не ведаў, чаму я няздольны да яго; я нiколi над гэтым не задумваўся, успамiнаў пра сваю сапёрскую форму, прапахлую нафталiнам, якая была на мне ўсё яшчэ добрая, хоць шылi яе, калi мне было дваццаць, а я мiж тым дажыў да трыццацi шасцi; у мяне была толькi надзея, што не спатрэбiцца надзяваць яе; хацелася заставацца салiстам, а не пераходзiць у статысты; яны ўсе з'ехалi з глузду — тыя, што iшлi там, гарлаючы песнi, да вакзала; на тых, хто не мог выйсцi разам з iмi, глядзелi са шкадобай, i яны адчувалi сябе ахвярамi, бо не маглi там iсцi, я быў гатовы лiчыць сябе ахвярай i не стаў бы праз гэта шкадаваць. Дома, унiзе, у хаце, плакала мая цешча, бо яе сыны ўжо з першай партыяй паехалi на таварную станцыю, дзе грузiлi коней; гордыя ўланы, якiх мая цешча аплаквала гордымi слязамi; я стаяў за альтанкаю, яшчэ цвiлi глiцынii, чуў, як унiзе мой чатырохгадовы сын напявае: 'Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн…', i я павiнен быў бы сысцi ўнiз i адлупцаваць яго ў прысутнасцi маёй гордай цешчы; але я дазволiў яму спяваць, гуляць з уланскiм кiверам, што яму падарылi ягоныя дзядзькi, дазволiў яму цягаць за сабою шаблю i выкрыкваць: 'Француз капут! Iнглiшмэн капут! Рус капут!' I я ўспрыняў зусiм спакойна словы каменданта гарнiзона:
— Мне вельмi прыкра, Фэмель, што мы гэтым разам не можам абысцiся без Вас, што Вы не можаце ўзяць удзел ва ўсiм, але радзiме таксама патрэбныя людзi, патрэбныя якраз такiя людзi, як Вы.
Я займаўся будаўнiцтвам казармаў, фартоў, лазарэтаў; ноччу ў сваiм лейтэнанцкiм мундзiры я кантраляваў пасты на мосце; немаладыя ўжо камерсанты ў яфрэйтарскiм рангу, банкiры — простыя салдаты — руплiва аддавалi мне чэсць, калi я падымаўся на мост па сходах i ў святле кiшэннага лiхтарыка бачыў непрыстойныя малюнкi, накрэмзаныя на пясчанiку падлеткамi, што вярталiся дамоў пасля купання; каля ўвахода на мост пахла мужчынскасцю ў самым яе пачатку. Дзесьцi вiсела шыльда: 'Мiхаэлiс — вугаль, кокс, брыкеты', а намаляваная рука паказвала дарогу да сховiшча тавару Мiхаэлiса; i я цешыўся са сваёй iронii, сваёй вышэйшасцi, калi унтэр-афiцэр Грэц дакладваў мне: 'Пост пры мосце: унтэр-афiцэр i шэсць чалавек; нiякiх здарэнняў…' i рабiў жэст рукою, якi, здаецца, я бачыў у тэатральных камедыях; я казаў: 'Вольна!', распiсваўся ў каравульнай кнiзе, iшоў дадому, пакiдаў на вешаку каску i шаблю, iшоў у пакой, дзе сядзела Ёганна, клаў галаву ёй на каленi, выкурваў цыгару i нiчога не казаў; яна таксама не казала нiчога, толькi вяртала Грэцу паштэты з гусiнае пячонкi; калi ж абат Святога Антонiя дасылаў нам хлеб, масла i мёд, яна раздавала iх iншым; я нiчога на гэта не казаў i ўсё яшчэ атрымлiваў сняданак у Кронэравай кавярнi: сыр з папрыкай дзве тысячы чатырохсоты раз; я па-ранейшаму даваў кельнеру пяцьдзесят пфенiгаў на чай, хоць ён не хацеў браць грошай i настойваў на тым, каб заплацiць мне ганарар за праект ягонага дома.
Ёганна вымавiла тое, пра што я думаў; яна не пiла шампанскага пад час прыёму ў каменданта гарнiзона, не ела паштэту з заечага мяса i адмаўляла ўсiм, хто запрашаў яе да танцаў; яна вымавiла ўголас: 'Найяснейшы дурань…' — i здарылася так, як быццам у казiно каля Вiльгельмавага рова запанавала леднiковая эпоха; у поўнай цiшы Ёганна паўтарыла: 'Найяснейшы дурань…' Там былi генерал, палкоўнiк, маёры — усе з жонкамi, я — толькi што выпечаны обер-лейтэнант, упаўнаважаны па будаўнiцтве ўмацаванняў; леднiковая эпоха запанавала ў казiно каля Вiльгельмавага рова; аднаму маладзенькаму харунжаму прыйшла ў галаву думка натхнiць аркестр на вальс; я ўзяў Ёганну пад руку, павёў да каламажкi; была цудоўная восеньская ноч; шэрыя калоны маршыравалi да прыгарадных станцый; нiякiх здарэнняў.
Суд гонару. Нiхто не наважваўся паўтарыць словы Ёганны; гэткiх блюзнерстваў не фiксавалi нават у пратаколах: яго вялiкасць — найяснейшы дурань… нiхто б не наважыўся напiсаць такога; яны казалi толькi: 'Toе, што сказала Вашая малжонка…' — а я казаў: 'Toе, што сказала мая жонка…' — i не казаў тое, што я павiнен быў бы казаць, што я згодзен з ёю; я гаварыў толькi: 'Яна цяжарная, панове; два месяцы засталося; страцiла двух братоў ротмiстра Кiльба i харунжага Кiльба — абодвух у той самы дзень; у яе памерла дачушка ў 1909 годзе' — а я ж ведаў, што павiнен быў сказаць: 'Я, паны, згодзен з ёй', мне было вядома, што кпiць — гэта замала, што гэтага заўсёды будзе замала.
— Hе, Леанора, гэтага скрутка распакоўваць не трэба; тое, што ў iм ёсць, мае толькi пачуццёвую вартасць; ён лёгкi, але каштоўны: гэта корак ад бутэлькi. Дзякуй за каву; калi ласка, пастаўце фiлiжанку на падваконне; я дарэмна чакаю, чакаю сваю ўнучку, якая звычайна ў гэты час робiць хатнiя заданнi там, на тэрасе; я забыўся, што канiкулы яшчэ не скончылiся; паглядзiце, адсюль можна зазiрнуць у вокны Вашага рабочага пакоя, Вас таксама я часам бачу за вашым пiсьмовым сталом… i Вашыя прыгожыя валасы. Чаму раптам задрыжала фiлiжанка, зазвiнела, нiбы ад грукату друкавальных машын; цi ўжо скончыўся перапынак на абед, цi былi ўжо звышурочныя гадзiны, цi будаўнiчыя дакументы на белай паперы i пасля полудню друкавалiся i ў суботу?
Немагчыма злiчыць тыя ранiцы, калi я чуў тое дрыжанне, калi, абапёршыся локцямi аб падаконне, глядзеў я з гэтага месца на вулiцу, на светлыя валасы, пах якiх я ведаў ад ранiшняе iмшы; занадта моцнае сваiм пахам мыла заглушыла б прыгожыя валасы; правiльнасць тут замяняла парфумы. Я iшоў следам за ёю, калi яна пасля iмшы без чвэрцi дзевяць iшла каля Грэцавай крамы, а пасля ўваходзiла ў дом нумар восем. У жоўты дом з надпiсам: 'Д-р Кiльб, натарыус'. Я назiраў за ёю, чакаючы ў дворнiцкiм пакоi сваiх газет; святло спадала на яе, на яе мiлы твар, крыху спанатраны ў службе справядлiвасцi: яна адчыняла дзверы канторы, аканiцы, пасля выстаўляла шыфры сейфаў, адчыняла сталёвыя дзверы, якiя, здавалася, маглi расцiснуць яе; яна правярала змесцiва сейфа, а я мог праз вузкi завулак Модэстгасэ заглядаць у сейф i бачыць на верхняй палiцы старанна выведзены на кардоннай шыльдачцы надпiс: 'Праект абацтва Святога Антонiя'. Там ляжалi ўжо тры вялiкiя пакеты з пячаткамi, што выглядалi, нiбы раны. Толькi тры пакеты, i кожнае дзiця ведала прозвiшчы тых, хто дасылаў паперы да iх: Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн. Брэмокель, дойлiд трыццацi сямi неагатычнiх цэркваў, семнаццацi каплiц i дваццацi аднаго будынка кляштараў i лякарняў; Грумпэтэр, стваральнiк толькi трыццацi трох неараманскiх касцёлаў, толькi дванаццацi каплiц i васемнаццацi лякарняў; трэцi пакет, дасланы Волерзайнам, якi пабудаваў толькi дзевятнаццаць цэркваў, толькi дзве каплiцы, толькi чатыры бальнiцы, але затое меў у сваiм актыве сапраўдны сабор.
— Цi чыталi Вы, пан лейтэнант, абвестку ў 'Ды Вахт'? — спытаў парцье, i я прачытаў над ягоным зарагавелым пальцам радкi, якiя ён мне паказаў: 'Сёння апошнi тэрмiн надаслання праектаў абацтва Святога Антонiя. Цi ў нашых маладых архiтэктараў бракуе адвагi?' Я засмяяўся, згарнуў газету ў трубку i пайшоў на сняданне ў Кронэраву кавярню; кельнеравы словы, сказаныя кухару праз акенца кухнi, прагучалi нiбы старажытная, завучаная на працягу стагоддзяў лiтургiя: 'Снеданне пану архiтэктару Фэмелю, як звычайна'. Хатнiя гаспадынi, божыя служкi, банкiры — гоман галасоў каля паловы на адзiнаццатую. Нататнiк з выявамi авечак, змеяў, пелiканаў; пяцьдзесят пфенiгаў кельнеру на чай; дзесяць — гатэльнаму служку, усмешка прыдзвернiка, калi я даваў яму ў руку шторанiшнюю цыгару, прымаючы ад яго пошту. Потым я стаяў тут, адчуваючы локцямi дрыжанне друкарскiх машын, бачыў унiзе, у Кiльбавай канторы, вучня, якi пад самым акном вадзiў нажом для паперы. Я ўскрыў допiс, уручаны мне прыдзвернiкам: '…У нас ёсць магчымасць ад сённяшняга дня прапанаваць Вам месца галоўнага праекцiроўшчыка; калi гэта будзе адпавядаць Вашаму жаданню. Мы будзем ставiцца да Вас як да члена сям'i; гарантуем зычлiвыя адносiны з боку тутэйшага грамадства. Шырокiя магчымасцi кантактаў i адпачынку…' Гэтак мяне прываблiвалi кампанiяй мiлых дачок архiтэктара, ладнымi бяседамi за горадам, пад час якiх маладыя людзi ў круглых капелюшах на ўскрайку лесу налiваюць сабе пiва з бочак, а маладзенькiя дзяўчаты распакоўваюць бутэрброды i частуюць усiх; пасля можна рызыкнуць запрасiць якую-небудзь з iх патанцаваць на свежаскошаным лузе, калi маткi, што са страхам пералiчваюць гады сваiх дачок, пляскаюць у ладкi, захопленыя гэткай грацыёзнасцю; а калi ўсе выпраўляюцца на праходку па лесе, праводзiць паненак пад рукi, бо яны любяць спатыкацца аб каранi дрэваў; а калi надарыцца выпадак — бо адлегласцi ў лясной цемры неўпрыкмет павялiчваюцца, — дык пацалаваць паненку ў ручку, у шчаку, у плячо; а па дарозе дадому, у сутоннi, праз цiхiя лугi, на якiя выбягаюць з лесу сарны, як бы наўмысна дзеля гэтага замоўленыя, калi пачынаюць гучаць спевы, пералятаючы ад брычкi да брычкi, — тады ўжо можна шэптам прызнацца, што ў цябе трапiла Амурава страла. I неслiся дадому спакутаваныя сэрцы, параненыя душы.
I я напiсаў ветлiвы адказ: '…дазволю сабе вярнуцца да Вашай ласкавай прапановы пасля заканчэння маёй прыватнай вучобы, якая змушае мяне яшчэ пэўны час заставацца ў горадзе…', заклеiў канверт, прыляпiў марку, вярнуўся да свайго акна i зiрнуў унiз, на Модэстгасэ; ножык для паперы паблiскваў, нiбы штых; калi хлопец-вучань пачынаў рабiць усё хутчэй, два гатэльныя служкi грузiлi дзiка на рачны вазок; я пакаштую ягонага мяса ўвечары, пад час супольнай вячэры 'Нямецкiх аматараў спеваў', буду змушаны слухаць iх жарты, а яны не будуць цямiць, што я смяюся зусiм не ад iхнiх жартаў, а з iх самiх; iх жарты былi мне гэтаксама агiдныя, як падлiўкi, што падавалiся да страваў; i я смяяўся сваiм смехам тут, наверсе, каля свайго акна, i ўсё яшчэ не ведаў, цi я смяюся ад нянавiсцi альбо ад пагарды? Я ведаў толькi адно: гэты смех не быў выклiканы радасцю.
Дзяўчаты-практыканткi ў Кiльбавай краме паставiлi грыбы ў белых кошыках побач з забiтым дзiком; у