месца, сеў, зняў капялюш, абцёр пот з iлба i брывей, працёр шкельцы акуляраў i, калi трамвай рушыў, дарэмна чакаў з'яўлення нейкiх пачуццяў; нiчога такога; школьнiкам ён чатыры тысячы разоў ездзiў адзiнаццатым трамваем да школы i назад; запэцканыя чарнiлам пальцы, дурнаватая балбатня хлопцаў, што ехалi ў школу на тым самым трамваi; гэтая балбатня заўсёды была яму прыкраю, яны балбаталi пра сячэнне шара, плюсквамперфект, умоўны лад, бараду Фрыдрыха Барбаросы, якая прарасла наскрозь цераз стол; 'Падступнасць i каханне', Лiвiй, Авiдзiй у шэра-зялёнай каленкоравай вокладцы: i чым далей трамвай ад'язджаўся ад цэнтра горада, тым цiшэйшаю рабiлася балбатня; ужо ў канцы Старога горада сыходзiлi тыя, хто ўмеў надаваць свайму голасу самы нiзкi тэмбр; яны расцякалiся па шырокiх вулiцах, на якiх стаялi салiдныя дамы; у канцы Новага горада сыходзiлi тыя, хто меў ужо не такi нiзкi тэмбр голасу; яны расцякалiся па вузейшых вулiцах, дзе было менш салiдных дамоў; заставалася толькi двое цi трое тых, хто ехаў да Блесэнфэльда, дзе было найменш салiдных дамоў; размова рабiлася нармальнаю, калi трамвай, пагойдваючыся, ехаў паўз малыя гародчыкi i жвiроўнi, наблiжаўся да Блесэнфэльда.
— Цi твой бацька таксама бастуе? У Грэсiхмана даюць ужо чатыры з паловай працэнты скiдкi… маргарын стаў таннейшы на пяць пфенiгаў.
Вось парк, у якiм летняя зелянiна даўно ўжо вытаптаная, дзе пясчаны грунт вакол невялiкай сажалкi ўзараны тысячамi дзiцячых ног, змяшаны з гразёю, смеццем, паперкамi, шклом ад бутэлек; Груфэльштрасэ, дзе сховы гандляроў старызнаю запаўнялiся бляхай, старымi анучамi, макулатурай i разбiтым шклом, дзе стаяў убогi лiманадны кiёск, у якiм паспрабаваў выявiць свае гандлярскiя здольнасцi схуднелы беспрацоўны, а неўзабаве ён раз'еўся, аббiў сваю будынiну нержавейнай сталлю, аздобiў шклом, паставiў блiшчастыя аўтаматы: ён нажэрся пфенiгамi, набыў панскi выгляд, хоць яшчэ два месяцы таму прынiжана скiдаў кошт шклянкi лiманаду на два пфенiгi, спалохана шэпчучы клiенту:
— Ты ж глядзi, нiкому больш не кажы.
Пачуццi так i не з'яўлялiся, хоць адзiнаццаты трамвай, пагойдваючыся, праехаў ужо Стары горад, Новы горад, прамiнуў гародчыкi i жвiроўнi; чатыры тысячы разоў ён чуў, як кандуктар выкрыкваў тыя назвы прыпынкаў: «Буасэрэштрасэ», 'Паўночны Парк', 'Блесэнскi вакзал', 'Унутранае Кальцо'; яны гучалi адчужана, гэтыя назвы — нiбы са сноў iншага чалавека, якi беспаспяхова спрабуе пераказаць iх; яны гучалi як крыкi аб дапамозе з густой iмглой, а тым часам амаль пусты трамвай тым сонечным летнiм надвячоркам пад'язджаў да канцавога прыпынку. Там, на рагу Паркавай Лiнii i Ўнутранага Кальца, калiсь стаяла будка, дзе яго мацi спрабавала гандляваць смажанай рыбаю; ёй не пашанцавала, бо мела занадта мяккае сэрца: 'Як я магу не даць кавалка рыбы згаладалым дзецям, калi яны так прагна глядзяць, як я яе падсмажваю? Як гэта мажлiва?' А бацька казаў: 'Натуральна, ты не можаш не даць, але нам трэба спынiць гандаль: крэдыту больш няма; банкруцтва; гандляры не хочуць падвозiць там тавару'. Выкачаныя ў сухарах кавалкi рыбнага фiле смажылiся ў гарачым алеi, а мацi тым часам клала адну, дзве, тры лыжкi бульбянай салаты на кардонную талерачку; сэрца мацi, спачуваючы, цвёрдым не заставалася; слёзы цяклi з яе блакiтных вачэй, суседкi перашэптвалiся: 'Яна выплача ўсю сваю душу'; мацi больш нiчога не ела i не пiла; з мажнай, са здаровым колерам твару жанчыны яна ператварылася ў худую бледную кабецiну; нiчога ў ёй не засталося ад прывабнай буфетчыцы вакзальнага буфета; яна адно шаптала: 'Госпадзе, Госпадзе', гартала пацёртыя сектанцкiя малiтоўнiкi, якiя абвяшчалi хуткi канец свету; а тым часам на вулiцы пыльны вецер развяваў чырвоныя сцягi, i тут жа неслi выявы Гiндэнбургавай галавы; крыкi, бойкi, стралянiна, фанфары, бiццё барабанаў. Калi мацi памерла, яна выглядала зусiм як слабенькая, бледная i хударлявая дзяўчынка; магiла такая ж, як дзесяткi iншых, на ёй некалькi астраў; тонкi драўляны крыж з надпiсам: 'Эдыт Шрэла. 1896– 1932'; душа выплаканая, прах перамешаны з зямлёю Паўночных могiлак.
— Канцавы прыпынак, шаноўны пане, — абвясцiў кандуктар, вылез са сваёй каморы i, прыкурваючы бычок ад цыгарэты, прайшоў у перад вагона. — На жаль, вагон далей не iдзе.
— Дзякуй.
Чатыры тысячы разоў ён заходзiў i выходзiў з гэтага трамвая; канцавы прыпынак адзiнаццатага; заржавелыя рэйкi гублялiся сярод ямаў, што засталiся пасля экскаватараў i баракаў, якiя трыццаць год таму павiнны былi служыць будоўлi далейшага адрэзку трамвайнай лiнii; лiманадны кiёск: нержавейная сталь, шкляныя шары, блiшчастыя аўтаматы; акуратна, паводле гатункаў раскладзеныя плiткi шакаладу.
— Калi ласка, мне — шклянку лiманаду.
Зялёная вадкасць у бездакорна чыстай шклянцы мела смак марзаны.
— Калi Вам, шаноўны пане, будзе няцяжка, укiньце рэшткi паперы ў сметнiцу. Смачна?
— Дзякуй.
Курыная ножка была яшчэ цёплая, як i мяккае мяса з-пад шыi, засмажаныя з корачкай у самым лепшым тлушчы, цэлафанавы пакуначак, зашпiлены спецыяльнаю шпiлькаю ад набору для пiкнiкоў.
— Пахне знакамiта. Яшчэ шклянку лiманаду?
— Дзякуй, не трэба. Дайце, калi ласка, шэсць цыгарэт.
У растаўсцелай гаспадынi кiёска яшчэ можна было распазнаць прыгожую зграбную дзяўчыну, якой яна некалi была: блакiтныя дзiцячыя вочы, якiя пад час першай канфiрмацыi давалi нагоду летуценнаму каплану ўжываць эпiтэты накшталт «анёлападобная», 'нявiнная', цяпер зрабiлiся застылымi, жарсткаватымi вачыма гандляркi.
— За ўсё разам дзевяноста пфенiгаў, калi ласка.
— Дзякуй.
Адзiнаццаты трамвай, на якiм прыехаў Шрэла, якраз зазванiў да адыходу; ён занадта доўга раздумваў i цяпер мусiў на дванаццаць хвiлiн затрымацца ў Блесэнфэльдзе; ён курыў цыгарэту i, павольна дапiваючы рэшту лiманаду, спрабаваў пад каменна-ружовым тварам адшукаць iмя дзяўчыны, якой гаспадыня кiёска была даўней; распусцiўшы свае бялявыя валасы, яна гойсала па парку, крычала, спявала i, калi яе анёлападобнасць ужо знiкла, вабiла хлопцаў у цёмныя пад'езды; змушала iх ахрыплыя ад хвалявання горлы вымаўляць любоўныя клятвы; а яе брат, гэткi самы бялявы i гэтаксама, як яна, анёлападобны, марна заклiкаў хлопцаў з вулiцы да вялiкiх учынкаў; вучань сталяра, бягун на стометроўцы, за глупства пакараны смерцю на досвiтку.
— Калi ласка, — сказаў Шрэла, — дайце ўсё ж яшчэ адну лiманаду.
Ён паглядзеў на бездакорны прабор у валасах маладой дзяўчыны, што якраз нахiлiлася наперад, падстаўляючы шклянку пад сiфон; яе брат быў Фэрдзi, анёлападобны, а яе iмя ахрыплыя хлопцы-падлеткi перадавалi адно аднаму, як чароўнае слова, якое адкрывала дарогу ў рай; яна ратавала ад патаемных пакут, Эрыка Прогульске, i за гэта нiчога не брала, бо ёй гэта было даспадобы.
— Мы ведаем адно аднаго?
З усмешкай яна паставiла шклянку з лiманадам на прылавак.
— Hе, — адказаў ён, усмiхаючыся, — здаецца, не.
Толькi не трэба дазволiць, каб адталi ўспамiны, каб iльдзяныя кветкi не ператварылiся ў лянiвую брудную ваду; толькi не трэба аднаўляць даўнiх клятваў, чакаць вяртання суровых дзiцячых пачуццяў з размяклых душ дарослых людзей, каб не даведацца, што цяпер яна за гэта штосьцi бярэ; асцярожна, галоўнае не ўсчынаць размоваў.
— Трыццаць пфенiгаў. Дзякуй.
Сястра Фэрдзi Прогульске паглядзела на яго з дасведчанай прыязнасцю. I мяне таксама ты вызвалiла ад пакут i за гэта нiчога не ўзяла — нават плiтку шакаладу, што размякла ў маёй кiшэнi; то ж не была плата, а падарунак; але ты яго не ўзяла; я быў уратаваны спачуваннем твайго рота i тваiх рук; спадзяюся, ты не расказала пра гэта Фэрдзi; спачуванне iдзе заўсёды разам з таемнасцю; таямнiцы, ператвораныя ў словы, могуць несцi з сабою смерць; маю надзею, што ён не ведаў пра гэта, калi тым лiпеньскiм ранкам апошнi раз бачыў неба; я быў адзiн хлопец на Груфэльштрасэ, якога ён знайшоў здольным рабiць высакародныя ўчынкi; Эдыт тады яшчэ не лiчылася: ёй было ўсяго дванаццаць, i немагчыма было расшыфраваць мудрасць яе сэрца.
— Мы i праўда незнаёмыя?
— Hе, гэта дакладна.
Сёння б ты прыняла ад мяне падарунак, тваё сэрца зрабiлася цвёрдым ды ўжо не спачувае iншым; праз якiя пару тыдняў тады ты ўжо страцiла нявiннасць дзiцячага граху, вырашыўшы, што будзе лепш забыцца на спачуванне; i табе было ўжо дакладна вядома, што ты нiколi не зробiшся плаклiвай бялявай цюхаю i не выплачаш дарэшты сваёй душы, — не, мы не ведаем адно аднаго, напраўду не ведаем; не будзем даваць раставаць iльдзяным кветкам. Дзякуй, да пабачэння.