сорак секунд; помслiвы кулак раструшчыў маё кiшэннае люстэрка, засталiся толькi два кавалачкi, у якiх адбiваецца смяротная блякласць майго твару; я ж чула, як некалькi гадзiн запар грымелi выбухi, чула абураны людскi шэпт: 'Яны ўзарвалi нашае абацтва' — вартаўнiкi i прыдзвернiкi, садоўнiкi i вучнi пекара перадавалi адзiн аднаму гэтую жахлiвую навiну, якую я не лiчу гэткай жахлiвай; сектар абстрэлу, чырвоны шнар над пераноссем, цёмна-сiнiя вочы… Хто гэта мог быць? Цi ён? Хто? Я ўзарвала б усе на свеце абацтвы, каб можна было вярнуць Генрыха, уваскрасiць Ёганну, Фэрдзi, кельнера, прозвiшча якога было Гроль, i Эдыт — i каб я магла зразумець, кiм быў Ота; ён загiнуў пад Кiевам, гэта гучыць так недарэчна i пахне гiсторыяй; хадзем, стары, не будзем больш гуляць у хованкi: сёння табе спаўняецца восемдзесят, а мне ўжо семдзесят адзiн; i з дзесяцi — дванаццацi метраў можна стрэлiць трапна; хадзем да мяне — вы, гады, тыднi i днi, гадзiны i хвiлiны; колькi ж там секундаў?'…Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i дваццаць секунд…' Я пакiдаю сваю папяровую лодачку i кiдаюся ў акiян; смяротная блякласць; мажлiва, я вытрываю гэта.'… Васемнаццатая гадзiна, дзве хвiлiны i трыццаць секунд' гучанне гэтых слоў прыспешвае мяне: хадзем, мне нельга марнаваць часу, губляць хоць адну лiшнюю секунду, хутчэй; фройляйн, фройляйн — чаму Вы не адказваеце? Фройляйн, фройляйн, мне трэба таксi; хутка, вельмi тэрмiнова, прашу Вас, памажыце мне; пласцiнкi адказу не даюць, гэта я павiнна была памятаць; трэба пакласцi слухаўку, падняць слухаўку, накруцiць нумар: адзiн-адзiн-два… Цi замаўляюць таксi ўсё яшчэ па тым самым нумары, што i раней?

— …Вы зможаце паглядзець у Дэнклiнгене, — сказаў лагодны голас, айчынны фiльм 'Моргаскiя браты'; пачатак сеансаў а васемнаццатай гадзiне i а дваццатай гадзiне пяцьдзесят хвiлiн… У додрынгенаўскiм кiнатэатры iдзе знакамiты фiльм 'Што можа каханне?'…

…Цiха, цiха, мая лодачка знiшчана, але хiба я не навучылася плаваць у Блюхербадзе ў 1905 годзе? Тады ў мяне быў чорны купальнiк з фальбонкамi i хвартушком; я скакала ў ваду, галавою ўнiз, з вышынi аднаго метра;…узяць сябе ў рукi, набраць паветра; ты навучылася плаваць — a што там прапануе лагодны голас пад нумарам адзiн-адзiн-тры?

— …Калi ўвечары да Вас завiтаюць госцi, мы можам параiць вам смачнае i адначасна таннае меню: на першае грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, потым зялёны гарошак са смятанаю i да яго лёгкi бульбяны пудынг, а таксама шнiцэль проста з рушту…

— Фройляйн, фройляйн!.. — Я ведаю, што грамафонныя кружэлкi адказаць не могуць.

— …Госцi ацэняць знакамiтыя здольнасцi гаспадынi…

…Нацiснуць на рычагi i зноў накруцiць — адзiн-адзiн-чатыры. Лагодны голас:

— …значыць, вы паўкладалi ўвесь неабходны для кемпiнга рыштунак, падрыхтавалi гатовыя запасы, i прашу не забываць: калi Вы паставiце машыну на стромкiм схiле, трэба нацiснуць на ручны гамулец; а цяпер зычым Вам добрага нядзельнага адпачынку ў коле сям'i…

…Hе дам сабе рады; занадта многа часу трэба надрабляць; усё больш палатнее мой твар, не паяўляюцца слёзы на маiм закамянелым твары, адмоўлены, дарма патрачаны час, нiбы цвёрды камяк хлуснi, засеў ува мне; люстэрка, кавалачкi пабiтага люстэрка; скажыце мне, цi мае валасы сапраўды пасiвелi ў катоўнях гэтых лагодных галасоў? Адзiн-адзiн-пяць — заспаны голас:

— Слухаю. Тэлефонная станцыя Дэнклiнген.

— Цi чуеце Вы мяне, фройляйн? Цi чуеце?

— Чую Вас.

Смех.

— Мне трэба тэрмiновае злучэнне з канторай архiтэктара Фэмеля. Модэстгасэ, дом сем альбо восем; абодва адрасы Вы знойдзеце з прозвiшчам Фамель, дзетка. Вы не будзеце злаваць на мяне, калi я буду называць вас дзеткаю?

— Ды не, што Вы, шаноўная панi…

— Гэта вельмi тэрмiнова.

Пачулася шалясценне паперы.

— У мяне тут у спiсе пан Генрых Фэмель i пан доктар Роберт Фэмель. Вам сувязь з кiм?

— З Генрыхам Фэмелем.

— Прашу не класцi трубку.

Цi тэлефонны апарат, як i даўней, стаiць на падаконнi — гэтак, што, тэлефануючы, ён можа глядзець на вулiцу i на дом на Модэстгасэ, восем, дзе яго дзецi гулялi на тэрасе, а таксама — унiз, на Грэцаву краму, перад дзвярыма якой вiсеў дзiк; цi там напраўду ў гэтай хвiлi звонiць тэлефон? Яна чула сiгналы выклiку, а прамежкi маўчання памiж iмi здавалiся ёй бясконца доўгiмi.

— Вельмi шкада, шаноўная панi: там нiхто не адказвае.

— Калi ласка, паспрабуйце набраць другi нумар.

— Набiраю… Няма, няма адказу.

— У такiм разе, дзетка, замоўце мне таксi.

— З ахвотаю. Куды?

— Да дэнклiнгенаўскай лякарнi.

— Зараз зраблю, шаноўная панi.

— Вось, Гупэрц, можаце забраць гарбату, хлеб i закуску. I, калi ласка, я б хацела застацца адна; калi таксi заедзе ў алею, я яго ўжо неяк убачу; не, дзякуй, болей нiчога не трэба; Вы i праўда не грамафонная кружэлка? Ах, прабачце, я зусiм не хацела Вас пакрыўдзiць… гэта быў толькi жарт; дзякуй Вам.

Ёй было холадна; яна адчувала, як твар нiбы збiраецца ў зморшчыны твар бабулi, памяты, стомлены; ён адбiваўся ў шыбiне; слёз няма; цi сапраўды ён, гэты час, срэбрам прабраўся ў яе чорныя валасы! Я навучылася плаваць, але не ведала, што вада бывае такая халодная; лагодныя галасы мучылi мяне, заганялi ў мяне сучаснасць; бабуля з серабрыстымi валасамi, гнеў, ператвораны ў мудрасць, думкi пра помсту — прага атрымаць дараванне; нянавiсць пад цукровым глазурам мудрасцi; старэчыя пальцы ўцялiся ў скураную сумачку; золата, якое выносiцца з заклятага замку; выкуп за мяне.

Забяры мяне адсюль, мой наймiлейшы, я вяртаюся да цябе. Я буду тваёй сiвавалосай, старой каханай жонкай, добрай маткаю i ласкавай бабуляю, якую можна хвалiць перад усiмi сябрамi; 'наша бабуля шмат гадоў была хворая, але вось паправiлася i прынесла з сабой сумачку, поўную золата'.

Што мы будзем сёння есцi ў Кронэравай кавярнi? Грэнкi, запечаныя з сырам i вяндлiнай, зялёны гарошак са смятанай ды шнiцэль; i цi будзем мы крычаць: 'Асанна Давiдавай нявесце, якая вярнулася з заклятага замка'? Свае вiншаваннi нам выкажа Грэц, забойца сваёй мацi; голас крывi ў iм не загаварыў, i ў Оты ён не загаварыў таксама; калi настаўнiк гiмнастыкi будзе праязджаць каля дома на сваёй сiвой клячы, я стрэлю па iм. Ад альтанкi да вулiцы не больш як дзесяць метраў — дыяганальная лiнiя не будзе даўжэйшая за трынаццаць; я папрашу Роберта дакладна ўсё вылiчыць; ва ўсякiм разе гэта месцiцца ў межах найбольшай трапнасцi стрэлу; генерал 'Сектар Абстрэлу' мне гэта растлумачыў; ён павiнен ведаць такое, наш сiвагаловы касцельны служка; заўтра ад ранiцы ён заступiць на службу; цi ён да тае пары вывучыць, што трэба казаць не «utilatem», a 'ad utilitatem'? Чырвоны шнар над пераноссем… i ўсё ж даслужыўся да гаўптмана; так доўга цягнулася гэтая вайна; шыбы ў вокнах звiнелi пры кожным новым выбуху, i пыл пакрываў падаконнi; я напiсала пальцам на iм: 'Эдыт, Эдыт…', я любiла цябе больш, чым мне мог падказаць голас крывi; адкуль ты паявiлася ў нас, Эдыт, скажы, адкуль?

Я зморшчваюся ўсё больш i больш; ён панясе мяне на руках з таксi ў Кронэраву кавярню; прыеду якраз без спазнення; цяпер самае позняе шостая гадзiна шэсць хвiлiн i трыццаць секундаў; чорны кулак, поўны помсты, расцiснуў маю памаду; i мае спарахнелыя косцi дрыжаць; баюся, як яны будуць выглядаць, мае сучаснiкi; цi будуць яны тыя самыя людзi, што былi даўней, альбо толькi падобныя да iх? А што з нашым залатым вяселлем, стары; у вераснi 1908 года — ты забыўся? — трынаццатага верасня 1908 года; як ты мяркуеш спраўляць залатое вяселле? Жонка-юбiляр з серабрыстымi валасамi, муж-юбiляр з серабрыстымi валасамi, а наўкола незлiчоная грамада ўнукаў; прабач мне за мой смех, Давiд… ты не быў Аўрамам, але я адчуваю ў сабе крышачку ад смеху Сары, толькi зусiм крышачку: шмат яго ўва мне змяшчаецца; я нясу з сабою толькi арэхавую шкарлупiну смеху ды яшчэ сумачку, поўную золата; але хоць i слабы мой смех, ён хавае ў сабе агромнiстую энергiю, большую за Робертаў дынамiт…

Урачыста, вельмi ўрачыста, але занадта марудна вы iдзяце праз алею; наперадзе сын Эдыт, але побач з ёй не Рут; ёй было тры гадкi, калi мяне забралi ад iх, ды я б усё адно пазнала яе, нават калi б убачыла яе васьмiдзесяцiгадовую; гэта не Рут; жэсты рук не забываюцца; у арэхавай шкарлупiне жыве ўжо будучае дрэва; як часта мне даводзiлася бачыць гэткi, як у Рут, жэст — у маёй мацi, калi яна адкiдвала сабе з iлба валасы; дзе ж Рут? Няхай яна мне выбачае… гэта чужая, прыгожая дзяўчына; ах, вось чэрава, якое

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату