкарскiя машыны даюцца ў знакi; колькi фiлiжанак пабiлася тут у мяне, калi я быў не надта ўважлiвы. Hе спяшайцеся гэтак, маё дзiця. Калi Вы i надалей будзеце так працаваць, дык праз тыдзень запануе найлепшы парадак у тым, што я не мог упарадкаваць за пяцьдзесят адзiн год. Hе, дзякую за пiрожнае. Вы дазваляеце мне называць вас «дзiця»? Hе трэба чырванець, калi гэткi стары чалавек кажа вам камплiменты. Я, Леанора, — толькi помнiк, а помнiкi не могуць нiкому чым-небудзь пашкодзiць; я, стары дурань, i цяпер хаджу снедаць у Кронэраву кавярню, з'ядаю там свой сыр з папрыкаю, хоць ён мне даўно ўжо нясмачны; але ў гэтым я вiнаваты сваiм сучаснiкам: не павiнен разбураць сваёй легенды; я зраблюся фундатарам сiрочага прытулку — школы; буду прызначаць стыпендыi, i калi-небудзь i дзе-небудзь мяне, напэўна, адлiюць у бронзе i адкрыюць мне помнiк; я б хацеў, каб вы ўзялi ў тым удзел i смяялiся там, Леанора. Вы ўмееце гэтак прыгожа смяяцца, цi Вы ведаеце пра гэта? Я ўжо не ўмею, развучыўся, а заўсёды ж лiчыў смех добрай зброяй; а ён не быў зброяй: тут я крыху памыляўся. Калi ў Вас ёсць ахвота, я запрашу Вас на баль вучняў, прадстаўлю Вас як сваю пляменнiцу; там Вы павiнны будзеце пiць шампанскае, таньчыць i пазнаёмiцеся з маладым хлопцам, якi паставiцца да Вас добра i пакахае Вас; я набуду Вам добры пасаг… ага, паглядзiце на гэта як след: тры метры на два, агульны выгляд абацтва Святога Антонiя; гэта вiсiць пяцьдзесят адзiн год у маiм кабiнеце — вiсела ўжо тады, калi абвалiлася столь; з тае пары — гэтыя плямы цвiлi, што Вы тут бачыце; то быў першы мой вялiкi праект, велiчэзны праект, i тады, маючы няпоўныя трыццаць год, я зрабiў кар'еру.

Але ў 1917 годзе я не наважыўся зрабiць таго, што за мяне зрабiла Ёганна: там, на тэрасе, каля альтанкi, яна вырвала з Генрыхавых рук верш, якi ён павiнен быў вывучыць на памяць; ён паўтараў гэты верш сур'ёзным дзiцячым галаском:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату