твар i яшчэ было вiдно, як ён адгрыз кавалак хлеба, а пасля выйшаў з класа; таго, каму давялося бачыць гэткiя твары, разбураныя абацтвы ўсхваляваць ужо не змогуць; i тая камедыя, што адбылася пазней, калi Конрад Грэц разгледзеўся на крадзеным i Крот пачаў дамагацца ад нас, каб мы прызналiся: 'Дзецi, будзьце сумленныя, я даю вам пятнаццаць хвiлiн; да таго часу вiнаваты павiнен прызнацца, iначай… яшчэ восем хвiлiн, сем, шэсць…', i тут я паглядзела на яго; ён напаткаў мой позiрк i кiнуўся да мяне: 'Рут, Рут, ты гэта зрабiла, ты?' Я затрэсла галавою, потым пачала плакаць, бо мяне зноў ахапiў смяротны жах; а ён сказаў: 'Божа мой, Рут, будзь сумленная'. Я б ахвотна ўзяла гэта на сябе, але тады б ён здагадаўся, што я ўсё бачыла, таму я, плачучы, трэсла галавою; яшчэ чатыры хвiлiны, тры, дзве, адна, усё… 'Вы, праклятая хеўра злодзеяў, хеўра лгуноў; зараз напiшаце мне дзвесце разоў у сшытках: 'Красцi няможна'. Ах, вы тут са сваiмi абацтвамi! Я мусiла захоўваць куды больш страшныя таямнiцы, вытрываць смяротны жах… трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк.
Чаму яны так халодна размаўлялi з гэтым добрым абатам? Што ён такое зрабiў — забiў каго, украў у каго-небудзь хлеб з маслам? У Конрада Грэца было харчоў удосталь, ён еў пячоначныя паштэты i зялёны сыр з белым хлебам; якi гэта д'ябал пасялiўся раптам у душы нашага цiхманага i разумнага настаўнiка? Смерць стаiлася памiж яго носам i вачыма, памiж носам i вуснамi, памiж вушамi; трупы, нiбы мяхi, ускiдалi на грузавiк, i мяне забаўляла, калi бацька, стоячы каля вялiкага плана горада, кпiў з бургамiстра: маляваў свае чорныя знакi i казаў: 'Усё да д'ябла прэч! Падарваць!'; я люблю яго, люблю яго не менш i цяпер, калi пра ўсё ведаю; цi Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне? Я ж неяк бачыла чалавека, якi аддаваў свой заручальны пярсцёнак за дзве цыгарэты… за колькi цыгарэт ён аддаў бы сваю дачку, за колькi — жонку? Ha яго твары быў цэннiк: дзесяць, дваццаць цыгарэт… З iм можна было пра ўсё дамовiцца; з такiмi людзьмi заўсёды можна дамовiцца; мне вельмi шкада, тата, але мёд i хлеб былi мне смачныя i пасля таго, як я даведалася, хто гэта зрабiў. Мы хочам i надалей гуляць у бацьку i дачушку — кожны наш крок вывераны, як пад час танцавальнага конкурсу. Пасля пачастунку ў кляштары варта было, па праўдзе кажучы, прайсцiся, падняцца на пагорак Казакен; Ёзэф, Марыяна i я наперадзе, дзядуля — за намi — як штосуботы.
— Цi паспяваеш за намi, дзядуля?
— Дзякуй, неяк ужо дам сабе рады.
— Мы не занадта хутка iдзём?
— Hе, нiчога, дзеткi. Цi можна мне на хвiлю прысесцi; цi вам здаецца, што тут крыху макравата?
— Пясок зусiм сухi, дзядуля, i яшчэ зусiм цёплы; ты можаш спакойна сядаць; хадзем, дай мне сваю руку.
— Вядома, дзядуля, можаш запалiць сваю цыгару; мы будзем глядзець, каб нiчога не здарылася.
На шчасце, Ёзэф пакiнуў цыгарэты ў машыне, i запальнiчка ў парадку; дзядуля падарыў мне гэткiя прыгожыя сукенкi i швэдар — набагата прыгажэйшыя, чым дарыў бацька, у якога крыху старасвецкi густ; адразу вiдаць, што дзядуля разбiраецца ў маладых дзяўчатах i жанчынах; я не хачу зразумець бабулю, не хачу; яе вар'яцтва — гэта падман; яна не давала нам нiчога есцi, i я ўзрадавалася, калi яе ад нас забралi i ў нас паявiлася што есцi; мажлiва, твая праўда, i яна была i ёсць вялiкiм чалавекам, але нiчога не хачу ведаць пра велiч; белы хлеб з пячоначным паштэтам i залёным сырам ледзь не каштаваў мне жыцця; няхай яна вяртаецца дадому i сядзiць вечарамi з намi, але не давайце ёй, калi ласка, ключоў ад кухнi — прашу, не давайце; мне давялося ўбачыць голад у вачах настаўнiка, i я баюся гэтага; давай iм, Божа, заўсёды досыць яды, каб на iх тварах не паяўляўся той жахлiвы выраз; гэты пан Крот зусiм бяскрыўдны чалавек; штонядзелi ён сядае ў сваю маленькую машыну, каб разам з сям'ёю падацца ў абацтва Святога Антонiя на ўрачыстую iмшу; 'якая гэта сёння нядзеля па Сёмусе, па трох Царах, па Вялiкаднi? Мiлы чалавек з мiлай жонкай i мiлымi дзвюма дзеткамi: 'Паглядзi, Рут, цi не праўда, наш Францхен падрос?' — 'О, праўда, ваш Францхен вырас зусiм вялiкi'; i я ўжо не думаю пра тое, што маё жыццё некалi вiсела на валаску; не, я таксама старанна напiсала дзвесце разоў у сшытку: 'Красцi няможна'; i, вядома, не адмаўляюся, калi Конрад Грэц запрашае мяне на вечарынкi ў свой дом; бо там падаюць файныя паштэты з гусiнай пячонкай i белы хлеб з зялёным сырам, а калi там хто-небудзь наступае камусьцi на нагу альбо хто-небудзь незнарок перакiне келiх з вiном, у iх не кажуць: 'Прабачце, калi ласка' альбо «Пардон»; там кажуць: «sorry».
Трава на ўзбочынах дарогi цёплая, Ёзэфава цыгарэта мае моцны адмысловы пах; а мне ўсё ж быў смачны хлеб з мёдам, калi я даведалася, што гэта бацька падарваў абацтва; Дэнклiнген дужа прыгожы ў промнях позняга сонца; трэба спяшацца, бо, каб пераапрануцца, нам трэба самае меншае паўгадзiны.
11
— Падыдзiце сюды блiжэй, генерал. Вам няма чаго саромецца; усiх навiчкоў найперш прадстаўляць мне, бо я даўжэй за ўсiх жыву ў гэтым прыгожым доме; навошта Вам дзяўбцi кiем нечапаную агародную глебу, пастаянна трэсцi галавою перад кожным мурам, каплiцай, парнiком i мармытаць: 'Сектар абстрэлу'? Зрэшты, 'сектар абстрэлу' гучыць прыгожа, гэта значыць вольная прастора для ўсiх куляў i снарадаў; Ота… як далей? Кёстэрс? Hе, фамiльярнасцей не трэба, не трэба Вашага iмя; апроч таго, iмя Ота ўжо занятае; можна, я буду называць Вас 'Сектар Абстрэлу'? Па Вас вiдно, чутно з Вашага голасу, можна ўнюхаць з Вашага дыхання, што Вы не проста прынялi бычынае прычасце, Вы з яго жылi, паслядоўна трымалiся гэтай дыеты. Ну, а цяпер паслухайце, навiчок, i скажыце: Вы якой веры? Католiк? Натуральна, у iншым выпадку я была б проста здзiўленая; i Вы ўмееце слугаваць пры iмшы? Вядома ж, Вас выхоўвалi каталiцкiя пастыры; прашу прабачыць мне за мой смех; мы ўжо тры тыднi, як шукаем новага касцельнага служку; Балаша яны выпiсалi, прызнаўшы здаровым; можа, у Вас з'явiлася б ахвота крыху нам тут дапамагчы? Ты ж вар'ят цiхi, не небяспечна-шалёны; у цябе адзiн-адзiны бзiк — там, дзе трэба i дзе не трэба, паўтараць: 'Сектар абстрэлу'; ты, напэўна, зможаш пераносiць малiтоўнiк з левага боку алтара на правы ды ўкленчваць перад дараносiцай, праўда? Ты ж здаровы, як мядзведзь, гэта — прыкмета тваёй прафесii, так што ў цябе атрымаецца бiць сябе ў грудзi кулакамi, паўтараючы 'mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa', ды вымаўляць 'Kerie eleison';[14] вось бачыш, да чаго можа часам яшчэ прыдацца адукаваны, выхаваны каталiцкiмi айцамi генерал; я падам капелану лякарнi тваю кандыдатуру на новага касцельнага служку, ты ж згодзен, праўда?
Дзякуй, адразу можна пазнаць сапраўднага рыцара; не, вось сюды, калi ласка, паўз цяплiцу; я хачу Вам паказаць сёе-тое, што належыць да Вашага рамяства, i, прашу Вас, не трэба заляцанняў, гэта лiшняе; не варта выпрабоўваць тут сваiх комплексаў з танцавальных урокаў, калi ласка; мне семдзесят, Вам семдзесят тры, не цалуйце мне ручку i не рабiце старэчых залётаў; гэта ўсё абы-што, кiньце; паслухай мяне: бачыш, што там за ясна-зялёнай шыбiнай у цяплiцы? Ага, гэта зброя, гэта збраёўня нашага добрага садоўнiка: з гэтага страляюць па зайцах i курапатках, па варонах i казулях, бо наш садоўнiк — заўзяты паляўнiчы, а вось там, памiж стрэльбаў, ляжыць такi ладны, зручны, чорны прадмет — пiсталет; а зараз выкладвай тое, чаму цябе навучылi, калi ты быў фэнрыхам цi лейтэнантам; скажы: цi гэтая рэч сапраўды сур'ёзная зброя, цi з яе каго-небудзь можна застрэлiць? Толькi не трэба палатнець, стары галаварэз; ты ж цэнтнерамi паглынаў бычынае прычасце, а цяпер во млееш, калi я табе задаю пару зусiм простых пытанняў; не трэба так дрыжаць; я, хоць трохi й «таго», але не буду настаўляць пiсталета да тваiх сямiдзесяцiтрохгадовых грудзей i не дам дзяржаве магчымасцi сэканомiць на тваёй пенсii; у мяне няма такога намеру, каб даваць дзяржаве на нечым сэканомiць; дай мне на мае па-вайсковаму дакладныя пытаннi таксама па-вайсковаму дакладны адказ: цi можна гэтай штукай каго-небудзь забiць? Можна? Добра. Якая адлегласць гарантуе найбольшую трапнасць стрэлаў? Дзесяць, дванаццаць, самае большае дваццаць пяць метраў?
Божухна, не хвалюйцеся так, прашу Вас! Як могуць гэтак баяцца старыя генералы… што, Вы паведамiце пра гэта? Тут няма каму паведамляць; так Вам убiлi ў галаву гэтыя паведамленнi, даклады, што Вы не можаце без iх абыцца, праўда? Добра ўжо, пацалуйце мне ручку, але язык трымайце за зубамi; а заўтра ўраннi Вы будзеце прыслугоўваць да iмшы, зрузумела? У нас тут яшчэ не было такога гожага, сiвавалосага, высокага касцельнага служкi; ты што, жартаў не разумееш? Зброя мяне цiкавiць гэтаксама, як цябе — сектар абстрэлу; няўжо ты яшчэ не дапяў, што няпiсаныя законы гэтага ўтульнага дома дазваляюць кожнаму мець свой якi-небудзь бзiк; у цябе вось бзiк 'сектара абстрэлу'; поўная сакрэтнасць, 'сектар абстрэлу'; прыпомнi сваё добрае выхаванне — 'Наперад! Ура! Гiндэнбург…': во, бачыш, табе гэта даспадобы; трэба толькi выбраць адпаведныя словы… давай павернем цяпер i пройдзем каля каплiцы; цi не