дзякуй; я ведаю, як прайсцi да Модэстгасэ, сапраўды ведаю; нумар шаснаццаць — гэта каля самай брамы.

Звярнуўшы за рог вулiцы, ён амаль не ўпёрся носам у падвешанага дзiка i аж адхiснуўся ад цёмна- шэрай жывёлiны; ледзь не праскочыў паўз Робертаў дом; тут успамiны яму не пагражалi: ён быў у гэтым доме ўсяго адзiн раз; Модэстгасэ, дом нумар восем; ён спынiўся перад блiшчастай масянжовай шыльдачкай, прачытаў: 'Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлiкаў; пасля абеду зачынена'; нацiснуўшы на гузiк званка, ён пачаў дрыжаць усiм целам: тое, чаго ён не бачыў на свае вочы, дзе не было знаёмага яму рэквiзiту, прабiрала яго мацней; за гэтымi дзвярыма памерла Эдыт, у гэтым доме нарадзiлiся яе дзецi, тут жыў Роберт; ужо гучанне самога званка падказала яму, што зараз нiхто не адчынiць; прыдзверны званок злiўся з тэлефонным; служка з гатэля 'Прынц Генрых' трымаў сваё слова; я дам яму добра на чай, калi мы будзем там гуляць на бiльярдзе.

Усяго праз чатыры дамы — пансiянат «Мадэрн». Нарэшце дома; добра, што ў маленькiм калiдорчыку не чуваць было пахаў ад кухнi. Свежая пасцельная бялiзна пад стамлёную галаву. 'Дзякуй, я ўжо неяк разбяруся сам'. — 'На трэцiм паверсе трэцiя дзверы налева; на сходах будзьце асцярожныя, шаноўны пане, прэнты, што трымаюць ходнiк, сям-там паадставалi; бываюць госцi, якiя знiшчаюць усё, што iм патрапiцца; будзiць Вас трэба? I яшчэ адна драбнiца; калi можна, заплацiце наперад; цi, можа, прыбудзе багаж? Hе? Значыць, восем марак, пяць пфенiгаў, калi ласка, разам з абслугоўваннем; на жаль, я мушу прымаць гэтыя меры перасцярогi, шаноўны пане, вы не можаце сабе ўявiць, колькi на свеце ёсць нягоднiкаў; а потым мусiш ставiцца з недаверам да прыстойных людзей, так ужо бывае: сёй-той прымудраецца нават абкручвацца прасцiнаю, а некаторыя робяць з навалочак насоўкi; каб Вы ведалi, чаго мы тут толькi не бачым; квiтанцыя Вам не трэба? Тым лепей, падаткi i так абдзiраюць нас дагала. Вы, напэўна, чакаеце некага… Вашу жонку, праўда? Hе турбуйцеся, я пакажу ёй, як прайсцi да Вас наверх'.

10

Ён баяўся дарма: успамiны не перайшлi ў пачуццi, засталiся формуламi, не расплылiся ў даброцi альбо ў смутку, i ад iх не зашчымела сэрца; сэрца ў тым удзелу не брала: ён стаяў там, у вечаровым сутоннi, памiж домам паломнiкаў i самiм кляштарам, дзе цяпер ляжыць штабель фiялетавых, моцна-моцна абпаленых цаглiн; побач — генерал Ота Кёстэрс, увесь слабы розум якога вылiўся ў адну-адзiную формулу: 'сектар абстрэлу'; гаўптман Фэмель, обер-лейтэнант Шрыт i два фэнрыхi, Кандэрс i Гохбрэт; з надзвычай сур'ёзнымi тварамi яны пераконвалi генерала з мянушкай Сектар Абстрэлу, што трэба быць паслядоўнымi нават у дачыненнi да самых што нi ёсць архiтэктурна-каштоўных будынкаў; iншыя афiцэры пратэставалi: забойцы, пралiваючы слёзы, баранiлi помнiкi культуры, якiя, маўляў, можна было ўратаваць; нехта гаварыў пагрозлiвае слова 'дзяржаўная здрада'; але нiхто не ўмеў аргументаваць гэтак рэзка, гэтак вынаходлiва i лагiчна, як Шрыт, якi пранiкнёна даводзiў поўнаму ваганняў генералу, што аб'ект падрываць неабходна: 'Трэба хоць бы паказаць, што мы яшчэ верым у перамогу, пан генерал; гэтая балесная ахвяра пераканае насельнiцтва i салдат, што мы яшчэ верым у перамогу…' — i тут прагучала славутая генералава фраза: 'Я прыняў рашэнне: падрывайце, панове. Калi гаворка iдзе пра перамогу, мы не маем права шкадаваць нават нашых культурных святыняў; да справы, панове'.

Рукi каля брылёў фуражак, лясканне абцасаў. Цi яму сапраўды некалi было дваццаць дзевяць, цi быў ён гаўптманам i стаяў з генералам Сектар Абстрэлу на тым самым месцы, дзе цяпер стаiць абат i з усмешкаю вiтае ягонага бацьку:

— Мы вельмi рады, пане тайны радца, што Вы зноў зрабiлi нам гонар сваiм вiзiтам; я дужа ўсцешаны, што магу пазнаёмiцца з Вашым сынам; Ёзэф нам ужо амаль як найлепшы прыяцель, праўда, Ёзэф? Лёс нашага абацтва цесна звязаны з лёсам сям'i Фэмеляў… а што да Ёзэфа — дазвольце мне тут сказаць пра зусiм прыватнае — яго менавiта тут дагнала Амурава страла; паглядзiце, пане доктар, сёння маладыя людзi нават не чырванеюць, калi пры iх гавораць пра такiя рэчы; фройляйн Рут i фройляйн Марыяна, на жаль, я не магу зрабiць, каб Вы ўзялi ўдзел у агляданнi кляштара.

Дзяўчаты пачалi хiхiкаць; хiба ж мацi, Ёзэфiна, а нават i Эдыт таксама не хiхiкалi тут, калi iх не дапускалi да мужчынскага хаўрусу? У сямейным фотаальбоме было б досыць памяняць толькi твары i фасоны адзення.

— Ага, клаўзуры ўжо заселеныя, — сказаў абат, — a вось — нашае ўлюбёнае дзiцё, бiблiятэка… а вунь там, за паваротам iзалятар для хворых, на шчасце, у iм пакуль што нiкога няма…

Нiколi не хадзiў ён тут з крэйдаю ў руцэ, нiколi не крэслiў на гэтых мурах таемныя спалучэннi лiтар «X», 'Y', «Z» — код знiшчэння, якiя ўмелi расшыфраваць толькi Шрыт, Гохбрэт i Кандрэс; пах раствору, пах свежай фарбы, свежагабляванага дрэва.

— Напраўду, гэтыя фрэскi ўдалося захаваць дзякуючы ўважлiвасцi Вашага ўнука, а Вашага сына; ён уратаваў выяву 'Таемнай вячэры' тут, у рэфекторыi; канешне, мы ведаем, што гэтая карцiна не належыць да культурна-гiстарычных помнiкаў — даруйце мне гэтую заўвагу, пане тайны радца, — але творы нават гэтай школы жывапiсу пачынаюць ужо цяпер рабiцца рэдкасцю, а мы заўсёды адчувалi свой абавязак падтрымлiваць традыцыi; мушу прызнацца, што мяне i сёння захапляе тое, што ў гэтых творах так дакладна выпiсаныя дэталi: зiрнiце вось сюды, з якой любоўю i рупнасцю намаляваныя тут ногi святога Iаана i святога Пятра, ногi чалавека пажылога i маладога чалавека; дакладнасць у дэталях.

Hе, тут нiхто нiколi не спяваў 'Дрыжаць спарахнелыя косцi'; тут не адзначалася свята сонцавароту; гэта ўсё — толькi сон. Вытанчана-элегантны, крыху больш за сорак, сын вытанчана-элегантнага бацькi, бацькi поўнага свежасцi, надзвычай iнтэлiгентнага сына, якi, усмiхаючыся, ходзiць цяпер разам з iм па абацтве, хоць, здаецца, яму надта сумна ад усёй гэтай iмпрэзы; кожны раз, калi бацька паварочваўся да Ёзэфа, ён бачыў адно прыязную, крыху стомленую ўсмешку на сынавым твары.

— Як Вам вядома, не былi пашкадаваныя нават гаспадарчыя пабудовы; з iх мы i пачалi адбудоўваць усё нанова, бо на нашу думку, яны павiнны ствараць матэрыяльны падмурак для ўдалага новага старту; вось кароўнiк; вядома, у нас электрычная дойка; Вы ўсмiхаецеся, а я ўпэўнены, што наш айцец, Святы Бенядзiкт, не меў бы нiчога супраць электрадойкi. Цi можна прапанаваць Вам крыху падсiлкавацца? Прашу: наш славуты хлеб, нашае славутае масла i мёд; Вы не ведаеце, што кожны наш абат, памiраючы альбо пакiдаючы сваю пасаду, перадае як запавет свайму наступнiку: не забываць сям'i Фэмеляў; вы напраўду належыце да нашага кляштарнага брацтва… ах, вось i маладыя паненкi; натуральна, тут вы можаце далучыцца да нас.

Хлеб i масла, вiно i мёд проста на гладкiх дошках стала; Ёзэф адной рукой абняў сваю сястру, другой — Марыяну; яго бялявая галава памiж дзвюма цёмнавалосымi дзявочымi.

— Цi зробiце Вы нам гонар i возьмеце ўдзел ва ўрачыстасцi асвянчэння абацтва? Канцлер i мiнiстры кабiнета ўжо далi сваю згоду прыбыць на яе; будуць прысутнiчаць таксама некалькi княскiх асобаў з-за мяжы; i мы былi б вельмi ўсцешаныя, калi б маглi прывiтаць тут сям'ю Фэмеляў у поўным складзе; мая ўрачыстая казань адбудзецца не пад знакам абвiнавачвання, а пад знакам замiрэння i паяднання — замiрэння i паяднання таксама з тымi сiламi, якiя ў сляпой паслухмянасцi разбурылi наша роднае прыстанiшча, але не будзе замiрэння з тымi знiшчальнымi сiламi, якiя зноў нясуць пагрозу нашай культуры: дазвольце мне запрасiць вас на ўрачыстасць i выказаць ад усяе душы просьбу Зрабiць нам гэты гонар.

'Я не паеду на асвянчэнне, — падумаў Роберт, — бо я не замiрыўся, не замiрыўся з тымi сiламi, на якiх ляжыць вiна за смерць Фэрдзi, якiя, правiнавацiўшыся ў смерцi Эдыт, пашкадавалi Святога Севярына; я не замiрыўся, не замiрыўся нi з самiм сабой, нi з самiм духам замiрэння, якi Вы будзеце прапаведаваць у сваёй урачыстай казанi; не сляпая паслухмянасць разбурыла ваша роднае прыстанiшча, а нянавiсць, якая не была сляпою i якая так i не спарадзiла ўва мне раскаяння. Прызнацца, што гэта ўчынiў я? Я мусiў бы зрабiць балюча майму бацьку, хоць ён невiнаваты, i, напэўна, майму сыну, хоць i ён таксама невiнаваты, i Вам, вялебны ойча, хоць i Вы нiзвання не вiнаватыя, — хто ж тады вiнаваты? Я не замiрыўся са светам, у якiм адзiн жэст рукi альбо няслушна зразуметае слова можа каштаваць каму-небудзь жыцця'.

Уголас жа ён сказаў:

— Вялiкi дзякуй, вялебны ойча; гэта будзе мне вялiкая радасць — узяць удзел у Вашай урачыстасцi.

'Я не прыеду, вялебны ойча, думаў стары Фэмель, бо на тым фэсце мне давядзецца выконваць ролю

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату