— Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня — хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi — браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: 'Цi не камунiст ён?' Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны — а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць… нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы… мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць… а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?

— Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.

— Ты бачыў яе?

— Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?

— Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.

— Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калi я сёння там пабываў; не хадзi туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды нiхто не застаўся жывы?

— Нiхто, — адказаў Роберт. — I Алоiса таксама няма; яны патанулi разам з «Ганнай-Катарынай»; Трышлеры ўжо доўгi час не жылi ў порце; калi быў пабудаваны мост, яны мусiлi пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалi потым, была для iх зусiм не тое… iм патрэбныя былi вада i караблi; Алоiс хацеў на «Ганне-Катарыне» адправiць iх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбiлi; Алоiс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваiх бацькоў з-пад палубы, але было запозна — вада рынула зверху, i выбрацца яны ўжо не здолелi; шмат часу прайшло, пакуль я натрапiў на iх след.

— А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?

— У «Якары»; я штодня хадзiў туды i пытаўся ва ўсiх шкiпераў, пакуль не сустрэў аднаго, якi ведаў пра лёс «Ганны-Катарыны».

Шрэла зашмаргнуў фiранку, падышоў да стала i расцiснуў недакурак на попельнiцы. Роберт зрабiў тое самае.

— Мяркую, — сказаў ён, — што мы павiнны зараз падняцца да маiх бацькоў… Хiба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасцi…

— Ды што ты, — адказаў Шрэла, — я пайду з табою, але цi не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робiць Швойгель?

— Табе i праўда гэта цiкава?

— Праўда, а чаму ты пытаешся, цiкава мне гэта цi не?

— Цi ў сваiх гатэльных нумарах i пакоях у пансiянатах ты думаў пра Эндэрса i Швойгеля?

— Ага. I яшчэ пра Грэве i Гольтэна: толькi яны не бралi ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў — Дрышка таксама не ўдзельнiчаў… што з iмi? Цi жывыя яны?

— Гольтэн не жывы, загiнуў, - адказаў Роберт, — а вось Швойгель жыве; ён цяпер пiсьменнiк, i, калi ўвечары тэлефануе альбо звонiць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным i бесталковым; мне з iм проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, i сябе, вiдаць, залiчвае, туды, дзе 'мяшчанства няма', а што з таго? Гэта проста мяне не цiкавiць; неяк i пра цябе ён пытаўся.

— Ах, а што сталася з Грэве?

— Ён належыць да партыi, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. А Дрышка выпускае 'аўтамабiльныя львы Дрышкi', папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабiў безлiч грошай. Ты не ведаеш, што такое 'аўтамабiльны леў'? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнiк машыны, якi лiчыць сябе нечага вартым, трымае на заднiх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва — а ў гэтай краiне ты не знойдзеш нiкога, хто б не лiчыў сябе нечага вартым… Тут умеюць добра ўбiваць гэта ў галаву; яны прынеслi з сабой з вайны сёе-тое, успамiн пра боль i ахвяры, але сёння яны лiчаць сябе нечага вартымi; цi бачыў ты людзей там, унiзе ў вестыбюлi! Яны iшлi на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазiцыi, на вячэру Таварыства 'Сас'етас' i на вячэру правай апазiцыi… але табе трэба быць сапраўдным генiем, калi ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру iдзе.

— Сапраўды, — сказаў Шрэла, — я трохi сядзеў унiзе, чакаючы цябе; там якраз збiралiся першыя ўдзельнiкi, i я пачуў нешта наконт «апазiцыi»; першыя прыйшлi бяскрыўдныя прадстаўнiкi, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якiх кажуць: 'яны не такiя ўжо дрэнныя'; размова ў iх iшла пра маркi машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: 'За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю', а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?

— Крэц, — адказаў Роберт, — гэта, так бы мовiць, зорка апазiцыi.

— Слова «апазiцыя» я чуў шмат разоў, але з iхнiх размоваў так i не змог дапяць, супраць каго i чаго яна.

— Калi яны чакалi Крэца, то, мусiць, яны з левай апазiцыi.

— Цi правiльна я пачуў: гэты Крэц — у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?

— Сапраўды, — адказаў Роберт, — яны шмат чаго спадзяюцца па iм.

— Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, — ён прыйшоў апошнi; ну, калi ён — гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць… Мне здаецца, што калi б я i здолеў каго-небудзь на свеце забiць, дык менавiта яго. Цi ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны i адукаваны, цытуе Герадота ў арыгiнале, i гэта ў вушах тае масы, якая нiколi не пазбавiцца ад свайго бзiка на глебе адукаванасцi, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б нiколi нi на хвiлiну не пакiнуў сваю дачку цi сына сам- насам з гэтым Крэцам; бо ад снабiзму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынiшчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькi мiнорнай музыкi, iнакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыi…

Шрэлу перапынiў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.

— Леанора? — азваўся Роберт. — Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора?

Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся з гэтым i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i — да хуткай сустрэчы.

Роберт паклаў слухаўку i зноў павярнуўся да Шрэлы.

— Я думаю, што… — пачаў ён гаварыць, але яго перапынiў моцны, сухаваты, рэзкi гук.

— Божа мой, — сказаў Шрэла, — то быў стрэл. Мяркую, што зараз нам трэба падняцца наверх.

Гуга чытаў: 'Адмова ад правоў. Гэтым абвяшчаю, што я згодзен, каб мой сын Гуга…' — унiзе важкiя пячаткi, подпiсы, але голас, якога ён баяўся, не адазваўся ў iм; якi гэта голас падказваў яму закрываць матчыну галiзну, калi яна, вярнуўшыся са сваiх вулiчных ловаў, мармытала на пасцелi сваю смяротную малiтву 'навошта-навошта-навошта'! Ён спачуваў ёй, закрываў яе галiзну, прыносiў ёй чаго-небудзь выпiць, не зважаючы на тое, што яны могуць на яго напасцi, пабiць яго, абазваць 'авечкай божай'; ён цiхенька пракрадваўся ў краму i вымольваў для яе дзве цыгарэты; якi ўнутраны голас загадваў яму гуляць у канасту з бабуляй 'Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца', засцерагаў яго не пераступаць парог нумара авечай капяланкi? Якi гэта голас падказаў яму слова, якое ён мармытаў сабе пад нос: «бацька»? Каб заглушыць страх, якi ахапiў яго, Гуга пачаў вымаўляць хуценька, адно за адным, iншыя словы: «брат» i «сястра»,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату