каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць — а тым часам банкiры ў кампанii паважных клiентаў праходзiлi паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслi за iмi ўслед на зялёных падносах бутэлькi з вiном; заходзiлi слугi царквы з замежнымi калегамi, якiх яны вадзiлi па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лацiне, на ламанай ангельскай альбо iтальянскай пякноты горада; чыноўнiкi з урадавай канцылярыi пацвярджалi свой высокi ранг тым, што могуць дазволiць сабе выпiць тут днём, каля паловы адзiнаццатай, фiлiжанку чорнай кавы i кiлiшак вiшнёўкi; жанчыны, што вярталiся з гароднiннага базару з плеценымi скуранымi торбамi, поўнымi капусты, морквы, гарошку i слiў, iмкнулiся давесцi ўсiм яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелi вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкi за танна: яны праглыналi тут пiрожныя, выпiвалi каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалi; размахваючы лыжачкамi, нiбы шаблямi, яны абуралiся ротмiстрам, якi — 'на службе, але ж, на службе!' — зрабiў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе — той, з якой — 'гэта бачылi, бачылi!' — ён развiтаўся толькi а палове шостай ранiцы, выйшаўшы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмiстр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!

Я разглядаў iх, сваiх статыстаў, i прыслухоўваўся да iхнiх слоў; я рысаваў шэрагi крэслаў, шэрагi столiкаў i кельнерскi балет; без дваццацi адзiнаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе 'шчодрым, але ў меру' — пра гэта я недзе вычытаў i падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калi выходзiў з кавярнi, i мяне праводзiлi паклонамi кельнер i служкi; я ўзнагародзiў кельнеравы вусны, ад якiх пачаў iснаваць мой мiф, дадатковымi пяццюдзесяццю пфенiгамi 'на чай'; а тыя ўсе вывучалi мяне з ног да галавы, калi я пакiдаў кавярню; яны не падазравалi, што я салiст: стройнаю хадою, эластычнымi крокамi я iшоў памiж тых шэрагаў столiкаў i крэслаў, паказваў iм сваю асобу такою, якою яны хацелi мяне бачыць: мастаком у вялiкiм чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасi больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбiткам вясковасцi на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенiгаў хлопцу, якi адчынiў перада мною дзверы.

Усяго паўтары хвiлiны дарогi адтуль да гэтага дома — Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавiкi, манашкi: рух на вулiцы; цi ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нiбы карабельныя механiзмы, рухалi сваiмi жалезнымi часткамi туды-сюды, сюды-туды; будаўнiчыя паперы друкавалiся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: 'Пан архiтэктар? Рэчы ўжо наверсе'. Грошы 'на чай', увапхнутыя ў чырвоную лапу. 'Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант'. Грымаса. 'Ага, тут ужо было двое паноў, якiя хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афiцэраў-рэзервiстаў'.

Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшнi дзень, якi знiкаў недзе ў змроку ў тую самую хвiлю, калi ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявiўся неахайны парцье, якога абступалi рэпарцёры; буйныя загалоўкi ў газетах: 'Малады архiтэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесii!' Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: 'Ён? Паверце, панове, для яго не iснуе нiчога, апроч працы. Ранiцой а восьмай ходзiць да цiхай iмшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярнi, недзе да паловы адзiнаццатай; ад паловы адзiнаццатай да пяцi выходзiць з рабочага кабiнета; нiкога не прымае; жыве там наверсе ў сябе — можаце смяяцца, панове — на адным гарохавым супе, якi ён сам сабе гатуе; старая мацi дасылае яму гарох i сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў бiльярд у гатэлi 'Прынц Генрых', у клубе афiцэраў-рэзервiстаў. Дзяўчаты? Пра гэта нiчога не ведаю. Штопятнiцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору 'Нямецкай Суполкi Аматараў Спеваў'. Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кiшэнь 'на чай' — за iнфармацыю.

— Сыр з папрыкай? Вельмi цiкава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?

Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валiзы, бачыў жанчыну ў вэлюме i ружовым капелюшы, чытаў плакат: 'Тым, хто iдзе ў войска, раю…', слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў iх шторанiцы, калi пасля iмшы выходзiў па карэспандэнцыю i газеты; бачыў уланаў, што ехалi на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; шторанiцы прыгадваў нянавiсць свайго бацькi да коней i афiцэраў, калi аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскiх атак альбо да разведвальных вылазак — iмчаў, уздымаючы вялiкае воблака пылу; гукi трубы выцiскалi слёзы з вачэй ветэранаў, якiя спынялiся на вулiцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, i сэрца парцье таксама, тахкалi часцей; дзяўчаты з хустачкамi ператваралiся ў жывыя вобразы, ахалоджвалi ў ранiшнiм паветры грудзi, гатовыя несцi суцяшэнне; а ў тую хвiлю парцье ўручаў мне пасылку ад мацi: гарох, сала, цыбулю i блаславенне; маё сэрца не бiлася часцей, калi ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскi эскадрон.

Я пiсаў мацi лiсты, у якiх заклiкаў яе не прыязджаць; я не хацеў далучаць яе да грона статыстаў; пазней, пазней, калi гульня набыла размах, я дазволiў ёй прыехаць; яна была невысокага росту, зграбная i цёмнавалосая, як я; жыццё яе праходзiла памiж могiлкамi i касцёлам, а твар i ўся яе постаць падышлi занадта добра да гэтай гульнi; яна нiколi не хацела браць у мяне грошай; аднае залатой манеты ў месяц ёй хапала на суп i на хлеб, на дзесяцiпфенiгавае ахвяраванне царкве штонядзелi i аднапфенiгавае — у звычайныя днi; 'прыязджай пазней', пiсаў я — але пазней стала запозна: яе магiла з'явiлася побач з магiламi бацькi, Шарлоты, Маўрыцыя — нiколi больш не ўбачыла яна таго, чый адрас штотыдзень надпiсвала на канверце: 'Модэстгасэ, 7. Генрых Фэмель'; мне было боязна перад мудрасцю яе пагляду, перад тым непрадбачаным, што маглi вымавiць яе вусны: 'Дзеля чаго? Дзеля грошай цi пашаны; каб служыць Госпаду цi людзям?' Мне было боязна перад катэхiзiсам яе пытанняў, адказы на якiя вымагалi адно што iх пераўтварэння ў сцвярджальныя сказы, дзе на канцы стаiць кропка, а не пытальнiк. Я не ведаў, дзеля чаго… Toе, што я хадзiў у царкву, не было аблудай, не належала да маёй гульнi, хоць магло быць прыпiсана ёй; мая гульня пачыналася толькi ў кавярнi Кронэра, доўжылася да паловы адзiнаццатай, а пасля пятай вечара працягвалася зноў, каб скончыцца а дзесятай; пра бацьку мне было думаць лягчэй, калi ўланы ўжо знiклi за Мадэставай брамай, а шарманшчыкi пачыкiльгiкалi ў бок прадмесця; яны хацелi быць там досыць рана, каб зайграць самотным хатнiм гаспадыням i пакаёўкам на суцеху: 'Дзяннiца, дзяннiца…'; пад вечар яны вярталiся ў горад, каб вячэрнюю меланхолiю размяняць на звонкую манету: 'Ганнамарыя, Розмарыя', а на другiм баку вулiцы Грэц якраз падвешваў дзiка перад дзвярыма ў краму, свежая кроў цёмнымi кроплямi сцякала на асфальт; абапал дзiка вiселi фазаны, курапаткi, зайцы; мяккае пер'е, пакорлiвая заячая поўсць аздаблялi вялiзнае цела дзiка; шторанiцы Грэц вывешваў сваю забiтую жывёлу — заўсёды так, каб публiка бачыла iх раны; заечае бруха, галубiныя грудзi, распаласаваны бок дзiка; кроў павiнны былi бачыць усе; фраў Грэц сваiмi ружовымi далонямi раскладвала кавалкi пячонкi сярод грудак грыбоў; iкра, пакладзеная на кускi лёду, паблiсквала на фоне вялiзных скрынак; лангусты, фiялетавыя, як добра абпаленая цэгла, звiвалiся, рухалiся, аслеплыя, натыкаючыся на шкло ў шырокiх i нiзкiх акварыумах, чакалi ўмелых рук гаспадыняў, чакалi сёмага, дзевятага, дзесятага, адзiнаццатага верасня 1907 года; толькi восьмага, пятнаццатага i дваццаць другога верасня, у нядзелю, фасад Грэцавай крамы не быў у крывi, бачыў я забiтую жывёлу i ў 1908, i ў 1909 гадах — толькi ў гадах, калi панавала найвышэйшая сiла, яе не было, — а так я бачыў яе заўсёды, пяцьдзесят адзiн год запар; бачу яе цяпер, калi апоўднi ў суботу ўмелыя рукi гаспадыняў вышукваюць астатнiя прысмакi да нядзельнага абеду.

— Слушна, Леанора, Вы прачыталi слушна: першы мой ганарар быў сто пяцьдзесят тысяч марак. Няма даты? Гэта было, напэўна, у жнiўнi 1908 года. Безумоўна, так, гэта быў жнiвень 1908 года. Вы яшчэ нiколi не елi дзiковага мяса? I нiчога не страцiлi, калi Вы давяраеце майму густу. Я нiколi яго не любiў. Згатуйце, Леанора, крыху кавы, калi ласка; змахнiце гэты пыл зверху ды купiце сабе пiрожнае, якое Вам падабаецца. Лухта, ад гэтага не таўсцеюць, не верце ўсякiм балбатунам. Сапраўды, гэта было ў 1913 годзе — дамок для пана Кольгера, кельнера з Кронэравай кавярнi. Hе, ганарару я не браў.

Колькi разоў я снедаў у Кронэравай кавярнi? Дзесяць тысяч, дваццаць тысяч? Я нiколi не лiчыў; кожны дзень хадзiў туды, апроч тых дзён, калi гэтаму перашкаджала найвышэйшая сiла.

Я бачыў, як насоўвалася найвышэйшая сiла; стоячы на тым баку вулiцы, на тэрасе дома нумар восем, схаваўшыся за альтанкаю, я глядзеў унiз на вулiцу, бачыў, як яны рушылi ў напрамку вакзала, чуў, як незлiчоныя глоткi спяваюць 'Варту на Рэйне', выкрыкваюць iмя прыдурка, якi i сёння там на бронзавай клячы iмчыць на захад; да iхнiх шапак, цылiндраў, капелюшоў былi прышпiленыя кветкi, кветкi вiднелiся i ў пятлiцах; у маленькiх скрутках гэтыя людзi неслi пад пахаю нармальную споднюю бялiзну сiстэмы прафесара Густава Егера; iхняя гамонка ўзнiмалася, даходзiла аж сюды, дзе стаяў я; i нават прастытуткi з гандлёвых радоў паадсылалi сваiх клiентаў на мабiлiзацыйныя пункты — са скруткамi асаблiва якаснай цёплай бялiзны пад пахаю, — а я дарэмна чакаў, што ўва мне абудзiцца хваля пачуццяў, якiя я мог бы падзялiць з тымi, што ўнiзе, я адчуваў сябе пустым, самотным, нiчога не вартым, няздольным да энтузiязму i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату