— У такiм разе хай вочы будуць закрытыя, i — дай мне цыгарэту.

— Тут, у лесе?

— Тут, у лесе.

— Вазьмi ў мяне ў кашулi, у кiшэнi.

Ён адчуў, як яна адшпiлiла ў яго кашулi гузiк на кiшэнi i, не адымаючы правай рукi ад яго вачэй, выцягнула запалкi i цыгарэты.

— Давай i табе прыкуру, тут, у лесе, — сказала яна. — Я мела тады якраз пяць гадкоў i была такiм мiлым дзiцёнкам, што людзi лашчылi мяне нават на грузавiку: запiхвалi мне ў рот ласункi, мылi мяне з мылам, калi машына спынялася; грузавiк абстрэльвалi з гармат i кулямётаў, але ў нас не патрапiлi; мы ехалi доўга… не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыднi; а калi мы спынiлiся, чалавек, якi не дазволiў мне згуляць у гульню 'Ён даў такi загад', узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру i клаў побач на сена, на салому, часам — на ложак, кажучы: 'Ану, скажы мне «тата»; я не ўмела казаць «тата»: да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася «папа»; але я навучылася казаць: «тата»; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, якi не дазволiў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явiлiся ложак, коўдра i мацi, якая была строгая, але мяне любiла; i цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калi я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: 'Паглядзiце, паглядзiце, хто да нас прыйшоў — несапсаваная i самая чыстая ў свеце паганачка'; а iншыя дзецi, з якiх нiхто не быў паганцам, пачалi смяяцца, пробашч тым часам дадаў: 'Давайце раз-два — i зробiм з нашай малой паганачкi, з нашай добрай авечкi хрысцiянскае дзiця'; i яны зрабiлi з мяне хрысцiянскае дзiця. I авечка расла, жвавая i шчаслiвая, гуляла ў карагоды i ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку i дужа любiла сваiх тату i маму; i надышоў дзень, калi ў школе было пралiта трохi слёз, сказана колькi прамоваў, узгадана колькi разоў пра 'этап у жыццi' i я пайшла вучыцца да краўчыхi, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзiцца з iголкай i нiткамi, ад мацi навучылася прыбiраць у хаце, пячы пiрагi, гатаваць стравы, а ўсе людзi ў вёсцы казалi: 'Яна яшчэ выйдзе за прынца, не нiжэй…'; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмi вялiкая i вельмi чорная машына; барадаты шафёр спынiў машыну на дзядзiнцы i з кабiны спытаўся ў людзей: 'Дзе тут жывуць Шмiцы?' А людзi адказалi: 'У нас тут многа Шмiцаў, якiя вам патрэбныя?' Мужчына сказаў: 'Тыя, што ўзялi дзiця на выхаванне'. Тады людзi сказалi: 'А, гэта Эдуард i яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогi, за кузняй; перад iх хатаю расце самшыт'. Мужчына сказаў: «Дзякуй»; машына паехала далей, i людзi рушылi за ёю ўслед, бо ад дзядзiнца да Шмiцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухнi i ачышчала салату; я вельмi любiла гэты занятак, надрэзваць лiсце, потым дрэннае выкiдаць, а добрае класцi ў рэшата, дзе яна была такая зялёная i чысцюткая; а мая мацi якраз казала мне: 'Hе засмучайся, Марыяна; то не iх вiна; калi хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год — а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, — яны робяць гэткiя рэчы; гэта — прырода, Марыяна, а з прыродаю справiцца нялёгка'; а я адказала: 'Праз гэта я зусiм не засмучаюся'. 'Тады праз што ўсё-ткi', — спыталася мая мацi. Я сказала: 'Я ўсё ўспамiнаю свайго брацiка — як ён вiсеў на дзвярах, а я смяялася i не ведала, як гэта жахлiва… а ён жа не быў нават хрышчоны'. I не паспела мая мацi адказаць на гэта, як дзверы адчынiлiся — а мы не чулi, каб хто-небудзь пастукаў, - i я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насiла шыкоўны капялюш, толькi блакiтнай унiформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, i сказала: 'Ты, напэўна, i ёсць мая Марыяна… табе нiчога не падказвае голас крывi?' На хвiлю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лiсцiк салаты: 'Hе, голас крывi мне нiчога не падказвае'. 'Я — твая мацi', — сказала яна. 'Hе, — запярэчыла я, — мая мацi — вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шмiц'; памаўчаўшы нейкую хвiлю, я дадала: 'Ён даў такi загад, i Вы накiнулi мне на шыю пятлю, шаноўная фраў'. Я навучылася ў краўчыхi казаць гэткiм жанчынам 'шаноўная фраў'.

Яна крычала i плакала, спрабавала абняць мяне, але я трымала нож перад сабою, вастрыём наперад; яна гаварыла нешта пра школу, пра ўнiверсiтэты, крычала i плакала, а я выбегла праз заднiя дзверы ў сад, пабегла праз поле да айца пробашча i ўсё яму расказала. Ён сказаў мне: 'Гэта — твая мацi, а бацькоўскае права ёсць бацькоўскае права; пакуль ты не станеш паўналетняй, у яе застанецца права на цябе; гэта ўсё вельмi прыкра'. А я адказала: 'Хiба яна не страцiла таго права, гуляючы ў гульню 'ён даў такi загад'? — 'Ты увiшнае дзяўчо, запомнi гэты аргумент як след'. Я яго запомнiла i паўтарала яго заўсёды, калi яны пачыналi гаварыць пра 'голас крывi'; я казала ўвесь час: 'Я не чую голасу крывi, я проста не чую яго'. Яны гаварылi: 'Гэтага не можа быць, гэта iдзе насуперак прыродзе'. 'Праўда, — адказвала я, 'ён даў такi загад' — гэта было насуперак прыродзе'. Яны казалi: 'Але ж тое было больш як дзесяць год таму, i цяпер яна раскайваецца ў гэтым'; а я пярэчыла iм: 'Ёсць учынкi, якiя нельга загладзiць раскайваннем'. 'Ты хочаш быць у сваiм прысудзе суровейшай за Госпада Бога?' — пыталiся яны. 'Hе, — адказвала я, — я не Бог, i таму не магу быць гэткаю мiласэрнаю, як ён'. Мяне пакiнулi ў маiх бацькоў. Але аднаму я не магла нiяк перашкодзiць: мяне сталi зваць не Марыяна Шмiц, а Марыяна Дростэ; я адчувала сябе, нiбы чалавек, якому штосьцi выразалi… Я ўсё яшчэ ўспамiнаю, — працягвала яна, — свайго малога брата, якога змусiлi гуляць у гульню 'ён даў такi загад'… ты i надалей мяркуеш, што ёсць нешта горшае, такое дрэннае, што ты не наважваешся мне пра яго расказаць?

— Hе, не, — адказаў ён. — Марыяна Шмiц, я раскажу табе пра ўсё.

Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсмiхацца.

— Чагосьцi такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабiць не змог бы, сказала Марыяна.

— Hе, — адказаў Ёзэф, — то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткi досыць кепска.

— Хадзем, — сказала яна, — раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, i яны нас чакаюць; калi б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калi б у мяне быў такi, як у цябе, дзядуля, я рабiла б дзеля яго ўсё на свеце.

— А дзеля майго бацькi? — спытаўся ён.

— Я яшчэ не ведаю яго, — адказала яна. — Хадзем, i не круцiся, скажы яму, як толькi надарыцца мажлiвасць. Хадзем.

Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, i яны пайшлi да машыны.

9

Малады банкаўскi служка спачувальна паглядзеў на Шрэлу, калi той падсунуў да яго па мармуровым прылаўку пяць ангельскiх шылiнгаў i трыццаць бельгiйскiх франкаў.

— Гэта ўсё?

— Усё, — адказаў Шрэла.

Малады служка пачаў круцiць ручку лiчыльнай машынкi — у малой колькасцi яе абаротаў ужо заключалася пагарда, — хутка напiсаў дзве цi тры лiчбы на бланку i падсунуў Шрэле пяцiмаркавую купюру, чатыры манеты па дзесяць пфенiгаў i тры пфенiгавыя манеткi.

— Прашу, хто далей…

— А ў Блесэнфэльд, — цiха спытаў Шрэла, — …цi яшчэ ходзiць туды адзiнаццаты, не падкажаце мне?

— Цi ходзiць туды адзiнаццаты? Я ж не трамвайная даведачная, — адказаў малады служка, — i, апроч таго, я i праўда не ведаю.

— Дзякуй, — сказаў Шрэла, укiнуў грошы ў кiшэнь, саступiў месца каля акенца наступнаму клiенту — мужчыне, якi паклаў на прылавак тоўсты пачак швейцарскiх франкаў; ён пачуў, ужо выходзячы, як лiчыльная машынка з павагаю накручвала абароты адзiн за адным.

'Ветлiвасць — гэта самая дзейсная форма, у якую можна заключыць пагарду', — падумаў ён.

Вакзальная пачакальня. Лета. Сонца. Вясёлы настрой. Канец тыдня. Гатэльныя служкi пхаюць валiзы да перона; маладая жанчына трымае высока падняты плакат 'Тут збiраюцца тыя, хто ад'язджае ў Лурд'. Прадаўцы газет, кiёскi кветак. Маладыя хлопцы i дзяўчаты з каляровымi ручнiкамi пад пахамi.

Шрэла перайшоў праз вакзальную плошчу, спынiўся на пешаходнай выспачцы i пачаў вывучаць трамвайныя маршруты; адзiнаццаты па-ранейшаму хадзiў у Блесэнфэльд, i цяпер якраз чакаў пад святлафорам памiж гатэлем 'Прынц Генрых' i саборам Святога Севярына; вось ён пад'ехаў да прыпынку, спынiўся, усе пасажыры павыходзiлi; Шрэла стаў у чаргу перад кандуктаравым бар'ерам, потым прайшоў на

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату